На адукацыю выдзяляецца каля 5% ВУП, у т.л. на ВНУ – 0,6-0,7%. Вышэйшая адукацыя краіны мае 500-гадовую гісторыю і да яе прыклалі свае намаганні езуіты, якія адкрылі ў свеце 24 універсітэты і 600 калегіумаў, у тым ліку ў Вільні, Полацку, Оршы, Нясвіжы, Віцебску, Гародне і іншых беларускіх гарадах.
Беларуская гісторыя ВНУ пачынаецца з адкрыццём Полацкага езуіцкага калегіума (у 1581 г. адкрыты Стэфанам Баторыем, рэктар П.Скарга; універсітэт у 1812-1820 гг.). Ф. Бэкан настойваў, каб бацькі сваіх дзяцей аддавалі ў лепшыя ў свеце навучальныя ўстановы – езуіцкія. Вышэйшая адукацыя была бясплатнай – прынцып бясплатнасці ўведзены ў Заходняй Еўропе яшчэ ў 1179 г. папам Аляксандрам ІІІ.
У Расійсекай імперыі, ды і ў БССР беларусы былі неяк абдзелены вышэйшымі навучальнымі ўстановамі (у 1980 г. – усяго 180 тыс. студэнтаў) і імкнуліся нагнаць у гады незалежнасці.
За 1990-2000-я гг. краіна прайшла этап росту колькасці ўстаноў вышэйшай адукацыі і колькасці студэнтаў (да 2011/2012 нав. года) і гонару за рэйтынгавыя паказчыкі. Так, па колькасці навучэнцаў на 10000 чал. Беларусь уваходзіла (2012 г.) ў ТОП-10 у свеце: 2006/2007 навучальны год – 414,33 студэнтаў; 2009/2010 – 442,9; 2010/2011 – 467,12; 2011/2012 – 470,75 (у першай дзесятцы разам з краінамі: Аўстралія – 720, ЗША – 580, Нов. Зеландыя – 560, Казахстан, Фінляндыя – 530, Данія – 520, Нідэрланды – 500), а потым “галавакружны ўзлёт” у якасці падзення: у 2016/2017 – 313,3, у 2015/2016 – 335,4 сдудэнтаў, 2016/2017 – 313,3 студэнтаў, 2020 г. 272 студэнта (лічым ад лічбы 254,4 тыс. студэнтаў; перайшла ў 4-ы дзясятак краін) на 10000 чалавек. Падзенне колькасці прагназуецца і ў бліжэйшыя гады.
Як змянялася колькасць ВНУ за апошнія 20 год?
Табліца 1. Колькасць ВНУ (свецкіх)
Вобласці і г. Мінск | 2000 | 2010 | 2015 | 2020 |
Беларусь | 57 | 55 | 52 | 50 |
Брэсцкая | 3 | 4 | 4 | 4 |
Віцебская | 5 | 5 | 5 | 5 |
Гомельская | 7 | 7 | 7 | 6 |
Гродзенская | 5 | 3 | 3 | 3 |
г. Мінск | 32 | 31 | 28 | 27 |
Магілёўская | 5 | 5 | 5 | 5 |
Табліца 2. Колькасць студэнтаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі, тыс.
Вобласці і г. Мінск | 2000 | 2010 | 2015 | 2020 |
Беларусь | 281,7 | 442,9 | 336,4 | 254,4 |
Брэсцкая | 15,5 | 35,8 | 26,7 | 18,2 |
Віцебская | 25,2 | 41,8 | 36,4 | 24,8 |
Гомельская | 37,5 | 56,5 | 37,7 | 26,1 |
Гродзенская | 17,4 | 31,5 | 26,0 | 19,8 |
г. Мінск | 157,0 | 235,9 | 178,6 | 142,5 |
Магілёўская | 29,2 | 41,1 | 30,6 | 22,5 |
Пры змяншэнні набораў у беларускія вну расце прысутнасць беларускага студэнцтва ў замежжы (сучасная тэндэнцыя, у замежжы з 2003 г. знаходзіцца і Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт). Калі ў 2000 г. за кардонам вучыліся лічаныя сотні (галоўным чынам, у Расіі), то ужо ў 2016 г. за мяжой навучалася 35 тыс. (20-е месца ў свеце, 37 студэнтаў на 10 тыс. насельніцтва), то на восень 2021 г., па розных падліках і ацэнках, студэнцкая супольнасць замежжа вырасла да 50 тысяч (песімістычныя прагнозы – да 60 тыс.).
Расце экспарт паслуг вышэйшай адукацыі. У 2019 г. 7,1% студэнтаў былі замежныя. На месца тых беларусаў, якія з’язджаюць па адукацыю на Захад, прыязджаюць туркмены (53,1% ад агульнай колькасці замежнікаў), расіяне і кітайцы (па 7,8%), прадстаўнікі іншых краін.
Наступныя тэндэнцыя – дыскрымінацыя прыватных ВНУ, змяншэннне аб’ёмаў фінансавання, скарачэнне набораў, скарачэнне месцаў на аддзяленнях завочнага, вячэрняга навучання (тыя, хто працуе, не маюць магчымасці рэалізаваць у поўнай меры канстытуцыйнае права на адукацыю), нязначныя дзяржаўныя расходы на падрыхтоўку спецыяліста з вышэйшай адукацыяй (меней за 2000 дал. ЗША/год на студэнта; у ЕС – 13 тыс., у рэйтынгавых універстітэтах – до 300 тыс.), ігнараванне патрабаванняў Балонскага працэсу (выбарнасць рэктараў, прарэктараў, акадэмічныя свабоды, мабільнасць, студэнцкае самакіраванне, аўтаномнасць па пытаннях падрыхтоўкі спецыялістаў), вялікая доля платнага навучання.
Размешчаны свецкія ВНУ прасторава нераўнамерна з гіперканцэнтрацыяй у г. Мінску. Пры гэтым ніводнай вышэйшай навучальнай установы не мае Мінская вобласць. У іншых абласцях універсітэцкімі цэнтрамі з’яўляюцца (без уліку філіялаў): у Брэсцкай – Брэст, Пінск, Баранавічы, у Віцебскай – Віцебск і Полацк/Наваполацк (ПДУ), у Гомельскай – Гомель, Мазыр, у Гродзенскай – Гродна, у Магілёўскай – Магілёў і Горкі.
Яўгіння Грамашчанка