Галоўная » Алесь Грудзіна » Page 4

Бісхаім. Шклоў

Бісхаім – калідор з цэглы, перад уваходам на габрэйскія могілкі, які падзяляе свет жывых і памерлых, У Шклове Бісхаім захаваўся з 17 стагоддзя. 

Пра Бісхаім распавядае краязнаўца са Шклова – Алесь Грудзіна, запіс зроблены 16-га лютага 2019 года.

Па засыпаных снегам прыступкам можна прайсці на старажытныя габрэйскія могілкі, якім больш за 500 гадоў.

Мемарыял на могілках – памяць пра забітых падчас Другой сусветнай вайны. Каля могілак забівалі не толькі габрэяў са Шклова, але і з наваколля, і з Магілёва. Было забіта больш за шэсць тысяч чалавек.

Унізе каля Бісхаіма было памяшканне, дзе нябожчыка рыхтавалі ў апошні шлях, будыначак не захаваўся.

На Бісхаіме бачна старая цэгла і пазнейшыя спробы рэстаўрацыі.

Бісхаім у Шклове – гэта ўнікальны помнік, больш такога ў Беларусі няма.

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя

 

У Шклоўскім касцёле адбылася незвычайная урачыстасць

У літургічным каляндары 16 лістапада асаблівы дзень для вернікаў – Урачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай. У шклоўскіх вернікаў у гэты дзень у касцёле Пятра і Паўла адбылася незвычайная святая імша. У храме сабраліся не толькі вернікі-каталікі, але і праваслаўныя.

На пачатку з уступнай прамовай для прысутных звярнуўся ксёндз-пробашч шклоўскай парафіі Аляксандр Шупенька. Святар нагадаў, што  Абраз Маці Божай Вастрабрамскай – адна з галоўных хрысціянскіх святыняў, якая знаходзіцца ў віленскай Вострай браме. Адносіцца да рэдкага тыпу выявы Багародзіцы без дзіцятка на руках. Шануецца хрысціянамі ўсіх канфесій.

Далей святар паведаміў, што дзякуючы Сяргею Харлацьеву, жыхару горада Санкт-Пецярбурга, карані якога паходзяць са Шклова, Абраз Маці Божай Вастрабрамскай  будзе захоўвацца і ў шклоўскай рыма-каталіцкай парафіі. Таксама, Сяргей Харланцьеў здзейсніў намаганні, каб упрыгожыць шклоўскі касцёл, які з’яўляецца помнікам архітэктуры. На будынку касцёла з’явіліся два каляровых вітражы, вырабленыя майстрамі з Магілёва. Вітраж Святога Духа ў галоўным алтары выкананы па эскізу вітража сабора Святога Пятра ў Ватыкане, а ў вітражы над уваходам змешчаны сімвал іерусалімскага крыжа .

Потым святар урачыста асвяціў абраза Маці Божай Вастрабрамскай, а вернікі маглі з малітвай яго ўшанаваць. Распачалася Урачыстая святая імша. Вернікі маліліся, маліліся да Маці Божай Вастрабрамскай , прасілі Божай Міласэрднасці і патрэбнай ласкі. У шклоўскім храме, які зведаў жудасныя часы ваяўнічага атэіма, лунала малітва і ўрачыстасць.

Алесь Грудзіна. Фота аўтара

У Чавусах вернікі ўшаноўвалі Дзеву Марыю (фотарэпартаж)

Са старадаўніх часоў хрысціяне пабожна ўшаноўвалі Дзеву Марыю, называючы Яе Маці вернікаў, усіх тых, хто адраджаецца ў Хрысце, а таксама Маці Касцёла.

21 мая ў парафіі Найсвяцейшай Дзевы Марыі – Маці Касцёла  ў горадзе Чавусы (вуліца Фрунзе, 27) на святочную ўрачыстую імшу  сабраліся вернікі-каталікі не толькі з Чавус, але і з іншых куткоў Магілёўшчыныі.  Да чавускага касцёла ў гэты дзень вернікі прыбылі з Магілёва, Горак, Касцюковіч, Крычава, Шклова.

Распачалася ўрачыстая Святая Імша ў чавускім касцёле а 19.00 гадзе, яе ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі. У сваёй прамове Аляксандр Яшэўскі адзначыў, што на Магілёўшчыне ўжо стала традыцыяй, калі парафіяльныя святы наведываюць пілігрымі з іншых мясцін. Гэта аб’ядноўвае вернікаў і дапамагае лепш пазнаць Хрыстову навуку. На прыканцы прамовы святар звярнуўся да прысутных з наступнымі славамі: “Запрашайце Бога ў сваі цэрцы!” Гучала малітва, рэлігійныя спевы. Вернікі ўшаноўвалі Дзеву Марыю.

 

Гістарычная даведка:

Першы касцёл і кляштар айцоў кармелітаў у Чавусах як адна з душпастырскіх адзінак новай дыяцэзіі былі пабудаваныя пасля 1612 г., калі ў Смаленску было заснавана каталіцкае біскупства. Пасля вынішчальнай маскоўскай вайны 1654-1667, чавуская  рыма-каталіцкая парафія налічвала ўсяго 150 вернікаў і не мела ўласнага пастыра, парафіяй апекаваўся а. Серафім Карбашэвіч з Мсціслава. У 1832 г. касцёл быў зачынены, а айцы кармэліты выгнаныя «…за те манифестации и процессии, которые монахи позволяли себе во время мятежа 1830-1831г.г. …».  Парафія стала філіялам чэрыкаўскага касцёла, хаця налічвала ўжо каля тысячы вернікаў. Толькі пасля ўказа цара Мікалая ІІ «Об укреплении начал веротерпимости» у 1905 г. жыхары Чавусаў пабудавалі новы касцёл Дзевы Марыі — Каралевы. Гэты касцёл, размешчаны на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца «Ашчадбанк», быў разбураны падчас Айчыннай вайны. Апошні перад вайной чавускі пробашч — кс. Юзаф Лук’янін, арыштаваны 30 верасня 1929 г. і растраляны ў савецкіх лагерах. Ад вясны 1995 г. вернікі сталі збірацца на могілках, дзе кожную суботу здзяйснялася літургія. Шмат людзей прымала хрост, прыступала да першай св. Камуніі, прымала шлюб… Неўзабаве была афіцыйна зарэгістраваная парафія Найсвяцейшай Дзевы Марыі – Маці Касцёла. Зімой вернікі збіраліся на літургію ў прыватным доме, а восенню 1996 г. першы пробашч кс. Караль Тамэцкі набыў дом, у якім людзі прыстасавалі часовую капліцу. Летам 1997 г. у парафію быў прызначаны новы пробашч кс. Францішак  Рудзь. Тады было вырашана пабудаваць новы касцёл. Тэрыторыя пад будову была асвечаны 31 жніўня 1999 г. падчас першай ад 1910 г. біскупскай візітацыі парафіі. Парафіяльная святыня была асвечана 1 чэрвеня 2002 г. Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам арцыбіскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Алесь Грудзіна