У ноч з суботы на нядзелю развітаўся з гэтым светам Пётр Дзмітрачкоў, які без малага тры дзесяцігоддзі быў дэканам і сапраўдным лідарам гістарычнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстытута, а затым і ўніверсітэта, вядомым у краіне арганізатарам адукацыі, педагогам і навукоўцам.
Афіцыйная біяграфія Пятра Фролавіча надзвычай кароткая, бо практычна ўсё жыццё яго было звязана з адным факультэтам.
Пётр Дзмітрачкоў нарадзіўся ў в. Ганнаўка (цяпер в. Бярозкі) Хоцімскага р-на Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1955 г. закончыў Бярозкаўскую сярэднюю школу. У 1960-1965 гг. вучыўся на гісторыка-геаграфічным факультэце Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, пасля заканчэння якога працаваў асістэнтам кафедры гісторыі гэтай ВНУ. У 1970 г. паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі АН БССР, дзе ў 1973 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме, звязанай з дзейнасцю Саветаў Беларусі ў 1960-1970 гады. У 1981 г. яму прысвоена званне дацэнта па кафедры гісторыі СССР, а ў 2003 г. ён быў зацверджаны ў вучоным званні прафесара.
З 1975 па 2005 гг. працаваў дэканам гістарычнага факультэта. У апошнія гады працаваў прафесарам кафедры гісторыі Беларусі. Пётр Фролавіч выкладаў вучэбныя і спецыяльныя курсы па айчыннай гісторыі са старажытных часоў да канца XVIII ст. Узнагароджаны знакамі «Выдатнік народнай асветы БССР» (1982), «Отличник просвещения СССР» (1985), Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (1998). Навуковыя інтарэсы яго былі звязаны з вывучэннем гісторыі ўзнікнення і развіцця дзяржаўнасці на беларускіх землях, розных аспектаў гісторыі Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, з этнічнымі праблемамі, з гісторыяй гістарычнай адукацыі ў МДУ імя А.А. Куляшова.
Легендарны дэкан гадаваў як савецкіх настаўнікаў гісторыі, так і маладых гісторыкаў незалежнай Беларусі: сённяшніх педагогаў, навукоўцаў, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў. Яму было чым ганарыцца, бо ўсе пакаленні яго гадаванцаў аднолькава цёпла адносіліся да свайго строгага дэкана, выдатнага настаўніка, а пазней старэйшага таварыша. Ён помніў біяграфіі сотняў сваіх студэнтаў, дапамагаў і падтрымліваў сувязі з імі і пасля заканчэння вучобы.
Дзмітрачкоў быў не проста фармальным кіраўніком факультэта, ён быў сапрадным сэрцам калектыву. Пры ім заўжды праводзіліся дні першакурснікаў і апошнія званкі, калегі збіраліся разам адзначаць святы і дасягненні. Факультэт быў сапраўдным калектывам у добрым сэнсе гэтага слова, а Пётр Фролавіч заўжды абараняў сваіх студэнтаў і калег у складаных вытворчых і жыццёвых сітуацыях.
Няма сумненняў, што добрая памяць пра гэтага выдатнага чалавека, выбітнага гісторыка і педагога назаўжды застанецца ў сэрцах усіх, хто вучыўся, працаваў, супрацоўнічаў з Пятром Дзмітрачковым. А ягоны ўнёсак у станаўленне і развіццё гістарычнай адукацыі на Магілёўшчыне яшчэ патрабуе свайго даследавання.
Развітанне з Пятром Фролавічам Дзмітрачковым папярэдне прызначана на аўторак 14 снежня.
Аляксандр Агееў