Суд у Магілёве над Паўлам Севярынцам і іншымі палітвязнямі — актывістамі грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Яўгенам Афнагелем, Максімам Вінярскім, Андрэем Войнічам, Дзмітрыем Казловым, Паўлам Юхневічам — будзе закрыты.
Пра гэта перадае БелаПАН са спасылкай на Магілёўскі абласны суд.
Пачатак працэсу запланаваны 12 траўня.
“Крымінальная справа будзе разглядацца ў закрытым судовым пасяджэнні ў сувязі з тым, што матэрыялы адносяцца да таямніцы, якую ахоўвае закон”, — паведаміла супрацоўніца абласнога суда.
Павел Севярынец — апазіцыйны палітык і пісьменнік, адзін з лідараў аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Ён знаходзіцца ў зняволенні з чэрвеня 2020 года, яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў “масавых беспарадках”. Севярынец прызнаны палітзняволеным.
Войніч, Юхневіч і Афнагель затрыманыя ў верасні 2020-га. Іх таксама абвінавачваюць ва ўдзеле ў “масавых беспарадках”. Яўгена Афнагеля таксама абвінавачваюць па артыкуле “навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках або фінансаванне гэтай дзейнасці”. Вінярскі за кратамі са студзеня гэтага года. Ён таксама праходзіць па справе аб “масавых беспарадках”. Блогер Дзмітрый Казлоў (“Шэры кот”) у зняволенні з чэрвеня мінулага года. У дачыненні яго распачыналі крымінальную справу па артыкуле “арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.