25 лютага ў судзе Дрыбінскага раёна адбыўся паўторны разгляд адміністрацыйнай справы мясцовага грамадскага актывіста Андрэя Юркова.
Суддзя Людміла Новікава, якая на гэты раз разглядала адміністрацыйную справу Юркова, сама вывучыла спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і прыйшла да высновы, што Кастрычніцкі раённы суд Віцебска прызнаў выяву нацысцкай сымболікі экстрымісцкай пазней (27 лістапада), чым быў аформлены адміністрацыйны пратакол на актывіста (19 лістапада). На гэтай падставе суддзя прыняла рашэнне аб спыненні адміністрацыйнай справы ў адносінах да А. Юркова.
Нагадаем, 23 снежня суд Дрыбінскага раёна пакараў штрафам у 10 базавых велічынь (255 рублёў) Андрэя Юркова за эмодзі “сумую” ў сацыяльнай сетцы “Одноклассники”. Суддзя Барыс Пігаль палічыў, што паставіўшы значок “сумую” пад ілюстрацыяй, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы, Андрэй Юркоў распаўсюдзіў экстрэмісцкую сімволіку і такім чынам здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне.
6 лютага Магілёўскі абласны суд разгледзеў скаргу А.Юркова. Суддзя Аляксандр Іванкоў прыняў рашэнне адмяніць пастанову суддзі Барыса Пігаля аб пакаранні А. Юркова штрафам у памеры 10 базавых велічынь, і накіраваў адміністрацыйную справу ў адносінах актывіста ў суд Дрыбінскага раёна на новы разгляд другому суддзі.
Андрэй Юркоў – вядомы ў Горках, Дрыбіне і Мсціславе грамадскі актывіст. Ён неаднаразова удзельнічаў у выбарчых кампаніях рознага ўзроўню. На парламенцкіх выбарах 2019 года, згодна дадзеных ЦВК, за А.Юркова прагаласавала 7,21% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў акругі.
Сяргей Семяновіч