У тыя часы, прыкладна на мяжы 60-70 гадоў, сугучна з новай новамоднай хвалей па гарадскіх задворках загучалі куплеты пад славутыя “тры гітарныя акорды”.
Алесь Грудзіна
Пабачыў свет чарговы зборнік навуковых артыкулаў “Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць”
У зборнік “Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць” увайшлі навуковыя артыкулы ўдзельнікаў XII Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць”.
Толькі сваім поглядам падтрымліваў сувязь з намі
У Мінску адбыліся суды над чытаюшчымі беларускую класіку пенсіянерамі, якіх затрымалі ў электрычцы. Ніколі ў думках не мог сабе ўявіць, што такое магчыма ў сучасным беларускім грамадстве.
Баючыся нападу паўстанцаў, маршрут абралі акружны – праз Магілёў, Шклоў
Андрэй Тадэвуш Касцюшка – нацыянальны герой Беларусі, Польшы і ЗША. Сёння, 4 лютага, споўнілася 275 год з дня яго нараджэння. Менавіта да гэтай даты tut.by апублікаваў фільм “Рака лёсу”, створаны рэжысёрам Аляксандрам Матафонавым і мастацвазнаўцам Сяргеям Харэўскім.
“Мае сваякі, растраляныя фашыстамі, пахаваны ў брацкай магіле” (27 студзеня – Дзень памяці ахвяр Халакоста)
У кожным горадзе, ёсць вуліцы, назвы якіх сучаснікам растлумачыць цяжка, або ўвогуле немагчыма. Вось і ў Шклове ёсць вуліца, якая носіць назву “Іскра”. Гэта невялікая вулачка знаходзіца на ўзбярэжжы ракі Днепр і абмежавана мясцовымі прадпрыествамі ААТ “Папяровая фабрыка “Спартак” і ААТ “Шклоўскі льнозавод”.
Шклоўская ратуша: галоўная славутасць горада
6 лістапада 1999 года ў жыцці шклаўчан адбылася вялікая і радасная падзея. У горадзе ўзамен старой школы была адкрыта новая арыгінальная пабудова. У адзіны ансамбль “упісаны” гістарычны архітэктурны помнік “Ратуша” і сучасная навучальная ўстанова. Зараз Ратуша з’яўляецца самым наведваемым месцам г.Шклова сярод турыстаў і гасцей горада. Перад Днём турыста (27 верасня) карэспандэнт 6tv.by сустрэўся з удзельнікам тых падзей па аднаўленню помніка Аляксандрам Грудзіна і ўзяў у яго інтэрв’ю.
– Аляксандр Пятровіч, што Вас асабіста звязвае з Ратушай у Шклове?
– Асабістым лёсам мне было наканавана атрымаць агульную сярэднюю адукацыю ў школе №3 горада Шклова. Школьны будынак быў двухпавярховы, цагляны і атынкаваны, пабудаваны яшчэ напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны і здаваўся вельмі вялікім і, безумоўна, непарушным. У пачатку 60-х гадоў 20 стагоддзя гэта была адзіная двухпавярховая школа ў горадзе і самая вялікая па колькасці вучняў. У тыя часы школа выконвала ролю своеасаблівага цэнтра ўсяго дзіцячага жыцця і была месцам не толькі вучобы, а і шматлікіх гульняў і забаў. Кожны дзень, знаходзячыся ў школьным двары, погляд міжвольна сустракаўся з паўразбураным будынкам з вежай, які знаходзіўся побач і меў мясцовую назву “каланча”. Унутраныя пакоі са скляпеннямі, высокая вежа і цагляная муроўка падзямелляў заўсёды вабіла і прыцягвала. Будынак у асноўным быў безгаспадарлівы, таму была магчымасць вольна наведваць яго і па-свойму вывучаць. У дзіцячай свядомасці мроіліся неверагодныя падзеі, якія нібыта тут павінны былі адбывацца ў мінулым. Сярод бітай цэглы і смецця вельмі хацелася “нешта” знайсці і даведацца аб якой-небудзь цікавай падзеі.
– Але гэта дзіцячыя ўражанні, а што было ў дарослым жыцці?
– Прайшоў пэўны час. Скончыўшы вышэйшую навучальную ўстанову, я зноў вярнуўся ў родны Шклоў. Мясцовая раённая газета “Ударны фронт” у тыя часы шмат увагі ўдзяляла гісторыі Шклоўшчыны, друкуючы матэрыялы Міхаіла Ільюшэнкі, Івана Кулікава, Івана Маісеева і іншых аўтараў. Пазнаёміўшыся бліжэй з гэтымі цікавымі людзьмі, я таксама захапіўся краязнаўствам і паступова далучыўся да гэтай цікавай дзейнасці.
Адным з галоўных аб’ектаў даследчыцкай працы, безумоўна, становіцца “каланча”. Вывучаючы разнастайную літаратуру, я даведаўся, што знаёмае з дзяцінства паўразбуранае збудаванне з вежай нішто іншае, як помнік архітэктуры, былы будынак гарадской ратушы, пабудаваны яшчэ ў 18 стагоддзі.
Адшукваючы новыя звесткі пра будынкі гарадскіх ратуш, я спазнаў, што на Беларусі 16-18 стагоддзі характарызуюцца росквітам гарадоў, насельніцтва якіх імкнулася да своеасаблівай вольнасці і самабытнасці. Адпаведных мэт жыхары тагачаснага горада маглі дасягнуць праз атрыманне Магдэбургскага права. Уражвала, што правінцыяльны невялікі горад – і раптам збудаванне, якое мае найцікавейшую гістарычную і культурную каштоўнасць. Унутраная свядомасць напачатку напоўнілася своеасаблівай асалодай, а потым і пачуццём гонару за свой родны кут. Гонар мясцовага жыхара цешыўся і тым, што падобных помнікаў на Беларусі засталіся адзінкі.
– Надыйшоў перабудовачны час. Якія падзеі адбываліся ў Шклове ў дачыненні да Ратушы?
– Трэба сказаць, што мясцовая каштоўнасць з гістарынай кропкі погляду знаходзілася ў занядбаным стане. Першы паверх і невялікую заходнюю частку былых гандлёвых радоў займалі пажарнікі, потым у гэтых памяшканнях гаспадарылі прадпрыемства Гаргаз і школа №3. Але тое, што будынак яшчэ некаму быў патрэбны, захавала яго ад канчатковага разбурэння. А сярод неабыякавых людзей яшчэ на пачатку 1980-х гадоў узнікае і пачынае лунаць ідэя адраджэння помніка, якая ўсё мацней бударажыць і мяне асабіста. Добра памятаю сваё выступленне на ІІІ раённай справаздачна-выбарчай канферэнцыі Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў верасні 1981 года. Крыху блытана і з хваляваннем я выказаў заклапочанасць аб гаратным стане будынка ратушы і прызваў дэлегатаў прыняць неадкладныя меры па захаванню помніка.
У тыя часы вялікі грамадскі рэзананс мела друкаванае слова. Артыкулы пра ратушу ў Шклове рэгулярна пачынаюць з’яўляцца ў раённай і абласной газетах, а 14 ліпеня 1982 года мой невялікі артыкул пад назвай “Возродится ли красота?” друкуе газета “Знамя юности”.
Падтрымка мясцовай заклапочанасці рэспубліканскім выданнем надае ідэі аднаўлення помніка дадатковы станоўчы штуршок. Паведамленні ў друку не спыняюцца. Вядомасць Шклоўскай ратушы ўзрастае як і пашыраецца кола саміх аўтараў. У друку выступаюць Сяргей Пікас, Іван Кулікоў і іншыя. Усяго, пачынаючы з 1981 года, пра шклоўскую славутасць распавядаецца ў 37 артыкулах і паведамленнях. Адначасова, каб зрушыць справу, робіцца некалькі дадатковых захадаў. Група найбольш актыўных гараджан накіроўвае пісьмы ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета і Савет Міністраў БССР з просьбай аказаць падтрымку і дапамогу ў вырашэнні пытання рэстаўрацыі помніка ў Шклове. Неўзабаве прыйшоў адказ ад Старшыні Савета Міністраў Вячаслава Кебіча, у якім паведамлялася, што пісьмо прынята і ўзята на кантроль.
– Але гэта была пазіцыя краязнаўцаў-адзіночак. Ці рэагавала на падзеі вакол Ратушы якім чынам грамадскасць?
– На VI раённай канферэнцыі таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, якая адбылася ў сакавіку 1986 года, дэлегаты прынялі зварот да насельніцтва горада і раёна з мэтай збору добраахвотных грашовых сродкаў на рэстаўрацыю ратушы на спецыяльна адкрыты банкаўскі рахунак. Да снежня адпаведнага года грашовыя сродкі паступілі ад супрацоўнікаў райкама КПБ – 270 рублёў, міжгаспадарчага вучэбнага камбіната і райаграпрамтэхнікі – па 100 рублёў, прэзідыума раённага аддзялення таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры – 60 рублёў, фабрыкі “Спартак” і аддзела народнай адукацыі адпаведна – 46 і 30 рублёў, дзіцячых садоў №№1,2,4 – адпаведна 14 рублёў, 26 рублёў, 17 рублёў. Сярод асобных грамадзян найбольшую суму ўнёс святар Спаса-Прыабражэнскай царквы айцец Валянцін Цвікевіч – 50 рублёў
– А якія канкрэтныя дзеянні разгарнулісь каля будынку Ратушы?
– Першыя зрухі непасрэдна на помніку пачынаюцца ў 1988 годзе. Упершыню за пасляваенны перыяд на будынку з’яўляюцца рабочыя і над збудаваннем з’яўляецца часовы дах. Праз два гады пачынаецца ачышчэнне падзямелляў ад смецця, якое назапашвалася тут некалькі дзесяцігоддзяў. Першапачаткова на будынку працуе студэнцкі атрад “Брама” з Белдзяржуніверсітэта, а 5 жніўня 1990 года па ініцыятыве створанага ў Шклове грамадска-палітычнага клуба быў праведзены працоўны нядзельнік. Разам з аўтарам на нядзельніку працавалі Ўладзімір Снегаў, Аляксандр Шчарбак, Іван Кірыленка, Барыс Стральцоў, Сяргей Старасцін і некаторыя іншыя гараджане. Разам з усімі рупіўся на нядзельніку тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, дырэктар саўгаса “Гарадзец” Аляксандр Лукашэнка. Прыйшоў на нядзельнік падтрымаць працуючых і Іван Віктаравіч Кулікаў, якому на той момант ужо было амаль 80 гадоў.
Дзякуючы агульным намаганням і сапраўднаму энтузіязму ўдалося выканаць рад падрыхтоўчых работ да пачатку рэстаўрацыі помніка. Здавалася, што лёс ратушы будзе хутка вырашаны: на будынку з’явіліся працоўныя, аб’ект быў абнесены агароджай, зроблены падмурак, пачалі кладку сцен гандлёвых радоў. Аднак у кастрычніку 1993 года работы прыпыніліся. Верагодней усяго па прычыне адсутнасці адпаведных фінансавых сродкаў.
– Але ж зараз мы бачым Ратушу, як вельмі прывабнае збудаванне…
– Ішоў час. Пра Шклоўскую ратушу нібыта забылі. Успомнілі, калі шукалі пляцоўку пад будаўніцтва новай школы – менавіта тады і ўзнікла думка спалучыць будаўніцтва школы з рэстаўрацыяй будынка ратушы. З улікам аднаўлення архітэктурнага помніка і быў распрацаваны праект новай установы адукацыі.
Будаўніцтва пачалося ў 1998 годзе. На новабудоўлі гаспадарылі будаўнікі трэста №18 горада Орша. Старшы прараб Анатоль Ліпінскі ўспамінаў, што за 26 гадоў працы на будаўнічых пляцоўках такі складаны аб’ект у яго жыцці першы.
У другой палове мая 1999 года на будынку ратушы была выканана адна з самых адказных аперацый – пад’ём і ўстаноўка на вежу ратушы купала – падобнага даху, на шпіле якога быў размешчаны флюгер. Выява флюгера адлюстроўвае герб Шклова з лічбамі 1762 год. Герб і дата пацвярджае Магдэбургскае права горада і надае яму адпаведны статус.
– Якую ролю ў жыцці горада зараз адыгрывае Ратуша?
– Як і некалі марылася, непасрэдна ў будынку былой ратушы быў створаны і працуе школьны гісторыка-краязнаўчы музей. Статус некалі роднай школы ўзвысіўся да гарадской гімназіі. Ратуша стала прываблівым аб’ектам турызму, дарэчы, абавязкова яе наведваюць ўсе вучні не толькі Шклоўскага, але і суседніх раёнаў вобласці. Усё гэта вельмі радуе і цешыць думкі. Шлях, які прайшоў будынак, ад паўразбуранай “каланчы” да прыгожага архітэктурнага ансамбля, натхняўся самымі рознымі людзьмі. Непасрэдна, або ўскосна, яны рупіліся над адраджэннем гэтага цудоўнага помніка. Многія з іх ужо адыйшлі ў іншы свет. Але галоўнае, што справы не былі дарэмныя А ў нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі захоўваецца найцікавейшы аб’ект, які па-ранейшаму надае годнасць нашаму народу.
– І апошняе пытанне. Як на Ваш погляд, ці выкарыстоўваецца галоўны гістарычна-архітэктурны брэнд Шклова ў турыстычным плане на поўную магчымасць?
– Лічу, што ў гэтым накірунку ўладам і грамадскасці неабходна больш працаваць і найцікавейшы помнік будзе прыносіць нашаму гораду дадатковыя дывідэнты як ў турыстычным, так і ў гістарычна-выхаваўчым накірунку. У свой час грамадзянская ініцыятыва “Шклоўскі магістрат”, якая створана ў нашым горадзе, прапанавала наступныя накірункі дадатковага выкарыстання славутага шклоўскага брэнда:
- З мэтай вывучэння існуючых напрацовак у выкарыстанні будынкаў былых гарадскіх ратуш стварыць працоўную групу, якая павінна збіраць адпаведныя звесткі як на Беларусі, так і ў суседніх дзяржавах з аднолькавай гістарычнай спадчынай. Набытая інфармацыя павінна перыядычна абмяркоўвацца і найбольш карысныя і цікавыя напрацоўкі выкарыстоўвацца ў Шклове.
- Надаць адной з вуліц горада назву “Магдэбургская”.
- Злучыць існуючы будынак ратушы з найбольш яскравай гістарычнай спадчынай Шклова – славутым шляхетным вучылішчам Сямёна Зорыча, або, больш дакладна, стварыць на базе існуючай у Шклове гімназіі кадэтскае вучылішча (або філіял). У адукацыйна-выхаваўчым накірунку Шклова і ўвогуле Беларусі Шклоўскае шляхетнае вучылішча, створанае ў 1778 годзе, мае найцікавейшую гістарычную спадчыну.
- Прапанаваць турыстычным арганізацыям стварыць адмысловы маршрут у Шклоў з наведваннем будынка ратушы.
- У сучасны момант музей гімназіі, які находзіцца непасрэдна ў будынку ратушы, мае абмежаваную даступнасць. Неабходна павысіць статус музея, да філіяла районнага гістарычна-краязнаўчага музея, што паспрыяе да большага наведвання турыстамі будынка ратушы.
Дзякуй вялікі за цікавы расповед.
Браў інтэрв’ю Петр Мігурскі
Шклоў: 11 ліпеня – забытае свята
У Шклове ёсць вуліцы, назвы якіх звязаны з канкрэтнымі датамі гістарычных падзей: Першамайская, 8-га Сакавіка, 70 год Вялікай Перамогі, 11-га Ліпеня. І калі назвы першых трох вуліц зразумелыя насельніцтву горада, то патлумачыць назву 11 ліпеня для большасці сучасных жыхароў складана.
Размаўляючы з жыхарамі Шклова з нагоды даты 11 ліпеня давялося пачуць самыя разнастайныя адказы, у тым ліку і наступныя: “У гэты дзень быў вызвалены Шклоў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, “У гэты дзень адчынены чыгуначны вакзал” (чыгуначны вакзал у Шклове знаходзіцца побач з вуліцай 11 ліпеня). Былі адказы юмарыстычныя: “У гэты дзень быў прададзены першы шклоўскі гурок”. Іншыя адказы заставаліся ў такім жа накірунку.
Даводзілася распавядаць суразмоўцам, што ў дваццатыя-трыццатыя гады мінулага стагоддзя самым значным дзяржаўным святам у нашай рэспубліцы быў дзень 11 ліпеня — Дзень Вызвалення. У гонар гэтага свята называлі калгасы, кінатэатры, вуліцы. Напрыклад, з 1931 па 1934 год у Мінску ўчастак цяперашняй вуліцы Кірава, ад Прывакзальнай плошчы да вуліцы Свярдлова, насіў назву «вуліца 11 ліпеня». Да гэтай даты прыстасоўвалі розныя паказальныя падзеі — стварэнне Белдзяржуніверсітэта (1921), адкрыццё кінатэатра (1924), стадыёна (1930), бальніцы (1931), закладка фундамента тэатра оперы і балета (1933), уручэнне Беларускай ССР ордэна Леніна (1935) і гэтак далей. Прыкладна ў гэты час, у адпаведнасці з тагачаснай дзяржаўнай палітыкай, ў Шклове таксама з’явілася вуліца 11 ліпеня.
У далейшым Другая сусветная вайна 1939-1945 гадоў сваёй трагедыяй і подзвігам перакрыла Савецка-польскую вайну 1919-1920 гадоў. На змену старым знамянальным датам прышлі новыя — 3 ліпеня і 9 мая. Свята 11 ліпеня паступова было забытае. І толькі праз 100 гадоў назва вуліцы, якая захавалася ў горадзе нагадала пра забытае свята.
Гістарычная даведка: Вясной 1919 года, скарыстаўшы занятасць Чырвонай Арміі на Усходнім фронце, польскія войскі ўзнавілі наступленне, захапілі Ліду і Баранавічы і імкліва рухаліся ў усходнім напрамку. Сур’ёзная пагроза навісла над Мінскам. У сувязі з гэтым Слуцкая, Бабруйская і Навагрудская каравульныя роты былі аб’яднаны ў Слуцкі зводны добраахвотніцкі батальён і адпраўлены на Заходні фронт. Пачалася мабілізацыя, на фронт дадаткова адправілі вялікую колькасць рабочых і сялян. У чэрвені 1920 года Заходні фронт атрымаў значнае падмацаванне: 12 стралковых дывізій і кавалерыйскую брыгаду. Пачалося наступленне Чырвонай Арміі, у выніку 11 ліпеня Мінск быў вызвалены ад польскіх захопнікаў. Да 1 жніўня 1920 года Беларусь была поўнасцю вызвалена. 31 ліпеня 1920 года прынята «Дэкларацыя аб аб’яўленні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Беларусіі». 1 жніўня арганізаваны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Беларускай ССР (ВРК БССР) на чале з Аляксандрам Рыгоравічам Чарвяковым. У азнаменаванне вызвалення Мінска ад белапольскіх захопнікаў і першага дня незалежнасці БССР (дзень вызвалення Мінска лічыўся Днём вызвалення Беларусі) дата 11 ліпеня стала галоўным дзяржаўным святам на наступныя амаль 20 гадоў.
Алесь Грудзіна
У Шклове знікаюць апошнія беларускамоўныя шыльды
У горадзе Шклове ўсё меней і меней застаецца беларускамоўных шыльд. На мінулым тыдні чарговая беларускамоўная шыльда знікла з магазіна “Цудоўны”. Зараз гэта гандлёвая кропка атрымала назву “Три цены”.
Яшчэ раней зніклі беларускамоўныя шыльды на гандлёвых кропках “Сузор’е” і “Каўбасы”. Таксама знікла кафэ “Чарачная”. Змянілі свае шыльды на расійскую мову гарадская гімназія і цэнтральная аптэка. Гэты пералік можна прадоўжыць.
Афіцыйны сайт Шклоўскага райвыканкама выключна па-расейску, а раённая газета “Ударны фронт” па-беларуску друкуе толькі спачуванні з выпадку смерці.
Гістарычная даведка: Згодна з Брэсцкай дамовай 1918 года ў Шклове па Дняпры пралягала дэмаркацыйная лінія паміж нямецкімі і савецкімі войскамі. 7 сакавіка 1918 года Шклоў быў заняты польскімі легіянерамі, а потым нямецкімі вайскамі. Левабярэжная частка Шклова заставалася за савецкімі войскамі. Для яе аховы маскоўскім урадам быў сфарміраваны 5-ы Аршанскі раён пагранічнай аховы на ўчастку каля 150 вёрстаў. Непасрэдна ў ваколіцы Зарэчнага Шклова размяшчалася 1-я дыстанцыя, 1-га падраёна. Асабісты састаў пагранічнікаў былі ў асноўным з дабравольцаў з Курскай губерні.
І хоць гэта мяжа існавала не вельмі вялікі час, шпацыруючы па гораду ствараецца ўражанне, што “дабравольцы” з Курскай губені па-ранейшаму знаходзяцца ў Шклове.
Алесь Грудзіна