У музеі імя Бялыніцкага-Бірулі адкрылася выстава акварэліста Ф.Кісялёва. Два гады, як магілёўскі мастак пакінуў гэты сьвет, але творчасьць яго прываблівае аматараў мастацтва. Эссэ пра мастацтва акварэльнага жывапісу і беларускія вытокі знанага майстра прапануе Васіль Аўраменка.
Няма фарбы больш простай і капрызьлівай, чым акварэль, але самай празрыстай і чыстай усё ж застаецца… вада. Вы скажаце, вада – не фарба? Але толькі не ў акварэлі, тут яна самая галоўная! І не проста фарба, а сутнасьць жанру. Як чысты прамень, раскладзены на колеры вясёлкі ёсьць пачаткам жывапісу, так празрысты струмень вады, захапіўшы з сабой крышталікі мінералаў нараджае мастацтва акварэлі. Так, па завяршэньні працы вада хутка высыхае, але сьлед яе не зьнікае, у найлепшых акварэлістаў застаецца “дзеючай асобай” у кожным творы. Напэўна, таму так мала мастакоў, хто б прысьвяціў сваё жыцьцё акварэлі, бо не ўсе прыймаюць яе парадоксы: занадта простая, але часта непрадказальная; вельмі сьціплая, але і няўлоўная; ня церпіць доўгага карпеньня і гвалту над сабой, але патрабуе дбайнасьці, тонкага разуменьня і часам… імклівага майстэрства. Якое здабываецца гадамі і дзесяцігоддзямі ўпартай працы. Вось адным з такіх рэдкіх майстроў, што прысьвяціў сваё жыцьцё стыхіі вадзяных фарбаў і быў наш зямляк Фёдар Кісялёў.
У чым адметнасьць творчасьці магілёўскага акварэліста? Чым запомняцца нам ягоныя працы? Застаючыся ў межах рэалістычнага жывапісу і традыцыйнай беларускай тэматыкі, большую частку сваіх работ ён прысьвяціў пейзажу. Яно і зразумела — пейзаж самая ўдзячная і папулярная тэма сярод акварэлістаў, але нават у традыцыйным рэчышчы Кісялёў спрабуе ісьці сваім шляхам. Адметны каларыт большасьці ягоных работ: зеленаватыя, шэрыя, сіневатыя, карычневатыя колеры, прыглушаныя нібы ў пахмурны дзень, калі сонца ледзь прабіваецца праз аблокі і прырода прыціхла, застыла ў прадчуваньні нейкіх драматычных падзей.
Дзякуючы асаблівасьцям тэхнікі акварэльнага жывапісу аўтар часта імправізуе: заліўкі і зацёкі па вільготнай паперы, спантаннае зьмешваньне фарбаў розных колераў нараджае нечаканыя контуры, разводы, плямы, якія здаюцца нерукатворнымі, узніклымі нібыта самі па сабе, без удзелу чалавека, нагадваючы ці то незвычайныя расьліны, ці то каштоўныя самацветы, ці то напластаваньні геалагічных парод. Гэтыя застылыя плыні, віры і пацёкі афарбаванай вады ствараюць ілюзіі казачных ландшафтаў і нерэальных краявідаў, будзяць фантазію, правакуюць глядача да ўдзелу ў сутворчасьці — у разглядваньні, разгадваньні і адкрыцьці новых відзяжоў-сюжэтаў. Прыглушанасьць колераў і размытасьць контураў, выклікаюць эффект сузіраньня праз тоўшчу вады, а часам нават нагадваюць падводныя пейзажы. Камусьці яны пададуцца занадта маркотнымі, дэпрэсіўнымі, як туманныя лістападаўскія далягляды, а камусьці – таямнічымі і рамантычнымі, як зніклая беларуская “атлантыда”. Дарэчы пра мінуласьць.
На многіх кісялёўскіх аркушах адлюстраваны прыродныя з’явы і архітэктура Беларусі. Паколькі архітэктура пераважна гістарычная — храмы, замкі, старасьвецкія будынкі, то ў спалучэньні з неяркім каларытам і спантаннай плывучасьцю выяў, усё выглядае як на старых гравюрах — паўсьцёрта, паўзабыта і мройліва. Альбо нібыта відзяжы, што ўсплываюць у генетычнай памяці мастака праз тоўшчу гістарычных падзей і хуткаплыннасьць часу. Многія творы мастака вяртаюць дух рамантызму першай паловы 19 стагоддзя, эпохі гераічнага трагізму, паэтычнай самоты і захапленьня мінуўшчынай. Хіба што нэа-рамантызм аўтара ствараецца як гістарычная рэмінісцэнцыя, што не толькі насьледуе тутэйшыя жывапісныя традыцыі, але і перадае душэўны строй беларуса, ціхую меланхолію і самазаглыбленнасьць беларускіх пейзажаў. І робіцца ўсё гэта сродкамі простай акварэлі, раз свабодны імправізацыйны жывапіс і тонкае майстэрства “ўтаймаваньня” стыхіі вадзяных фарбаў.
Дзякуй, маэстра!