Галоўная » Александр Бураков » Page 4

Пуціна ў Магілёве сустрэнуць дзясяткі ўлётак з напамінам пра расійскіх палітвязняў

Пасля забароны на пікет магілёўскія праваабаронцы Аляксей Колчын і Аляксандр Буракоў правялі інфармацыйную акцыю.

Колчын і Буракоў падавалі заяўку на правядзенне пікета салідарнасці з украінскім рэжысёрам Алегам Сянцовым, якому па палітычных матывах прысудзілі 20 гадоў зняволення ў расійскай калоніі.

Пікет павінен быў прайсці 12 кастрычніка – у дзень прыезду расейскага прэзыдэнта Уладзімера Пуціна ў Магілёў. Аднак магілёўскі гарвыканкам забараніў мерапрыемства, спаслаўшыся на тое, што праваабаронцы выбралі не тое месца для яго. Замест цэнтра горада яны павінны былі адправіцца на стадыён на вуліцы Чалюскінцаў. Гэтае рашэнне, па словах Колчына, будзе абскарджана ў судзе ў бліжэйшы час. А пакуль ён і Буракоў вырашылі дзейнічаць інакш.

– Мы падрыхтавалі каля паўсотні лістоў з інфармацыяй пра тое, што пакуль у горадзе натхнёна чакаюць прыезду Уладзіміра Уладзіміравіча, у расійскіх калоніях і турмах гніе 56 чалавек – рэжысёр Алег Сянцоў, праваабаронца Аюб Ціціеў і іншыя, – распавёў праваабаронца.

Па словах Буракова, яны дзейнічалі адкрыта.

– Усё ў рамках існуючага закона. Мы распаўсюдзілі абвесткі пра палітвязняў на дазволеных пляцоўках – спецыяльных інфармацыйных дошках побач з пад’ездамі, на прыпынках і тумбах. Імкнуліся максімальна «забіць» цэнтр горада, каб больш людзей даведаліся і памяталі, што стаіць за прыгожым весялосцю ў гонар прыезду расейскага прэзыдэнта.

Праваабаронца сказаў, што праблем з міліцыяй у іх пакуль не было, хоць ён і не выключае брутальнага варыянту развіцця падзей. Галоўнай праблемай, паводле праваабаронцу, стаў пошук падыходзячых паверхняў:

– Калі не ляпіць на слупах і сценах, то выходзіць вельмі абмежаваная колькасць пляцовак для аб’яў, – сказаў Буракоў.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прыбудзе ў Магілёў 12 кастрычніка для ўдзелу ў пленарным пасяджэнні V Форуму рэгіёнаў.

Фота: mspring.online

Ігар Лазоўскі

Крыніца: mspring.online

 

У Магілёве ў дзень візіту Пуціна хочуць правесці пікет салідарнасці з Алегам Сянцовым

Магілёўскія праваабаронцы накіравалі ў гарвыканкам заяўку на правядзенне пікетасалідарнасці з украінскім палітвязнем. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін плануе … чытаць далей

Аляксандр Буракоў: Нехта атрымае прэмію з рук кіраўніка дзяржавы за сваю працу, а нехта — штраф

У актыўны пішучы склад рэдакцый і кіраўніцтва медыя выходзяць 25-30-гадовыя. Гэта людзі іншай фармацыі, іншых каштоўнасных арыентыраў, чым тыя асобы, якія стваралі незалежныя медыя найноўшай Беларусі.

Магілёўскі журналіст Аляксандр Буракоў разважае пра канфлікт пакаленняў і чаму прайгралі тыя, хто змагаўся за свабоду слова ў 1990-ыя гады.

Аляксандр Буракоў. Фота з архіва

— Перыяд незалежнасці Беларусі амаль такі ж доўгі, як і перыяд аўтарытарызму. У краіне ёсць некалькі фармацый людзей: тыя, хто ведаюць Беларусь савецкую, Беларусь без Лукашэнкі і Беларусь з Лукашэнкам. І ўсе яны вельмі розныя.

Калі разважаць пра журналістаў, то важна памятаць пра людзей, якія ў сярэдзіне 1990-ых асэнсавана і прынцыпова сышлі з дзяржаўных медыя і пачалі ствараць нешта новае. Тады перад імі паўстаў маральны выбар: ці ты застаешся ў сістэме і за гэта атрымліваеш бонусы, альбо сыходзіш у лагер дэмакратаў і твая будучыня непрадказальная.

Што значыць праца ў дзяржаўных СМІ тады і цяпер? Гэта мінімум напружвання, сацыяльны пакет, розныя законныя адпачынкі і прэміі, магчымасць атрымаць жытло. І многія занялі пазіцыю “навошта выпендрывацца”, калі ёсць няпыльная праца і заробак, сацыяльныя гарантыі, у тым ліку магчымасць у цяпле даседзець да пенсіі (у адрозненне ад фрылансераў). Прагіб пад уладу звычайна выгодная рэч.

Але былі прынцыповыя людзі, якія праз маральныя чыннікі сышлі ў недзяржаўны сектар. І лёс іх склаўся па-рознаму. Нехта стаў паспяховым у творчым і камерыцыйным сэнсе, а нехта наадварот. Сёння пра іх забыліся.

Пасля дыскусіі на канферэнцыі БАЖ, прысвечанай перспектывам фрыланс-журналістыкі ў Беларусі, стала відавочным, што замежным гасцям трэба дадаткова тлумачыць некаторыя беларускія рэаліі. Прыкладам, у іх сістэме каардынатаў ёсць разуменне, што медыя бываюць недзяржаўныя і дзяржаўныя, а вось журналісты ў іх уяўленні бываюць толькі дэмакратычныя і — дэмакратычныя. Бо нельга ўявіць сабе ў развітых краінах сітуацыю, калі журналіста нейкага СМІ могуць аб’явіць “неблаганадзейным” і персанальна цкаваць.

Свой досвед яны пераносяць на нашу рэчаіснасць, не разумеючы ўсёй драмы.

Вядома, людзі, што засталіся ў дзяржаўных медыя, пільна сочаць за тым, як склаўся лёс іх калегаў з іншага лагеру і ўсё выдатна разумеюць. І што бачаць: абвостраанае сумленне прыводзіць да пераследу міліцыяй, вобшукаў КДБ, патрабаванняў падатковых дэкларацыяў за 10 гадоў, штрафаў. І “біць” няма чым. Толькі разуменнем сваёй профпрыдатнасці ды маральнасцю. Сумленныя людзі сярэдзіны 1990-х сёння выглядаюць “лузерамі” ва ўяўленні іх беспрынцыпных аднагодкаў.

Гэта я і хацеў патлумачыць замежнікам, якія супрацоўнічаюць з Беларуссю. Цяпер востра стаіць тэма пераследу фрылансераў. Найперш гэта тычыцца тых, хто супрацоўнічае з “Белсатам”. Але хто прыходзіць працаваць на гэты канал? Калі казаць шчыра пра рэпарцёраў, то абсалютная большасць з іх — людзі, якія прыйшлі ў прафесію з грамадскага актывізму пасля кароткіх курсаў. Гэта моладзь, якую навучылі выключна польскай сістэме падачы тэлевізійных навінаў без аніякіх альтэрнатыў.

Але хачу нагадаць, што ў нас была “Беларуская маладзёжная”, было ранейшае беларускае тэлебачанне з вартымі праграмамі. Там працавалі прафесіяналы, імёны якіх кулуарна гучаць ў Мінску цяпер. І куды яны падзеліся, чаму іх досвед не выкарыстоўваецца? А між іншым менавіта яны некалі рабілі той самы маральны выбар. Маладыя фрылансеры глядзяць на свет больш цынічна, ім проста напляваць на тое, што было 20 год таму.

— Жыццё журналіста, грамадскага дзеяча ў Мінску і ў рэгіёнах адрозніваецца. Як гэта, быць навідавоку?

— Калі я кажу, што на нас паказваюць пальцам, то найперш маю на ўвазе рэгіёны. Бо ў Мінску больш магчымасцяў, ёсць умовы для руху. Возьмем да прыкладу, на жаль, ужо нябожчыка, былога аператара магілёўскага абласнога тэлебачання Вадзіма Аршынскага, з якім я калісці працаваў для “Белсата”. У пачатку 2000-х у нейкім сюжэце ён так зняў Лукашэнку падчас візіту ў калгас, што над галавой лідара нацыі апынуліся нейкія намаляваныя на сцяне рожкі аленя. Натуральна, гэтыя кадры нікуды не пайшлі, але Вадзім Аршынскі – чалавек, з якога фактычна пачыналася тэлебачанне ў Магілёве, у момант стаў беспрацоўным. І куды ісці працаваць аператару ў Магілёве ў такім выпадку? Гэта было беспрацоўе на доўгія гады.

— Але вось Лукашэнка раздае прэміі журналістам. Гэта сведчыць, што выбар і сёння ёсць, ёсць розныя крытэры для ацэнкі ўласнага поспеху і атрымання гарантый. І ў вачах свайго кола той чалавек будзе паспяховым.

— Вось акурат гэта і трэба прагаворваць замежнікам, якія прыязджаюць сюды і хочуць дапамагаць ці весці нейкую дзейнасць, як цяпер модна, “у партнёрстве з уладамі альбо дзяржСМІ”.

Людзі, якія гатовыя ісці ў поле, часам па калена ў брудзе, каб рабіць рэальна праблемныя сюжэты, гэтай сістэме не патрэбныя. Жрналісты, якія асвятлялі сітуацыю з заводам беленай цэлюлозы ў Светлагорску, атрымалі штрафы. Дзяржаўныя журналісты туды не едуць і не здымаюць, хаця гэта сапраўдная праблема. Гэта выразны прыклад рознай сістэмы каардынат. Хтосьці ў выніку атрымлівае штраф, а хтосьці прэмію з рук кіраўніка дзяржавы.

— А чаго ты чакаеш ад міжнароднай супольнасці?

— Сённяшнія рэаліі, на жаль, нівелююць тыя ахвяры, якія былі прынесеныя старэйшым пакаленнем нашай супольнасці на алтар дэмакратыі. Прайшло столькі год, рэжым не зрынуўся, і лёсы многіх людзей, якія абралі гэты шлях, не склаліся. А тыя замежныя персаналіі, якія ў 1990-я гады супрацоўнічалі з Беларуссю і заклікалі прынцыпова адстойваць дэмакратычныя каштоўнасці, ужо самі сыйшлі на пенсію так і не дачакаўшыся дэмакратызацыі.

І цяпер новае пакаленне еўрапейцаў шукае новыя метады працы. Яны прапануюць: “Даваце будзем супрацоўнічаць з уладамі”, “Чым вам дапамагчы? А давайце мы зробім нешта супольнае з журналістамі дзяржаўных медыя”. Калі паглядзець на прапановы грантавай падтрымкі, то часта прапісана ва ўмовах, каб была дзяржаўная рэгістрацыя і хоць нейкая супраца з дзяржаўным органам. Рэальная гісторыя: БРСМ, як НДА, атрымлівае падтрымку, і гэтыя сродкі курсіруюць унутры дзяржаўнай сістэмы.

І ў мяне пытанне: ці не ёсць такі падыход здрадай да тых людзей, якія 20 год таму рабілі свой  маральны выбар?

І сёння я не магу сказаць, што прадстаўнікі нашых шэрагаў глядзяць у будучыню з аптымізмам. Павялічваецца стомленасць. Калі чалавек не бачыць вынікаў, а яму ўжо не 20, а 35-40 год — паўстаюць пытанні “дзе ты і чаго дамогся?”

Мы мяняемся, і баюся, не да лепшага. У Магілёве мы ладзілі дэбаты паміж палітыкамі і журналістамі. І стаў відавочным канфлікт пакаленняў. Старэйшае ставіцца да прафесіі і да ўсёй сваёй дзейнасці, як да паклікання. А маладзейшыя ўспрымаюць журналістыку, як бізнес: калі ёсць добрыя грошы, то і рэпрэсіі можна трываць, а калі грошай няма, то эфемерныя каштоўнасці падаюцца дурнотай. І старэйшае пакаленне, атрымліваецца, прайграла ўсім. І рэжыму, бо той нікуды не знік, і маладзейшым, якія падыходязць да справы з халодным камерцыйным разлікам.

***

Аляксандр Буракоў

У прафесіі з 1998 года. Пачынаў працаваць на абласным магілёўскім тэлебачанні. Пісаў у “Тыднёвік Магілёўскі” і магілёўскую газету “Дэ-факта”. З 2006 года працаваў на “Радыё Рацыя”, затым супрацоўнічаў з “Белсатам”. Апошнія 8 год працуе карэспандэнтам Deutsche Welle ў Беларусі.

Падрыхтавала Вольга Хвоін

Крыніца: baj.by