Адзін з найбольш амбітных праектаў па падрыхтоўцы Магілёва да 750-годзьдзя горада — узьвядзеньне «трыюмфальнай» аркі на ўезьдзе ў горад з боку Менску. Партыя БНФ, абураная заплянаваным праектам аздабленьня аб’екта на рускай мове, зьвярнулася да кіраўніцтва горада з патрабаваньнем перагледзіць выяву аркі, адлюстраваць у ёй беларускія матывы (у тым ліку герб горада Магілёва з Пагоняй) і зрабіць надпісы на беларускай мове.
Паводле афіцыйных зьвестак, арку будуюць на ахвяраваньні, таму яна абвешчана «падарункам гораду з нагоды 750-годзьдзя ад магілёўцаў». Працы пачалі летась у ліпені, дарабілі бэтонную канструкцыю, а на тое, каб яе выштукаваць і ўпарадкаваць тэрыторыю, ахвяраваньняў не хапіла. Цяпер чыноўнікі просяць ахвяраванняў у арганізацый і прадпрыемстваў горада. Матывуюць тым, што «арка палепшыць вонкавае аблічча абласнога цэнтру з улікам V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі».
Паводле СМІ, збудаваць арку разьлічвалі за 750 тысяч даляраў. Магілёўскі сайт mspring.online называе суму амаль у 2 мільёны даляраў — са спасылкай на ананімную крыніцу ў выканкаме. Здаць аб’ект плянавалі за дзевяць месяцаў, потым адкрыцьцё перанесьлі на 28 чэрвеня — Дзень гораду.
На праектных выявах арка аздоблена расейскамоўнымі надпісамі і атрыбутамі савецкага часу. Абураная гэтым, Партыя БНФ зьвярнулася да старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімера Цумарава: «Калі нельга ўжо пабурыць збудаванае, дык няхай робяць па-беларуску. Не пераўтвараюць беларускі горад у кальку расейскага», — пракамэнтаваў зварот старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
“Беларусь ёсць адзінай краінай, дзе беларуская мова і культура маюць поўнае права і магчымасць для развіцця без перашкод. Ніводная іншая краіна такога права беларусам не гарантуе. Гэта мае быць ня толькі зафіксавана ў прававых актах, але і адлюстравана ў вонкавым афармленні важных збудаванняў. Такім аб’ектам у горадзе Магілёве менавіта з’яўляецца трыумфальная арка, што ўзводзіцца на ўездзе ў горад. Паколькі Магілёў – беларускі горад, у якім жывуць больш за семдзесят працэнтаў беларусаў, то і вітаць гасьцей ён мае па-беларуску. Акрамя таго – трыумфальная арка, як фундамэнтальны аб’ект, які ўзводзіцца на вякі з нагоды 750-годдзя Магілёва (пра гэта пішуць СМІ), мае ўслаўляць ня толькі пэрыяд савецкай мінуўшчыны, але ўсю гісторыю гораду, падкрэсьліваючы яе усеабдымнасць і шматграннасць. Арка мае перадаваць наступным пакаленням знак, што і праз 750 гадоў ад заснавання горад Магілёў застаецца беларускім. Госці ў Магілёў прыяжджаюць пабачыць ня копіі таго, што набудавана ў іншых гарадах сьвету. Ім цікавыя ўнікальныя мясцовыя адметнасці. Акрамя таго і гаспадары гораду, яго жыхары, хочуць жыць у ім камфортна, неадчуваючы няёмкасьці за тое, што маюць ў ім. Трыумфальная арка мусіць стаць аб’ектам гонару, а не нагодай для непатрэбных спрэчак і інсінуацыяў, шкодных для еднасці беларускага народу” – гаворыцца ў заяве Партыі БНФ да кіраўніцтва Магілёва.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў прапануе ўладам
- Прыняць захады для выкарыстання ў вонкавым аздабленні і афрмленні надпісаў на трымфальнай арцы на ўездзе ў горад Магілёў з боку Мінскай шашы беларускай мовы як дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь.
- Ініцыяваць абмеркаванне вонкавага мастацкага і скульптурнага аздаблення трыумфальнай аркі з мэтай адлюстрававння розных этапаў гісторыі горада Магілёва з удзелам магілёўскіх гісторыкаў, краязнаўцаў, мастакоў, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і іншай зацікаўленай грамадскасці.
Адпаведная заява накіраваная таксама і старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігару Марзалюку, які прадстаўляе ў парламенце Магілёўскую акругу №84.