Каардынатару кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэю Палуду 27 лістапада стала вядома, што выкананы смяротны прысуд Сямёну Беражному, які быў асуджаны да смяротнага пакарання Магілёўскім абласным судом 21 ліпеня 2017 года. Пра гэта яму паведамілі сваякі Беражнога.
Таццяна і Ігар Гершанковы (у цэнтры) ў Вярхоўным судзе. Фота: TUT.byСёлета Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў індывідуальны зварот Сямёна Беражнога, і накіраваў Беларусі запыт аб прыняцці часовых мер да вынясення Камітэтам канчатковага рашэння. Праваабаронцы спадзяваліся, што Рэспублікай Беларусь усё ж такі будуць прыняты часовыя меры аб прыпыненні выканання смяротнага пакарання да разгляду звароту, але беларускія ўлады не адрэагавалі на запыт КПЧ ААН. Аналагічны зварот быў зарэгістраваны КПЧ ААН і ў дачыненні да Ігара Гершанкова.
Што тычыцца Ігара Гершанкова, то яго маці паведаміла Андрэю Палуду, што ўжо месяц не атрымлівала ад яго лістоў. Хутка маці чакае з ім спатканне, але сітуацыя да канца невядомая. Раніцай 28 лістапада яна спрабавала праясніць сітуацыю ў СІЗА №1 і Вярхоўным судзе.
Днём 28 лістапада ў Магілёўскім абласным судзе маці Ігара Гершанкова атрымала падцвержданне, што “прысуд прыведзены ў выкананне”.
На дадзены момант у Беларусі выканання смяротнага прысуду чакаюць два чалавекі: Вячаслаў Сухарко і Аляксандр Жыльнікаў.
Нагадаем, па прысудзе Магілёўскага абласнога суда 21 ліпеня 2017 года Ігар Гершанкоў і яго жонка Таццяна Гершанкова абвінавачваліся ў здзяйсненні забойстваў і падрыхтоўцы да здзяйснення забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або знішчэнні дакументаў. Таццяну Гершанкову дадаткова абвінавацілі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропаў. Судом было ўстаноўлена, што злачынная група агулам зарабіла на махінацыях з чужым жыллём больш за 2 мільярды недамінаваных рублёў.
Удзельнікам злачыннай групоўкі былі вынесеныя наступныя прысуды:
- Ігару Гершанкову – вышэйшая мера пакарання – растрэл;
- Сямёну Беражнову – вышэйшая мера пакарання – растрэл;
- Таццяне Гершанковай – 24 гады турмы з канфіскацыя маёмасці;
- Барысу Калеснікаву – 22 гады і 1 месяц калоніі строгага рэжыму.
20 снежня 2017 года Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі вынесла рашэнне па апеляцыйных скаргах двух фігурантаў так званай справы магілёўскіх «чорных рыэлтараў»: Ігара Гершанкова і Барыса Калеснікава: прысуд Магілёўскага абласнога суда ад 21 ліпеня 2017 года пакінуць у сіле, а скаргі без задавальнення.
Крыніца: spring96.org