Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў пракамэнтаваў Беларускаму Радыё Рацыя новыя рэпрэсіі, якімі Аляксандр Лукашэнка пагражае беларускаму народу.
Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад зацікаўленых дзяржаўных органаў вызначыць, чаго не хапае ў заканадаўстве «для надзейнага выяўлення і спынення любых дзеянняў, накіраваных супраць дзяржавы». Пра гэта Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях удасканалення заканадаўства. Лукашэнка выказаў здагадку, што спатрэбіцца перагледзець заканадаўства ў сферы барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам.
„Гэта толькі пацвярджае, што ён вельмі баіцца страціць уладу, якую ўтрымлівае сілавымі метадамі”, – лічыць старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў. – Пратэставы настрой з кожным днём і кожным месяцам усё больш і больш узрастае. І па-іншаму, як праз сілавое ўздзеянне, праз сілавыя структуры, Лукашэнка не можа спыніць узрастання пратэставага настрою. Зразумела, што ў гэтай сітуацыі ён хвалюецца за сваю ўладу. Ён разумее тое, што калі аслабіць ціск на грамадзян Беларусі, то адбудзецца тое, што Лукашэнка згубіць уладу. Адбудуцца дэмакратычныя перамены, што для Аляксандра Лукашэнкі, для Макея і для іншых чыноўнікаў непрымальна.
Як заявіў намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандр Рахманаў пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі, змены ў заканадаўства ў сувязі з унутрыпалітычнай сітуацыяй будуць унесеныя цягам першага квартала. Па яго словах, заканадаўства павінна аператыўна рэагаваць на выклікі і пагрозы. „Масавыя мерапрыемствы, якія перарасталі ў непадпарадкаванне і супраціў супрацоўнікам праваахоўнай сферы, да якіх прыцягваліся непаўнагадовыя дзеці, якія былі спалучаныя ў тым ліку з блакаваннем транспартных камунікацый, заклікі да правядзення забастовак на розных прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах, паўсюднае выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі, збор і распаўсюд персанальных дадзеных — усё гэта, вядома ж, недапушчальна”, — цытуе словы чыноўніка газета „СБ. Беларусь сегодня”. Па словах Рахманава, змены рыхтуюцца не толькі ў адміністрацыйнае і крымінальнае права, але таксама працоўныя адносіны і выбарчае права.
Паводле Беларускага Радыё Рацыя