Галоўная » Суд у Магілёве пакараў блогера і журналіста Міхася Аршынскага за распаўсюд інфармацыі

Суд у Магілёве пакараў блогера і журналіста Міхася Аршынскага за распаўсюд інфармацыі

Сёння суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Аксана Ратнікава пакарала 11 суткамі арышту відэаблогера і аператара «Магіёўскага рэгіёна» за вядзенне трансляцыі ў YouTube і выконванне задання галоўнага рэдактара сайта. Такім чынам за асвятленне падзей, звязаных з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, ён атрымаў агулам 21 суткі адміністрацыйнага арышту.

Пасяджэнне па справе Аршынскага ў Ленінскім райсудзе 12 мая стала працягам пасяджэння, якое пачалося 8 мая і было адкладзена. Тады суддзя Ратнікава задаволіла хадайніцтва абвінавачваемага ў нібыта ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 6 мая на вуліцы Крупскай, у перапынку для пошуку адваката. Праўда, шукаць адваката Аршынскаму не далі. Адразу пасля абвяшчэння перапынку ён быў затрыманы у будынку суда па другой справе – за тое, што асвятляў 5 мая прыезд у Магілёў блогера Сяргея Ціханоўскага і яго каманды «Краіна для жыцця». 11 мая суддзя Кастрычніцкага райсуда Магілёва Міхайлава прысудзіла яму за гэта 10 сутак арышту. Аршынскі быў зноў адвезены ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ).

Зразумела, што ў такой сітуацыі Аршынскі ніякім чынам не мог знайсці адваката і па сутнасці яго пазбавілі права на абарону. Падчас пасяджэння журналіст, правёўшы некалькі сутак ў турэмнай ізаляцыі, выглядаў вельмі стомленым і, магчыма таму, на пытанне суддзі, ці патрэбен яму яшчэ адвакат, адказаў адмовай.

Галоўным сведкам з боку міліцыі, якая абвінаваціла журналіста ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі быў супрацоўнік Ленінскага РАУС Павел Башарымаў. Як і на іншых судах, у прыватнасці на судзе другога журналіста «Магілёўскага рэгіёну» Алеся Буракова, якога пакаралі 10 суткамі арышту, ён распавядаў, што нібыта ўвечары 6 мая праязджаў па вуліцы Крупскай. Абсалютна выпадкова ён убачыў натоўп людзей і выйшаў даведацца што і да чаго. Сам ён у той час не быў пры выкананні службовых абавязкаў і быў апрануты ў штатскае.

Падчас знаходжання побач з натоўпам, Башарымаў убачыў, у прыватнасці Аршынскага, пра якога ведае, што ён блогер і вядзе трансляцыі з мерапрыемстваў апазіцыйна настроеных грамадзян. Потым міліцыянер пабачыў Аршынскага ў відэа на YouTube, і зрабіў выснову, што той удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – мітынгу, шэсці і яшчэ адным мітынгу каля ІЧУ. Міліцыянера не бянтэжыла, што названае ім масавым мерапрыемствам насамрэч такім не было – падпісчыкі затрыманнага ў той момант Ціханоўскага прыйшлі да ІЧУ з мэтай высвятлення яго лёсу. А Аршынскі, выконваючы свае журналісцкія функцыі, асвятляў даную падзею.

Праўда, і на суддзю Ратнікаву не зрабіла ніякага ўражання нават падцвярджэнне выдачы задання Аршынскаму асвятляць падзеі, звязаныя з візітам Ціханоўскага ў Магілёў, з боку галоўнага рэдактара «Магілёўскага рэгіёна» Зміцера Салаўёва. Ён выступіў сведкам на судзе пасля таго як Ратнікава задаволіла некалькі раз паўторанае хадайніцтва Аршынскага аб гэтым. У вынесеным пазней выраку так і было пазначана – тое, што журналіст асвятляў падзею не значыць, што ён не быў удзельнікам несанкцыянаванай акцыі.

Такім чынам Міхась Аршынскі быў пакараны 11 суткамі арышту. Разам з учарашнімі дзясяццю ён правядзе ў ІЧУ 21 суткі.

Агулам за акцыі, звязаныя з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, у Магілёве былі асуджаны тры журналісты – акрамя Аршынскага, яшчэ Алесь Буракоў і пазаштатны карэспандэнт «БелаПАН» Алесь Асіпцоў, якім прысудзімі па 10 сутак арышту.

Першы погляд на такое становішча прыводзіць да высновы, што беларуская ўлада перайшла да рэпрэсіўных дзеянняў супраць журналістаў, а таксама актыўных прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Пад раздачу могуць трапляць і тыя, хто зацікавіўся думкамі і словамі пачаўшых праяўляць палітычную актыўнасць персанажаў. Аднак галоўная мішэнь рэпрэсій – распаўсюднікі інфармацыі. Такім чынам улада спрабуе стварыць штучную інтрыгу  перад абвешчанымі на 9 жніўня выбарамі. Абураным людзям па змоўчванні будзе прапаноўвацца зрабіць свой выбар шляхам галасавання. Праўда, больш за два дзясяткі гадоў даказалі – лічыць гэтыя галасы будуць так, як патрэбна цяперашняй уладзе. Ад людзей будзе патрэбна толькі адно – прыйсці і ўкінуць бюлетэнь у скрыню.

Фота: Алесь Сабалеўскі

Уладзімір Лапцэвіч