На працягу верасня месяца супрацоўнікамі дзяржаўнай установы “Дзіцячая школы мастацтваў г. Крычава”, у юбілейны год для горада, былі расфарбаваны стэла “Манумент Міра” і цагляная сцяна каля гандлёвага дома “ВЕК”. Спачатку супрацоўнікі школы мастацтваў расфарбавалі “Манумент Міра”, які знаходзіцца недалёка ад аўтастанцыі Крычава. Раней малая архітэктурная форма мела дастаткова шэры выгляд, аднак зараз выглядае рознакаляровай і кідкай для вока.
Крыху пазней супрацоўнікі школы заняліся расфарбоўкай сцяны каля гандлёвага цэнтра “ВЕК”, які знаходзіцца ў старой частцы горада, насупраць “Дома быта”. Малюнак захапіў і сцяну суседняга двухпавярховага будынка. Вынікам творчай працы стаўся намаляваны імправізаваны горад па якім ходзяць і сустракаюцца людзі, ездзіць фурманка і роварысты, лётаюць птушкі і асвячаюць дарогу ліхтары. Такім чынам, шэрыя сцены дзякуючы малюнку ажывіліся, а гараджане могуць атрымоўваць эстэтычнае задавальненне ад мастацкай кампазіцыі.
Алесь Крыжэвіч