На XX з’ездзе Партыі БНФ, які прайшоў 7 лістапада ў Мінску, старшынёй ПБНФ пераабраны Рыгор Кастусёў. Адначасова ён зноў быў абраны старшынёй Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне”.
Акрамя Кастусёва на пасаду кіраўніка партыі прэтэндавалі кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Васіль Раманаў і Мінскай раённай Ілля Дабратвор. Галасаванне было тайным. Шэсцьдзесят шэсць дэлегатаў прагаласавалі за Кастусёва, 18 – за Дабратвора, 3 – за Раманава.
Таксама на з’ездзе былі абраныя намеснікі старшыні Партыі БНФ. Імі сталі Аляксей Янукевіч, Зміцер Салошкін, Вадзім Саранчукоў і Юрый Меляшкевіч.
З’езд абраў новы склад кіруючага органа ПБНФ – Сойма. У яго ўвайшлі 51 чалавек, у тым ліку такія вядомыя асобы, як Ніна Багінская, Станіслаў Суднік, Аляксей Марачкін, Хрыстафор Жаляпаў і іншыя.
На з’ездзе былі прынятыя цэлы шэраг важных заяў і рэзалюцый.
Рыгор Кастусёў у першы раз быў абраны старшынёй Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” на партыйным справаздачна-выбарчым з’ездзе ў 2017 годзе.
Рыгор Андрэевіч – наш зямляк, ён ураджэнец Магілёўшчыны, нарадзіўся ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна, часта наведвае бацькоўскую хату. Пастаянна пражывае ў горадзе Шклове. Палітык рэгуляна размяшчае свае артыкулы на старонках інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён”.
Даведка :
Рыгор Андрэевіч Кастусёў нарадзіўся 17 красавіка 1957 года ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1982), інжынер-механік.
Служыў у Савецкай Арміі (1975—1977).
Працаваў галоўным інжынерам саўгаса «Друць» Бялыніцкага раёна (1983—1988), дырэктарам саўгаса «Іскра» Бялыніцкага раёна (1988—1991), дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі (1995—2001).
Быў дырэктарам (2002—2004) сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства «Гідрасіла — Белая Русь» у Магілёве. З 2008 года — супрацоўнік ТАА «СтройАрком» г.Санкт-Пецярбург.
Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў.
У 2004 і 2008 гг. быў кандыдатам у дэпутаты ў ПП НС.
Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года быў даверанай асобай адзінага кандыдата ад АДС, Аляксандра Мілінкевіча.
30 верасня 2017 года Рыгор Кастусёў абраны старшынёй Партыі БНФ. Пераабраны старшынёй на партыйным з’ездзе 7 лістапада 2020 года.
Праваслаўны. Беларус. Жанаты, мае траіх дзяцей. Жыве ў Шклове.
Іван Барысаў