28 студзеня судзе Шклоўскага раёна пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.
Згодна з матэрыяламі справы, палітык парушыў закон аб масавых мерапрыемствах (ч.1. арт. 23.34 КаАП), калі прыняў удзел у несанкцыянаванай уладамі акцыі пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі 20 снежня.
На думку ўладаў, вінаваты Рыгор Кастусёў у публічным адстойванні незалежнасці Рэспублікі Беларусь у выглядзе пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй. Гэта галоўнае, афармленне судовага праследавання – другасна, бо гісторыя пераследу беларускіх герояў бязглуздая і пачварная па сутнасці, змаганне за незалежнасць краіны – гэта і ёсць сапраўдны патрыятызм. А суды з такой нагоды – палітычны фарс, не маючы ніякога дачынення да правасуддзя.
Судовы працэс вяла суддзя Святлана Баранцава. Юрыдычную дапамогу Рыгору Кастусёва аказваў вядомы магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель
З дакументаў стала вядома, што, на самай справе, Рыгору Кастусёву абвінавачванне прад’яўлена з нагоды недасканалых (складзены як пад капірку) дакументаў, дасланых з Мінску. Сведкамі па справе з’яўляюцца сталічныя міліцыянты, а пратакол складаўся ўжо ў Шклове маёрам Бугаёвым. Пры гэтым ён парушыў не толькі шмат якіх міжнародных актаў, але і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе права чалавека на ўдзел у масавых мерапрыемствах па абароне сваіх правоў. А тут мова ідзе аб суверэнітэце краіны!
Рыгор Андрэевіч на 16 старонках свайго выступу паказаў палітычную ангажаванасць працэсу і яго абсурднасць. Гаварыў ён аб карупцыі ў краіне, аб стварэнні ўмоў для яе продажы оптам расійскай дзяржаве.
Удзел у супраціве пазбаўленню суверэнітэту праз масавыя мерапрыемствы – гэта форма барацьбы за будучае краіны і прынцыповая пазіцыя дэмакратаў і ўсіх неабыякавых грамадзян Беларусі. Такія мерапрыемствы гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, і змаганне за незалежнасць – справа гонару для кожнага з нас. Жыве Беларусь!
Судовы працэс перанесены на пазнейшую дату – трэба апытаць сведак у судзе, якія ў Мінску быццам бы ўглядзелі ў паводзінах Рыгора Кастусёва злачынныя дзеянні.
Пётр МІгурскі