Галоўная » “Сумныя песні” прагучалі ў Магілёве

“Сумныя песні” прагучалі ў Магілёве

Новы свой вобраз і новы альбом “Сумныя песні” прэзентавала ў Магілёве PALINA – спявачка, раней вядомая як Рэспубліка Паліна. Зараз яна ладзіць канцэртны тур па Беларусі, але адметнасць яго не толькі ў тым, што Паліна змяніла вобраз і стылістыку сваёй музыкі. Летась яна вельмі паспяхова паўдзельнічала ва ўкраінскім музычным тэлешоў Х-фактар, і, дзякуючы інтэрнэту, набыла не мала новых прыхільнікаў і ў Беларусі.

PALINA ў цмяным блакітным асвятленні выглядала досыць загадкава і незвычайна PALINA пад кожны свой твор стварае адпаведны вобраз

Не скажу, што клуб CUBA, дзе 21 красавіка адбыўся канцэрт, быў перапоўнены, але па захопленым вачам і шчырым воплескам публіка была задаволеная, добра прымала як новыя творы Паліны, так і прасіла выканаць нешта са “старога”. Ну і адзначу, што ў большасці тут былі зусім маладыя дзяўчаты, хоць, можа, я дужа і не заўважаў у цемры, хто быў у глыбіні залі, але каля сцэны сабраліся сапраўдныя юныя фанаткі такой жа маладой спявачкі.

Не адбылося і без тэхнічных накладак. Паколькі Паліна выступае адна – сама падыграе сабе то на гітары, то на клавішах, шмат чаго залежыць ад камп’ютэра. Пад час канцэрту перыядычна глючыла гукавая карта, праз якую ўсё было падключана да клубнага абсталявання. Але, як сапраўдны артыст, ды яшчэ і выпрабаваны ў бітвах на тэлешоў, спявачка не гублялася, пераводзіла ўсё ў жарт, чаргавала камп’ютарную музыку з акустычнай гітарай.

Удзячная публіка яшчэ і выклікала спявачку на “біс”, а потым прыхільнікі цярпліва чакалі ў чарзе па аўтограф і сэлфі з Палінай.

Час ад часу тэхніку даводзілася “угаворваць”, каб яна пачала зноў працаваць Новыя творы з альбому “Сумныя песні” патрабуюць адпаведнага настрою Але былі песні і больш вясёлыя, аўдыторыя не сумавала Кветкі ад удзячных “фанатак” Чарга па аўтограф і сэлфі

Пасля канцэрту зладзіў невялічкае інтэрв’ю са спявачкай:

 

– На днях адбыўся Ваш канцэрт у Віцебску, ці ёсць нейкая адрознасць ва аўдыторыі тут і там?

 

У параўнанні з Віцебскам публіка тут была больш сціплая. У Віцеску ўсе гучна падпявалі, а тут быццам саромеліся гэта рабіць. Але было вельмі прыемна выступаць, бо было бачна, што слухачы зацікаўленыя у тым, што я раблю, вельмі ўважлівыя і для іх важна, што ты будзеш казаць, спяваць. Бывае так, што людзі прыходзяць толькі на адну песню, якую ведаюць, а астатняе ім не цікава. Тут так не было.

 

– Паліна, у Вас быў невялікі творчы перапынак, зараз Вы змянілі імідж, заўважныя змены ў музыцы, як успрымае гэта публіка, Вашы прыхільнікі?

 

У мяне, хутчэй, быў пэўны музычны пошук, а не сцэнічны. Тое, што ёсць знешняе, складалася цягам 20-30 канцэртаў, у гэтым я больш арыентуюся на сваю інтуіцыю. І я заўважыла, што ў мяне вельмі змянілася аўдыторыя, бо яшчэ паў гады таму так сама быў канцэрт у Віцебску, і там была больш дарослая публіка, шмат людзей значна старэйшых за мяне. А зараз тут, і на ўчорашнім віцебскім канцэрце, былі не проста моладзь, а нават падлеткі, зусім дзяўчынкі прыходзілі. Думаю, гэта такі “рэкашэт” таго, што я паўдзельнічала ў тэлевізійным шоў, а аўдыторыя там як раз больш юная, таму ў мяне з’явілася шмат новых і маладых “фанаў”. Але я ведаю, што, усё ж, мая аўдыторыя вельмі розная, і па ўзростах, і па прафесіях, і мне ад гэтага прыемна і добра.

 

– Я як раз хацеў і пра Ваш удзел у Х-фактары запытацца – як туды патрапілі, наколькі ўдзел у такім значным праекце паўплываў на вашу творчасць, погляды?

 

Я выпадкова паехала на шоў ва Украіну. Але даўно хацела паўдзельнічаць у падобным конкурсе – вакальным. Мяне запрасілі і я была вельмі шчаслівая, што так лёгка ўсё ўдалося, без складаных касцінгаў. Я паехала адразу на тэлебачанне і там спявала, пры чым менавіта сваю песню, што не часта бывае ў тэлешоў такога фармату, бо звычайна там выконваюць каверы – усім вядомыя творы.

Прайшоўшы амаль да самага фіналу я вызначыла для сябе, што там у мой выступ было ўкладзена шмат увагі, шмат грошаў. Шоў транслявалася ў прам-тайм на ўсю краіну, і не адзін з выступаў не параўнаецца з простым канцэртам па эмоцыях. Гэта звязана з тым, што там ты крыху “не Ты”, а тое, што з цябе зрабілі, ты губляеш нейкае сваё “Я”, і за тым нумарам, касцюмамі, мэйкапам, аранжыроўкамі ты не адчуваеш нічога свайго. І гэта было такое невялікае расчараванне, з аднаго боку, з іншага – з’явілася адчуванне, што мне рабіць, што я на сваім месцы, і што мне ў гэтым падабаецца.

Можа, пакуль у мяне не ўсё добра і гладка, але я вучуся, калі не ўсё атрымліваецца, я спрабую яшчэ раз, і такія маленькія перамогі, на мой погляд, больш важныя, чым хвілінны поспех.

 

– А можаце параўнаць украінскае тэлебачанне з нашым?

 

Ва Украіне “касмічны” узровень тэлебачання. Такога ўзроўню, як у іх, у Беларусі не будзе, я думаю, і праз дваццаць год. І гэта шмат у чым звязанае з палітыкай, бо тэлебачанне з’яўляецца моцным палітычным сродкам, таму ёсць шмат людзей, якія зацікаўленыя ўкладаць у гэта грошы. Зараз Зяленскі стаў прэзідэнтам Украіны, аб чым тут можна размаўляць.

Калі я першы раз патрапіла туды на кастынг, была вельмі ўражаная, як там усё працуе, як выглядае – тэхніка, дэкарацыі, такога, нажаль, у нас няма.

 

– Але вернемся назад у Магілёў. Апошняе пытанне – Вашыя агульныя ўражанні ад сённяшняга канцэрту і, коратка, што ў планах?

 

Сёння быў вельмі складаны канцэрт, але мне такое падабаецца, бо гэта моцнае выпрабаванне на тое, што ты артыст. Для мяне быў цікавы досвед Х-фактару – тое, што калі бачыш артыстаў вельмі сур’ёзнага маштабу, якія збіраюць велізарныя пляцоўкі, якіх усе ведаюць, то заўважаеш, што пасля любой экстрэмальнай падзеі, ці калі нешта сумнае ў цябе здарылася, ты мусіш заўжды быць артыстам, заўжды спяваць гучна, і нікога не хвалюе, што ў цябе адбываецца. Безумоўна, выступаць адной, без падтрымкі на сцэне, вельмі цяжка, але пакуль так глабальна – мець гурт і займацца музыкай у Беларусі, я не магу. Але, спадзяюся, што буду развівацца, усяму свой час.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара