Галоўная » Алесь Грудзіна » Page 2

Шклоўскія гарадскія могілкі (суб’ектыўныя даследванні)

Наведаўшы гарадскія, або вясковыя могілкі можна з упэўненасцю сцвярджаць, што стаўленне народа да сваёй спадчыны ў значнай ступені адлюстроўвае яго адносіны да ўласнага мінулага. Мноства надзвычай цікавых аб’ектаў, якія знаходзяцца на могілках  не маюць статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, аднак маюць значную гістарычную вартасць. У гэтым можна лёгка пераканацца, наведаўшы мясцовыя могілкі амаль ці не ў кожным беларускім горадзе, або мястэчку.

Энцыклапедыічныя даведнікі сцвярджаюць: “Могілкі — участак тэрыторыі, адмыслова прызначаны для пахавання памерлых або іх праху пасля крэмацыі. Пахаванне ў зямлі — старажытны і найбольш распаўсюджаны спосаб пахавання”. Між тым, могілкі – гэта не толькі апошні прытулак, але і помнікі гісторыі, культуры і архітэктуры. Надпісы на помніках даносяць да нас абрыўкі лёсаў людзей, якія некалі жылі, даты нараджэння і смерці, сацыяны стан, этнакультурны каларыт. Эпітафіі на некаторых помніках перадаюць традыцыйнае мысленне ў пэўны перыяд часу. Могілкі, як і помнікі гісторыі, патрабуюць даследвання, апісання і сістэматызацыі. Тым больш, што на Беларусі надмагільныя помнікі маюць своеасаблівыя рысы, якія вылучаюць іх сярод расейскіх і польскіх.

Амаль ці не ў кожным беларускім горадзе і мястэчку са старадаўніх часоў паасобку, або побач існуюць праваслаўныя, каталіцкія і яўрэйскія могілкі. Не выключеннем з’яўляецца горад Шклоў. Шклоўскія могілкі размясціліся на невялікім узгор’і каля паўднёва-заходняга ўскрайка горада. Некалі побач знаходзілася прадмесцце Рыжкаўскае, потым вёска Рыжкавічы, якая ў пачатку сучаснага стагоддзя ўвайшла ў склад горада. Таму і могілкі ў Шклове носяць назву “Рыжкаўскіе”. Могілкі размясціліся ў наступным паратку: найбліжэйшыя да сучаснага цэнтра горада знаходзяцца каталіцкія. Потым, у паўдёвым накірунку праз роў – праваслаўнія і на невялікай адлегласці, зноў праз роў – яўрэйскія.

З цягам часу каталіцкія і праваслаўныя аб’ядналіся ў агульныя, а частка пахаванняў на тэрыторыі, якая знаходзіцца паміж гэтымі могілкамі атрымала назву “Брацкае”. На прыканцы XX стагоддзя пачаліся пахаванні на новай тэрыторыі ў заходнім накірунку ад існуючых хрысціянскіх могілак, дзе працягваюцца і зараз. Жыхары Зарэчнага Шклова са старажытных часоў праводзяць пахаванні на сваіх асобных могілках.

Дакументальных звестак пра шклоўскія могілкі захавалася вельмі мала. Так, пра каталіцкія могілкі крыніцы паведамляюць, што “… у адлегласці адной вярсты ад Шклоўскага касцёла размерам 50 х 42 сажня знаходзяцца каталіцкія парафіяльныя могілкі”. Далей паведамляецца, што на могілках у 1852 годзе была пабудавана капліца. Па звестках старажылаў, капліца на каталіцкіх могілках існавала да 30-х гадоў XX стагоддзя калі была знічана ў часы ваяўнічага атэізма. Пахавальныя склепы, дзе былі пахаванні заможных шляхцічаў, яшчэ доўга заставаліся некранутымі.  Нават у 60-70-х гадах тут яшчэ можна была пабачыць асобныя рэшткі гэтых пахаванняў. Аднак, абышоўшы сучасныя каталіцкія могілкі, толькі імёны на помніках, больш характэрныя для каталіцкага асяроддзя нагадваюць, што раней тут хавалі мясовых каталікоў.

Па ўспамінах шклоўскіх старажылаў існавала царква-часоўня таксама і на праваслаўных могілках, якая насіла назву Ушэсце Хрыстова. Гэта была драўляная царква з калакольняй. Прыблізна ў 1935 – 1936 гадах царкву зачынілі і канчаткова будынак  разабралі немцы ў 1944 годзе, падчас патрыхтоўкі да абароны горада. Побач з местам дзе некалі існавала царква знаходзіцца магіла Агафіі Сідаравай. Гэта жанчына лічыцца заснавальніцай шклоўскай Спаса-Праабражэнскай царвы. Пра гэтыя падзеі Магілёўскі рэгіён паведамляў 14 чэрвеня гэтага года.

Таксама, як і на каталіцкіх могілках, старажытных пахавання тут амаль не захавалася. Каля месцца, дзе некалі знаходзілася царква, захаваліся некалькі камняў з выявамі крыжа. Ацалелыя помнікі, у асноўным, датуюцца пачынаючы з сярэдзіны прошлага стагоддзя. На цэнтральнай алеі звяртае на сябе ўвагу помнік афіцэру першай сусветнай вайны Булановічу Аляксандру Дзмітрыевічу. А на паўднёвым ўскрайку на помніку Зносенку Івану Маркавічу можна прачытаць наступныя цікавыя словы: “Вот могила здесь моя. В ней спокойно сплю и я. Мимо шедший стань, прочти. Но могилы не топчи”. Вандруючы па могілках перыядычна сустракаюцца пахаванні, які прыйшлі ў заняпад.

З далёкіх часоў знаходзяцца ў Шклове і яўрэйскія могілкі, якія мясцовыя жыхары называюць “бесхаім”.  Яны аднесены на невялікаю адлегласць ад гарадской мяжы і размясціліся на невялікім узгор’і паўднёва-заходняга ўскрайка. Тэрыторыя могілак абмежавана штучным ровам, які часткова захаваўся. З паўночна-усходняга боку раней знаходзіўся невялікі драўляны прадпахавальны будынак ад якога па нахілу пачынаецца мураваная лесвіца-калідор. Раней, лесвіца-калідор, мела драўляны дах і зачынялася варотамі. У сучасны момант гэта старадаўняя пабудова захавалася часткова. Побач знаходзіцца мемарыял ахвяр Халакосту. Асноўная частка старажытных надмагільных помнікаў знішчана ў час апошняй вайны, а таксама ў пасляваенны перыяд. Самая старажытная мацэва, якая захавалася датуецца 5 красавікам 1852 года.

На помніку наступная эпітафія: «Штэйн Яков сын Аарона. Тут похоронен человек цельный и праведный господин, вечной памяти, умер во 2-ой день песаха в год  5612. (05.04.1852). Пусть душа его будет увязана в Узле Жизни». Сярод пахаванняў, на шклоўскіх могілках, ёсць славутыя яўрэйскія дынастыі. Прыкладам можа быць сямейства з прозвішчам Флеер, якія пераехалі ў Беларусь з Іспаніі ў XVII стагоддзі і зараз пражываюць па усяму свету. Менавіта Дарья Флеер, карэнні продкаў якой паходзяць са Шклова і якая пражывае ў ЗША, паспрыяла таму, што на могілках быў адрамантаваны мемарыяльны комплекс загінуўшым яўрэям пад час Другой сусветнай вайны.

Кожныя могілкі абавязкова наведваюць нашчадкі. Вельмі добра, калі нашчадкі абнаўляюць помнікі сваіх продкаў. Агульнымі намаганнямі, як мясцовым уладам, так і грамадскасці трэба захоўваць  гэтая мемарыяльныя месцы – найцікавейшы набытак нашай спадчыны.

Алесь Грудзіна

Агафія Сідарава: Яна прадказвала, у які бок ісці

Вось ужо другое стагоддзе, галоўнай архітэктурнай дамінантай Шклова разам з вежай былой гарадской ратушы з’яўляецца Спаса-Праабражэнская царква. Заснавальніцай гэтай святыні лічыцца Агафія Сідарава. Да яе, жанчыны добразычлівай і прадбачлівай, прыходзілі людзі маліцца. Звярталіся да жанчыны купецтва і багацеі, бо яна прадказвала, у які бок ісці, каб пашанцавала, дзе мець поспех. Усё спраўджвалася, і людзі ў знак удзячнасці давалі ёй грошы.

 14 чэрвеня 2020 года ў Шклове ў гонар Агафіі Сідаравай адбылася чарговая літургія ў Спаса-Праабражэнскай царкве. Потым на могілках у капліцы і каля магілы заснавальніцы храма пратаірэй Уладзімір Рыбакоў, з удзелам вернікаў, здзейсніў памінальныя паніхіды. Сваё казанне святар закончыў славамі: “Вось ужо два стагоддзі шклоўскія вернікі прыходзяць і ўспамінаюць Агафію Сідараву. Ёсць шмат прыкладаў, калі людзі шчыра маліліся і атрымлівалі дапамогу ад рабы Божай Агафіі і недалёк той час, калі імя Агафіі будзе прылічана да ліку святых”.

Гістрычная даведка:

Захаваўся дакумент: “Дело канцелярии оберпрокурора святейшего правительственного Синода № 12076” О построении церкви в местечке Шклов из завещаных на сей предмет 20 тыс.руб. Агафии Сидоровой”. Вось вытрымка з гэтай справы: ”…  находившаяся в Могилевской губернии уезда в местечке Шклов Агафия Сидорова по смерти своей завещала на приведение к совершению в том местечке Шклов начатой г. Зоричем Храма банковыми ассигнациями 20 тысяч рублей и кирпича, заготовленного ею, на 1355 руб. По дошедшему о сем предмете Могилевской Консистории сведению 17 августа 1820 года был опрошен шкловский священник Косьма Цалуевский, в приходе коего проживала и скончалась вышеуказаная Агафия, показал, что оная Агафия от стекавшегося к ней из разных мест народа, получая подаяния, имела твёрдое намерение по собрании такового количества значительной суммы, обратить оную на сооружение в местечке Шклов каменной церкви. По смерти оные Агафии Сидоровой в 1811 году последовавшей, осталось собраной ею суммы 20 тысяч рублей ассигнациями, разного в посуде состояшего серебра три фунта с половиною и кирпича купленого на сей предмет на 1.355 руб.”.

Пра Агафію Сідараву паведамляюць і іншыя крыніцы. Безумоўна, цяпер цяжка поўнасцю высветліць усе перапетыі з ходам будаўніцтва царквы. Вядома, што на будаўніцтва храма пайшла цэлага з былога будынка Шклоўскага шляхетнага вучылішча. У гэтай навучальнай установе, адчыненай намаганнямі ўладара Шклова Сямёна Зорыча, 22 мая 1799 года адбыўся пажар і рэшткі будынка быді разабраны на цэглу.

Між тым відавочна, што мара ўсяго жыцця Агафіі здейснілася – у Шклове ўзнёсся прыгожы мураваны храм. Сама Агафія Сідарава была пахавана каля існуючай на той час царквы Радства Багародзіцы. На месцы пахавання амаль да пачатку 60-х гадоў XX стагоддзя знаходзіўся крыж. Потым рэшткі нябожчыцы былі перанесены на гарадскія могілкі дзе знаходзяцца і зараз. Кожны год 14 чэрвеня Агафію успамінаюць на літургіі ў храме, а потым адбываецца памінальная паніхіда каля яе магілы. Агафія Сідарава па-ранейшаму застаецца ў памяці сваіх землякоў і не толькі вернікаў.

Алесь Грудзіна

У шклоўскага краязнаўцы Аляксандра Грудзіны творчы юбілей

Першае паведамленне на краязнаўчую тэму ў вядомага шклоўскага краязнаўцы Аляксандра Грудзіны з’явілася 16 лютага 1980 года ў раённай газеце “Ударны фронт”  пад назвай “Ветэран ў страі”. З таго часу прайшло 40 гадоў.

 На гэтым тыдні на кватэру да Аляксандра Грудзіны завіталі яго бліжэйшыя сябры. Нагода візіта – 40-годдзе краязнаўча-даследчай дзейнасці па выучэнню мясцовай гістарычнай спадчыны.

Безумоўна,  першае пытанне, на якое давялося адказваць Аляксандру Пятровічу, гэта: “Як жа пачалася такая пільная ўвага да родных мясцін?”.  

За даследчыцкай працай

Адказ на гэта пытанне суразмоўца пачаў з часоў вучобы ў сярэдняй школе. У пачатку 60-х гадоў школа, дзе давялося вучыцца будучаму даследчыку, была адзіная двухпавярховая школа ў горадзе Шклове. Побач знаходзіўся былы будынак гарадской ратушы, які меў мясцовую назву “каланча”. Кожны дзень, знаходзячыся на школьным двары, у навучэнцаў погляд міжволі сустракаўся з гэтым старажытным, паўразбураным будынкам з вежай. Унутраныя пакоі са скляпеннямі, высокая вежа і цагляная муроўка падзямелляў заўсёды вабіла і прыцягвала. Будынак, у асноўным, з’яўляўся безгаспадарчым, таму была магчымасць вольна наведаць яго і “па-свойму” вывучаць.

Аляксандр Пятровіч успамінаў: “У дзіцячай свядомасці мроіліся неверагодныя падзеі, якія нібыта тут павінны былі адбывацца ў мінулым. Сярод бітай цэглы і смецця вельмі хацелася “нешта” знайсці і даведацца аб якой-небудзь цікавай падзеі”.

 Потым была вучоба ў сельскагаспадарчай акадэміі. На той час (1972 – 1977 г.г.)  у акадэміі вучыліся студэнты з розных куткоў Беларусі, іншых рэспублік былога СССР, а таксама шмат студэнтаў з замежных краін. Безумоўна, за гады вучобы сярод студэнтаў неаднойчы ўзнікалі самыя разнастайныя спрэчкі, дыспуты, або проста пачыналася гаворка, дзе заўсёды можна была пачуць: “А вось у нашым горадзе”, або “А вось у нашым раёне…“ і потым суразмоўца паведамляў нешта цікавае са сваіх родных мясцін. Каб падтрымліваць размову, трэба было добра ведаць усё, што звязвала з тваім родным кутком. Аляксандр Пятровіч успамінаў, што “Іншы раз нават даводзілася ісці ў бібліятэку і шукаць звесткі “пра Шклоў”.

Пасля заканчэння акадэміі пачалася праца ў Шклове. Шклоўская раённая газета “Ударны фронт” заўсёды друкавала інфармацыю па гісторыі Шклоўшчыны. Асабліва цікавыя паведамленні рабілі ўжо сталыя мясцовыя краязнаўцы Лявон Анціпенка, Міхаіл Ільюшэнка, Іван Кулікаў, Іван Маісеяў. Знаёмства бліжэй з гэтымі цікавымі людзьмі паспрыяла захапленню, і між волі Аляксандр Грудзіна таксама становіцца даследчыкам Шклоўшчыны. З цягам часу з’явілася жаданне паспрабаваць сябе ў якасці аўтара. І вось 16 лютага 1980 года з’явіўся ў раённай газеце першы артыкул “Ветэран у страі”. У сваю чаргу, праз краязнаўства, пачалося ўспрыманне і дадатковае вывучэнне гісторыі, культуры, веравызнанняў беларускага народа. Гэта таксама дапамагло палюбіць родную мову.

На пытанне: “Хто з’яўляецца Вашымі настаўнікамі?

Прагучаў наступны адказ: “Сваімі настаўнікамі ў даследчыцкай працы лічу былога рэдактара раённай газеты «Ударны фронт» Лявона Анціпенку і навукоўца, былога рэдактара альманаха «Магілёўская даўніна» Аляксандра Агеева”.

Былі шматлікія іншыя пытанні, успаміны з гісторыі Шклоўшчыны і з асабістага жыцця. Удзельнікі сустрэчы абмяняліся думкамі, меркаваннямі і прапановамі ў галіне турыстычна-краязнаўчай дзейнасці.

 

Гістарычная даведка:

Аляксандр Пятровіч Грудзіна нарадзіўся 23 мая 1954 года ў горадзе Шклове Магілёўскай вобласці. У 1977 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці інжынер – механік. Працаваў у Шклоўскай райаграпрамтэхніцы, вучэбным камбінаце, Шклоўскім райкаме КПБ. З 1991года, выкладчык Шклоўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №12.

Вынікам шматгадовай даследчыцкай працы з’явілася аўтарскія кнігі:

– “І родныя сэрцу мясціны…” (некалькі нарысаў па гісторыі горада Шклова), якая пабачыла свет у 2007 годзе;

– “Мой радавод, мая сям’я”, якая пабачыла свет у 2011 годзе

Асобныя  звесткі па гісторыі Шклоўшчыны ўвайшлі ў наступныя кнігі:

1.Памяць. Гісторыка – дакументальная хроніка. Шклоўскі раён. Мінск, «Універсітэцкае», 1998 год.

  1. «Гістарычныя лёсы верхнега Падняпроўя». Магілёўскі абласны краязнаўчы музей. Магілёў, 1995 год.
  2. Гісторыя Беларускага Падняпроўя. Магілёўскі абласны краязнаўчы музей. Магілёў, 1999 год.
  3. Проблемы археологии и древняя история Верхнего Поднепровья и соседних территорий. МГУ имени А.Кулешова. Могилев, 2002 год.
  4. Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць. Упраўленне культуры Магілёўскага гарвыканкама. Магілёў, 2003 год.
  5. Наш регион. Шкловский район. Из прошлого в будущее. Под общей редакцией кандидата экономических наук Мигурского П.С. Шклов, 2006 год.
  6. Гістарычнае і сацыякультурнае развіццё Магілёва. УА “Магілёўскі дзяржаўны універсітэт харчавання”, УА “Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя А.А.Куляшова”, УК “Музей гісторыі Магілёва”, Магілёў, 2007 год.
  7. Кастусёў Р.А., Мігурскі П.С. Шклоўскі раён, стратэгія развіця. Мінск, 2007 год.
  8. Другая сусветная вайна ў лёсе беларускага горада. УК “Музей гісторыі Магілёва”, УК “Цэнтральная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Магілёва”. Магілёў, 2009 год.
  9. Проблемы и перспективы становления гражданского общества. Учреждение образования «Могилевский государственный университет продовольствия». Часть 2, Могилев, 2010 год.

11.Магдэбургскае права на Магілёўшчыне: учора, сёння, заўтра. Сацяльна-культурнная ўстанова “Рэгіянальнае бюро стратэгія развіцця і міра”, Рэспублікаская праваабаронча-асветніцкая арганізацыя Рух “За свабоду”, Магілёў, 2012 год.

  1. Деды: Дайджест публикаций о белорусской истории. Специальный выпуск (Репринт №№1-5) /Составленное, научное редактирование А.Е.Тараса. Минск: Харвест, 2013. – 944с.
  2. Этнічная, моўная і культурная разнастайнасць у сучаным грамадстве. Зборнік навуковых прац удзельнікаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі 29-30 мая 2014 года. Магілёў, 2014 год.
  3. Разделенные войной. Дети войны вспоминают: Быхов, Шклов. В двух книгах. Книга 1. Составители: И.Шендерович, А.Литин. – Могилев, 2014 год.
  4. Гісторыя Магілёва: Мінулае і сучаснасць. Зборнік навуковых прац удзельнікаў IX Міжнароднай навуковай канферэнцыі 25-26 чэрвеня 2015 года. Магілёў, МДУХ, 2015 год.
  5. Магдэбургкае права на Магілёўшчыне. Зборнік навуковых прац. Магілёў, ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, Грамадская ініцыятыва “Еўрапейскі ўсход Беларусі”, 2015 год.
  6. Ад Магдэбургскага права да сучаснага самакіравання. Зборнік навуковых матэрыялаў. ПКАУ “Магілёўскі маладзёжны цэнтр”, Грамадзянская ініцыятыва “Грамадскі магістрат”. Магілёў, 2017 год.
  7. Узел жизни. Могилев, 2017 год.
  8. Гісторыя Магілёва: Мінулае і сучаснасць. Зборнік навуковых прац удзельнікаў X Міжнароднай навуковай канферэнцыі 25-26 мая 2017 года. Магілёў, 2017 год.
  9. Куляшоўскія чытанні. Збрнік навуковых прац па матэрыялам Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі 18-19 красавіка 2019 года. Магілёў, МДУ імя А.А. Куляшова, 2020 год.
  10. Шклоў і Шклоўскі раён: зборнік навуковых артыкулаў. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі. Мінск, “Беларуская навука”, 2020 год.

Пра апошнія дзве кнікі “Магілёскі рэгіён” паведамляў раней.

Артыкулы па краязнаўчай тэматыцы друкаваліся ў краязнаўчых зборніках:

“Магілёўшчына” №5 1994 год, №6 1995 год, №7 1997 год, №8 1998 год, №11 2011 год, №12 2014 год, №14 2018 год;

“Краснапольскія краязнаўчыя чытанні”  2005 год;

“Клімавіцкія краязнаўчыя чытанні”  2006 год;

“Культура праз прызму духоўнасці” 2007 год;

“Шклоўскі раён: шлях праз стагодзі” 2008 год;

Альманах “Магілёўская даўніна”:  №4 1996 год, №5 1997 год, №9 2001 год;

Часопісы:

“Ave Maria” №12 1998год, №1-2 2002 год;

“Магілёўскі мерыдыян”. Том сёмы (2007 – №3 – 4 (10-11), Магілёў, 2007 год;

Дайджест публикаций о белорусской истории «Деды» №4 2010 год;

“Наша гісторыя” №8 (13) 2019 год.

Удзельнік падрыхтоўкі да друку буклета “Шклоў Шклоўскі раён Шлях праз стагоддзі” Мінск, 2007 год. Неаднаразова друкаваўся ў перыядычных выданнях: “Настаўніцкая газета”, “Наша слова”, “Краязнаўчая газета”, “Могилевские ведомости», раённая газеца “Ударны фронт”, аматарска-пазнавальна-аналітычных газетах “Шклоўскія навіны” і “Шклоў-інфо”. Аўтарская праграмма “Шклоў – гісторыя і сучаснасць”, разлічаная на вучняў старэйшых класаў, зацвержана Магілёўскім абласным інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнічых работнікаў і спецыялістаў адукацыі 6.06.2002 года. Удзельнік стварэння пакоя баявой і працоўнай Славы Шклоўскай райаграпрамтэхнікі і гістарычна – краязнаўчага музея Шклоўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №12. Неаднаразовы ўдзельнік міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных навукова – практычных і краязнаўчых канферэнцый. Удзельнік Першага з’езду беларусаў свету (Мінск, 1993 год). Сябр ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” і ГА “Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошуковы клуб «ВИККРУ». Прозвішча згадваецца ў кнізе “Кто есть кто в Республике Беларусь». Том 1 (Наука и образование), Энциклопедикс, Минск, 2001 год, С.186. Дыпламант конкурса «За лепшы твор аб Радзіме” газеты Шклоў-інфо (2009 год). Адзначаны падзякай Інстытута Гісторыі  Нацыянальнай Акалэміі Навук Беларусі за захаванне і развіццё культурнай спадчыны Шклоўскага краю (2018 год).

Максім Баравік

8 мая 1945 году быў падпісаны акт аб капітуляцыі Нямеччыны. Другая сусветная вайна ў Еўропе скончылася (Да 75-годдзя вызвалення Беларусі)

З успамін Аляксандра Андрэевіча Рэвякі, майго цесця, які ўсё жыццё сумленна адпрацаваў вадзіцелем аўтамабіля і меў тагачасныя ўзнагароды:  медаль “За доблестный труд в ознаменование 100-летия со дня рождения В.И.Ленина”, знак “За работу без аварий 1-й степени”, неаднаразовы пераможцца сацыялістычнага спаборніцтва. Гады жыцця: 23.03.1929 – 19.02.2002. Пражываў у вёсцы Рыжкавічы. Зараз вёска ўвайшла ў межы горада Шклова.

Экспрапрыяцыя:

Памятаю, як у пачатку вайны ў хату забег узрушаны старэйшы брат Мікалай і паклікаў мяне хутчэй бегчы ў Шклоў, дзе ў крамах “усё бярусь задарма”. Прыбеглі да бліжэйшага харчовага магазіна (зараз вуліца Савецкая, д.54). Бачым жудасную з’яву –  з магазіна жыхары Шклова вельмі хутка расцягваюць харчовыя тавары. Мы былі падлеткамі і нам амаль нічога не дасталося. Паспелі схапіць толькі мех з гарбатай. Гэтай гарбаты потым хапіла на ўвесь ваенны час і нават на наступныя гады. Калгасную жывёлу эвакуіраваць не паспелі. З прыходам немцаў, вялікі гурт скаціны знаходзіўся на лузе ракі Днепр каля Зарэчча. Кароў ніхто не даіў і яны гучна раўлі, а з мясцовых жыхароў ніхто не рызыкаваў падыйсці і нешта зрабіць са скацінай. Далейшы лёс калгаснага гурта я ня ведаю. А вось калгасных канёў, якія засталіся, немцы падзялілі сярод жыхароў Рыжкавіч. Непасрэдна нашай сядзібе дасталася вельмі добрая каняка па мінушцы “Мангол”, які заставаўся ў нашай сямейнай гаспадарцы ўсе ваенныя гады. З прыходам Савецкай арміі “нашага Мангола” забралі і ўсё наша сямейства вельмі сумавала з гэтай нагоды.

Тэрор:

У 1941 годзе я быў сведкам, як немцы прымусілі вялікую колькасць людзей знаходзіццана на лузе каля Рыжкаўскай царквы. Гэта былі мясцовыя жыхары яўрэйскай нацыянальнасці. Яны сядзелі на голай зямле ў дзень і ноч, у спякоту і непагаць. Людзі пакутвалі ад шматлікіх здзек і жудасных забойстваў. Напрыклад немецкія салдаты, каму – небудзь з яўрэяў на галаву ўстанаўлівалі запалкавы карабок і адышоўшы, пачыналі страляць па гэтай мішэні. Жудасна ўявіць, што пры гэтым адчувала ахвяра. Памятаю, як два яўрэйскіх юнакі спрабавалі ўцячы, але ахоўнікі іх злавілі і растралялі.

Паўсяддзённае жыццё: 

Новыя ўлады перадалі калгасныя землі сялянам, падзяліўшы яе з улікам колькаснага склада кожнай сям’і. У Шклове, на былой дрэваапрацоўчай фабрыцы “Барацьба”, працаваў млын. Сяляне з наваколля прывозілі туды зерне. Аднойчы мой бацька, каб хутчэй змалаціць зерне, прапанаваў  млынару пляшку самагону. Але млынар рашуча адмовіўся і моўчкі паказаў на намецкага салдата, які знаходзіўся на двары і наглядаў за парадкам. Давялося  нам займаць месцца ў агульнай чарзе.

Непасрэдна каля Дняпра у Рыжкавічах размяшчалася невялікая нямецкая вайсковая часць, якая ахоўвала пераправу праз раку. Часова, у будынку царквы, немцы нават зрабілі невялікую майстэрню па рамонту тэхнікі і зброі. Я, як і іншыя суседскія хлапчукі, хадзілі да нямецкіх салдат і дапамагалі ім па гаспадарцы. Напрыклад мылі посуд, або пілілі дровы. За гэту працу салдаты калі-небудзь частавалі нас харчаваннем. Гэтыя невялічкія пачастункі мы хутка неслі да хаты.

Асабліва складана была пад час вайны набыць харчовую соль. І вось аднойчы бацька разбудзіў мяне ноччу. Узяўшы мех і будаўнічы малаток мы крадучысь пашлі ў накірунак Шклова. Прыйшлі да паўразбуранай цаглянай двухпавярховай школы па вуліцы Дняпроўскай (будынак незахаваўся). Побач са школай да вайны існавала невялічкая пекарня, дзе пяклі невялічкія хлебныя пачастункі. Будынак гэтай пекарні быў амаль увесь разбураны.  Заставалася толькі даволі вялікая печ. Бацька з маёй дапамогай пачаў паціху разбіваць гэту печку, а потым з нейкай адтуліны стаў выграбаць сапраўдную соль. Набраўшы солі болей як паўмеху, мы хуценька пайшлі да хаты. Усё жыццё бацька працаваў печніком і гэту печку ў пекарні ён рабіў да вайны таксама. А каб цяпло доўга трымалася, ў нутры печы рабілася адпаведная ніша, куды і засыпалася соль. Пра гэтую соль напэўна ведаў толькі сам будаўнік пячы. Такі чынам, даваенная праца бацькі забяспечыла ўсю нашу сям’ю гэтым харчовым прадуктам на бліжэйшыя гады.

Між тым, пры ўсіх цяжкасцях, наша сям’я ўмудралася трымаць парсючкоў. Каб іх не забралі немцы, зрабілі ў хляву патаемны закуток і замаскіравалі яго дравамі. Але аднойчы да нас у хату зайшоў нямецкі салдат і запатрабаваў каб гаспадар аддаў яму парсючка. Менавіта ў гэты перыяд  два гадаванца былі ў нашым патаемным месцы. Бацька запярэчыў, пачаў сцвярджаць, што аніякай скаціны ў яго няма і паказваў пустыя хлеўчукі. Але немец хітра паглядзей на бацьку і паказаў два пальцы: “Вось, столькі ты гадуеш!”. А потым дадаў, што ён забяре толькі аднаго парсючка, а другі хай застаецца. Наша схованка была рассакрэчана. На прыканцы немец паведаміў, што пра патаемных парсючкоў яму расказаў наш аднавясковец.

Успаміны да друку падрыхтаваў Алесь Грудзіна

 

У Магілёве выдадзены чарговы зборнік навуковых прац

Па рашэнню рэдакцыйна-выдавецкай рады Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова пабачыў свет зборнік навуковых прац Міжнароднай … чытаць далей

“Я не каталік, я хрысцянін” (суб’ектыўныя замалёўкі)

Увечары 24 снежня тэлеканал «Беларусь 1» вёў прамую трансляцыю святой Імшы Пастэркі з санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Жодзіне. Узначаліў цэлебрацыю арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У гэты ж дзень інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь апублікаваў віншаванне Аляксандра Лукашэнкі з Нараджэннем Хрыстовым.

Касцел у Шклове

У гэтыя дні, сустракая знаёмых, я вітаў іх са святам Божага Нараджэння. Адказы былі вельмі разнастайныя, а ў асобных суразмоўцаў нават прысунічалі элементы агрэсіўнасці, напрыклад: “Ты што, паляк?”, або ўвогуле дзіўныя: “Я не каталік, я хрыціянін!”. Сапраўды, беларусы — ня надта рэлігійныя людзі. І доказаў гэтаму шмат. Ёсць сацыялягічныя апытанні. Але яны вельмі розныя, і шмат залежыць ад пастаноўкі пытання. Здаецца, галоўным паказчыкам можа быць такі: якая колькасць беларусаў вераць у Бога, ходзяць у царкву ў нядзелю.  Калі казаць пра праваслаўных, то гэта толькі некалькі працэнтаў, менш за дзесяць па любых ацэнках. У каталікоў і пратэстанцкіх цэркваў значна больш.

Але ёсць два святы, калі значная частка праваслаўных беларусаў ходзіць у царкву: на Каляды, і на Вялікдзень. У гэтыя дні ўсе цэрквы запоўненыя. Я нядаўна пабыў на службе у царкве і бачыў колькі людзей было  на службе. Фактычна ўся царква была перапоўненая. Я глядзеў на гэтых людзей і бачыў ня толькі людзей сталага ўзросту, як звычайна мы думаем, што менавіта яны паварочваюцца да рэлігіі, але вельмі шмат маладых, якія ставілі свечкі, слухалі казанне, адстаялі ўсю цырымонію.

Шклоў. Спаса-Прэабражэнская царква

Таксама з праваслаўнага боку мы бачым, як часта прывозяць мошчы, іконы, то з Афону, то яшчэ адкуль. Якія велізарныя натоўпы стаяць, каб паглядзець на гэта, дакрануцца да гэтага. Масавасць гэтых цырымоніяў дае падставы сумнявацца, што беларускае грамадзтва прыходзіць у царкву толькі 2 разы на год — на Раство і на Вялікдзень. Тут справа ня толькі ў матэрыяльных праблемах, справа ў тым, што перад многімі людзьмі стаіць пытанне «Нашто мы жывем? Дзеля чаго?» І ў гэтым сэнсе вера — гэта звыклы шлях.

Між тым, нядаўна мая жонка расказвала, як напярэдадні Раства нейкія праваслаўныя хадзілі па кватэрах і разносілі сваю літаратуру, яна проста адчыніла дзверы, і ёй былі прапанаваныя кніжкі. І калі яна сказала, што яна каталічка, рэакцыя была так як на пракажоную. Ня проста людзі выбачыліся і пайшлі далей — яны пачалі агрэсіўна рэагаваць.

Навялікі жаль, да гэтага часу існуе даволі моцная падзеленасць паміж дзвюма асноўнымі канфэсіямі. Чаму так? Гэта спадчына нам засталася ад часоў Расійскай імперыі. Пасля паўстання 1830 года імперская рэлігійная палітыка карэктуецца. Ліквідуецца унія, а ўніятаў прымусова пераводзяць у  праваслаўе. Запрашаецца вялікая колькасць расійскага святарства. Нацыянальную прыналежнасць вызначаюць у залежнасць ад рэлігійнага веравызнання. Менавіта ў гэты час беларускае насельніцтва падзяляецца па рэлігійнаму прынцыпу на рускі і польскі народ у складзе Расійскай імперыі. За каталіцкім насельніцтвам ушаноўваюцца правы польскай нацыянальнасці, за праваслаўным — расійскай. Таму вельмі хочацца усім нагадаць, што вера цалкам прыватная справа, але не настолькі, каб беларусы з нагоды сваіх вераванняў канфліктавалі.

Шклоў. Малітоўны дом хрысціян-баптыстаў

Алесь Грудзіна