Праваахоўнікі “ўзбудзіліся” па заяве з нагоды ўзлому офіса БСДП у Магілёве, але нейкія дзеянні ад іх далей дзіўныя, паведамляе прэс-служба БСДП (Грамада)
Сёння (06.04.2021) пасля 18 гадзін старшыня партыі Ігар Барысаў мусіць з’явіцца ў міліцыю па месцы жыхарства для апытання па пададзенай кіраўніком Магілёўскай абласной арганізацыі БСДП Юрыям Грынявецкім заяве.
Пры чым тут Барысаў, які, нагадаем, пад час узлому офіса знаходзіўся за кратамі на сутках, застаецца загадкай.
Нагадаем, што старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БСДП Юрый Грынявецкі накіраваў заяву ў міліцыю па факце ўзлому офіса 23 сакавіка. Офіс адначасова з’яўляецца юрыдычным адрасам магілёўскай гарадской арганізацыі БСДП, а таксама Ленінскай і Кастрычніцкай раённых арганізацыяў.
Пра ўзлом па адрасе Ленінская, 29-2, офіс 4 стала вядома ад арэндадаўца Анатоля Аношкіна. Замок уваходных дзвярэй быў выразаны, з офісу вынесены невядома куды партыйныя сцяжкі і сцягі, зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку (партыйны сцяг мае дзяржаўную рэгістрацыю афіцыйнага геральдычнага сімвала, пасведчанне Мінюста №В-607). Па сведчанні арэндадаўцы, пры ўзломе прысутнічалі міліцыянты, але выразалі замок супрацоўнікі МНС.
Пры ўзломе офіса ніхто з сябраў БСДП не прысутнічаў, аб неабходнасці адчыніць офіс нікога не ўведамлялі. У выніку маёмасці Магілёўскай абласной арганізацыі БСДП (Грамады) нанесеная шкода. Таму кіраўнік абласной партарганізацыі патрабуе правесці праверку па факце ўзлому, прыцягнуць вінаватых да пакрыцця шкоды і вяртання партыйнай маёмасці, а таксама да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.