Галоўная » Суд над арыштаваным актывістам Валадаром Цурпанавым скончыўся штрафам і новым арыштам

Суд над арыштаваным актывістам Валадаром Цурпанавым скончыўся штрафам і новым арыштам

Суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Вікторыя Палякова прысудзіла раней асуджанаму да 20 сутак адміністрацыйнага арышту яшчэ восем сутак. Таксама яна пакарала яго яшчэ штрафам у 10 базавых велічынь за тое, што надта эмацыйна адрэагаваў на ігнараванне патрабавання весці працэс па-беларуску.

Суд над Цурпанавым праходзіў 9 верасня 2020 года па відэасувязі, бо актывіст зараз адбывае арышт у ізалятары часовага ўтрымання. 2 верасня яго асудзілі за нібыта дробнае хуліганства і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўніка міліцыі. Нагадаем, 1 верасня Цурпанаў прыйшоў у 43-ю школу Магілёва і заклікаў настаўнікаў, якія працавалі ў выбарчых камісіях, прызнаць фальсіфікацыю выбараў і “пакаяцца на каленях”. Па словах відавочцаў, актывіст звярнуўся да «45 настаўнікам гэтай школы, якія працавалі ў трох участковых камісіях, размешчаных у школе».

Цяперашні суд тычыўся абвінавачвання Цурпанава з боку міліцыі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, якое праходзіла ў Магілёве 23 жніўня. Тады людзі ў чарговы раз выйшлі, каб выказаць сваю нязгоду з фальсіфікацыяй выбараў, патрабуючы адстаўкі прэзідэнта Лукашэнкі і вызвалення палітзняволенных. Цурпанаў трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг. На пасяджэнне былі дапушчаны толькі чацвёра прысутных, астатнім месца ў кабінеце суддзі Паляковай не хапіла. Вінаваціў Цурпанава ў правапарушэнні супрацоўнік Ленінскага РАУС Магілёва Уладзімір Паўлаў.

Як распавялі карэспандэнту “Магілёўскага рэгіёну” прысутныя на судовым пасяджэнні журналісты, актывіст запатрабаваў, каб працэс вёўся па-беларуску альбо праз перакладчыка, але суддзя праігнаравала данае патрабаванне, што выклікала надта эмацыйнае абурэнне падсуднага. Пасяджэнне было перапынена, а пасля перапынку Вікторыя Палякова абвесціла сваё рашэнне – аштрафаваць Цурпанава на 10 базавых велічынь (270 рублёў) за непавагу да суда (арт.24.1 КаАП), і праводзіць далейшае пасяджэнне без яго.

Пасля разгляду справы суддзя абвесціла рашэнне – восем сутак адміністрацыйнага арышту па ч.1 арт.23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) КаАП. Такім чынам Валадару Цурпанаву агулам прысуджана правесці 28 дзён за кратамі, па сутнасці, за грамадзянскую пазіцыю, якую ён актыўна праяўляў.

Уладзімір Лапцэвіч