Галоўная » Алесь Крыжэвіч » Page 4

Хоцімск: Цікавае мястэчка з адметнай сімволікай

Кожнае паселішча – гэта прастора ў якой створана свая непаўторная атмасфера і яе бадай што не ўбачыш у іншым месцы. З гэтага вынікае, што кожны куточак нашай Айчыны па-свойму адметны і ўнікальны. Хоцімск — мястэчка, цікавае па шматлікіх прычынах. Паселішча з’яўляецца самым усходнім у сённяшняй Рэспубліцы Беларусь. Месца лакалізацыі мястэчка вельмі маляўнічае, бо Хоцімск знаходзіцца на невялікім узвышшы паміж трох рэк: Жадунькі і Альшоўкі, якія ўпадаюць у больш буйную водную артэрыю – Бесядзь, якая бярэ свой пачатак ў адным з балот Смаленскай вобласці. Невялічкае мястэчка Хоцімск, якое налічвае на сёння шэсць з паловай тысяч насельніцтва, мясціна з цікавай гісторыяй, хоць паселішча і не надта старое ў параўнанні з старадаўнімі гарадамі Магілёўшчыны. Нягледзячы на гэта менавіта герб Хоцімска з’яўляецца адлюстраваннем цікавай і багатай гісторыі мястэчка. Сімволіка Хоцімска выглядае наступным чынам: у чырвоным полі варажскага шчыта срэбраны меч рукаяткай уверх, злева і справа ад яго срэбраныя клямры. Геральдычны знак паселішча быў прыняты толькі ў 2001 годзе, бо дагэтуль свайго герба сённяшні Хоцімск не меў. Наконт гістарычнасці, правільнасці і лагічнасці спалучэння менавіта гэтых элементаў герба хай спрачаюцца геральдысты і прафесійныя гісторыкі.

Гісторыя ўзнікнення самога Хоцімска надзвычай цікавая, бо да сёння не пастаўлена кропка ў спрэчцы: калі і кім было заснавана паселішча. Доўгі час была прынята думка, што ўзнікненне Хоцімска адносіцца да 1430 года, а гэта дата трывала замацавалася не толькі ў краязнаўчай літаратуры, але патрапіла нават у энцыклапедычныя выданні. Да сённяшняга часу пішуцца артыкулы краязнаўчага характару, у якіх сцвярджаецца, што паселішча ўзнікла менавіта ў 1430 г., а на сайце Хоцімскага райвыканкама гэтая дата пазначана як час заснавання мястэчка. Усе сцверджанні, што датай заснавання з’яўляюцца 30-я гг. 15 ст. развейваюцца аб адно лагічнае пытанне: дзе знаходзяцца рэшткі яго ўмацаванняў? Такіх аб’ектаў археалогіі на тэрыторыі сучаснага Хоцімска выяўлены не было, як і народных паданняў (ці тапонімаў), якія б сведчылі аб месцы яго размяшчэння. Больш за тое, на тэрыторыі сучаснага Хоцімскага раёна летапісныя крыніцы ў 16-17 стст. згадваюць няшмат населеных пунктаў. Гэта можа тлумачыцца пастаяннымі войнамі паміж Вялікім княствам Літоўскім і Вялікім княствам Маскоўскім, а затым паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. І толькі з падпісаннем “Вечнага міру” паміж двума варожымі дзяржавамі, з’яўляюцца ўмовы, якія дазвяляюць у 1680-х гг. пачаць актыўнае засяленне ўсходняй часткі Крычаўскага староства.

Першы пісьмовы ўспамін пра слабаду Хоцімск у Мсціслаўскім ваяводстве адносіцца да 1709 года. У інвентары, дзе згадваецца Хоцімск ёсць пазнака, што ў статусе слабады паселішча будзе яшчэ адзін год. А калі ўлічваць, што “слабоды” (слабада – паселішча, у якім людзі на пэўны час былі вызвалены ад падаткаў) даваліся на 10-15 год, то вясковае паселішча на правым беразе Бесядзі ўзнікла недзе паміж 1695 і 1700-м гг. Паралельна ў 1714 годзе, паводле ўніверсалу канцлера Вялікага Княства Літоўскага Караля Станіслава Радзівіла, на другім беразе Бесядзі, насупраць вёскі Хоцімск, утвараецца населены пункт пад назвай Радзівілаў. Праз дзесяць год пасля заснавання мястэчку Радзівілаў яму надаецца ўжо статус горада, які складаўся з трох вуліц і 148 дымоў. Такім чынам, сучасны гарадскі пасёлак Хоцімск утварыўся у выніку зліцця вёскі Хоцімск, заснаванай у канцы XVIIІ ст. і заснаванага ў 1714 г. мястэчка Радзівілава. Г. зн. што аб’яднанне горада Радзівілава і вёскі Хоцімск прывяло да ўзнікнення новага населенага пункта — сённяшняга Хоцімска. Дарэчы, у тыя часы населеныя пункты паабапал Бесядзі звязваў даўгі мост. Важна адзначыць, што месца на правым беразе Бесядзі, дзе знаходзілася слабада Хоцімск ці Хоцімск Вялікі, як паселішча пазначалася ў інвентарах, зараз вядома сярод мясцовага насельніцтва як “стары Хоцімск”. Цікава, што ў тагачасных крыніцах у найменні мястэчка назіраецца дваістасць, бо яно называецца як Радзівілаў, так і Хоцімск. З гэтага можна зрабіць выснову, што назва Радзівілаў дрэнна прыжывалася на новым месцы.  Аднак варта зрабіць акцэнт на тым, што першыя ўладальнікі зямель сённяшняга Хоцімскага раёна былі менавіта Радзівілы і паселішча называлася ў іх гонар. Праўда ў 1760 годзе Крычаўскае староства пераходзіць ад Радзівілаў да магнатаў Мнішкаў. Але афіцыйная назва горада заставалася ранейшай – Радзівілаў. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) усходнія раёны краіны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Расійская імператрыца Кацярына II дорыць Радзівілаў свайму фаварыту Рыгору Пацёмкіну, які перайменоўвае  мястэчка ў Хоцімск. Вядома, што новая адміністрацыя не хацела бачыць назвы, якія сведчылі пра былую гісторыю края, а тым больш  найменне, звязанае з прозвішчам аднаго з магнацкіх родаў Рэчы Паспалітай. Пагэтаму перайменаванне гарадскога паселішча ў Хоцімск пераследвала галоўную мэту – знішчыць памяць пра вядомы беларускі шляхецкі род, які быў непасрэдным чынам звязаны з мястэчкам. Паселішча ў гэты час уваходзіла ў Крычаўскае графства. У  1786 годзе у апісанні Крычаўскага графства А.Мейерам згадваецца выключна мястэчка Хоцімск. Такім чынам, паступова першапачатковая назва сціралася з памяці людзей. Пасля Пацёмкіна Хоцімск з ваколіцамі належыў мясцовай шляхце Галынскім, пазней на гэтых землях уладарыла памешчыца Кучэўская, а пасля мястэчка стала маёмасцю князя Абаленскага.

Стваральнікам геральдычнага знака Хоцімска быў узяты памяркоўны шлях падчас выпрацоўкі сімволікі мястэчка. Не згадваючы ў гарадскім сімвале ні Радзівілаў, ні Пацёмкіна, на ім змяшчаюцца элементы герба Галынскіх – клямры. Пры гэтым нельга не адзначыць, што ўсё ХІХ стагоддзе мястэчка належыла менавіта Галынскім, так што срэбраныя скобы з герба гэтага вядомага дваранскага рода, натуральна, тут невыпадковы. Аднак прыведзеныя вышэй факты развіцця паселішча пад сённяшняй назвай Хоцімск выклікаюць некаторыя пытанні і звязаныя яны перадусім з сучасным гарадскім сімвалам. Ці варта ў геральдыцы мястэчка неяк ушанаваць памяць пра Радзівілаў як пра заснавальнікаў новага тыпу паселішча? А мабыць наогул трэба задумацца аб перайменаванні мястэчка Хоцімск у Радзвілаў, калі на гербе з’явіцца ўзгадка пра гэта славуты магнацкі род? Падобныя пытанні, спадзяюся, будуць паднятыя ў будучыні, а цяпер жа можна разважаць толькі теарытычна.

Вельмі радуе тое, што праз элемент сучаснага герба, якім з’яўляецца меч, актуалізуецца тэма Крычаўскага паўстання, якое на сёння яшчэ не да канца вывучана беларускімі гісторыкамі. Натуральна, што цэнтр паўстання знаходзіўся ў Крычаве і ў ваколіцах страдаўняга горада. Аднак Радзівілаў (як тады называлі мястэчка) у той час уваходзіў менавіта ў склад адміністрацыйнай адзінкі пад назвай Крычаўскае староства. Менавіта пад сучасным Хоцімскам у траўні – чэрвені 1740 года быў сабраны ўзброены сялянскі атрад Кастуся Вашчылы, брата кіраўніка народнага выступлення, які разбурыў паташныя прадпрыемствы. Аднак падчас узброеннага сутыкнення з атрадам адміністрацыі староства ў раёне Хоцімска паўстанцы былі разбіты. Больш за тое, атрад буднікаў на чале з адміністратарам Пжылэнцкім ўзялі ў палон частку паўстанцаў, сярод якіх апынуўся і беразоўскі войт Кастусь Вашчыла. Пры гэтым атрад Васіля Вашчылы са сваімі людзьмі накіраваўся да вёскі Калодзеск, дзе перахапіў паліцэйскі атрад Янкоўскага і разагнаў яго. Поспех акрыліў паўстанцаў і яны адразу паспрабавалі вызваліць з палону сялян, што былі захоплены пад Хоцімскам. Аднак здзейсніць задуманае не ўдалося. У раёне Хоцімска ў 1741 годзе неаднойчы знаходзіўся і атрад самога кіраўніка паўстання Васіля Вашчылы. Такім чынам, сённяшні Хоцімск быў непасрэдна ўключаны ў падзеі паўстання ў Крычаўскім старостве, стаўшы адным з цэнтраў паўстання, пра што яскрава сведчыць герб мястэчка.

Значкі паўтараюць якраз форму і каларыстку герба Хоцімска (эмаль шчыта адпаведна чырвонага колеру), аднак маюць яшчэ зверху надпіс па-беларуску ці па-руску “Хоцімск”. Герб мястэчка не толькі выкарыстоўваецца як афіцыйны сімвал, які прысутнічае на дакументах, стэндах разнастайных устаноў, аднак і ўпрыгожвае гарадскую паркавую зону. Прычым варта адзначыць, што герб глядзіцца даволі прыгожа і эстэтычна, колеравая гама таксама падабрана паспяхова, а сукупная кампазіцыя сімвала гарманічная і строга падкрэслівае свае асаблівасці. Прыведзены фотаздымак у якім герб горада як элемент упрыгажэння прасторы паселішча сведчыць, што сімволіка мястэчка глядзіцца даволі прыгожа і адметна. Часта прэзентацыя Хоцімскага раёна адбываецца праз яго акрэсленыя межы і накладзенага на выяву тэрыторыі адміністрацыйнай адзінкі герба мястэчка. Геральдычны сімвал у гэткай рэпрезентацыі якраз грае надзвычай важную ролю, з якім атаясамляецца фактычна ўся тэрыторыя раёна. Між іншым варта адзначыць, што герб з’явіўся у Хоціска толькі ў 2001 годзе, а яго стваральнікам з’яўляецца археолаг і доктар гістарычных навук Сяргей Рассадзін.

Ёсць яшчэ адзін варыянт герба, які магчыма можна аднесці да альтэрнатыўнай сімволікі мястэчка. Аднак гэты варыянт герба менш цікавы,  неадметны, а некаторыя яго элементы слаба зразумелыя. Толькі адзін элемент можна патлумачыць з дакладнасцю – меч, які звязваецца з Крычаўскім паўстаннем. Пялёсткі кветак на чырвоным фоне можам толькі гіпатэтычна аднесці да падзей паўстання. Верхняя частка яшчэ менш зразумелая. Зялёнае эмаль значка можа асацыявацца з лясамі Хоцімшчыны, сінія хвалі з рэчкай Бесядзь, а элемент у сярэдзіне сімволікі больш падобны на прамысловую трубу, знізу якой размешчана частка шасцярэнькі, якая мусіць паказваць прамысловы патэнцыял (?). Гэта аднак толькі спроба тлумачэння сімволікі і не з’яўляецца дакладнай расшыфроўкай значка.

      Такім чынам, герб горада сапраўды адлюстроўвае гістарычны шлях мястэчка і гэта пэўна таму, што стварэннем займаўся прафесійны гісторык і геральдыст Сяргей Расадзін. Аднак варта адзначыць, што пэўныя пытанні з гарадскім сімвалам усё ж існуюць, і спадзяюся, будуць абмяркоўвацца не тольки ў колах прафесійных гісторыкаў і мясцовых краязнаўцаў, а стануць актуальнымі для многіх жыхароў унікальнага ўсходняга мястэчка Беларусі.

Алесь Крыжэвіч

Перанос помніка Леніна – загаворванне зубоў крычаўскай улады

На фоне палітычнага крызісу ў краіне наступіў час вельмі высокай актыўнасці людзей, якія гатовы адстойваць свае правы і свабоды. Гэта датычыцца ў пэўнай ступені таксама сярэдніх і малых беларускіх гарадоў.

У Крычаве, між іншым, на адным з першых паслявыбарчых мітынгаў выйшла да тысячы чалавек на вуліцы ў знак пратэсту супраць гвалту і масавай фальсіфікацыі выбараў. І гэта надзвычай важна і пазітыўна, бо ў 26-тысячным горадзе такой актыўнасці даўно ўжо не было. На вялікі жаль для мясцовай улады актыўны чалавек са сваёй пазіцыяй лічыцца вельмі небяспечным. Тым больш, што мясцовая грамадскасць з дапамогай грамадскага актывіста і рэдактара незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага сфармавала рэзалюцыю «Сходу жыхароў Крычава», у якой патрабавалася «неадкладная адстаўка Лукашэнкі», вызваленне палітвязняў, арышт кіраўніцтва сілавых структураў, вінаватых у гвалце супраць мірных дэманстрантаў, і старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама прызнанне Ціханоўскай прэзыдэнткай. Актывіста АГП Сяргея Няроўнага і прафсаюзу работнікаў РЭП Юрыя Шувалава прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці і вынеслі пракурорскае папярэджанне. Мясцовая ўлада такім чынам вырашыла спыніць мірныя пратэсты, паўплываўшы на найбольш актыўных людзей сярод мітынгоўцаў. Панічны страх улады і персанальна старшыні райвыканкама Седукова Андрэя Мікалаевіча перад народам прымусіў прыдумаць ініцыятыву, каб адцягнуць увагу ад актуальных падзей у краіне і горадзе. У газеце “Кричевская жизнь ад 29 жніўня за нумарам № 67 з’явілася інфармацыя пра ініцыятыву перанесці помнік Леніна мясцовай уладай. Адна з прапаноў па пераносу помніка – парк Перамогі ў т.зв. “Мікрагарадок” (м-н “Сож” і м-н “Камсамольскі”). На сайце Крычаўскага райвыканкама таксама размяшчаецца гэтая аб’ява пад назвай Приглашаем к обсуждению:

Уважаемые жители города Кричева!

Мы обращаемся ко всем гражданам неравнодушным к изменению облика нашего города.

В связи с планируемым проведением благоустройства территории, прилегающей к районному Центру культуры, Кричевский районный исполнительный комитет проводит опрос общественного мнения по переносу памятника В.И.Ленину к  возможному месту его установки.

Предлагаемое место для установки  парк Победы (между памятным знаком «Самолет» и Курганом Славы).        

Опрос проводится  с 29 августа по 29 сентября 2020 г.

Предложения направлять по электронной почте kiidea@tut.by или сообщать в отдел архитектуры и строительства райисполкома по телефонам 26-647, 26-627, в отдел идеологической работы и по делам молодежи райисполкома по телефонам 26-375, 26-378.

Нам важно ваше мнение.

Пасля прачытання дадзенай аб’явы паўстаюць адразу пытанні: 1) Ці з’яўляецца гэта надта актуальным у цяперашніх умовах палітычнага крызісу? 2) Ці актуальна менавіта гэта месца?

Трэба трошку абазначыць гісторыю помніка Леніна, які знаходзіцца на аднайменнай плошчы ў цэнтры старадаўняй часткі горада, якая магчыма ў свой час называлася Рынкавай. Помнік Леніну недалёка ад Цэнтра культуры быў пастаўлены ў 1960 годзе. Наогул у Крычаве дагэтуль стаяць чатыры помнікі “важдзю пралетарыята” і ўсе яны знаходзяцца ў парках і на плошчах розных частак горада. Хаця на працягу пасляваеннай гісторыі горада помнікаў Леніну ўсталёўвалася цэлых шэсць. Абсалютна не жартую, калі скажу, што ў некаторых гараджанаў старэйшага пакалення (і не толькі!) вялікі помнік Леніну на плошчы ў старой частцы горада асацыюецца з яго вобразам і гісторыяй. Помнік галоўнаму камуністу — гэта таксама гісторыя, але цэнтральныя пляцы мусяць займаць больш годныя і важныя асобы горада і краіны. З сумам і жалем вымушаны канстатаваць – гісторыя горада забыта, неактуалізавана і наогул ігнаруецца мясцовымі ўладамі.

Але самае парадаксальнае ў помніку Леніну яго размяшчэнне. У сувязі з гэтым хацелася б прыгадаць словы майго аднагрупніка па ўніверсітэцкай лаве, якому калісьці паказваў славутасці сваёй малой радзімы. Паглядзеўшы на гарадскі краявід, што змешчаны ніжэй на фотаздымку, ён сказаў: “Хм, Ленін, які ідзе ў царкву!”.
І сапраўды атрымоўваецца нейкі дысананс – Ленін насупраць царквы. Такі гарадскі краявід раўназначны супрацьпастаўленню “атэізм – рэлігійнасць” альбо захаванне старой спадчыны – імкненне будавання новага света шляхам знішчэння тысячагадовых традыцый (палітычных, эканамічных, культурных, рэлігійных). Цэнтральны пляц горада яскрава адлюстроўвае прыведзеныя пары супрацьпастаўленых паняццяў, а таксама ментальнасць і псіхалогію тутэйшых гараджанаў.

У горадзе пасля развалу СССР праходзілі агульнарэспубліканскія працэсы — адбылося невялічкае рэлігійнае адраджэнне. Насупраць Леніна была адноўлена Ўваскрасенская царква, з’явіўся каталіцкі прыход разам з некалькімі пратэстанскімі цэрквамі. А вось мясцовы ваенкамат так і стаіць на месцы знішчанага бальшавікамі ў 1930-х гг. касцёла. Прычым падворак ваенкамата, як мяркуюць мясцовыя краязнаўцы, з’яўляўся могілкамі, дзе хавалі мясцовых ксяндзоў.

Парадкі, якія існуюць у крычаўскім грамадстве, не так далёка адыйшлі ад савецкіх: рэпрэсіўныя метады кіравання яшчэ пануюць як у старшыні райвыканкама і яго намесніка, так і дырэктароў розных прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі. І помнік галоўнаму камуністу якраз ілюстрацыя крыху абноўленых савецкіх парадкаў у горадзе і наогул у краіне.

Зразумела што прыбраць “таварыша”, на рэстаўрацыю якога ідзе кожны год пэўная сума грошай трэба было ўжо даўно, каб не траціць раённыя фінансы, якія можна выкарыстоўваць больш рацыянальна і па справе. Больш за тое, помнік не актуальны ў гістарычным плане для горада і састарэў ідэалагічна. Упэўнены, што моладзь не надта звяртае ўвагі на манумент. Тым больш сённяшнія школьнікі са здзіўленнем чуюць пра нейкага “дзедушку Леніна”, які ім абсалютна незнаёмы і абыякавы, як і ўся савецкая мінуўшчына. Мне здаецца, што яго наогул не варта дзе-небудзь усталёўваць, а хутчэй за ўсё захаваць у якасці прыкладу аб’екта манументальнага мастацтва мінулай эпохі (які будзе знаходзіццв ў фондах якога-небудзь Дома культуры) ці ў якасці музейнага экспаната. Разумею, што ўлада хоча сканструяваць чарговы міф і спалучыць савецкі помнік з паркам Перамогі і такім чынам праслаўляць стагоддзе савецкага мінулага горада і краіны, а таксама сеняшнюю Беларусь як пераемніцу савецкіх традыцый. Аднак прысутнасць помніка ў парку толькі чарговы раз пакажа прыклад негатоўнасці чыноўніцкага апарату змяняцца і глядзець праўдзе ў вочы.  Тым больш хіба недастаткова тых помнікаў і мемарыялаў, якія знаходзяцца ў парку Перамогі? Іх у прыгожай гарадской зялёнай зоне цэлых чатыры: курган Славы, алея Славы, помнік воінам-інтэрнацыяналістам, помнік-самалёт з мемарыяльнай дошкай, прысвечанай подзвігу (1964 г.)  лётчыка, капітана Дашкіна Віктара. Побач з паркам размешчаны яшчэ і стадыён “Сож-2002”, а таксама басейн. На тэрыторыі парка знаходзіцца і танпляцоўка, якая, аднак, цяпер ніякім чынам не выкарыстоўваецца мясцовай уладай, нягледзячы на тое, што моладзь там так бы мовіць “тусуецца”. Ці не здаецца, што ўсталяванне помніка Леніну ў парку Перамогі будзе памылкай, бо парк ператворыцца ў музей савейкай эпохі?

З іншага боку важна адзначыць, што цяпер гэта негалоўная праблема і гэтая ініцыятыва, якая заклікае ўсіх актыўных грамадзянаў узяць чынны ўдзел у абмеркаванні, зъящляецца другаснай. Гэта хутчэй за ўсё спроба адцягнуць увагу ад галоўнага пытання – справядлівых выбараў, адстаўкі нелегітымнага прэзідэнта і бяздарных чыноўнікаў з адсютнасцю банальнай чалавечай маралі. Менавіта гэтыя патрабаванні былі высунуты грамадскасцю Крычава, якия не гатовы слухаць цяперашні старшыня райвыканкама – “таварыш” Седукоў. Так што, спадарства, не вядземся на загаворванні зубоў, а ўпэўнена стаім на пазіцыях вырашэння найважнейшых пытанняў у нашым грамадстве! Упэўнены, што да канкрэтных дзеянняў мясцовая дзейсная ўлада не дойдзе, а гэтыя заявы акажуцца проста пустымі словамі. Нагадаю, што восенню 2019 г. ужо быў прэцэдэнт, калі помнік Леніну ў дзіцячым парку ў Крычава планалаві дэмантаваць і рэканструяваць. Паралельна ў лістападзе 2019 г. у былым доме піянераў адчыніць цэнтр “Экаэнэргетыка” і пасля абнаўлення помніка, паставіць разам з новай установай. Аднак нічога зроблена не было дагэтуль, нягледзячы на тое, што гэтую ініцыятыву піярыла мясцовая “раёнка”.

Пащтаруся, што праблема пераносу помніка Леніна цяпер не так востра стаіць, ды й яго не варта ставіць ў парках ці цэнтральных плошчах. Яго перанос здзейсніць будзе вельмі лёгка і хутка, бо ён не ўключаны нават ў мясцовы спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці Гэты манументальны помнік цудоўны экспанат, які ілюструе памылковы шлях грамадства, непростыя часы нашай краіны да шляху стварэння паўнавартаснай нацыянальнай дзяржавы – незалежнай Рэспублікі Беларусь!

 Алесь Крыжэвіч 

Крычаў: горад праз прызму рэштак

Занядбаныя дамы, хаты ці рэшткі прадпрыемстваў маюць пэўную, своеасаблівую атмасферу. Закінутыя разваліны, рэшткі з аднаго боку страшнаваты для наведвання ў адзіноце, але і прывабны, нібыта ў іх схаваны загадкавыя таямніцы. У гарадах з развітой прамысловасцю абавязкова знойдзяцца падобныя будынкі рознага знешняга выгляду, захаванасці і часу пабудовы. Аднак наколькі часта яны наведваюцца аматарамі палазіць па рэштках ці адчуць лёгкі экстрым? Індустрыяльны турызм канешне мае попыт сярод пэўнага кола моладзі ў нашай рэспубліцы, што асабліва праяўляецца ў вялікіх гарадах. Але ці можна з сталкінга закінутыя аб’екты зрабіць цікавымі для простых турыстаў? Прывяду прыклад з маім родным горадам Крычавам. Яшчэ да пачатку 2020 года знаходзіліся цікавыя рэшткі старой вінакурні, пабудаванай яшчэ ў канцы ХVІII ст. Аднак з канца 1990-х гг. будынак, у якім знаходзіўся ў ранейшыя часы мясцовы піўзавод, быў ў занядбаным стане. Аб’ект раней верагодна прыцягваў мясцовую моладзь, бо на старых сценах захоўваліся розныя надпісы, аднак прысутнасць іх на тэрыторыі прадпрыемства была абсалютна рознай.

Праўда аматары палазіць і расшукаць што-небудзь таксама знаходзяцца. Прыгадваецца адзін знаёмы з Магілёва ў студэнцкія часы, які наўмысна зрабіў візіт на закінуты прамысловы аб’ект, каб пахадзіць, палазіць і агледзіць колішняе прадпрыемства Галынскіх. Здалёк трохпавярховы будынак ўражваў велічнасцю, чырвоная цэгла сведчыла пра старасць, як і стыль арачных вокнаў. І цяжка пагадзіцца з меркаваннем, што гэта было месца без атмасферы. У ім нешта было, бо калі апынаешся сярод занядбаных сцен нібыта “вывальваешся” з вуліцы на якой знаходзішся. Што ж, для квэстаў месца падыходзіла цудоўна і гэта адна з форм праз якую тэрыторыю завода можна было б зрабіць цікавым і прыцягальным месцам для наведвання турыстамі. Прынамсі месца гэта з гісторыяй і не беднай. Да і не так далёка знаходзілася ад перліны горада – палаца Пацёмкіна-Галынскіх, у якім размяшчаецца мясцовы краязнаўчы музей. Спроба развіцця індустрыяльнага турызма магла стаць адным з рычагоў для “ажывання” падобных аб’ектаў у закінутым і недагледжаным стане.

Тым больш, што гісторыя прамысловасці таксама цікавая і з’яўляецца складнікам тых зменаў і працэсаў ў галіне эканомікі, што адбываліся па ўсёй Еўропе. Апісаны аб’ект уяўляў пэўную цікавасць і для гісторыкаў, бо яго рэшткі – жывая гісторыя. Канешне гэта не царква/касцёл, палац ці археалагічны аб’екта, але тым не менш. Праўда, сведчання пра выпуск піва на тэрыторыі былога піўзавода ў выглядзе этыкетак я так і не знайшоў, хаця шукаў іх як нумізматы шукаюць старыя манеты па вуліцах пасля дажджу. Пра тое, што тут была калісьці вінакурня, а затым піўзавод нагадвала толькі разбітае шкло ад гарэлачных бутэлек ці раскіданыя па тэрыторыі былога прадпрыемства пластыкавыя піўныя бутэлькі.

Аднак рашэнне, якое прыняла мясцовага чынавенства абсалютна абсурднае – ЗРУЙНАВАЦЬ гістарычны аб’ект! Ні страдаўнія будынкі, ні індустрыяльны турызм ім непатрэбны. Напэўна турызм наогул непатрэбны, бо над гэтым трэба працаваць, распрацоўваць маршруты і тэмы, прапаноўваць ідэі, упарадкоўваць і рэстаўраваць аб’екты. А так зруйнаваў і добра: няма будынку – няма праблем.

Забыты колішні важны прамысловы аб’ект яшчэ і быў цікава размешчаны. Месца лакалізацыі – памежжа паміж горадам і вёскай, якое можна і прамінуць, калі праязджаеш мост праз рэчку Добрасць. Нечакана і мяняецца назва вуліцы з Піянерскай на Цэнтральную, пры нязменнасці дарогі. Будынак былой вінакурні знаходзіўся ўжо за мастом, аднак размяшчэнне ў межах вёскі Калініна было даволі фармальнае. Гэта меркаваннне пацвярджае доўгая вуліца, якая атрымала народную назву па прамысловаму прадпрыемству і лічыцца цэлым маленькім раёнам пад найменнем “Піўзавод”, што ўваходзіць у склад гарадской мяжы і на мапе выглядае як апендыкс, які зросся з вёскай Калініна (ранейшая назва – Задабрасць). Цікава пры гэтым, што знешне адрозненняў практычна не назіраецца, бо драўляныя хаты знаходзяцца паабапал дарогі як гарадской вуліцы, так і вясковай. З прыведеных фактаў вынікае, што завод меў свой уплыў на гарадскую прастору, таму можна вызначыць яго размяшчэнне як “памежнае”. Пры знаёмстве з падобнымі назіраннямі можа ўзнікнуць пытанне, калі сфармалавася вуліца, якая вядзе ад палаца Галынскіх да былога спірзавода. Адказаць вельмі няпроста, бо без прыцягнення архіўных дадзеных, картаў, вусных сведчанняў людзей раёна горада цяжка хоць нейкае меркаванне выказаць па гэтаму пытанню гарадской тапаграфіі. Усё ж з вялікай верагоднасцю можна лічыць з’яўленне гэтай вуліцы менавіта ў XX ст. Аднак абодва гістарычныя будынкі натуральна ўзаемазвязаны паміж сабой і стваралі пэўную карціну тагачаснага развіцця мястэчка Крычаў, якое працягнулася за савецкім часам ужо ў паселішчы з гарадскім статусам.

Яшчэ адным цікавым прамысловым аб’ектам у горадзе, на мой погляд, з’яўляецца былы мясакамбінат, які на сёння ператварылі ў завод стружачных пліт. Але кацельная не змяніла выгляду з часоў існавання мяснога прадпрыемства і стварае незвычайныя ўраджанні. Сваёй аддаленасцю ад жылых будынкаў, адносна новага мікрараёна “Камсамольскі”, нагадвае палігон для закрытых даследванняў. Кацельная яшчэ па сёння працуе, але недагледжанасць тэрыторыі сведчыць, што лепшыя часы гэтага аб’екта ўжо ў мінулым. Дзве высокія трубы, некалькі вялізных палівасховішчаў, агароджанай бетоннай сцяной, выглядаюць нестандартна.

Разам з тым за кацельнай знаходзяцца былыя склады, якія так і засталіся недабудаванымі і пэўна павінны па задумцы адносіцца да былога мясакамбіната.  У іх хаваліся людзі ад дажджу, калі яшчэ на працягу 1990-х гадоў сеялі агароды, якія знаходзіліся на прылеглай тэрыторыі. Склады на фоне прасторы палёў выглядаюць неяк дзікавата, месцам сутыкнення прыроднага і індустрыяльнага. Гэтае збудаванне не ўяўляе ніякай каштоўнасці, якое знаходзіцца некранутай ў параўнанні з зруйнаваным гісторыка-прамысловым аб’ектам у другой частцы Крычава. Ды й незвычайна збудаванні глядзяцца толькі пры пахмурным надвор’і, калі цёмныя хмары наганяюць лёгкі страх невядомасці ў закінутым складзе, па якому даўно не хадзіла нага чалавека. Гадоў пятнаццаць таму гэтая мясціна мела цікавы кантраст, дзе комплекс мясакамбіната з кацельнай глядзеўся на фоне дзясяткаў агародаў, прычым на даволі значнай тэрыторыі. Ці будуць гэтыя аб’екты цікавы наведвальнікам горада? Магчыма, але толькі калі была б магчымасць зазірнуць і пагуляць па “краявідах” кацельнай былога мясакамбіната.

Важна адзначыць, што для разумення сутнасці існавання такіх гарадоў як Крычаў, насельніцтва якога пачало ўзрастаць менавіта за кошт з’яўлення прамысловых прадпрыемстваў, індустрыяльны турызм дапамагае ўсвядоміць лакальную гісторыю, а таксама экстрапаліраваць падобныя працэсы на іншыя рэгіёны нашай Бацькаўшчыны. Ці можна падаваць праз рэшткі закінутых прамысловых прадпрыемстваў гарадское жыццё і яго гісторыю? Думаю што гэта адзін з цікавых накірункаў у асвятленні жыцця паселішча ў найноўшы час, калі імкліва змяняўся яго воблік, а заводы і фабрыкі аказвалі вельмі моцны ўплыў на развіццё і трансфармацыю гарадской прасторы.

Гэты краязнаўчы нарыс яшчэ паказвае складаную эканамічную сітуацыю ў горадзе, дзе былыя прамысловыя прадпрыемствы ператвараюцца ў прамысловыя зоны, якія зарастаюць хмызняком і пакрысе развальваюцца і дзічэюць. Наогул на сённяшні момант сітуацыя на рынку працы ў Крычаве вельмі складаная, бо з кожным годам колькасць працоўных месцаў скарачаецца, як і дзяржаўных арганізацый. Частка прадпрыемстваў, якая працавала яшчэ ў савецкія часы стала непатрэбным: банкрот, нерэнтабельнае ці неканкурэнтназдольнае. За апошнія 20 год зніклі мясакамбінат, мэблевая фабрыка, некаторыя будаўнічыя арганізацыі (т.зв. “ДРСУ”, “ПМК”, “СУ”). Знакаміты на ўсю рэспубліку завод гумавых вырабаў зараз не можа пахваліцца поспехамі ў вытворчасці і канкурэнтназдольнасці, стаўшы толькі філіялам ААТ “Белшина». Горадаўтваральнае прадпрыемства “Крычаўцэментнашыфер” нягледзячы на абнаўленне тэхналогій выпуску прадукцыі і будаўніцтва новай часткі завода каля вёскі Каменка, не заўсёды канкурэнтназдольна на міжнародным рынку, што прыводзіць да скарачэння працоўных месцаў штогод. Аднак важна падкрэсліць і станоўчыя моманты, як то адкрыццё на тэрыторыі былога мясакамбіната вытворчасці цэментна-стружачных пліт (прадпрыемства “Белзарубежбуд”), швейнага цэха, з’яўленне прыватнага прадпрыемства “Белсаюзгруп”. Паралельна з-за бяздарных дзеянняў мясцовых чыноўнікаў быў ліквідаваны Крычаўскі РАСП (т. зв. РАЙПО)  і далучаны да суседняга мсціслаўскага. Пры ўсіх пазітыўных момантах стварэння працоўных месцаў у горадзе негатыва на вялікі жаль больш, а эканамічныя праблемы вымушаюць людзей шукаць працу ў краінах-суседзях: Расіі і Польшчы. Калі паглядзець аб’ектыўна на сённяшнюю сітуацыю на рынку працы ў горадзе, то цяжка яе назваць пазітыўнай, бо мясцовыя жыхары 26-тысячнага горада жартуюць, што Крычаў хутка ператворыцца ў пасёлак гарадскога тыпу. І падставы для хвалявання сапраўды ёсць, бо кіраўнікі раёна не дбаюць пра дабрабыт Крычаўшчыны, паказваючы сябе “временщиками», якім важна ўласная кар’ера і перспектыва больш высокай пасады.

Алесь Крыжэвіч

Крычаў: Поспех ці правал градабудаўнічага праекта?

У пачатку 2020 года з’явілася інфармацыя, што да 2030 года Крычаў пачне развівацца па новаму генплану. Прычым як заяўлялі ў Крычаўскім райвыканкаме ўжо стартавала грамадскае абмеркаванне даклада па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы градабудаўнічага праекта. У новым генплане прадугледжана стварэнне безбар’ернага асяроддзя, інфраструктура для развіцця роварнага руху і сістэмы ландшафтна-рэкрэацыйных тэрыторый. Для адпачынку плануюцца адаптаваць бераг малой рэчкі Крычаўкі, а таксама прылеглую да горада берагавую лінію Сажа. Ідэя сапраўды неблагая, бо гэта магло б стаць новым штуршком у развіцці горада і асабліва важна, што будуць пашырацца рэкрэацыйныя зоны і ўпарадкоўвацца водныя аб’екты. Гэта натуральным чынам палепшыла б экалагічную сітуацыю ў горадзе, а таксама стан упарадкавання гарадскіх тэрыторый. Але давайце больш прыгледзімся да рэалізацыі гэтых задумаў.

Новы квартал горада пачаў будавацца пасля з’яўлення новай школы, якая адпавядае сучаснаму слову тэхнікі: электронныя дзённікі і пропускі, новыя спартыўныя пляцоўкі, вялікая і добраабсталяваная актавая зала, басейн і інш. Сапраўды, школа фактычна стала так бы мовіць “лакмусавай паперкай” для рашэння мясцовай улады пачаць пашыраць межы т. зв. мікрараёна “Камсамольскі”, які пачаў будавацца яшчэ ў 1970-я гг. Новыя дамы размяшчаюцца блізка каля школы, але і блізка каля вялікага аўрага, па якім цячэ тая самая маленькая рака Крычаўка. На сёння ўжо пабудавалі два дома, аднак распачаты будаўнічыя працы яшчэ двух дамоў.

Давалося пазнаёміцца і агледзець адзін з новых дамоў. Дом пафарбаваны ў адносна светлыя і збольшага пазітыўныя колеры. Прылеглая да дома тэрыторыя паабапал яшчэ застаецца неўпарадкаванай. Напрыклад, нягледзячы на тое, што будаўнічыя работы фактычна скончыліся дагэтуль каля дома стаіць “шпакоўня” – драўляны туалет, пабудаваны для працоўных. Яго напэўна варта было б даўно прыбраць, але ў горадзе туалет падчас будаўнічых работ і нават пасля іх завяршэнне становіцца сімвалам, “разынкай” і нават “упрыгажэннем”. Так і ўзгадваецца, якія смачныя фотакадры і арыгінальныя матэрыялы ў другой палове 2000-х гг. пісала незалежная газета “Вольны горад” падчас будаўніцтва дома № 20 па мікрараёну Камсамольскі. Там была ў нечым падобная сітуацыя: дом даўно здалі, а вось драўляны туалет заставаўся яшчэ некалькі гадоў.  Можа ён быў сімвалам зменаў да лепшага і мясцовая вертыкаль такім арыгінальным спосабам гэта хацела падкрэсліць? Хаця магчыма былі прыхільнікі спраўляць свае патрэбы менавіта ў такіх туалетах, што размяшчаюцца на вуліцы, а не ў кватэрах. Мы ж, як кажуць, жывем у свабоднай краіне, пагэтаму можна хадзіць у розныя туалеты, да якіх ляжыць д….уша, так бы мовіць. Па гэтаму гэта чарговая праява дэмакратычнасці, дзе ўлічваюцца любыя жаданні жыхароў дамоў і гарадоў.

Вакол дома шмат будаўнічага смецця, што разам з туалетам ствараюць не самую пазітыўную карціну і паказваюць, што тэндэнцыі і практыкі будавання не змяняюцца. На вялікі жаль…. Баюся, што і дамы, якія цяперака пафарбаваны ў пазітыўныя колеры праз 5-10 год будуць шэрымі і абдрапанымі, як і іншыя дамы мікрараёна Камсамольскі, што былі пабудаваны ў 1990-х і 2000-х гадах.

Яшчэ больш здзіўляе, наконт заяваў мясцовай улады пра экалагічны падыход ва ўпарадкаванні водных аб’ектаў. Вышэй адзначана, што побач з дамамі знаходзіцца вялікі аўраг, які працінае рэчка Крычаўка. Практычна побач са школай выцякае невялічкі ручай, які з’яўляецца адным з прытокаў Крычаўкі. І менавіта ў гэты ручай выведзена вялікая сточная труба з новага мікрараёна. Вось такі экалагічны падыход крычаўскіх чыноўнікаў!!! Прычым труба для стока таўстая і вялікая, а гэта сведчыць, што адходы будуць выцякаць з цэлага міні-квартала і трапляць напрамую ў ваду ручая.

Вада ручая буде несці разнастайныя фекаліі адпаведна ў рэчку Крычаўку. Няўжо гэта і ёсць адзін з пунктаў па адаптацыі берага Крычаўкі ў рэкрэацыйную зону? Калі так, то няўжо прыемна будзе мясцовым жыхарам адпачываць каля воднага аб’екта, які будзе смярдзець і ў якім будуць плаваць розныя адходы чалавечай жыццядзейнасці??? Я ўжо не кажу пра тое, што трэба праводзіць эколага-гідралагічныя даследванні. Напрыклад, ці вывучалася гаспадарчае і мелірыяцыйнае значэнне малога воднага аб’екта? І ці былі абследваны рэчышча рэчкі, яго берагоў,  характар дна і жыўлення ракі? Усе гэтыя пытанні надзвычай важныя, каб пачынаць якія-небудзь будаўнічыя працы ці здзяйсняць ідэі па ўпарадкаванню водных аб’ектаў. Практычна ўпэўнены на 100%, што ні аб чым падобным ніхто з чыноўнікаў нават не думаў, не тое што хацеў здзейсніць. Я ўжо не кажу пра гістарычнае значэнне невялічкай рэчкі Крычаўкі, якое яна мела ў мінуўшчыне старадаўняга горада, што таксама трэба ўлічыць.

Проста здзіўляешся як безграматна, абыякава і бяздумна рэалізоўваюцца будаўнічыя праекты ў горадзе. Хаця апошнім часам адзінкавыя праекты можна сапраўды назваць прадуманымі, якія не шкодзяць, а спрыяюць добраму іміджу горада. Большая частка з іх узроўня “абняць і плакаць”. Такім чынам, мы атрымоўваем карціну наступную: чынавенства займаецца тымі пытаннямі, у якіх не мае ніякай кампетэнцыі. На вялікі жаль, у шмат каго нават прыблізнага ўяўлення не маецца…. Спадзяванне на ўдумлівы і разумны падыход не маю, але ёсць надзея што калі-небудзь мясцовыя чыноўнікі і жыхары горада нарэшце пачнуць цаніць экалагічны патэнцыял горада і ганарыцца ім, разумна ўпарадкоўваючы водныя аб’екты. Але колькі пройдзе часу і колькі яшчэ шкоды нанясуць прыроднаму і гістарычнаму вобліку Крычава на паддаецца ацэнцы….

Наконт астатніх заяваў нават крыху смешна становіцца. Згодна дарожнай карты ў горадзе павінны з’явіцца цэлых два новых мікрараёна. Новыя дамы будуць будавацца і здавацца ў эксплуатацыю, але ж дзе людзям знаходзіць працу, калі скарачэнне працоўных месцаў у Крычаве адбываецца з кожным годам? Для чаго новыя дамы і кварталы, калі ў горадзе няма працы, а прадпрыемствы і арганізацыі зачыняюцца? Хаця заявы мясцовых чыноўнікаў я б не стаў успрымаць надта сур’ёзна, бо ў іх часта бывае, як у той пагаворцы “Размах на рубль, а удар на копейку”. Вось і тут такім чынам. Дзе знойдуць грошы для гэтых амбіцыйных праектаў? І наогул ці будзе небяспечна для прыроднага асяродку і гістарычнай спадчыны гэтыя ідэі? Бо  вельмі сумна становіцца, калі добрыя ідэі выконваюцца бяздарна. І гэта вялікая бяда не толькі крычаўскіх чыноўнікаў, якія на жаль розумам не вылучаюцца, але і кіраўнікоў розных рангаў усёй Беларусі.

Алесь Крыжэвіч. Фота аўтара

Вуліца Якуба Коласа ў Крычаве: заканамернасць яе існавання

У горадзе Крычаве нямала цікавых мясцін: старыя вуліцы, архітэктурныя помнікі, прыродныя краявіды, старыя пахаванні, памятныя мемарыялы. Разнастайныя урбонімы таксама даволі цікавая з’ява, тым больш што ў горадзе іх блізу двух соцен. Вуліца, якая названа ў гонар Якуба Коласа, не з’яўляецца нейкім асаблівым месцам населенага пункта і адзначаецца хіба што сваім патранімічным найменнем. У прасторы назваў вуліц беларускіх гарадоў урбонім таксама не з’яўляецца чымсьці надзвычай асаблівым і паказальным. У многіх гарадах Беларусі ёсць вуліцы, названыя імём класіка айчыннай літаратуры Якуба Коласа. З’явіліся яны, як адзначаюць даследчыкі, на мяжы 1960-х гг. і часцей за ўсё такія вуліцы знаходзяцца на ўскрайку гарадоў, на якіх размешчаны драўляныя дамы прыватнага сектару.

Адзначаная сітуацыя характэрна і для Крычава, бо вуліца Якуба Коласа знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй частцы паселішча, на гарадской ускраіне. Па памеры яна з’яўляецца невялікай і мала чым адметнай у прасторах горада, на якой знаходзяцца чатыры дзясятка дамоў. Можна адзначыць, што на вуліцы размешчаны пераважна драўляныя дамы, часам з цікавымі разнымі ліштвамі, адметнымі верандамі, якія ў прынцыпе характэрны для многіх драўляных дамоў Крычава. Вулічныя краявіды з’яўляюцца вельмі простымі, дзе паабапал размешчаны драўляныя (зрэдку пракідваюцца цягляныя дамы) хаты з пасаджанымі на прысядзібных участках дрэвамі і агародамі. Можна адзначыць і рознакаляровую расфарбоўку дамоў прыватнага сектара, што таксама стварае невялічкую адметнасць вуліцы. На адным доме сіняй афарбоўкі вісіць дзяржаўны сцяг Расійскай Федэрацыі, а побач на металічным зяленым плоце прымацавана чырвоная шыльдачка, дзе размешчаны па-руску надпіс: “улица Я. Коласа”. Парадаксальная з’ява, бо расійскі сцяг ніяк не звязаны з беларускім нацыянальным дзеячом Якубам Коласам, які змагаўся за захаванне адметнасці беларускай нацыя, нацыянальнай мовы і культуры, стаўшы класікам айчыннай літаратуры. Аднак прыхільнасць да чужой дзяржавы, яе мовы і культуры, пры адмаўленні сваіх нацыянальных каранёў, на вялікі жаль, з’ява ў Крычаве распаўсюджаная.

Вуліца Якуба Коласа адным сваім канцом злучаецца з вуліцай Маскоўскай, якая вядзе да выезда з горада і былога будынка маслазавода, а далей ідзе мост праз галоўную водную артэрыю Крычава – раку Сож. Другі канец злучаецца з акраіннымі пабудовамі так званага мікрараёна Сож, які, відавочна, атрымаў сваю назву ад блізка размешчанай рэчкі. Гарадская лакацыя з адметным патранімічным найменнем знаходзіцца ў атачэнні вуліц з наступнымі назвамі: Маскоўская, Кастрычніцкая, Смаленская, Лепяшынскага. Два апошніх урбоніма з’ўляюцца паралельнымі адносна вуліцы беларускага класіка. Дарэчы, вуліцы Якуба Коласа, Смаленская, Лепяшынскага выглядаюць на мапе горада як тры прамых лініі, што размешчаны паралельна. Cуіснаванне побач вуліц Якуба Коласа (псеўданім Канстанціна Міцкевіча) і Панцеляймона Лепяшынскага выглядае канешне ж дзіўна. Апошні хоць і нарадзіўся на тэрыторыі сённяшняга Клімавіцкага раёна ў сяле Студзянец, меў толькі біяграфічныя прывязкі да Беларусі, стаўшы прафесійным рускім рэвалюцыянерам і партыйным дзеячом. Ніякіх адносін да Крычава таксама, відавочна, Лепяшынскі не мае, чаго не скажаш пра класіка беларускай літаратуры.

Вуліца Якуба Коласа з’явілася, на мой погляд, абсалютна лагічна і мусіць існаваць сярод урбонімаў Крычава. Класік беларускай літаратуры, як паказалі даследванні, першым сярод беларускіх пісьменнікаў звярнуўся да гістарычнай тэмы Крычаўскага паўстання і меўся напісаць аповесць пра славутыя гістарычныя падзеі. З лістоў Якуба Коласа да сяброў і калег можна ўбачыць задуму пісьменніка, які вельмі актыўна пачаў збіраць матэрыял пра паўстанне, а таксама жадаў прыехаць у Крычаў, каб самім пашукаць сляды паўстання пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы. Аднак апошняга рэалізаваць ніяк не атрымоўвалася з прычыны сваёй моцнай занятасці. Больш за тое, ідэю напісання твора на гістарычную тэматыку Крычаўскага паўстання прыйшлося пакінуць з-за жорсткасці савецкай ідэалагічнай машыны. У другой палове 1930-х гг. займацца напісаннем твораў на гістарычную тэматыку было даволі небяспечна, пагэтаму Якубу Коласу прыйшлося з канца 1938-пач. 1939 гг. больш не займацца аповесцю, прысвечанай знакамітым падзеям.

Яскравым пацверджаннем зацікаўленасці Якуба Коласа падзеямі Крычаўскага паўстання праглядаецца і ў кнізе-эсэ асабістага сакратара народнага паэта Беларусі Максіма Лужаніна пад назвай “Колас расказвае пра сябе”. Менавіта ў гэтай кнізе згадваецца славутым пісьменнікам паданне пра заснаванне горада:

“Ты мне расказваў пра Крычаў, быццам там крычма крычалі татары, загнаныя ў тупік. Гэта здагадка ці вычытаў дзе?

Я адказаў, што мусібыць, аб гэтым гаворыцца ў 9 томе Сямёнава.

  • Э, не, выбачай! У сямёнава іншае сказана: горад калісьці быў заснаваны крывічамі і называўся Крывічоў”.

З гэтага ўрыўка тэкста бачна, што Якуб Колас пры зборы матэрыяла для ўласнага твора грунтоўна падыйшоў да справы і пачаў падрабязна знаёміцца з гісторыяй горада, прачытаўшы нават паданні пра найменне Крычава. Такім чынам, усе прыведзеныя аргументы сведчаць, што вуліца Якуба Коласа ў горадзе існуе заканамерна і патрэбная ў будучым. І гэта нягледзячы на тое, што ў часы з’яўлення урбоніма мясцовая раённая ўлада выконвала хутчэй за ўсё загад зверху, г.зн. існавала агульнарэспубліканская тэндэнцыя з’яўлення вуліц народнага паэта. Аднак гэта адзін з нешматлікіх прыкладаў, калі з’яўлення патранімічнага урбоніка ў савецкія часы выглядае сапраўды лагічна і абгрунтавана, што не сказаш пра іншыя найменні дзясяткаў гарадскіх вуліц.

Алесь Крыжэвіч. Фота аўтара

 

Феномен “любові” да малой радзімы ў Крычаве

На Магілёўшчыне знаходзяцца некалькі гарадоў, якія сваім узнікненнем уваходзяць у топ-20 самых старажытных гарадоў рэспублікі. У гэты спіс трапляе і горад Крычаў, які доўгі час быў адным з усходніх фарпостаў спачатку Вялікага княства Літоўскага, а пасля Рэчы Паспалітай ад маскавіцкай навалы. Горад з вельмі багатай гісторыяй, аднак зараз перажывае не самыя лепшыя часы, якія можна назваць нават драматычнымі. Менавіта такім прыметнікам варта апісаць тыя працэсы, што адбываюцца з аб’ектамі гісторыка-культурнага плану ў Крычаве. Падзеі апошніх гадоў даюць мала пазітыву, наводзячы больш на негатыўныя думкі, бо абыякавае стаўленне да гарадской гісторыі не проста здзіўляе, а абурае. Больш за тое, абыякавае стаўленне да мінуўшчыны не столькі прыводзіць да непаразумення, колькі радыкалізуе, падштурхоўвае да нейкіх рашучых дзеянняў, рэзкага рэагавання на тупасць і бяздарнасць.

Для мяне як гісторыка цяжка і нават балюча ўспрымаецца тое, што адбываецца ў родным горадзе. Адносна нядаўна ў старой частцы горада, каля Свята-Уваскрасенскай царквы, пачаліся будаўнічыя работы. Прылеглая тэрыторыя да царквы не так даўно была часткай невялікай паркавай зоны з парослымі дрэвамі і ў прынцыпе да культавай пабудовы ніяк не адносілася. У апошнія ж часы адна траціна парка была далучана да тэрыторыі царквы і адгарожана жалезным плотам. З гэтага часу пайшло паступовае ўладкаванне новай прыцаркоўнай тэрыторыі. Прыборка на тэрыторыі прывяла да таго, што былі спілены і выкарчаваны дрэвы. Аднак гэта з’яўляецца толькі невялічкай бядой. Далей – болей, як кажуць. Большай праблемай з’яўляецца тое, што на цяперашняй прыцаркоўнай тэрыторыі пачаліся будаўнічыя работы. Пытанні ўзнікаюць да будаўніцтва менавіта таму, што мясціна, на якой размешчана царква, з’яўляецца гістарычным цэнтрам горада з багатым культурным слоем. Пагэтаму перад тым, як пачаць работы, варта было б перадусім звярнуцца да гісторыкаў, а лепш археолагаў, каб сумесна абследваць тэрыторыю. Нічога падобнага айцом Сергіем, які з’яўляецца протаіерэем у царкве, зроблена не было. Калі з пэўным піетэтам падыходзіць да зямлі на якой жывеш, то падобныя сітуацыі не будуць уваходзіць у канфлікт з гістарычнай памяццю народа. Гэты ж выпадак якраз сведчыць зусім пра адваротнае.

Будаўнічыя работы на тэрыторыі Свята-Уваскрасенскай царквы

Яшчэ больш сумная сітуацыя адбываецца на Замкавай гары, якая з’яўляецца старажытным дзядзінцам і знаходзіцца зусім блізка ад цэнтра старой часткі горада. На гарадзішчы лакалізуецца Свята-Мікалаеўская царква, у якой пяць дзясяткаў год служыў айцец Міхаіл Макаўцоў. Ён быў па-сапраўднаму народным бацюшкам, мог распавесці пра старадаўні помнік цікавыя выпадкі і нават легенды, а за шмат гадоў служэння ў царкве ніякай шкоды ўнікальнаму аб’екту археалогіі не чыніў, да і сам быў зацікаўлены ў захаванні старадаўняга гарадзішча.

Што не сказаш пра новага айца Андрэя Ігнатушку, які стаў настаяцелям храма з 2011 года. Малады бацюшка, які з’яўляецца ўраджэнцам Крычава, не надта лічыцца з унікальным аб’ектам і паводзіць сябе з Замкавай гарой нібыта яе гаспадар. Практычна адразу пасля свайго прызначэння, у пачатку лета 2012 года, айцец Андрэй заняўся ўладкаваннем уваходнай часткі на Замкавую гару і царкву, зруйнаваўшы добрых некалькі метраў вала. Цяпер застаецца толькі канстатаваць, што частка вала гарадзішча была знішчана, а ўезд на Замкавую гару пашыраны пры дапамозе экскаватараў і бульдозераў.

Знесеная частка вала ў 2012 годзе. Фота Андрэя Кузьміна

І вось зусім нядаўна гэтая гісторыя займела свой сумны працяг. Пры ўваходзе на гару з правага боку знаходзіцца хрысцільня ці баптыстэрый, якая выглядае невялікай драўлянай пабудовай. Да хрысцільні ў ранейшыя часы быў таксама прыбудаваны невялічкі гаспадарчы склад. Бацюшка Андрэй, які адрозніваецца сваімі амбіцыйнымі планамі, вырашыў знесці гаспадарчую прыбудову, а замест яе размясціць цагляную царкоўную лаўку. Аднак месца для лаўкі аказалася мала і вырашана было зруйнаваць пару метраў вала. Будаўнічыя працы пачаліся адносна нядаўна, але ж цяпер яны ўжо на стадыі стварэння падмурка будучай царкоўнай лаўкі.

Знесеная частка вала ў 2012 годзе. Фота Андрэя Кузьміна

Такім чынам, за сем гадоў служэння айца Андрэя ў Свята-Мікалаеўскай царкве ўнікальнаму археалагічнаму помніку была нанесена дастатковая шкода. Зразумела, што ні ў першым, ні ў другім выпадку будаўнічыя работы не ўзгадняліся з прафесійнымі гісторыкамі ці археолагамі. Не прыцягваліся да абмеркавання і мясцовыя краязнаўцы, якія б маглі быць для бацюшкі Андрэя крыніцай ведаў і добрымі памочнікамі і дарадцамі. Закона “крэатыўны” бацюшка таксама не парушыў, бо Замкавая гара не ўзята пад ахову дзяржавы і не ўваходзіць у спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці Крычаўскага раёна. Пры гэтым драўляная Свята-Мікалаеўская царква якраз у гэты спіс уваходзіць. Адчуваецца нейкі дысананс і парадокс у гэтай сітуацыі, калі драўляная царква мае статус гістарычнай каштоўнасці, а вось гарадзішча “Замкавая гара” (на шмат больш старажытная па часе з’яўлення), на якой знаходзіцца культавы аб’ект, важным і ўнікальным не лічыцца.

Відавочна, што разумення аб шкоднасці сваіх дзеянняў у мясцовых царкоўных дзеячоў няма. Бацюшкі абодвух цэркваў у Крычаве, з прыведзеных матэрыялаў, даволі вольна ставяцца да ўнікальных аб’ектаў археалогіі і гарадской гісторыі, якія бяспрэчна з’яўляюцца гісторыка-культурнай спадчынай старадаўняга Крычава. Ці маюць яны права на такое абыходжанне з гарадской гісторыяй? Наогул адкуль узялася такая непавага да гістарычнай спадчыны? Не выключана канешне, што гэта банальная абыякавасць і неразуменне важнасці для наступных пакаленняў жывых гістарычных аб’ектаў, якія адлюстроўваюць мінулае старадаўняга горада. А як вядома, той хто не ведае мінулага, не мае і будучыні.

Пры гэтым адзначу, што на Замкавай гары, у паўночна-ўсходняй яе частцы, знаходзяцца вельмі цікавыя і ўнікальныя рэшткі цагляных умацаванняў. Пры гэтым па ўсіх інвентарных апісаннях вядома, што замак і замкавыя ўмацаванні былі драўлянымі. На сённяшні дзень стан іх кепскі, а з кожным годам яны ўсё больш і больш разбураюцца пад уздзеяннем часу і ападкаў. Ні прадстаўнікі мясцовай улады, ні служыцелі Свята-Мікалаеўскай царквы не праяўляюць ніякай ініцыятывы каб захаваць унікальны помнік гісторыі не толькі для горада, але і для ўсёй Беларусі.  Добра што ён проста існуе хоць у якім-небудзь стане, а не зруйнаваны, як іншы цікавы аб’ект для гарадской гісторыі.

Рэшткі ад былога будынка вінакурні

Такім аб’ектам з’яўлялася старая вінакурні, дзе ў савецкія часы знаходзіўся мясцовы піўзавод. Гэты помнік прамысловай гісторыі Крычаў страціў назаўжды. У каго з’явілася “геніяльная” ідэя зруйнаваць рэшткі вінакурні, сказаць цяжка. Аднак можна з дакладнасцю адказаць, што глуздоў у такога ініцыятара, як кот наплакаў. Трэба прызнаць, што ад былога піўзавода заставаліся рэшткі і знаходзіліся яны ў аварыйным стане. Але каму яны перашкаджалі і чаму менавіта цяпер спатрэбілася руйнаваць гэты прамысловы аб’ект з даўняй гісторыяй? Замест таго каб захаваць вінакурню, зрабіўшы гарадской адметнасцю, паспрабаваць хаця б часткова рэканструяваць, уключыўшы ў турыстычны маршрут па горадзе, яе руйнуюць. Цяпер на месцы былой вінакурні знаходзяцца некалькі пагоркаў з будаўнічым смеццем, кавалкі сценаў са старой чырвонай цэглы, а таксама частка не да канца зруйнаваных падмуркаў. Відовішча вельмі сумнае, што выклікае пачуцці гневу і шкадавання. Застаецца толькі спасылацца на адсталасць і убогасць арганізатараў і выканаўцаў знішчэння помніка. Толькі самі задумайцеся: стары прамысловы аб’ект не проста страчаны, а быў знішчана ў незалежнай рэспубліцы самімі яго жыхарамі…

Дзе тут логіка і ці прысутнічае яна наогул у падобных справах? Чаму мясцовая ўлада ніяк не рэагуе на відавочны факт злачынства? Больш за тое, гэта сумная падзея прайшла зусім неасвечанай у мясцовай газеце, якая пяе толькі аб поспехах і дасягненнях раённай улады з года ў год. А ў рэальнасці адбываюцца вось такія жудасныя рэчы… Відавочна, што ніякага пакарання злачынцам, якія руйнуюць гістарычную спадчыну горада не прадугледжана, бо вінакурня таксама не была аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны.  І ўсё гэта робіцца ў год малой радзімы! Вось такім чынам любяць сваю малую радзіму ў Крычаве…. Зруйнаваць у нас гэта на раз-два, а вось захоўваць, на вялікі жаль, розуму не хапае.

Рэшткі ўмацаванняў на Замкавай гары

Шкада, што мясцовыя актывісты далей за ўсталяванне чарговай самаходкі ці гарматы не бачаць багацейшую і надзвычай цікавую гісторыю Крычава. З сумам толькі магу канстатаваць, што часта ініцыятывы ў сферы гістарычнай памяці ў горадзе вылучаюцца адыёзнасцю і недарэчнымі прапановам. Прыкладам можа стаць ініцыятыва мясцовага гістарычнага музея па стварэнню пакояў Кацярыны II. Ідэя мякка кажучы дзіўная. Сапраўды Кацярына аднойчы была ў горадзе, бо нават адна са старых дарог, насыпы ад якой бачны да сённяшняга часу, называецца Кацярынінскім шляхам. Але ці варта адзін візіт манарха іншай дзяржавы да свайго палюбоўніка графа Пацёмкіна музеефікаваць? Сёння ўжо не выклікае здзіўлення што ў палацы Пацёмкіна-Галынскіх, дзе знаходзіцца музей і мясцовы ЗАГС, праводзяцца мерапрыемствы ў стылі Кацярыны ІІ і Пацёмкіна, што не толькі не актуалізуе беларускую гісторыю, а прапагандуе гістарычных персанажаў іншай краіны. Вельмі хочацца каб не забывалася гісторыя нашай краіны, аднак, як паказвае практыка, не ўсюды гатовы шанаваць уласную мінуўшчыну і захоўваць яе для нашчадкаў.

Алесь Крыжэвіч