Галоўная » Алина Скребунова » Page 2

Суд Ленінскага раёна Магілёва пакараў журналістаў вялікімі штрафамі

Суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Таццяна Касцюк 29 мая пакарала штрафамі “за незаконны выраб прадукцыі СМІ для замежнага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” магілёўскіх журналістаў Аліну Скрабунову і Яўгена Глушкова.

Аліна Скрабунова і Яўген Глушкоў

На падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП на Аліну Скрабунову накладзены штраф у памеры 50 базавых велічынь. Яўген Глушкоў аштрафаны на 30 базавых велічын.

У судзе журналістам ставіўся ў віну выраб двух відэасюжэтаў для тэлеканала “Белсат” — пра высяленне жыхароў дамоў у Магілёве з-за памылкі ўладаў, і пра самагубства кіраўніка аграхолдынга “Купалаўскае” ў Шклоўскім раёне.

Пасля таго, як суддзя адмовілася выслухаць хадайніцтва Аліны Скрабуновай аб дазволе фота- і відэаздымкаў працэсу, абвінавачаныя журналісты пакінулі залу судовага пасяджэння. Разам з імі сыйшлі ўсе, хто прыйшоў падтрымаць Скрабунову і Глушкова, — сябры з ГА “БАЖ”, а таксама людзі, пра якіх журналісты рабілі рэпартажы.

“Таццяна Касцюк выконвае палітычны заказ, бо ведаюць, што яна прыме патрэбнае рашэнне. Яна не хацела задавальняць усе нашы хадайніцтвы, не захацела нават іх слухаць. Учора яна мне не хацела даваць справу на азнаямленне. Сёння ж заявіла, што не памятае, што выносіла мне абвінаваўчы вырак. Навошта прысутнічаць на працэсе, калі ўсё загадзя вырашана”, – зазначыла Аліна Скрабунова ў гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ”.

Нагадаем, у лістападзе 2017 года суддзя Таццяна Касцюк ужо карала Аліну Скрабунову штрафам у памеры 30 базавых велічынь паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП.

Гэта стала падставай для таго, што на судовым слуханні 29 мая 2018 года Аліна Скрабунова і Яўген Глушкоў заявілі адвод суддзі Касцюк. На думку журналістаў, паколькі суддзя прызнала віну Аліны Скрабуновай у лістападзе мінулага года, тое ж самае яна зробіць і цяпер, нягледзячы на ўсе іх довады і аргументы. Журналісты патлумачылі недавер суду тым, што суддзя Касцюк зацікаўленая ў абвінаваўчым выраку, паколькі апраўдальны будзе супярэчыць ранейшаму яе рашэнню.

Таццяна Касцюк не задаволіла хадайніцтвы журналістаў, падкрэсліўшы пры гэтым, што яна не мае нейкай асабістай зацікаўленасці пры разглядзе адміністрацыйнай справы.

Калі ўдзельнікі працэсу выйшлі на вуліцу, высветлілася, што іх таемна здымаюць з мікрааўтобуса невядомыя людзі ў цывільным.  Яны не захацелі патлумачыць, якое выданне ці ўстанову прадстаўляюць.

Па словах Скрабуновай і Глушкова, яны абавязкова будуць абскарджваць пастанову суддзі Касцюк у Магілёўскім абласным судзе.

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што адміністрацыйная справа ў дачыненні журналістаў Аліны Скрабуновай і Яўгена Глушкова палітычна матываваная. Праваабаронца звязвае ціск на магілёўскіх журналістаў з агульнай хваляй рэпрэсій у Беларусі супраць тых, каго падазраюць у супрацы з тэлеканалам “Белсат”. Такога ж меркавання прытрымліваюцца і магілёўскія сябры ГА “БАЖ”.

Таксама Барыс Бухель адзначыў, што ў вынесенай суддзёй Касцюк пастанове ёсць шэраг недарэчнасцей:

“У пастанове суда Ленінскага раёна Магілёва ад 29 мая гаворыцца аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці Скрабуновай і Глушкова ўжо за выраб прадукцыі замежнага СМІ, а не за ўдзел у вырабе, як гэта паказана ў адміністрацыйных пратаколах. Гэта значыць, што суддзя Таццяна Касцюк зноў незаконна выйшла за межы адміністрацыйнага пратакола і тым самым фактычна пацвердзіла абгрунтаванасць заяўленых ёй адводаў – яна за супрацоўнікаў міліцыі зрабіла іх працу.

Акрамя таго ў апісальнай частцы пастановы ў дачыненні да абодвух фігурантаў пазначана, што яны працавалі разам над аднымі і тымі ж відэасюжэтамі, а ў высновах ўжо паказана, што кожны з фігурантаў справы самастойна, без удзелу другога ў адзін і той жа час вырабіў адну і тую ж прадукцыю замежнага СМІ. Напрошваецца лагічнае ўдакладняючае пытанне да суддзі Касцюк: “Хто ж усё-такі вырабіў гэтую прадукцыю “Белсата” – Скрабунова альбо Глушкоў?”

Крыніца: baj.by

 

Магілёўскія бажаўцы накіравалі звароты з асуджэннем метадаў дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў

Магілёўскія сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 23 траўня накіравалі калектыўныя звароты на адрас Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскага гарвыканкама і УУС аблвыканкама.

У зваротах бажаўцы выказалі свой пратэст на факт неабгрунтаванага жорсткага абыходжання з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў падчас затрымання магілёўскай журналісткі Аліны Скрабуновай.

21 траўня 2018 года была з гвалтам затрыманая і дастаўленая ў Ленінскі аддзел міліцыі магілёўская журналістка-фрылансер Аліна Скрабунова. Ёй удалося зняць тое, што з ёй адбывалася, на камеру мабільнага тэлефона. Як вынікае з запісу, затрымлівалі журналістку людзі ў цывільным. Яны не патлумачылі, чым выклікана такая форма зняволення і не назваліся. Аўтамабіль, на якім двое мужчын прыехалі па Скрабунову, быў не службовы. Магілёўскія журналісты лічаць, што ўсё гэта нагадвае «выкраданне» чалавека, а не яго «законнае затрыманне».

Далейшае развіццё сітуацыі паказала, што гвалт у дачыненні да журналісткі быў арганізаваны толькі для таго, каб у Ленінскім аддзеле міліцыі ёй уручылі позву на 23 мая.

“Мы, сябры грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» выказваем пратэст на факт неабгрунтавана жорсткага абыходжання з нашай калегай. Мы разглядаем метад, абраны міліцыяй для яе затрымання, як спробу запалохаць журналісцкую супольнасць, і лічым неабходным заявіць, што гэта недапушчальна для прававой, дэмакратычнай краіны. Падобнае абыходжанне з журналісткай не спрыяе росту аўтарытэту органаў міліцыі ў грамадстве”, — напісалі ў сваіх зваротах магілёўскія бажаўцы.

Журналісты просяць, каб мясцовыя органы ўлады і УУС Магілёўскага аблвыканкама патлумачылі, чым была выклікана неабходнасць гвалтоўнага затрымання Скрабуновай. Таксама яны патрабуюць, каб былі прыцягнутыя да адказнасці тыя асобы, якія прымалі рашэнне аб сілавым затрыманні журналісткі Аліны Скрабуновай і яго выконвалі. Бажаўцы патрабуюць недапушчэння паўтарэння падобных дзеянняў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў у далейшым.

23 траўня магілёўскія журналісты-фрылансеры Аліна Скрабунова і Яўген Глушкоў былі выкліканыя ў Ленінскі РАУС горада Магілёва. Там высветлілася, што ў дачыненні да іх распачатыя адразу дзве адміністрацыйныя справы — журналісты абвінавачваюцца ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ для спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”. Падставамі для адміністрацыйных спраў сталі два відэасюжэты на “Белсаце” ад 4 і 5 красавіка: пра высяленне людзей з дамоў па вуліцах Заслонава і Будаўнікоў у Магілёве, і пра самагубства ў Шклоўскім раёне кіраўніка аграхолдынга «Купалаўскае» Дзмітрыя Васілеўскага.

Аліна Скрабунова, Барыс Бухель і Яўген Глушкоў

Аліна Скрабунова падчас наведвання Ленінскага РАУС адразу ж зарэгістравала дзве скаргі на імя начальніка РАУС Аляксея Шчэрбакова. У скаргах журналістка распавяла пра незаконныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

“Першая скарга тычылася інцыдэнту на выходных, калі невядомыя людзі, якія назваліся супрацоўнікамі міліцыі, ламіліся ў кватэру, калі мяне там не было і апытвалі суседзяў наконт мяне. Другая скарга тычыцца затрымання мяне ў панядзелак 21 траўня. Тады я папярэдне размаўляла з участковым і мы дамовіліся, што ён ператэлефануе мне ў аўторак. Аднак мяне схапілі ў цёмным пад’ездзе, паводзілі сябе па-хамску, што ніяк не суадносіцца з дзеяннімі органаў правапарадку. Да таго ж я хачу даведацца, чаму другі чалавек, які затрымліваў мяне з участковым Марозавым, не назваў сябе”, — распавяла Аліна Скрабунова карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”.

Па словах журналісткі, у аддзяленні міліцыі старэйшы ўчастковы інспектар Ленінскага РАУС Руслан Марозаў апытваў яе наконт паказанага на “Белсаце” відэасюжэта пра высяленне жыхароў дамоў у Магілёве. Нягледзячы на адмову Скрабуновай даваць нейкія сведчанні, быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Доказам віны журналісткі сталі паказанні сведак, якія нібыта апазналі яе на фотаздымку. Руслан Марозаў папярэдзіў Скрабунову, што 29 траўня ёй неабходна патэлефанаваць у Ленінскі райсуд Магілёва, бо ў гэты дзень магчымы разгляд яе адміністрацыйнай справы.

Таксама ў памяшканні Ленінскага РАУС журналістку хацеў апытаць намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Шклоўскага РАУС Віталь Бугаёў, якога цікавіў паказаны па “Белсаце” відэасюжэт пра самагубства кіраўніка аграхолдынга “Купалаўскае” Дзмітрыя Васілеўскага. Скрабунова адмовілася ад гутаркі з супрацоўнікам шклоўскай міліцыі, спаслаўшыся на дрэннае самаадчуванне. Ёй уручылі позву з’явіцца па гэтай справе ў Ленінскі РАУС у 10 гадзін раніцы 25 траўня.

На падставе гэтых жа двух відэасюжэтаў на “Белсаце” міліцыянты склалі два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да магілёўскага журналіста-фрылансера, відэааператара Яўгена Глушкова.

Неабходна адзначыць, што маёр міліцыі Руслан Марозаў адмовіў у магчымасці прысутнічаць пры правядзенні апытання праваабаронцу Барысу Бухелю, якога Яўген Глушкоў заявіў ў якасці свайго прадстаўніка. Руслан Марозаў патлумачыў праваабаронцу, што ўся працэдура апытання Яўгена Глушкова зойме нібыта толькі 5-7 хвілін, насамрэч журналіста апытвалі ў Ленінскім РАУС больш за дзве гадзіны.

Паводле Яўгена Глушкова, і старэйшы ўчастковы інспектар Руслан Марозаў, і капітан Віталь Бугаёў паводзілі сябе пры правядзенні апытання і складанні пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні дастаткова карэктна. Глушкоў не пагадзіўся з напісаным у пратаколах і дадаў да іх цэлы шэраг заўваг і тлумачэнняў.

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што адміністрацыйныя справы ў адносінах да журналістаў Аліны Скрабуновай і Яўгена Глушкова з’яўляюцца палітычна матываванымі. На думку праваабаронцы, журналісты не з’яўляюцца правапарушальнікамі, у іх дзеяннях адсутнічае склад правапарушэння, прадугледжаны ч. 2 арт. 22.9 КаАП, бо вырабляе прадукцыю СМІ рэдакцыя, а не канкрэтныя журналісты.

Крыніца: baj.by

 

То ломяцца ў дзверы, то пільнуюць пад пад’ездам. Магілёўская журналістка зняла на відэа, як яе затрымліваюць

Двое сілавікоў у цывільным пільнавалі магілёўскую фрылансерку Аліну Скрабунову ля ейнага дому. Як толькі журналістка ўвайшла ў пад’езд, невядомы мужчына схапіў яе за руку і пацягнуў на вуліцу да машыны. Журналістка зняла на відэа момант затрымання, таксама ёй удалося запісаць на відэа, як яе вязуць у РАУС.

Журналістку адвезлі на прыватным аўта ў Ленінскі РАУС, дзе мужчына ў цывільным яшчэ доўга не прадстаўляўся, а пасля паведаміў, што ў дачыненні Аліны Скрабуновай распачалі адміністрацыйную справу за «ўдзел у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ».

«Гэты мужчына не падобны на міліцыянта, ні выглядам, ні паводзінамі – кажа Скрабунова Аліна. – У яго не было ніякіх падстаў хапаць мяне і цягнуць за руку. Ён мог проста ўручыць мне позву, але чамусьці вырашыў праявіць свае самыя дрэнныя якасці. Толькі ў РАУСе я даведалася ягонае імя – Руслан Марозаў, старэйшы ўчастковы. Другі мужчына ў цывільным гэтак і не прадставіўся. Ён перашкаджаў мне здымаць відэа падчас затрымання, а пасля проста знік».

Мужчына ў цывільным № 1 (участковы Руслан Марозаў) Мужчына ў цывільным № 2

Яшчэ на выходных да журналісткі прыходзілі міліцыянты, але акурат у гэты дзень яна была ў іншым горадзе.

«Удома застаўся непаўналетні пляменнік, які па тэлефоне паведаміў мне, што нехта закрыў рукой глазок, б’е нагой у дзверы, спрабуе адчыніць замок звонку і круціць ручку. На гадзінніку было 22:00. Гэта было падобна на разбой. Я ўжо збіралася выклікаць міліцыю, як міліцыя сама пазваніла мне. Старшы ўчастковы Дзмітрый Гоманаў спытаў, дзе я зараз знаходжуся, я адказала, што ў Тураве. На што ён мне паведаміў, што яны вельмі проста вызначаць маё месца знаходжанне праз мабільных аператараў», – дадае Аліна Скрабунова.

Аліна Скрабунова

Як пасля распавялі суседзі, у той жа вечар міліцыянты хадзілі па пад’ездзе, паказвалі фотаздымак журналісткі і распавядалі пра нібыта ананімны званок-скаргу на шум з ейнай кватэры.

Не абышлі ўвагай і іншага журналіста-фрылансера з Магілёва. Аператара Яўгена Глушкова ў суботу міліцыянты праз тэлефон запрасілі у РАУС Ленінскага раёну, а потым участковы Руслан Марозаў уручыў позву аператару асабіста.

Абодва журналісты-фрылансеры маюць явіцца ў Ленінскі РАУС г Магілёва 23 траўня для азнаямлення з адміністрацыйнай справай, якая вядзецца супраць іх за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Справа датычыць сюжэту, які выйшаў на тэлеканале Белсат 4 красавіка – пра высяленне жыхароў на вуліцы Заслонава ў Магілёве.

МЛ, ЮВ, belsat.eu