Галоўная » Сямён Панізоўцаў: А ў нас – па-чэрыкаўскі

Сямён Панізоўцаў: А ў нас – па-чэрыкаўскі

Ці колькі трэба мець інтэлекта, как “раздэрбаніць” дабраўпарадкаваную дваравую тэрыторыю за адзін дзень?

 

Калі хто хоча ведаць маё меркаваньне, то я адразу скажу, што мы наабразалі  ўжо столькі, што і зіма да нас ня хоча прыходзіць. І абмялелі рэчкі, вадаёмы і зьніклі некаторыя крыніцы.  

Няўжо людзі ад усяго гэтага на змарыліся? Асабіста мяне турбуе вонкавы выгляд  двароў і  вуліцаў нашага горада, і я ўпэўнены, што можна зьмяніць сітуацыю к лепшаму. Толькі трэба пачаць шавяліцца, ня быць абыякавым да таго, што адбываецца вакол нас.

Мяне гэтаксама зьдзіўляе, як можна глядзець людзям у вочы, напаскудзіўшы ім пад ногі!!!

Пачаўся сезон абрэзкі дэкаратыўных дрэваў у вялікіх і малых гарадах. У розных людзей розныя меркаваньні па гэтаму пытаньню. Як на мой погляд, большасьць насельніцтва ўжо супраць такіх мерапрыемстваў. Бо лес амаль ужо зьнішчылі. Ды й у гарадах зносяць ня толькі адзінкавыя дрэвы, а цэлыя паркі ды скверы. І няма куды іншым разам схавацца ад пякучых сонечных промняў. Але адхінем спрэчкі ўбок. Галоўнае, калі ўжо што і рабіць, то трэба рабіць з галавой. Разумна.

У нас у Чэрыкаве для таго, каб навесьці прыгажосьць уверсе, гатовыя паламаць усё ўнізе. Хаця А. Лукашэнка яшчэ на заранку свайго прэзідэнцтва заклікаў зьберагаць тое, што ёсьць. Але нашым чэрыкаўлянам гэта не дайшло і не даходзіць. І працуюць па прынцыпу “Лес рубят – щепки летят)”. І ляцяць яны ва ўсіх закуточках нашага горада, дзе з’яўляюцца працаўнікі ЖКГ. Безумоўна, яны працуюць, як могуць. А як зрабіць так, каб зьберагчы кавалачак зямлі ці тое самае дрэўца, розуму ў іх не хапае. Дык хоць бы кіраўніцтва прадпрыемства праводзіла з імі лікбез (ліквідацыю бязграматнасьці). Ды кіраўніцтву, мабыць, не хапае часу ні на той самы лікбез, ні на то, каб праверыць, як зроблена работа. Яно, кіраўніцтва, занята сваімі справамі.

Адзінаццатага лютага сталі абразаць веткі дрэў у невялічкім скверыку, які знаходзіцца побач з нашым домам па вул. Ракасоўскага 79. Трэба адзначыць, што скверык хоць і малы па разьмерах, але ён быў ухожаны. Пасеялі ў свой час траву, летам яе пастаянна падкошвалі. Зрабілі асфальтавую дарожку для пешаходаў. Пад вокнамі дома ляжыць жывы зялёны дыван. Паставілі горку для дзяцей, пясочніцу. Адным словам, выгляд гэтага вугалка быў прывабны. І ён лашчыў вока. І жыхарам, і гасьцям.

І вось вырашалі навесьці парадак. Абрэзалі дрэвы. Для таго, каб сабраць  гольле, прыгналі трактар з прычэпам, які праараў сваімі коламі дзьве баразны па зялёнаму дывану ўсьцяж нашага дому. Міма дзіцячай горкі, пясочніцы. Разварушыў тратуарную плітку, якая была пакладзена ад дому да аўтобуснага прыпынку.

Тут трэба адзначыць, што глеба напітана вільгацьцю, уся расквашана. На яе нават стаць немагчыма, бо нага тоне. У канаве стаіць вада. А трактарыст на сваім транспартым сродку ды яшчэ з прычэпам ёрзае ад дрэва да дрэва, каб у той самы прычэп ускінуць галінку, таўшчынёю з дзіцячы пальчык. І гэта ў нас ужо завядзёнка: лісьце ўвосень зьбіраць у прычэп  – таксама на трактары “ёрзаюць” ад дрэва да дрэва, выпісваючы “васьмёркі”. Цывілізаваныя тэхналогіі нам не знаёмыя. Ды й па-іншаму проста працаваць не ўмеем, альбо – ня хочам. Гэта ж  трэба думаць. А навошта? Што ёсьць – паламаем, а потым рамантаваць будзем. Глядзіш, работа на кожны дзень забясьпечана. Так і капошымся, як той жук у навознай кучы. І ні з месца! І аніякага руху наперад! І галоўнае – ўсіх гэта “задавальняе”. Ніхто ўжо не абураецца. Бо людзей “прытапталі” так, што і голасу ніхто падаць ня можа: хто баіцца, хто – лянуецца, а астатнім (і гэта большасьць) – усё да фені! Ужо звыкліся. Як вядома, чалавек да ўсяго прывыкае: і да добрага, і да дрэннага!

Ну і само па сабе паўстае пытаньне: хто ж і калі будзе ўстараняць гэтае “бардэльера”? І за чый кошт “банкет”???

(Арфаграфія аўтара захаваная)

Сямён Панізоўцаў. Фота аўтара