Галоўная » Старшыня Патрыі БНФ падчас гутаркі з міністрам адукацыі абараняў магілёўскага студэнта

Старшыня Патрыі БНФ падчас гутаркі з міністрам адукацыі абараняў магілёўскага студэнта

6 чэрвеня адбылася сустрэча старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам.

Нагодай для сустрэчы сталася сытуацыя з пагрозамі адлічэньня з магілёўскага сацыяльна-гуманітарнага каледжу актывіста Моладзі БНФ і сябры БНФ “Адраджэньне” Аляксандра Маскалёва. Адміністрацыя навучальнай ўстановы не хавае супрацьзаконных палітычных матываў ціску на пасьпяховага ў навучаньні студэнта, пагражаючы яму выключэньнем у выпадку, калі ён не пакіне шэрагі БНФ.

Аляксандар Маскалёў. Фота Радыё Свабода

Падчас сустрэчы Рыгор Кастусёў праінфармаваў міністра адукацыі пра сытуацыю з адлічэньнем з беларускіх навучальных установаў студэнтаў і навучэнцаў у сувязі з іх грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. Асобна было адзначана, што супрацьпраўныя  дзеяньні чыноўнікаў ад адукацыі, якія ажыцьцяўляюць дыскрымінацыю моладзі на падставе прыналежнасьці да грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў, падпадаюць пад прыкметы злачынства, прадугледжанага артыкуламі 190 (“Парушэньне раўнапраўя грамадзянаў”) і 194 (“Перашкоды законнай дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў”).

Рыгор Кастусёў падкрэсліў, што практыка перасьледу студэнцтва за ўдзел у апазыцыйных партыях і ў грамадзкіх яб’яднаньнях несумяшчальная з эўрапэйскімі стандартамі акадэмічных свабодаў і ставіць пад пагрозу выкананьне Беларусьсю ўмоваў Балонскага працэсу, да якога нашая краіна далучылася. Такім чынам супрацьпраўнныя і дыскрымінацыйныя дзеяньні адміністрацыяў асобных навучальных установаў шкодзяць не толькі канкрэтным студэнтам, але і ўсёй сыстэме адукацыі цалкам, абумоўліваюць невыкананьне нашай краінай умоваў далучэньня да эўрапэйскай адукацыйнай прасторы, пагражаюць ізаляцыяй беларускіх універсытэтаў ад эўрапэйскага міжунівэрсытэцкага супрацоўніцтва.

Старшыня Партыі БНФ нагадаў міністру пра абуральныя выпадкі адлічэньня ў 2017 годзе з ВНУ лідэраў Моладзі БНФ Юрася Лукашэвіча і Ганні Пахолка (Смілевіч) і запатрабаваў прыняцьця захадаў па аднаўленьні парушаных правоў студэнтаў і недапушчэньні падобных выпадкаў у будучыні. Рыгор Кастусёў падрэсліў, што сытуацыя вакол навучэнца магілёўскага сацыяльна-гуманітарнага каледжу актывіста Моладзі БНФ і сябры БНФ “Адраджэньне” Аляксандра Маскалёва знаходзіцца пад яго пільнай увагай.

Падчас сустрэчы міністру адукацыі Ігару Карпенку быў перададзены афіцыйны зварот Партыі БНФ пра сытуацыю з ціскам Аляксандра Маскалёва, на які павінны быць дадзены адказ у адпаведнасці з заканадаўствам пра звароты юрыдычных асобаў.

Крыніца: narodny.org