Галоўная » Суд у Магілёве адправіў на 7 гадоў ў калонію хакера, які пагражаў тэрактамі ад імя блогераў

Суд у Магілёве адправіў на 7 гадоў ў калонію хакера, які пагражаў тэрактамі ад імя блогераў

31-гадовы жыхар Калінкавічаў Андрэй Захарэвіч сем гадоў, сьцьвярджае сьледзтва, займаўся камэрцыйным шпіянажам і здабыў 35 мільёнаў даляраў у крыптавалюце. Ён жа рассылаў ілжывыя паведамленьні аб тэрактах ад імя службовых асобаў і блогераў, патрабуючы, у тым ліку, адстаўкі Лукашэнкі.

Паводле дзяржаўнага абвінавачваньня, падсудны зрабіў 21 злачынства і нанёс шкоды на 2650 рублёў. Магілёўскі абласны суд пакараў Захарэвіча 7 гадамі калёніі ўзмойненага рэжыму. Абвінавачаньне прасіла на год болей. Прысуд набудзе моц праз 10 дзён, калі абвінавачаны не абскардзіць яго, паведамляе Радыё Свабода.

 

Пра крыптавалюту ў абвінавачанага

Андрэй Захарэвіч, як вынікала з матэрыялаў справы, узломваў недастаткова абароненыя сайты з дапамогай адмысловых праграмаў, атрымліваў несанкцыянаваны доступ да рэквізытаў банкаўскіх плацежных крэдытных картак ды іншых пэрсанальных дадзеных, якія прадаваў на адмысловых інтэрнэт-рэсурсах. На атрыманы даход набываў крыптавалюту. На некалькіх яго электронных кашальках сьледзтва выявіла звыш 424 біткойнаў і 254 біткойны кэшу, што паводле цяперашняга курсу складае каля 35 мільёнаў даляраў. Іх канфіскавалі ў даход дзяржавы як здабытыя злачынным шляхам.

У адным з чатаў Захарэвіч паведамляў, што плянуе адкрыць уласную краму продажу крэдытных картак. За дадзеныя адной здабытай на ўзламаным сайце карткі яму нібыта прапаноўвалі 10 даляраў.

Паводле абвінавачваньня, у базе Захарэвіча былі зьвесткі 243750 уладальнікаў картак з 114 краінаў. Акрамя таго, ён меў пэрсанальныя зьвесткі 1371 абанэнта аднаго з мабільных апэратараў, да кампутарнай сеткі якога атрымаў несанкцыянаваны доступ.

Захарэвіч настойваў, што злачынным шляхам набыў толькі 40 біткоінаў. Ён не пагадзіўся з высновамі абвінавачваньня, што ўзломваў сайты з карысьлівых інтарэсаў з 2014 году, як лічыць сьледзтва. Спачатку яго цікавіў сам працэс, даводзіў ён. Займацца камэрцыйным шпіянажам для ўзбагачэньня стаў з 2017 году.

 

Чаму рассылаў ілжывыя паведамленьні аб тэрактах

Андрэй Захарэвіч, паводле абвінавачваньня, рассылаў ілжывыя паведамленьні пра закладзеныя міны ў органах дзяржаўнага кіраваньня, судах, сілавых ведамствах, установах адукацыі, а таксама рабіў ілжывыя даносы аб цяжкіх злачынствах. Сярод «заяўнікаў» былі блогеры Сяргей Ціханоўскі, Андрэй Павук, Уладзімер Цыгановіч.

Ад імя Ціханоўскага ён двойчы паведаміў пра пагрозу выбуху ў будынку Гомельскага абласнога суду, патрабуючы адстаўкі прэзыдэнта і вызваленьня калінкавіцкага блогера Віталя Манько. Ад імя Цыгановіча пагражаў падарваць чыгуначны вакзал у Менску. Ад імя Павука данёс у міліцыю, што той нібыта забіў сваю жонку і ейнага каханка.

З тлумачэньня падсуднага вынікала, што блогеры былі нязгодныя з палітыкай дзейнай улады і іхную дзейнасьць лічыў дэструктыўнай. Акрамя таго ён хацеў паназіраць, як будуць рэагаваць блогеры, калі да іх заявіцца міліцыя з абвінавачваньнямі ва ўчыненьні тэракту, ці іншага злачынства.

У адным з чатаў Захарэвіч пісаў, што разьлічвае атрымаць якую-небудзь пасаду, калі на прэзыдэнцкіх выбарах пераможа апазыцыя.

Ахвярай ілжывага даносу аб злачынстве Захарэвіч зрабіў намесьніка начальніка Калінкавіцкага РАУС. Ад імя мясцовага ўчастковага на тэлефон даверу было паведамлена, што намесьнік начальніка раённай міліцыі пабіў у сваім кабінэце чалавека. Такога інцыдэнту, як высьветліла праверка, не было.

Паводле абвінавачаньня, Захарэвіч пагражаў актам тэрарызму для ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньня органамі ўлады, перашкоды палітычнай дзейнасьці, застрашваньня насельніцтва і дэстабілізацыі грамадзкага парадку.

 

За што зьбіраўся пакалечыць грамадзяніна Казахстану

Яшчэ адным эпізодам злачыннай дзейнасьці Захарэвіча абвінавачваньне назвала плянаваньне пабіцьцё ў Казахстане мясцовага жыхара. Падсудны тлумачыў, што да іншаземца меў непрыязь, бо той ня выканаў абавязкаў у будаўніцтве дома, але грошы за гэта ўзяў. Захарэвіч наняў праз інтэрнэт людзей, якіх сьледзтва не ўстанавіла, каб яны пакалечылі крыўдзіцеля. На думку падсуднага, гэтага злачынства нанятыя ім асобы «не зьбіраліся ўчыняць» і паведамілі, што ў Казахстане нібыта не адшукалі таго, каго трэба было пакалечыць. За пабіцьцё іншаземца Захарэвіч пералічыў «кілерам» звыш 14 тысяч беларускіх рублёў.

 

Хто такі Захарэвіч і як яго затрымалі

Андрэй Захарэвіч мае дзьве вышэйшыя адукацыі і закончыў асьпірантуру. У Калінкавічах ён жыў у аднапакаёвай кватэры разам з маці. Будаваў, як адзначана ў матэрыялах справы, для яе дом. Меў машыну, купленую на грошы бабулі. Паводле адвакаткі, Захарэвіч станоўча характарызуецца суседзямі, а таксама ва ўстановах, дзе вучыўся.

Адвакатка называла пакараньне падабароннаму, для якога абвінавачаньне прасіла 8 гадоў зьняволеньня, празьмерна жорсткім. На яе погляд, 4 было б дастаткова. Сваю пазыцыю яна аргумэнтавала тым што Захарэвіч сплаціў шкоду ў поўным аб’ёме. Рабіў захады, каб загладзіць віну, і ва ўчыненым раскаяўся. Па яе словах, ён супрацоўнічаў са сьледзтвам і дапамог выкрыцьцю іншых асобаў, якія рабілі злачынствы.

У апошнім слове Захарэвіч прасіў суд пакараць яго мінімальным тэрмінам зьняволеньня. Ён паўтарыў, што прызнае віну і раскайваецца. Падсудны прасіў не забіраць у маці дом. Як вынікала з прысуду, будынак і дзялянку зямлі, набытую для яго ўзьвядзеньня, канфіскавалі ў даход дзяржавы. З машыны ж судзьдзя Сяргей Мазураў пастанавіў зьняць арышт.

Фота судовай абвесткі з інкрымінаванымі Захарэвічу злачынствамі

Затрымалі Захарэвіча 30 красавіка 2020 году, а абвінавачаньне выставілі 8 траўня. Пра ягоную злачынную дзейнасьць стала вядома ў ліпені. Як вынікала з афіцыйных камэнтароў, шукалі «электроннага тэрарыста» больш за год.

У траўні 2019-га на сайт Сьледчага камітэту было даслана паведамленьне пра мінаваньне адміністрацыі Мазырскага раёну з патрабаваньнем зьняць з пасады кіраўніка. Праз чатыры дні невядомы пагражаў падарваць Мазырскі раённы суд. Пад падазрэньне ў рассылцы лжывых паведамленьняў трапілі некалькі чалавек, але яны, як высьветлілася, былі не вінаватыя. Пазьней апэратыўнікі выкрылі беспрацоўнага жыхара Калінкавіч Андрэя Захарэвіча.