Суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Таццяна Касцюк 12 лістапада 2020 года пакарала журналіста “Магілёўскага рэгіёну” Алеся Сабалеўскага штрафам у памеры 30 базавых велічынь (810 рублёў) за асвятленне пратэстнай акцыі, што па меркаванні суддзі было ўдзелам у маніфестацыі.
Абвінаваўчы вердыкт суддзя вынесла пасля двухразовага накіроўвання справы Сабалеўскага на дапрацоўку ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва. Аднак нават двойчы нібыта выпраўленыя дакументы нічым не адрозніваліся ад першапачатковых, распавёў Алесь Сабалеўскі. Праўда, суддзя вырашыла інакш і прызнала журналіста вінаватым па артыкуле аб паўторным удзеле ў несанкцыянаванай акцыі (ч.3 арт.23.34 КаАП). Сабалеўскі намераны абскардзіць пастанову суддзі Касцюк.
Нагадаем, што першае пасяджэнне па справе Сабалеўскага адбылося яшчэ 16 верасня, калі журналіст знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання, як затрыманы на 72 гадзіны да суда. Яму інкрымінавалі знаходжанне з 14 да 15 гадзін 13 верасня каля гандлёвага цэнтру “Атрыум”, дзе ён нібыта прымаў удзел у несанкцыянаваным мітынгу. Журналіст быў затрыманы ў той жа дзень толькі значна пазней і зусім у іншым рёне горада – на Пушкінскім праспекце. Сабалеўскі цалкам адрынуў абвінавачванне і заявіў, што напісаннае ў пратаколе не адлюстроўвае рэчаіснасць.
Паводле яго, прадстаўленае міліцыяй відэа абсалютна не адпавядае апісанню правапарушэння, якое яму інкрымінуецца. Больш таго, журналісту не быў прадастаўлены пратакол правапарушэння на азнаямленне, а потым у ім праставілі запіс, нібыта Сабалеўскі адмовіўся ад подпісу.
Тое, што за аснову ўзятыя паказанні аднаго сведкі, ёсць парушэннем Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях, адзначыў наш калега, падкрэсліўшы, што ўся гэта справа ёсць пераследам яго як журналіста.
Уладзімір Лапцэвіч