Галоўная » Андрэй Палуда

Андрэй Палуда: “Важна паказаць, што праблема смяротнага пакарання неабыякавая грамадству”

З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі ўжо ў сёмы раз пройдзе Тыдзень супраць смяротнага пакарання, асноўным лозунгам якога стане “Правасуддзе без забойства”Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” і арганізатар Тыдня Андрэй Палуда распавядае, якія мерапрыемствы плануецца правесці ў гэтым годзе, і заклікае ўсіх жадаючых далучацца да актыўнасцяў у межах Тыдня.

Адкрые Тыдзень супраць смяротнага пакарання традыцыйны фестываль “Рок за жыццё”. Пятага кастрычніка адбудзецца канцэрт у Мінску, а шостага – у Магілёве. У фестывалі прымуць удзел папулярныя рок-гурты, якія падтрыміваюць ідэю ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне: Крама, Nizkiz, “Петля пристрастия”, “Разбітае сэрца пацана”, Re1ikt, Luty Sakavik.

Як і ў папярэднія гады праваабаронцы выйдуць на вуліцы гарадоў, каб распаўсюдзіць спецыяльны выпуск газеты “Народная воля”, які будзе прысвечаны праблеме смяротнага пакарання.

Акрамя гэтага, у Мінску і ў іншых гарадах краіны адбудзецца шмат асветніцкіх мерапрыемстваў на тэму смяротнага пакарання. Вось толькі няпоўны спіс:

  • Сумесныя мерапрыемствы з фестывалем дакументальнага кіно Watch Docs;
  • Правядзенне гульняў жывога дзеяння (ларпаў) на тэму смяротнага пакарання разам з “Жывой бібліятэкай”;
  • Мерапрыемствы з удзелам амбасадаў;
  • Адукацыйныя мерапрыемствы на пляцоўцы “Тэрыторыя правоў”;
  • Мерапрыемства разам з Беларускім ПЭН-цэнтрам;
  • Моладзевыя дэбаты “ДысКУТ” на тэму смяротнага пакарання.

Арганізатар Тыдня супраць смяротнага пакарання Андрэй Палуда адзначае, што вельмі важна цягам Тыдня паказаць, што грамадзянскай супольнасці сапраўды неабыякава праблема існавання ў Беларусі смяротнага пакарання.

 Андрэй Палуда

“Мы вітаем любыя арганізацыі і ініцыятывы з ўсіх куткоў краіны, якія гатовыя далучыцца да Тыдня і праводзіць у яго межах свае адукацыйна-асветніцкія і іншыя мерапрыемствы. Калі ў кагосьці ёсць уласныя ідэі, ці ёсць жаданне правесці нейкае мерапрыемства, напрыклад, дыскусію ў навучальнай установе па тэме смяротнага пакарання, і патрэбна дапамога ці кансультацыя экспертаў, то смела можна звяртацца да нас. Таксама кожны з нас можа зрабіць самыя простыя рэчы: распаўсюджваць петыцыю за адмену смяротнага пакарання, публікаваць пасты ў сацыяльных сетках з хэштэгамі #DeathPenalty  #AbolitionNow #We4Life2019. Мы будзем вельмі ўдзячны, бо гэта таксама добры ўнёсак у агульную справу”.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” запрашае усе праваабарончыя арганізацыі і ініцыятывы далучацца да правядзення мерапрыемстваў у межах Тыдня супраць смяротнага пакарання, які арганізуе кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”. Каб атрымаць кансультацыю для вашага мерапрыемства і па іншых пытыннях супрацоўніцтва просім звяртацца на E-mail: viasna@spring96.org.

Поўная праграма Тыдня супраць смяротнага пакарання, а таксама афішы асобных мерапрыемстваў будуць апублікаваныя на сайце spring96.org, у сацыяльных сетках: facebook,  twitter,  ВконтактеTelegram.

Першы Тыдзень супраць смяротнага пакарання Праваабарончы цэнтр “Вясна” правёў у 2013 годзе ў межах кампаніі“Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, якая распачалася ў 2009 годзе з мэтай спынення гэтага бесчалавечнага віду пакарання і далучэння нашай краіны да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. На жаль, Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.

Крыніца: spring96.org