Старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва нарэшце перавялі ў рэспубліканскую турэмную бальніцу ў СІЗА-1 па вуліцы Валадарскага ў Мінску. Палітык спадзяецца, што будзе прынята рашэнне аб правядзенні аперацыі.
Пра тое, што яго павінны перавесці ў рэспубліканскую турэмную бальніцу палітык паведаміў у лістах сваім родным.
“У пятніцу мяне азнаёмілі з новым рашэннем па мне – аб пераводзе ў СІЗА-1 на Валадарскага ў рэспубліканскую бальніцу”, – напісаў Кастусёў.
З рашэннем яго азнаёмілі 19 лістапада ўжо ўвечары. Таму Рыгор Андрэевіч сам папрасіў, каб яго перавялі ў бальніцу ўжо пасля выхадных – у панядзелак, 22 лістапада, каб урачы адразу пачалі рабіць неабходныя абследванні.
“Спадзяюся, што будзе прынята, нарэшце, рашэнне аб аперацыі…
…Бо было крыху ўжо прыціснула, ды крыві ўжо шмат (у мачы – з.р.)”, – піша Кастусёў.
Летам гэтага года Рыгор Кастусёў ужо праходзіў курс лячэння ў турэмнай бальніцы ў СІЗА-1 на Валадарскага. Тады яго перавялі ў турэмны шпіталь з-за праблем з сэрцам.
Пазней высветлілася, што ў яго падазрэнне на анкалогію. Цяпер Кастусёву патрабуецца аперацыя з-за праблем з прастатай. Рыгор Андрэевіч неаднаразова падаваў хадайніцтвы аб змене меры стрымання ў сувязі са станам здароўя, аднак яны адхіляліся альбо ігнараваліся.
Між тым, ніякія следчыя дзеянні з Кастусёвым не праводзяцца ўжо даўно. За кратамі лідар БНФ знаходзіцца больш за сем месяцаў.
Нагадаем, Кастусёва абвінавачваюць у змове з мэтай захопу ўлады. Палітыка затрымалі яшчэ ў красавіку — адначасова з юрыстам Юрыем Зянковічам і літаратуразнаўцам Аляксандрам Фядутам.
Іван Барысаў
Фото: Сергей Самохин / РИА Новости