Галоўная » Суд над грамадскім актывістам Валадаром Цурпанавым пачаўся ў Магілёве

Суд над грамадскім актывістам Валадаром Цурпанавым пачаўся ў Магілёве

Суддзя Магілёўскага райсуда Аляксандр Халадцоў пачаў разгляд правы грамадскага актывіста і праваабаронцы Валадара Цурпанава, які абвінавачваецца ў абразе двух суддзяў (арт.391 КК). Пачатак працэса адзначыўся дзіўнай сітуацыяй з выдаленнем, а потым яшчэ і не ўдалай спробай выдалення падсуднага з залі суда.

На самым пачатку пасяджэння Валадар Цурпанаў далека не адразу пагадзіўся стаць за трыбуну, каб адказваць на ўстаноўчыя пытанні суддзі. Паводле актывіста, абвінавачванне, якое высунулі супраць яго, не вартае судовага разгляду, а даны суд, адзначыў праваабаронца, ёсць судзілішчам. Праз некалькі хвілін ад пачатку працэса і пары заўваг Цурпанаву суддзя Халадцоў заявіў, што выдаляе яго з залы судовага пасяджэння. Праўда, гэта было зроблена без прыняцця адпаведнай пастановы.

У выніку большую частку пасяджэння, якое цягнулася з перапынкамі ад 10:00 амаль да 18:00, Цурпанаў правёў за дзвярыма ў калідоры. За гэты час былі дапытаны сведкі – супрацоўнікі міліцыі і журналісты, якія чулі абразлівыя, паводле следства, словы, што сказаў Цурпанаў на адрас суддзяў Ленінскага суда і Кастрычніцкага суда Магілёва – Вікторыю Палякову і Вольгу Краўчанка. Гэтыя жанчыны, кожная ў свой час, судзілі актывіста за ўдзел у мірных пратэстных акцыях па скайпе, калі абвінавачанны знаходзіўся ў ІЧУ. Па меркаванні Валадара Цурпанава, яго судзілі, парушаючы яго правы, яго правы людзі, якія не здольныявесці працэсы на беларускай мове.Гэта ўсё настолькі абражала грамадскага актывіста, што ён назваў суддзяў “хутнаўскімі падсцілкамі”. За гэта і былі ўзбуджаны дзве крымінальныя справы, якія потым былі аб’яднаны ў адну.

Адметна, што лінгвістычная экспертыза прыйшла да высновы, што даны выраз утрымлівае адмоўную ацэнку чалавека і можа быць абразлівай, зняважаючай гонар і годнасць асобы, калі яго змест не адпавядае рэчаіснасці. “Аднак выясненне апошняга не ўваходзіць у кампетэнцыю эксперта-лінгвіста”, – адзначаецца ў экспертнай выснове.

Таксама падчас судовага пасяджэння была выдалена з залі суда і жонка Цурпанава Ірына. Як распавяла жанчына, – за абурэнне тонам суддзі, якім ён забараніў відэафіксацыю працэса.

Пасля таго, як былі дапытаны ўсе сведкі і агучаны матэрыялы справы, суддзя абвесціў перапынак. Падчас гэтага перапынку Валадар Цурпанаў вярнуўся ў залю судовых пасяджэнняў. Прыйшоўшы працягнуць працэс суддзя Халадцоў зноў запатрабаваў ад падсуднага пакінуць памяшканне, аднак той адмовіўся, заявіўшы, што не зробіць гэтага, пакуль не атрымае копіі пастановы суддзі аб выдаленні яго з залі. Суддзя выклікаў дзяжурнага міліцыянера, пры гэтым сам пакінуў памяшканне. Праз нейкі час у залю разам з дзяжурным міліцыянерам прыйшлі яшчэ два яго калегі ў поўнай экіпіроўцы – шлемах і латах. Суддзя загадаў ім выдаліць Цурпанава з залі, а таксама выдаліць і журналіста 6tv.by, які вёў відэаздымкі канфлікта, які адбываўся падчас судовага перапынку. Халадцоў пасля гэтага выйшаў з залі.

У сваю чаргу Цурпанаў давёў міліцыянерам, што ён з’яўляецца абвінавачанным па справе, а значыць галоўнай дзеючай асобай на працэссе, і прад’явіў ім позву. Тым самым актывіст патлумачыў, што без пастановы патрабаванне яго выдалення не мае ніякіх падстаў. У выніку міліцыянеры сыйшлі.

Праз пэўны час у залю вярнуліся ўдзельнікі працэса, якім суддзя Халадцоў давёў, што наступнае пасяджэнне намечана на 24 снежня.

Уладзімір Лапцэвіч