У 2020 годзе плануецца завяршыць будаўніча-мантажныя работы па мадэрнізацыі свінакомплексу агракамбіната “Усход” пад Магілёвам. Але ўжо сёння экалагічны ўплыў ад прадпрыемства на якасць вады жахлівы, а жыхароў суседніх вёсак і аграгарадкоў ратуюць грошы міжнародных фінансавых інстытутаў, найперш Сусветнага банку. Вось толькі магілёўцы пра гэта не ведаюць.
На мінулым тыдні прапагандысцкія дзяржаўныя СМІ з радасцю паведамілі, што да канца года плануецца завяршыць будаўніча-мантажныя работы праекта па мадэрнізацыі свінакомплексу агракамбіната “Усход”. У рамках рэалізацыі праекта плануецца закуп 1 290 галоў рамонтнага маладняку, які вырошчваецца для замены выбракаваных і выбыўшых са статка жывёл. Першая партыя свінак у колькасці 500 галоў ужо завезена. Пасля правядзення рэканструкцыі прадпрыемства плануе павялічыць аб’ёмы вытворчасці свініны на 3 768 тон жывой вагі ў год. Выхад на праектную магутнасць комплексу запланаваны на 1 студзеня 2024 года: 27 300 галоў са штогадовым атрыманнем парасят у колькасці 53 000 галоў і рэалізацыяй свініны (у жывой вазе) да 4 200 тон.
Трэба было б парадавацца за работнікаў агракамбінату, за рабочыя месцы і будучыя прыбыткі, за добрыя прадукты на нашых сталах. Але просты пошук інфармацыі пра гаспадарку адразу здзівіў. Найперш аказалася, што гаспадарка стратная, бо адкрытае акцыянернае таварыства Агракамбінат “Усход” (вёска Вільчыцы, Магілёўскі раён) на сёння “неплацежаздольнае с/г прадпрыемства, якія падлягаюць фінансаваму аздараўленню ў перыяд 2019-2027, рашэнне ад ад 2 красавіка 2019 г. № 15-7”. З мэтай яго фінансавага аздараўленне акцыі ААТ “Агракамбінат “Усход”, якія знаходзяцца ва ўласнасці Магілёўскага раёна, перададзены ў даверанае ўпраўленне ААТ “Бабруйскі мясакамбінат”.
Узнікае пытанне: “Адкуль у банкрута грошы на рэканструкцыю свінакомплексу? За чый кошт, так бы мовіць, банкет?”
Аказваецца, фінансы на рэканструкцыю – гэта не пазыка ў банку, не прыбыткі, гэта нашы з вамі, грамадзяне, грошы. На мэты рэканструкцыі выдзелены бюджэтныя сродкі для ААТ “Агракамбінат “Усход” у памеры 6,5 мільёна рублёў!!!
Але ж магчыма грошы вернуцца нам з прыбыткам?
Калі паглядзець далей інфармацыю пра гаспадарку ў інтэрнэце, то і гэта выклікае сумненні. Бо наступныя гучныя паведамленні пра “Усход” – гэта артыкулы пра расстрэлы сабак кіраўніком гаспадаркі. У 2018 г. малады дырэктар агракамбінату Віктар Рабцаў уласнымі рукамі распачаў страляніну, у выніку якой два сабакі, якія жылі пры фермах, атрымалі цяжкія раненні. Рабцава звольнілі, але пра стыль кіравання і якасць кадраў такія паведамленні распавядаюць многа.
Саўгас-камбінат “Усход” быў утвораны ў 1976 г. і быў моцнай гаспадаркай. Але паступова яго пашыралі з мэтай ліквідацыі іншых стратных гаспадарак. Пры Лукашэнку да гаспадаркі паступова далучылі землі вакол вёсак Лыкава, Бароўка, Слабодка, Сідаравічы і г.д. Тэрытарыяльна гэты гігант стаў монстрам, якім паспяхова кіраваць цяжка любому кіраўніку.
Але вернемся да свінакомплексу. Ён калісьці быў разлічаны на 40 000 тыс свіней. Цяпер у ім, са словаў тутэйшых жыхароў, добра калі гадуецца дзясятая частка ад праектнай магутнасці. Тым не менш, і цяпер яго экалагічнае ўздзеянне на наваколле жахлівае. З калодзежаў пасля дажджоў літаральна смуродзіць свіным дзярмом. Калі вецер дзьме з боку свінакомплексу, то праз смурод цяжка дыхаць і ў Вільчыцах, і ў пасёлку “Усход”.
У калодзежах вёскі Вільчыцы па дадзеных экалагічнай арганізацыі “Экаслед” на літр вады ў кастрычніку 2021 года прыходзілася 250 міліграмаў нітратаў. Некалькі гадоў таму з калодзежаў адкачвалі свіную жыжу. Мясцовае вадасховішча паміж Вільчыцамі і пасёлкам “Усход”, якое бачна з Гомельскай шашы, зарастае, кішэчныя палачкі ў ім у разы перавышаюць норму… Купацца там ужо даўно небяспечна.
Экалагічную сітуацыю ў Вільчыцах пагаршае яшчэ і ферма для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Сцёкі з яе трапляюць у глебу. А паколькі ў кожным доме стаіць лічыльнік вады, то жыхары часцяком імкнуцца карыстацца калодзежнай вадой для паліву сваіх агародаў. Праз грунтовую ваду і са студняў нітраты зноў трапляюць у глебу. А ўвядзенне новых магутнасцяў на свінакомплексе найхутчэй яшчэ больш пагоршыць экалагічную сітуацыю.
У ідэале чым менш нітратаў у вадзе, тым лепш. У чыстай прыроднай вадзе ўтрыманне нітратаў не перавышае 1-2 мг/л. Аднак шырокае выкарыстанне нітратных угнаенняў прыводзіць да забруджвання вады нітратамі праз глебу. Санітарнымі правіламі ўстаноўлена норма ўтрымання нітратаў у пітной вадзе – 45 мг / л. У Вільчыцах і на “Усходзе” толькі артэзіянскія воды могуць ратаваць жыхароў. Яшчэ некалькі гадоў таму і якасць водаправоднай вады была нездавальняючай.
Сусветны банк разам з урадавымі структурамі заняўся праблемай якасці вады на Беларусі і выдаў ільготны крэдыт на гэтыя мэты. Банк з 2009 года на рэалізацыю ў краіне праекта “Развіццё сістэмы водазабеспячэння і водаадвядзення” выдзеліў $ 150 млн пазыковых сродкаў. Па рэгіянальных праектах былі запланавана рэканструкцыя сістэмы каналізацыі ў Быхаве, каналізацыйнага калектару ў Бабруйску, ачышчальных збудаванняў у Мсціславе, водаправоднай сетцы ў Крычаве, пабудова станцый абезжалезвання падземных вод ва многіх населеных пунктах Магілёўшчыны.
У выніку праект банка «Развіццё сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення» перасягнуў магчымыя чаканні ў Беларусі. У яго рамках была аказана падтрымка 32 прадпрыемствам водазабеспячэння і водаадвядзення ў прадстаўленні якасных паслуг на ўстойлівай аснове. Першапачаткова прадугледжваў забеспячэнне доступу да вады палепшанай якасці для 324 000 чалавек. Аднак, да моманту завяршэння праект ахапіў ужо 610 000 чалавек. Вынікам замежнай дапамогі таксама стала істотнае паляпшэнне паслуг водаадвядзення. Каля 50 000 чалавек атрымалі доступ да больш якасных паслуг водаадвядзення і г.д.
Сусветны банк – Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця ажыццяўляе доўгатэрміновыя пазыкі з ільготнымі працэнтамі для найбольш бедных краін-удзельніц (пасля атрымання ўрадавых гарантый), датацыі, тэхнічную дапамогу для праграм па ахове асяроддзя і развіццю інфраструктуры. Усяго Беларусь атрымала ад Сусветнага банка крэдытаў на 2,1 млрд долараў, яшчэ 31 млн – гранты. На жаль, праз палітычны крызіс 2020-2021 гадоў у Беларусі міжнародныя фінансавыя інстытуты адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з уладамі краіны. Цяпер банк працягвае ў краіне толькі тыя праекты, якія ўжо былі распачаты, напрыклад, звязаныя з барацьбой з пандэміяй, мадэрнізацыяй вышэйшай адукацыі. У 2021 годзе ў актыўнай працы былі праекты на 1 мільярд даляраў.
Тым не менш, дзясяткі вёсак вакол Магілёва паспелі атрымаць магчымасць карыстацца чыстай вадой, у іх ліку Нікіцінічы, Салтанаўка, Дабрэйка і інш. Вільчыцы са Усходам аказаліся ў іх ліку. У водаправодзе вёскі і аграгарадка вада сёння ў межах нормы. Так жыхароў магілёўскіх прыгарадаў ратуюць грошы міжнародных фінансавых інстытутаў, найперш Сусветнага банку. Вось толькі тутэйшы люд пра гэта не ведае.
Тася Лемон
фото: infoindustria.com.ua