Галоўная » АЧС

Улады: свіной чумы няма. «Белсат» даказвае, што эпідэмія ёсць

Улады Беларусі навучыліся хаваць усё што заўгодна. Асобныя выдаткі бюджэту, крыніцы фінансавання прэзідэнцкага фонду і нават вірусныя эпідэміі. Беларусаў свае ж кормяць каўбасою з афрыканскаю свіною чумой і маўчаць, каб толькі суседзі не даведаліся. Але шыла ў мяшку не схаваеш. Ігар Кулей.

https://youtu.be/0xxs7EDbkTg

Ці вы ведалі, што аўтарытарызм умее змагацца не толькі з апазіцыяй, але і з эпідэміямі? Прынамсі на паперы. Расейскае ветэрынарнае ведамства знайшло ў беларускіх мясных прадуктах вось гэтага гомельскага заводу вірус афрыканскай чумы свіней – АЧС. Айчыннае Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання запэўнівае, што ніякіх хваробаў у нас няма, але мы мяркуем, што гэта хлусня. Глядзіце самыя.

Факт нумар адзін.

Праз распаўсюд «невядомае» хваробы ў розных частках краіны ўлады неаднаразова забіралі свіней у звычайных сялянаў.

Гаворыць спадар Васіль, жыхар вёскі Страдубка, Лоеўскі раён:

«Сказалі, афрыканская чума. Я дакументаў не прасіў, мне сказалі – я забіў, а ўжо праз тыдзень папрыязджалі і пачалі таўчы, а куды павывозілі – я без панятку».

Іван Хвоін, ветэрынар з той самай вёскі, дадае:

«Проста прыйшлі, развалілі мне хлеў, каб я больш свіней не трымаў, і павывозілі ўсіх».

Факт нумар два.

Менавіта так, татальным знішчэннем усяго пагалоўя свіней у радыусе 20 кіламетраў ад крыніцы інфекцыі, ува ўсім свеце змагаюцца з афрыканскаю чумою свіней. Пра якую ўлады Беларусі кажуць, што яе няма.

Факт нумар тры.

За апошнія паўгода шэраг раёнаў Гомельскай і Берасцейскай вобласцяў раптоўна, часам да нуля, скарачалі пагалоўе свіней. У некаторых пагалоўе аднаўлялі ды адразу ж паўторна выразалі. З тушамі калгасных свіней абыходзіліся гэтак сама, як і з сялянскімі.

Працягвае ветэрынар Іван Хвоін:

«Дзве галавы ў мяне на падворку закапалі з асабліва шкоднымі інфекцыйнымі хваробамі, а парасятка проста ў двары спалілі, а попел рассыпалі».

Факт нумар чатыры.

Восем месяцаў таму падчас здымкаў аднаго з сюжэтаў «Белсату» адбыўся інцыдэнт, у выніку якога склалі міліцэйскі пратакол, дзе кіраўнік ветэрынарнай станцыі Гомельскага раёну сведчыць, што ажыццяўляў захады ў лакалізацыі распаўсюду чумы.

Афіцыйна ж АЧС у Беларусі няма з 2015 года.

Факт нумар пяць.

Ува ўсіх без выключэння краінах – суседках Беларусі фіксуюцца сотні асобных выпадкаў афрыканскай чумы свіней. Дзясяткі з іх здараюцца ў 10-кіламетровай зоне ад беларускае мяжы. Пры гэтым у Беларусі афіцыйна хваробы няма, што нават тэарэтычна немагчыма. АЧС актыўна распаўсюджваецца дзікамі, якія не ведаюць, што дзяржаўныя межы можна мінаць толькі з шэнгенскаю візаю. Памежныя камітэты Беларусі, Літвы і Польшчы не аднаразова дэманстравалі, як адбываюцца такія свіныя ваяжы.

Факт нумар шэсць.

Міністр сельскай гаспадаркі Польшчы сцвярджае, што афрыканская чума была занесеная ў Польшчу з Беларусі. Першых хворых дзікоў у Польшчы знайшлі ў беспасярэдняй блізкасці ад беларускае мяжы, а эпідэмія АЧС распаўсюджвалася з усходу на захад краіны. Цяпер палякі збіраюцца пабудаваць уздоўж усёй нашай мяжы адмысловы плот супраць міграцыі жывёлы коштам амаль 40 мільёнаў долараў. Што праўда, не ўсе згодныя з такім рашэннем.

«Не ведаю, навошта нам гэткая мяжа, калі чуму могуць пераносіць людзі і птушкі, гэта пастанова, якой лепш пазбегнуць. Людзі не любяць межаў і забаронаў. Што датычыць нашай супрацы з Беларуссю, то мы таксама хочам, каб межаў было як мага менш», – каментуе Міраслаў Раманюк, стараста Гайнаўскага павету, Падляскае ваяводства, Польшча.

Факт нумар сем.

У 2013 годзе ўлады Беларусі два месяцы хавалі, што ў краіне выбухнула эпідэмія АЧС. Падзеі развіваліся падобна да сённяшніх: 30 красавіка – першыя звесткі ў прэсе пра масавы забой свіней у Баранавіцкім раёне, праз тыдзень Украіна забараняе ўвозіць свініну з Беларусі, 24 чэрвеня ўвоз забараняе Расея, 25 чэрвеня Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі прызнаецца – эпідэмія АЧС у Беларусі ёсць.

Як будзе гэтым разам? Вось ужо тры дні на беларускіх мясных і малочных прадпрыемствах працуе група інспектараў «Рассельгаснагляду». На жаль, хутка вынікаў іхнай працы мы не пачуем.

Каментуе праз тэлефон Юлія Мелана, прэс-сакратар «Рассельгаснагляду»:

«Незразумела, як доўга мы будзем разглядаць вынікі гэтага правярання, з чым мы там сутыкнёмся, ці будуць праблемы, ці мы будзем прасіць беларускі бок афіцыйна і пісьмова пракаментаваць гэтыя вынікі. Толькі пасля ўсіх гэтых працэдураў мы зможам нешта сказаць».

Мы ж вам можам дадаць толькі адное. Афрыканская свіная чума ніяк не пагражае чалавеку. Нават калі ў краіне ўлады не ўвялі абмежавання і дазваляюць беларусам набываць ды спажываць мясныя вырабы з гэтым вірусам, ніякае шкоды вашаму здароўю ці пагрозы жыццю яны не нясуць.

Крыніца: “Белсат”