У Бабруйску ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 15 выяўленыя 15 выпадкаў COVID-19. Гэтую інфармацыю Радыё Свабода пацвердзіла прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава.
У Дэпартаменце выканання пакаранняў кажуць, што частку гэтых людзей шпіталізавалі, астатнія лечацца на месцы пад назіраннем. Там сцвярджаюць, што “эпідэміялагічная сітуацыя знаходзіцца пад кантролем”, выконваюцца неабходныя каранцінныя меры:
«Асобы, якія маюць патрэбу ў стацыянарнай дапамозе, шпіталізаваныя ва ўстановы аховы здароўя. Астатнія асуджаныя знаходзяцца пад назіраннем. Захоўваюцца неабходныя карантынныя меры, эпідэміялягічная сітуацыя знаходзіцца пад кантролем».
Паводле інфармацыі Радыё Cвабода, у магілёўскую абласную бальніцу накіравалі 17 чалавек. Ніхто з “хімікаў” не працуе, некаторых з іх ізалявалі. У іх бралі мазкі з носа і горла, аналіз крыві.
У пачатку мая міністр унутраных спраў Юрый Караеў заявіў, што сярод асуджаных каранавірус выявілі ў двух чалавек. А яны якраз знаходзіліся ва ўстановах адкрытага тыпу.