Галоўная » Алесь Сабалеўскі » Page 2

Выбары-2020 у Магілёве. Фальстарт

Яшчэ пакуль няма магчымасці адлюстраваць поўную карціну незалежнага назірання, якое адбываецца на ўсіх выбарчых участках, але  некалькі самых паказальных момантаў прапануем да вашай увагі.

На ўчастку нумар 14 Ленінскага раёна горада Магілёва афіцыйна зарэгістраваных назіральнікаў ад кампаніі “Права выбару” дачакаліся, пры іх апячаталі скрыню і тут жа пачалі настойваць пакінуць памяшканне. На пытанні пра падставы, пра абгрунтаванне, старшыня камісіі прад’явіў дакумент “ад Ярмошынай”. Звычайны аркуш паперы, без подпісаў і пячатак, які юрыдычна не мае ніякай сілы і можа разглядацца ў крайнім выпадку толькі як рэкамендацыйны дакумент для арганізацыі унутранай працы камісій.

Пытанняў з боку назіральнікаў задавалася шмат – у карэктнай форме, па справе і без перавышэння паўнамоцтваў. Напрыклад, старшыню камісіі было прапанована падрыхтаваць рашэнне камісіі ў пісьмовай форме па факце абмежавання права ўдзелу незалежных назіральнікаў у выбарчай кампаніі. Аднак старшыня толькі бездапаможна махаў “дакументам ад Ярмошынай”, канструктыўна арганізаваць працу ўсіх разам назіральнікаў адмовіўся – пакінуўшы “сваіх” і пачаўшы пагражаць выклікаць участковага, каб прымусіць сысці з участка “несваіх”.

Для паўнаты карціны: “участковы” апынуўся… падпалкоўнікам. Другі цікавы факт: сябраў камісіі перад адкрыццём участка прама да варот даставілі на службовым мікраўтобусе Беларускай чыгункі. Ну і ў дадатак: замест трох крэслаў (3-га жніўня звечара сакратарка камісіі падавала гэту колькасць максімальна дапушчальнай у святле таямнічых дакументаў “зверху”) – зраніцы 4 жніўня ўжо было чатыры “пасадачных месцы”, якія былі ўсе занятыя. Але гэта не ўсё – назіральнікам ад камуністычнай партыі актыўна жадала быць жанчына (на выгляд гадоў 80-ці) – якую таксама ўважылі. Дарэчы, гэта жанчына апынулася адной з нешматлікіх на ўчастку, хто быў у марлявай павязцы. Ні дэзынфікцыйных сродкаў, ні пальчатак заўважана не было. Кабіны для галасавання былі адкрытыя.

Наконт неправамерных дзеянняў камісіі на 14 участку была складзена скарга ў Ленінскую раённую камісію.

Наколькі стала вядома, такая ж сітуацыя адбывалася і ў Кастрычніцкім раёне горада Магілёва. Афіцыйна зарэгістраванага назіральніка Алеся Сабалеўскага палову дня спрабавалі “выдаліць” спачатку з участка, а потым з тэрыторыі непасрэдна перад дзвярыма на ўваходзе на ўчастак (у тым ліку вялікія намаганні прылагаў старшыня камісіі). Са з’яўленнем на месцы падзей старшыні раённай камісіі прагучалі пагрозы вызваць міліцэйскую падмогу. Спадар Сабалеўскі  напісаў скаргі пра парушэнні Канстытуцыі, Выбарчага кодэксу і правоў чалавека ў раённую камісію і ў пракуратуру.

Высновы наступныя – як і на ўсіх папярэдніх выбарах апошніх двух дзесяцігоддзяў – робяцца бессаромныя спробы паддтасаваць вынікі выбараў. Прадстаўнікі чыноўніцтва настолькі прызвычаіліся да падмены паняццяў, што ўласную хлусню ў адкрытай форме прымаюць за норму.     Ніякага сапраўднага галасавання няма ўжо з самых першых гадзін выбарчай кампаніі.

Відэа: Яўген Глушкоў

С. Вецер

Непераможныя тараканы і загадкавы чалавек

Як вядома, у кожным чалавеку жывуць свае тараканы, і яны ў кожнага вельмі розныя па ўзроўню развіцця, па інтэлекту ці іншым асаблівасцям. Часам, калі двое людзей сустракаюцца і пачынаюць весці кожны сваю інтэлектуальную гульню, гэтыя тараканы могуць справакаваць амаль тэатральную гісторыю, смешную да слёз, але з сур’ёзным падтэкстам.

Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Галец

Чарговую прэм’еру падрыхтаваў для аматараў тэатральнага мастацтва Магілёўскій драматычны тэатр. На малой сцэне тэатра 4, 5 і 14 сакавіка можна паглядзець камедыю «Акадэмія смеха» – гісторыю пра адзінства супрацьлегласцяў, аб складаным, загадкавым працэсе сумеснай творчасці, аб чалавечай самотнасці, а яшчэ аб тым, што чалавека ніколі нельга дазнацца да канца. Кожны глядач, знаходзіць у гэтай гісторыі нешта вельмі важнае для сябе, не гледзячы на тое, што справа адбываецца ў далёкай Японіі і ў далёкім 1940 годзе.

Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Андрэй Каралевіч ахарактарызаваў жанр сваёй працы як «пошукі смешнага ў 1-м акце» і прыдумаў незвычайную трактоўку твора. Дадзеная пастаноўка будзе яго рэжысёрскім дэбютам. Аўтар аднайменнай п’есы – прызнаны японскі камедыёграф Кокі Мітані, пераклаў тэкст з ангельскай мовы Дзмітрый Лебедзеў.

Сваіх тараканаў на сцэне прэзентуе бліскучы акцёрскі дуэт: Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Галец і Мікалай Раманоўскі.

Рэкамендаваны узрост: 16+
Кошт квітка: 10 і 9 рублёў
Білеты – у касе тэатра, у распаўсюджвальнікаў і на сайце kinoteatr.megamag.by
Спасылка на онлайн-продаж квіткоў: kinoteatr.megamag.by/newsdesk_info.php?newsdesk_id=4650

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара

 

Больш фота:

 

Сучасны погляд на вечныя праблемы і пытанні

Новую прэм’еру прадставіў Магілёўскі драматычны тэатр. «Бог ездзіць на веласіпедзе» – такую назву мае пастаноўка, але яна не пра аматараў ровараў і толькі ўскосна пра Бога. Гэта спектакль, які аўтары трактуюць як «заваяванне свету ў адным дзеянні», пра маладых людзей, нават падлеткаў, пра іх думкі і пачуцці, мары і ўчынкі. А яшчэ ён вельмі драйвовы і мае мінімум дэкарацыяў, дзеянне пабудавана на дынаміцы і адкрытасці пачуццяў, як і язда на ровары.

Спектакль пастаўлены маладымі людзьмі, пра маладых людзей, але не менш цікава яго паглядзець і ўжо дарослым глядачам, якія маюць сваіх дзетак (аўдыторыя пазначана як 12+)
Перш за ўсё любая п’еса – пра пачуцці людзей, таму тэатр ніколі не згубіць свайго глядача, бо пачуцці можна па-сапраўднаму перадаць толькі ўжывую, ад жывых акцёраў

Спектакль – спроба раскрыць унутраны свет падлетка, асэнсаваць праблемы ва ўзаемадзеянні як паміж аднагодкамі, так і ў дачыненні з бацькамі. Героі кажуць жывой сучаснай мовай, дзеляцца сваімі праблемамі, рэфлексуюць ад сутыкнення з рэальнасцю, спрабуюць разабрацца ў сабе. Яны імкнуцца наладзіць камунікацыю са знешнім светам і знайсці ў ім свой шлях, які не абавязкова павінен адпавядаць чаканням бацькоў. У іх няма гатовага маршруту і навігатара, затое ёсць карта для заваявання свету.

Бацькі і дзеці – вечная тэма
Сучасныя мультымедыйныя тэхналогіі – ужо звычайная справа ў тэатры, і гэта дадае глыбіні і пранікнення ў пастаноўку

Ва ўсе часы «правільным» падлеткам – вясёлым, спартовым і жыццярадасным, быць вельмі цяжка, а ўсе адхіленні ад «нормы» успрымаюцца іншымі як ненармальнасць ці ўвогуле, як хвароба. А яшчэ цяжэй выпадкова вырасці і ўсвядоміць, што за ўсё жыццё ты так і не сустрэў чалавека, з якім можна пагаварыць па-сапраўднаму…

У спектаклі ўдзельнічае не шмат актораў, амаль няма дэкарацыяў, але гэта толькі падкрэслівае значнасць і шырыню тэмы адносінаў паміж людзей, асабліва на пачатку іх жыцця
Рэжысёр спектаклю – Паліна Дабравольская

П’еса напісана маладымі драматургамі Ірынай Васькоўскай і Дар’яй Уткінай. Такі ж малады і рэжысёр – Паліна Дабравольская, выпускніца БДАМ, акторка мінскага Тэатру «Тэрыторыя мюзікла». І, безумоўна, бальшыню роляў у спектаклі выконваюць акторы, якія самі літаральна некалькі год таму яшчэ вучыліся ў школе, і ўсе перажыванні і пачуцці падлеткаў ім вельмі блізкія.

Ролі выконваюць:
Кірыл, 14 гадоў – Вадзім Арціменя
Наташа, 14 гадоў – Анжаліка Баргчан, Вольга Ліфпуц
Брат Наташы, 25 гадоў – Андрэй Корзан
Святла, 14 гадоў – Лізавета Кароткая
Макараў, 14 гадоў – Ягор Шабетнік
Маці Кірыла – Яўгенія Белацаркоўская
Бацька Кірыла – Уладзімір Пятровіч
Псіхолаг – Данііл Самкнулов

Бліжэйшыя прэм’ерныя паказы пройдуць 27 і 28 лютага, а наступныя толькі ў траўні.
Білеты можна купіць у касе тэатра (даведкі па тэл. 8(0222)65-66-04)
альбо анлайн па адрасе: kinoteatr.megamag.by/index.php?cPath=198213

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара

 

 

Размова пра мову, культуру і ідэнтычнасць з Таццянай Грыневіч

Серыя размоваў пра беларускую мову, пра нацыянальную культуру і ідэнтычнасць з вядомымі беларускімі дзеячамі культуры, якія наведваюць час ад часу Магілёў.

Мы распытваем гасцей пра іх творчасць, пра культурнае асяроддзе і прастору, пра магчымасці нешта ствараць адметнае але пры тым захоўваць традыцыі. Абмяркоўваем сучасны стан нацыянальнай культуры ў яе розных сферах, яе гісторыю і развіццё, праблемы і варыянты іх вырашэння.

Ну і, безумоўна, адно з галоўных пытанняў – захаванне і пашырэнне ўжытку роднай беларускай мовы, як асноўнага складніка не толькі самой культуры, але і нашай ідэнтычнасці, адметнасці і ўнікальнасці сярод іншых культур і народаў свету.

Размова з Таццянай Грыневіч-Матафонавай адбылася 29 студзеня 2020 году, дапамагала размаўляць з госцяй Таццяна Красоўская, а памяшканне для запісу праграмы прадаставіў Музей гісторыі Магілёва.

Аўтарскі праект Алеся Сабалеўскага

Горад Сонца Аляксандра Суворава

Персанальная выстава магілёўскага мастака Аляксандра Суворава адкрылася ў Музеі В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Свой праект «Горад Сонца» творца прысвяціў Магілёву – гораду, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва, а таксама сваім сябрам і людзям, якія былі побач і пакінулі незабыўны след у жыцці і памяці мастака.

Такім бачыць мастак свой Горад Сонца

«Горад сонца» – мастацкі праект, своеасаблівы погляд у мінулае горада, на страчанае з часам гістарычнае аблічча, на падзеі, якія ў ім адбываліся ў розныя часы. І гэты погляд мастака прасякнуты цёплым святлом, шчырай любоўю да свайго роднага горада, успамінамі з дзяцінства і юнацтва, пераасэнсаванымі ведамі пра нашу гісторыю, накладзенымі на сучаснасць і на асабістыя ўяўленні аб прыгажосці.

Аўтарскае бачанне знакамітай гарадской гістарычнай падзеі 1 лютага 1661 года
“Небяспечная гульня” – гэтая тэма надзвычай актуальная і ў наш час

Яшчэ можна, хоць з часам усё цяжэй, адшукаць у рэальным Магілёве куточкі старога гораду, але паступова знікаюць знаёмыя дамы і двары, мяняюць воблік кварталы горада, з якімі звязаны кранальныя ўспаміны юнацтва. У сваіх творах, прысвечаных Магілёву, мастак спрабуе аднавіць страчаныя краявіды горада з дапамогай архіўных фотаздымкаў, гістарычных гравюр, свайго мастацкага ўяўлення і назірання гарадскога жыцця вакол сябе.

Напэўна, неяк так выглядаў у ранейшыя часы Шклоўскі рынак, якога ўжо даўно няма
Будні магілёўскага дворыка ўжо больш блізкага часу
А гэта ўжо больш звычайныя краявіды, але і яны зараз хутка мяняюцца

На выставе можна пабачыць і звычайныя, але такія родныя і блізкія для кожнага магілёўца краявіды, і фантазійныя выявы гораду мінулых часоў, з амаль класічнымі для беларускага мастацтва вобразамі палётаў над гарадскімі дахамі. Мастацкая тэхніка Аляксандра Суворава перадае ўсё надзвычай жыва і па-сапраўднаму, з дакладнымі і вельмі адпаведнымі розным эпохам дэталямі. Здаецца, што персанажы на палотнах могуць пачаць рухацца ў любы момант, што яны і сапраўды жывуць у сваім незвычайным свеце, хоць гэты свет і прыдуманым мастаком, і пры гэтым пададзены зусім не ў стылістыцы “сацрэалізму”.

Пад час адкрыцця выставы Аляксандр Сувораў расказаў пра горад свайго дзяцінства, пра свой мастацкі праект і гісторыю яго задумкі і рэалізацыі
А пра самога мастака падрабязна распавяла Святлана Строгіна – дырэктарка музею імя Бялыніцкага-Бірулі

Аляксандр Сувораў нарадзіўся ў Магілёве ў 1957 годзе.
Мастацкую адукацыю атрымаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), дзе вучыўся на аддзяленні графічнага дызайну. Пасля пяцігадовай вучобы ў Мінску вярнуўся ў родны горад. Працаваў у майстэрнях фонду Саюза мастакоў у розных мастацкіх накірунках: графічны дызайн, праектаванне выстаў і комплекснае мастацкае афармленне фестываляў і гарадскіх свят. Таксама шмат зроблена манументальна-дэкаратыўных роспісаў на гістарычную тэматыку, у тым ліку мурал на вуліцы Ленінскай і роспіс мемарыяльнай капліцы на Буйніцкім полі.
Свае творчыя працы ў галіне жывапісу і графікі пачаў выстаўляць яшчэ падчас навучання ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Потым былі персанальныя мастацкія выставы і аўтарскія праекты, удзел у міжнародных сімпозіумах і выставах. Творы мастака знаходзяцца ў Музеi сучаснага выяўленчага мастацтва (г. Мінск), у мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Магiлёўскiм абласным мастацкім музеi iмя П.В. Масленiкава, Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е.Р. Раманава, Музеі гісторыі Магілёва, раённых музеях Магілёўскай вобласці, у мастацкай калекцыі Прыорбанка, прыватных галерэях i калекцыях розных краін свету.

Выставу Аляксандра Суворава «Горад сонца» можна наведаць да 3 сакавіка. Музей імя Бялыніцкага-Бірулі працуе з 10:00 да 18:00, выходныя дні – панядзелак і аўторак, адрас – г. Магілёў, вул. Ленінская. 37.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара

 

 

Магілёў наведалі патрыятычныя гарадзенскія Dzieciuki (фота)

У Магілёве адбыўся першы ў нашым горадзе клубны выступ гарадзенскага гурта Dzieciuki. Канцэрт прайшоў у начным клубе CUBA ў нядзелю 15 снежня ў надзвычай патрыятычнай і сяброўскай атмасферы. 

Магілёўская публіка вельмі цёпла сустрэла гасцей, у залі луналі гістарычныя нацыянальныя сцягі, народ дружна падпяваў музыкам, калі гучалі вядомыя ўжо хіты. Настрой вечару дадавалі бадзёра-пазітыўныя воклічы, што Беларусь жыве.

Dzieciuki – беларускі фолк-панкавы гурт з Гродна, які пазіцыянуе сябе як асветніцкая музычная брыгада. Тэксты бальшыні песень калектыву маюць выразную патрыятычную тэматыку і распавядаюць пра малавядомыя старонкі беларускай гісторыі. Гурт заснаваны ў 2012 годзе, за гэты час выйшла тры студыйныя альбомы: «Гарадзенскі гармідар»«Рэха» і «Радыё «Harodnia» (апошні свой альбом музыкі і прэзентавалі ў Магілёве). Частка тэкстаў першага альбому была прысвечана беларускім паўстанцам розных часоў: каліноўцам, балахоўцам і «лясным братам».

Хоць Dzieciuki каманда адносна маладая, але ўжо мае пэўную вядомасць і шмат сваіх прыхільнікаў. З творчасцю Дзецюкоў звязана і некалькі гучных гісторый. Так, увосень 2014 года ў полі непадалёк ад Заслаўя музыканты здымалі відэакліп на песню «Хлопцы-балахоўцы». Пасля завяршэння здымак на месца прыехаў аўтазак з АМАПам і павёз усю здымачную групу з васямнаццаці чалавек у пастарунак. Па словах міліцыянтаў іх выклікаў мясцовы жыхар, якога напалохалі ўзброеныя людзі. Музыканты сапраўды былі «узброены» рознымі муляжамі зброі і былі апранутыя ў ваенную форму часоў Грамадзянскай вайны. Музыкам таксама было абвешчана, што на правядзенне здымак трэба мець дазвол, без якога іх дзеянні лічацца несанкцыянаванай акцыяй. Праз тры гадзіны, пасля апытанняў, хлопцы былі адпушчаныя, а зняты матэрыял супрацоўнікі міліцыі забралі на дзесяць дзён «для высвятлення зместу». Але пасля ўсіх прыгодаў кліп усё ж выйшаў і стаў досыць папулярным.

Алесь Дзянісаў — музыкант, рок-паэт, адзін з заснавальнікаў Дзецюкоў Влад «DzyaDZEN’ka» Бернат За акардэонам – Мікола «Калямба» Палякоў Бас-гітарыст і адзін з салістаў Андрэй «Пітон»

Яшчэ варта дадаць, што ў першыя гады існавання Dzieciuki мелі магчымасць выступаць з канцэртамі амаль выключна за межамі Беларусі, у асноўным у Польшчы. Доўгі час Міністэрства культуры Беларусі не давала дазвол на канцэртную дзейнасць калектыву праз «нізкі мастацкі ўзровень» іх творчасці. Толькі зусім нядаўна калектыў атрымаў гастрольнае пасведчанне, але ўсё яшчэ выступае на сцэне ў цішотках з жартаўлівым адпаведным папярэджаннем.

“Увага – нізкі мастацкі ўзровень!” Пад канец музычнага шоў склад удзельнікаў гурта агучылі ў выглядзе “расстрэльнага спіса” НКВД Акрамя узгаданых вышэй удзельнікаў у склад гурта ўваходзяць гітарысты Лёха Пудзін і Андрэй Пудзін, бубнач Саня «Барабан» Рацько  Моцныя пацісканні рук – як шчырая ўдзячнасць ад магілёўскіх прыхільнікаў Дзецюкоў І традыцыйнае фота на памяць

У красавіку 2019 года гурт Dzieciuki прэзентаваў відэакліп на песню «Калі над лугам бусел праляцеў» са свайго новага альбома. Відэа было знята ў польскай вёсцы Чорная Бухта на мяжы Польшчы, Літвы і Беларусі. У мінскім клубе Re: Public адразу пасля прэм’еры кліпа прайшоў і вялікі сольны канцэрт гурта. Гэта быў першы за апошнія тры гады сольны канцэрт гурта Dzieciuki, які быў дазволены ў Мінску.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара

Анімаёўка ХХІІ

У Магілёве распачаў сваю працу ХХІІ фестываль анімацыйных фільмаў Анімаёўка. Падзея вельмі важная і выбітная не толькі для горада і рэгіёна, але і для ўсёй краіны, бо падобнага свята мультыплікацыі, напэўна, няма больш нідзе, нават у іншых краінах.

Асноўная пляцоўка фэстывалю – кінатэатр Радзіма У фае кінатэатру Працы на конкурс дзіцячай мастацкай і дэакаратыўна-прыкладной творчасці У чаканні выхаду на сцэну Адкрывае фестываль намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка

З кожным годам фестываль пашырае свае межы, далучаюцца ўдзельнікі з новых краінаў, ды і мультоў здымаюць і дасылаюць на конкурс усё больш, і не толькі папулярныя вядомыя анімацыйныя студыі, але і невялікія калектывы. Сёлета да ўдзелу ў фестывальнай праграме было заяўлена 49 краінаў, якія прадставілі ажно 353 анімацыйных фільма. Але, каб занадта не перагружаць праграму, экспертная камісія вылучыла на конкурс 124 працы з 29 краінаў. Найбольшая колькасць мультфільмаў прадставіла Беларусь – 33 стужкі, з іх 7 у асноўную намінацыю, і 26 – у конкурсную праграму дзіцячай анімацыйнай творчасці.

Прадстаўнічае журы конкурсу ўзначальвае Леанід Носыраў, ганаровы дзеяч мастацтваў Расіі, прафесар, рэжысёр, сцэнарыст і мастак-аніматар. З беларускага боку ў склад журы ўвайшлі Міхаіл ТумеляЕлена Турава і Таццяна Кульбіцкая.
Урачыстае адкрыццё традыцыйна прайшло ў кінатэатры Радзіма з вялікай канцэртнай праграмай, якую падрыхтавалі шматлікія музычныя дзіцячыя калектывы гораду. Для ўдзельнікаў выступіў са сваймі песнямі вядомы кампазітар Генадзь Гладкоў. Ён нават выцягнуў на сцэну ўсіх дзетак з залі, каб разам праспяваць знакамітую песню з мультфільму пра пластылінавую варону і сыр.

Леанід Носыраў, ганаровы дзеяч мастацтваў Расіі, прафесар, рэжысёр, сцэнарыст і мастак-аніматар Адзін з канцэртных нумароў на адкрыцці фестывалю Былі пералічаныя і некаторыя з фільмаў конкурснай праграмы ад розных краінаў Грыгорый Гладкоў, ганаровы дзеяч мастацтваў РФ, сябра Саюзу кампазітараў і Саюзу кінематаграфістаў Расіі

Фестываль будзе доўжыцца да 27 кастрычніка, разнастайныя кінапрагляды, сустрэчы і майстар-класы пройдуць у кінатэатрах гораду і ў раённых цэнтрах. Акрамя конкурсу мультфільмаў у некалькіх намінацыях, традыцйна для фармату фестывалю Анімаёўка пройдзе і конкурс дзіцячай мастацкай і дэакаратыўна-прыкладной творчасці. Адпаведныя выставы можна пабачыць у кінатэатрах. Паколькі ў конкурсе анімацыі ўдзельнічаюць фільмы самай рознай тэматыкі і ўзроставага дыяпазону, кінапаказы будуць адбывацца ў фармаце асобных праграм – «Залатая калекцыя Анімаёўкі», «Дэбютнае анімацыйнае кіно», «Бяссоніца», «Мультфейерверк» і іншых. Да 95-годдзя кінастудыі «Беларусьфільм» пройдзе праграма «Беларуская анімацыя».

Арганізатарамі форуму выступаюць Міністэрства культуры Беларусі і Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара

“Святая” Расія ў “Белай Русі” (фотарэпартаж)

Госці са Смаленшыны ў нядзелю 13 кастрычніка прадставілі ў канцэртнай зале «Магілёў» праграму пад назвай «У іх імёнах чуецца Русь». 

Канцэрт з удзелам творчых калектываў Смаленскай вобласці быў прымеркаваны да акцыі «Дні духоўнай культуры Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь». Госці паказалі магілёўцам апрацаваныя народныя танцы, у тым ліку і з беларускім каларытам, прагучалі не толькі рускія народныя спевы, але і народныя песні са Смаленшчыны – этнічных беларускіх земляў, і нават з усходняй Магілёўшчыны.

Канцэрт быў досыць цікавы, адзінае, што крыху засмуціла – арганізатары даволі нясціпла абазвалі Расію “святой”, а нашу краіну ўсяго толькі “Белай Руссю” Прэзентацыя ўдзельнікаў канцэрту Народны ансамбль танца “СлавянеФальклорны ансамбль “Талан” Салістка Віалета Калачук Гледачы нават дружна падпявалі выканаўцам, калі гучалі знаёмыя мелодыі Традыцыйна, падобныя імпрэзы наведваюць прадстаўнікі кіраўніцтва горада і вобласці

Акрамя канцэрту, напярэдадні быў праведзены тэматычны Круглы стол «Фальклор як захавальнік духоўнай культуры». У ім удзельнічалі навуковыя дзеячы, фалькларысты, этнакультуролагі, спецыялісты ўстаноў культуры, якія займаюцца праблемамі захавання фальклорнай спадчыны рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Падчас круглага стала адмыслоўцы разгледзілі важныя пытанні захавання і папулярызацыі фальклорнай спадчыны, падзяліліся досведам  уключэння фальклору ў сучасную забаўляльную прастору. Адным з акцэнтаў сустрэчы было вывучэнне фальклору кампактнага пражывання беларусаў у Расіі, удзельнікі абмеркавалі і праблемы вывучэння, прэзентацыі і захавання этнакультурнай спадчыны поліэтнічных рэгіёнаў.

Для гасцей і наведнікаў мерапрыемстваў у фае канцэртнай залі была арганізавана выстава вырабаў майстроў Магілёўшчыны «З крыніц народных», а перад канцэртам усіх частавалі смачнымі смаленскімі сушкамі.

Выстава “З крыніц народных” Традыцыйныя смаленскія лялькі вельмі падобныя на беларускія лялькі з Магілёўшчыны Смаленскія сушкі былі досыць смачныя, але сціплыя магілёўцы чамусці не дужа актыўна частаваліся, а калі і бралі, то ўсяго па некалькі абараначкаў) І яшчэ адно назіранне – бальшыню глядачоў на канцэрце складалі жанчыны, прычым у асноўным паважанага веку, моладзь была прадстаўлена амаль толькі курсантамі-сувораўцамі. Адзначым, што наведаць канцэрт можна было па запрашэнням, а для гледачоў у залі нават паставілі дадатковыя крэслы Удзячныя апладысменты артыстам

Сумесную імпрэзу для магілёўцаў зладзілі Магiлёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці разам з Дзяржаўным Расійскім Домам народнай творчасці імя В.Д. Паленава, Смаленскім абласным цэнтрам народнай творчасці, і пры падтрымцы Міністэрстваў культуры абодвух краінаў.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара

 

Больш фота:

“Сумныя песні” прагучалі ў Магілёве

Новы свой вобраз і новы альбом “Сумныя песні” прэзентавала ў Магілёве PALINA – спявачка, раней вядомая як Рэспубліка Паліна. Зараз яна ладзіць канцэртны тур па Беларусі, але адметнасць яго не толькі ў тым, што Паліна змяніла вобраз і стылістыку сваёй музыкі. Летась яна вельмі паспяхова паўдзельнічала ва ўкраінскім музычным тэлешоў Х-фактар, і, дзякуючы інтэрнэту, набыла не мала новых прыхільнікаў і ў Беларусі.

PALINA ў цмяным блакітным асвятленні выглядала досыць загадкава і незвычайна PALINA пад кожны свой твор стварае адпаведны вобраз

Не скажу, што клуб CUBA, дзе 21 красавіка адбыўся канцэрт, быў перапоўнены, але па захопленым вачам і шчырым воплескам публіка была задаволеная, добра прымала як новыя творы Паліны, так і прасіла выканаць нешта са “старога”. Ну і адзначу, што ў большасці тут былі зусім маладыя дзяўчаты, хоць, можа, я дужа і не заўважаў у цемры, хто быў у глыбіні залі, але каля сцэны сабраліся сапраўдныя юныя фанаткі такой жа маладой спявачкі.

Не адбылося і без тэхнічных накладак. Паколькі Паліна выступае адна – сама падыграе сабе то на гітары, то на клавішах, шмат чаго залежыць ад камп’ютэра. Пад час канцэрту перыядычна глючыла гукавая карта, праз якую ўсё было падключана да клубнага абсталявання. Але, як сапраўдны артыст, ды яшчэ і выпрабаваны ў бітвах на тэлешоў, спявачка не гублялася, пераводзіла ўсё ў жарт, чаргавала камп’ютарную музыку з акустычнай гітарай.

Удзячная публіка яшчэ і выклікала спявачку на “біс”, а потым прыхільнікі цярпліва чакалі ў чарзе па аўтограф і сэлфі з Палінай.

Час ад часу тэхніку даводзілася “угаворваць”, каб яна пачала зноў працаваць Новыя творы з альбому “Сумныя песні” патрабуюць адпаведнага настрою Але былі песні і больш вясёлыя, аўдыторыя не сумавала Кветкі ад удзячных “фанатак” Чарга па аўтограф і сэлфі

Пасля канцэрту зладзіў невялічкае інтэрв’ю са спявачкай:

 

– На днях адбыўся Ваш канцэрт у Віцебску, ці ёсць нейкая адрознасць ва аўдыторыі тут і там?

 

У параўнанні з Віцебскам публіка тут была больш сціплая. У Віцеску ўсе гучна падпявалі, а тут быццам саромеліся гэта рабіць. Але было вельмі прыемна выступаць, бо было бачна, што слухачы зацікаўленыя у тым, што я раблю, вельмі ўважлівыя і для іх важна, што ты будзеш казаць, спяваць. Бывае так, што людзі прыходзяць толькі на адну песню, якую ведаюць, а астатняе ім не цікава. Тут так не было.

 

– Паліна, у Вас быў невялікі творчы перапынак, зараз Вы змянілі імідж, заўважныя змены ў музыцы, як успрымае гэта публіка, Вашы прыхільнікі?

 

У мяне, хутчэй, быў пэўны музычны пошук, а не сцэнічны. Тое, што ёсць знешняе, складалася цягам 20-30 канцэртаў, у гэтым я больш арыентуюся на сваю інтуіцыю. І я заўважыла, што ў мяне вельмі змянілася аўдыторыя, бо яшчэ паў гады таму так сама быў канцэрт у Віцебску, і там была больш дарослая публіка, шмат людзей значна старэйшых за мяне. А зараз тут, і на ўчорашнім віцебскім канцэрце, былі не проста моладзь, а нават падлеткі, зусім дзяўчынкі прыходзілі. Думаю, гэта такі “рэкашэт” таго, што я паўдзельнічала ў тэлевізійным шоў, а аўдыторыя там як раз больш юная, таму ў мяне з’явілася шмат новых і маладых “фанаў”. Але я ведаю, што, усё ж, мая аўдыторыя вельмі розная, і па ўзростах, і па прафесіях, і мне ад гэтага прыемна і добра.

 

– Я як раз хацеў і пра Ваш удзел у Х-фактары запытацца – як туды патрапілі, наколькі ўдзел у такім значным праекце паўплываў на вашу творчасць, погляды?

 

Я выпадкова паехала на шоў ва Украіну. Але даўно хацела паўдзельнічаць у падобным конкурсе – вакальным. Мяне запрасілі і я была вельмі шчаслівая, што так лёгка ўсё ўдалося, без складаных касцінгаў. Я паехала адразу на тэлебачанне і там спявала, пры чым менавіта сваю песню, што не часта бывае ў тэлешоў такога фармату, бо звычайна там выконваюць каверы – усім вядомыя творы.

Прайшоўшы амаль да самага фіналу я вызначыла для сябе, што там у мой выступ было ўкладзена шмат увагі, шмат грошаў. Шоў транслявалася ў прам-тайм на ўсю краіну, і не адзін з выступаў не параўнаецца з простым канцэртам па эмоцыях. Гэта звязана з тым, што там ты крыху “не Ты”, а тое, што з цябе зрабілі, ты губляеш нейкае сваё “Я”, і за тым нумарам, касцюмамі, мэйкапам, аранжыроўкамі ты не адчуваеш нічога свайго. І гэта было такое невялікае расчараванне, з аднаго боку, з іншага – з’явілася адчуванне, што мне рабіць, што я на сваім месцы, і што мне ў гэтым падабаецца.

Можа, пакуль у мяне не ўсё добра і гладка, але я вучуся, калі не ўсё атрымліваецца, я спрабую яшчэ раз, і такія маленькія перамогі, на мой погляд, больш важныя, чым хвілінны поспех.

 

– А можаце параўнаць украінскае тэлебачанне з нашым?

 

Ва Украіне “касмічны” узровень тэлебачання. Такога ўзроўню, як у іх, у Беларусі не будзе, я думаю, і праз дваццаць год. І гэта шмат у чым звязанае з палітыкай, бо тэлебачанне з’яўляецца моцным палітычным сродкам, таму ёсць шмат людзей, якія зацікаўленыя ўкладаць у гэта грошы. Зараз Зяленскі стаў прэзідэнтам Украіны, аб чым тут можна размаўляць.

Калі я першы раз патрапіла туды на кастынг, была вельмі ўражаная, як там усё працуе, як выглядае – тэхніка, дэкарацыі, такога, нажаль, у нас няма.

 

– Але вернемся назад у Магілёў. Апошняе пытанне – Вашыя агульныя ўражанні ад сённяшняга канцэрту і, коратка, што ў планах?

 

Сёння быў вельмі складаны канцэрт, але мне такое падабаецца, бо гэта моцнае выпрабаванне на тое, што ты артыст. Для мяне быў цікавы досвед Х-фактару – тое, што калі бачыш артыстаў вельмі сур’ёзнага маштабу, якія збіраюць велізарныя пляцоўкі, якіх усе ведаюць, то заўважаеш, што пасля любой экстрэмальнай падзеі, ці калі нешта сумнае ў цябе здарылася, ты мусіш заўжды быць артыстам, заўжды спяваць гучна, і нікога не хвалюе, што ў цябе адбываецца. Безумоўна, выступаць адной, без падтрымкі на сцэне, вельмі цяжка, але пакуль так глабальна – мець гурт і займацца музыкай у Беларусі, я не магу. Але, спадзяюся, што буду развівацца, усяму свой час.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара