На Магілёўскім Пасожжы знаходзяцца дзве крыніцы, абрады пакланення якіх прызнаныя нематэрыяльнай культурнай спадчынай Беларусі – “Блакітная крыніца” (спрадвечная назва – “Сіні Калодзеж”) і “Бразгун”. Аднак у раёне Сярэдняга Пасожжа ёсць яшчэ нямала ўнікальных аб’ектаў прыроды і экалогіі. Адным з такіх з’яўляецца “Святая крыніца” ці “Святы калодзеж”, што знаходзіцца недалёка ад Крычава ля в. Прудок. Апісанне крыніцы вядома аж з канца 18 стагоддзя, што з’яўляецца першай згадкай пра культ святых крыніц на беларускіх землях.
Сакральны комплекс колішняй “вясковай святыні” ўключаў акрамя самаго воднага аб’екта таксама аброчны крыж і драўляны зруб. Важна адзначыць, што ў народнай традыцыі былі і пэўныя рытуальныя практыкі каля крыніцы, якія прадугледжвалі ў абмыванне маладых людзей у крыніцы, каб ачысціцца ад грахоў, але і магічна-рытуальнае лекаванне дзіцячай хваробы радзімец, якая па павер’ях людзей павінна была застацца на кашулі, што пакідалі на вадзе. Дагэтуль захавалася практыка абмывання крынічнай вадой вачэй, з прызнаннем карыснага эфекта на зрок. У народнай традыцыі былі і адпаведныя практыкі прымянення цалебнай крыніцнай вады: звычайна яе пілі нашча.
Значныя змены ў выглядзе і функцыянаванні святога месца адбыліся за савецкім часам. Агульная атмасфера змагання з рэлігійнымі культамі як “перажыткам мінулай эпохі” паўплывала і на існаванне культавых крыніц. Вясковая святыня ля в.Прудок у часы савецкага “ваяўнічага атэізма” змяніла знешні выгляд і была моцна пашкоджана, якую ледзь не знішчылі падчас меліарацыі і здабычы торфу ля Прудка: апусцілі бетоннае кальцо ў крыніцу, абнеслі меліярацыйным валам, а таксама праклалі трубы, па якіх павінна была цекчы вада. Больш за тое, быў знішчаны традыцыйны драўляны зруб, а крыніца што была ў выглядзе невялічкага азярца наогул спушчана падчас земляных работ. Гэта прывяло да таго, што цэлы культавы комплекс (крыніца, зруб, аброчны крыж), які раней быў даволі вядомым і шанаваным месцам, знешне вельмі моцна змяніў выгляд.
Нейкім неверагодным чынам крыніца не знікла з мясцовага ланшафта, хаця ўсе дзеянні былі накіраваныя на знішчэнне прыроднага аб’екта. Замест народна-рэлігійных святаў сталі праводзіцца маёўкі, злёты піянераў, перадавікоў вытворчасці (з ідэалагічным адценнем). У пасляваенны час працягвалася святкаванне прафесійных і савецкіх святаў, Дня Перамогі і інш. Месца стала проста маляўнічай тэрыторыяй для забаўлення. Ранейшае шанаванае, ашчаднае стаўленне як да сакральнай мясціны і каштоўнай прыроднай з’явы, змянілася абыякавым, праграматычным і спажывецкім поглядам на крыніцу.
На незайдросны стан аб’екта сакральнай геаграфіі паўплывала і тое, што ў 1982 годзе за 0,3 км на захад ад вёскі пастаўлены помнік – двухфігурная кампазіцыя савецкага спевака Акаёмава і вядомага дырыжора Лузеніна. Быў таксама зроблены мемарыяльны знак і вечны агонь. Гэты мемарыял стаў сімвалам памяці 1200 (па афіцыйных дадзеных) загубленых савецкіх ваеннапалонных і падпольшчыкаў, а таксама мірных жыхароў. Можна сказаць што ў пэўным сэнсе помнік апаніруе крыніцы, бо для новага савецкага пакалення людзей святыняй з’яўляўся перадусім мемарыял, а былы сакральны комплекс пад назвай “Светлы калодзец” стаўся проста месцам баўлення часу і адпачынку. Так адбылося таму, што абодва помніка рознага кшталту знаходзяцца ў сотнях метрах ад Прудка. Фактычна апісаная тэндэнцыя захоўваецца да сённяшняга дня.
Дарэчы, тэндэнцыя закладзеная ў савецкія часы захоўваецца дагэтуль. Помнік прыроды і культуры і сёння з’яўляецца месцам індывідуальнага адпачынку і турыстычных злётаў школьнікаў. З 1960-х гг. на тэрыторыі сакральнага комплекса пачалі праводзіць піянерскія і турыстычныя злёты, разам з тым пачаліся праводзіцца шанаванні перадавікоў прадпрыемстваў і сельскай гаспадаркі. Дагэтуль захавалася савецкая традыцыя правядзення школьных турыстычных злётаў, як і правядзенне прафесійных святаў, што набыло крыху іншы ракурс і змест. З сумам варта канстатаваць, што “традыцыя” правядзення гулянняў працягваецца, што стала нормай для мясцовых органаў улады і часткі мясцовага грамадства. Адным з прыкладаў можа стаць “Дзень будаўніка”, святкаванне якога праходзіла ў непасрэднай блізасці да крыніцы. Прычым гэта было немалое мерапрыемства са сцэнай, музыкай і шэрагам сталоў для працаўнікоў будаўнічай сферы, пра што Магілёўскі рэгіён пісаў раней https://old.6tvby.media/den-budaunika-na-svyatoj-krynicy/.
Пры гэтым мясцовыя ўлады разам з праваслаўнай царквой у 2016 -2017 гг. планавалі распачаць добраўпарадкаванне крыніцы, а таксама зрабіць купель і часоўню. Аднак праект пасля першых земляных работ спыніўся і праз невялікі прамежак часу наогул згорнуты. Гэта ініцыятыва б негатыўна паўплавала на аб’ект экалогіі, што магло прывесці да пагаршэнне экалагічнага стану крыніцы і нават яе разбурэння. Аднак яма для купелі была засыпана, што сёння зарасла рагозам і стала гразкім месцам. Нягледзячы на тое, што перасталі весціся работы ў рэчышчы стварэння культавага праваслаўнага комплекса з капліцай і купеляй, тым не менш незразумелыя ўскапванні грунту ў непасрэднай блізасці каля крыніцы адбыліся ўлетку 2020 года. Пяць неглыбокіх ям рознай велічыні зроблены на другім баку ад ручая, які выцякае з крыніцы, а ўсіх ямаў на адлегласці 20-30 метраў ад крыніцы можна налічыць крху больш за дзясятак. Натуральна, што вялікай небяспекі помніку экалогіі і гісторыі гэта не нанесла, але тым не менш тарфяныя глебы – гэта прыродны від, які практычна немагчыма стварыць штучным шляхам.
Прылеглая тэрыторыя да сакральнага аб’екта на сённяшні дзень афіцыйна з’яўляецца зонай адпачынку “Светлая крыніца”. Парадаксальна і супярэчліва спалучаецца назва “Святая крыніца” (яна пазначана на шыльдзе, што паказвае напрамак да воднага аб’екта) і афіцыйнага статуса. На сёння пры збочванне ўлева на грунтовую сцяжынку ўслед за ўказальнікам “Святая крыніца” трапляем на паляну, акружаную хвоямі, якія стравараюць вельмі прыгожы краявід. Пры ўваходзе на паляну ёсць невялікае пазначэнне “МЕСТО ОТДЫХА СВЯТОЙ РОДНИК». Гучыць вельмі парадаксальна, бо якім чынам спалучаецца сакральны аб’ект з месцам адпачынку, невядома. Аднак гэта абсалютна нармальна для мясцовых органаў улады, бо ў іх галовах ніякага дэсанансу падобная з’ява не выклікае. Прычым бываюць розныя кампаніі і групы людзей, якія адпачываюць ля крыніцы: хтосьці інтэлігентна і ціха, прыбраўшы за сабой смецце, а хтосьці не толькі не прыбірае за сабой смецце, так і суправаджае баўленне часу гучным праслухоўваннем музыкі. І ўсё гэта адбываецца на тэрыторыі побач з Святой крыніцай. Вось такая цікавая рэч.
Істотным будзе адзначыць, што да сённяшняга часу “Святая крыніца” ніяк не ахоўваецца дзяржавай. Ілюстрацыяй такой сітуацыі будзе спецыяльны рэест “Асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый Магілеўскай вобласці”. Больш за тое, Святая крыніца каля Прудка замацавана за Магілёўскай епархіяй БПЦ. На дадзены момант помнік прыроды знаходзіцца пад жалезным купалам, з трубы якой выцякае крынічная вада. Паток людзей, якія набіраюць якасную пітную ваду штодня нямалы. Пагэтаму вельмі добра, калі яшчэ ў 2018 годзе мясцовыя ўлады абгарадзілі пад’езд да крыніцы і цяпер машыны не могуць пад’ехаць да аб’екта экалогіі бліжэй за 15 метраў. Упарадкаванне тэрыторыі і стварэнне дарожкі з чырвонага жвіру да крыніцы, а таксама наяўнасць сметніц таксама можна аднесці да пазітыўных з’яваў, што спрыяе ўпарадкаванасці тэрыторыі. Тым не менш на прылеглай тэрыторыі да аб’екта экалогіі альтанкі выглядаюць не вельмі дарэчна, а ў ваколіцах ёсць месцы, дзе можна добра адпачнуць, не засмечваючы прыгожую паляну ля Святой крыніцы і не зневажаючы такім чынам колісь культавае месца.
Алесь Крыжэвіч. Фота аўтара