Беларусы залазяць у пазыкі. Запазычанасць насельніцтва перад банкамі ў ліпені пабіла чарговы рэкорд, перасягнуўшы 5 мільярдаў долараў. Еўразійскі фонд і Нацыянальны банк яшчэ на пачатку года папярэджвалі аб небяспеках крэдытнага буму. Чаму ён адбываецца і да чаго рыхтавацца беларусам?
Купіць цяпер, пазычыўшы, у разліку на рост прыбыткаў у будучыні. Колькасць беларусаў, якія бяруць на ўзбраенне такую схему спажывання, рэзка павялічваецца ўжо другі год запар.
Бум спажывецкага крэдытавання распачаўся летась, калі Нацыянальны банк пачаў зніжаць стаўку рэфінансавання. У выніку сярэдняя стаўка па крэдытах для фізічных асобаў знізілася ўдвая: з без малога 20 % гадавых на пачатку мінулага года да няпоўных 10 сёлета – за крэдыты тэрмінам меншым за 12 месяцаў. Беларусы, у сваю чаргу, набралі крэдытаў на 10 мільярдаў рублёў. Гэта – на траціну больш, чым год таму.
Распавядаюць жыхары Менску:
«Пакуль не бралі. Але надалей думаем – на жыллё».
«Браў на кухню».
«На той жа рамонт кватэры. Нават, у школу ідзем – сабрацца, і то б можна было ўзяць, каб было прасцей».
«Патрацілі нармальна, а аддаваць цяжкавата».
Каб задаволіць крэдытныя апетыты насельніцтва, банкі вымушаныя залучаць больш рэсурсаў. Таму ў апошнія месяцы мы бачым, што стаўкі па дэпазітах растуць – каб залучыць сродкі насельніцтва. А стаўкі па крэдытах, наадварот, працягваюць падаць, каб заахвоціць людзей больш пазычаць. Крэдытны бум станоўча ўплывае на будаўніцтва, продажы аўтамабіляў ды іншыя сегменты спажывецкага рынку.
«Ёсць нейкі пазітыў – падштурхоўваюцца асобныя беларускія вытворцы. Але, з другога боку, варта разумець, што на гэтым фоне дзесьці нават крыху хутчэй расце попыт на імпартныя тавары», – тлумачыць аналітык Businessforecast.by Аляксандр Муха.
Крэдытавая запазычанасць беларускіх хатніх гаспадарак цяпер складае каля 10 % ад ВУП. Гэта – удвая менш, чым у Расеі, а ў некаторых развітых краінах гэты паказнік перавышае аб’ём эканомікі. Але адмыслоўцы папярэджваюць: у адрозненне ад Даніі ці Швейцарыі, дзе закрэдытаванасць насельніцтва ў 12 разоў перавышае беларускую, стабільнасць даходаў нашых суайчыннікаў – значна ніжэйшая, чым у названых еўрапейскіх краінах. Гэта значыць, што рызыка таго, што, у выніку новага крызісу, беларус страціць здольнасць выплочваць пазыку банку – значна вышэйшая. А фінансы беларускіх банкаў – і так у зоне рызыкі праз пазыкі, якія ім не вяртаюць прадпрыемствы.
«Дастаткова імклівы рост спажывецкага крэдытавання нясе ў сабе пэўныя рызыкі. Перадусім ёсць рызыка, што насельніцтва можа пераацаніць свае магчымасці ў плане будучага пагашэння банкаўскіх крэдытаў», – асцерагае Аляксандр Муха.
Пакуль Нацыянальны банк выказвае намер працягваць зніжаць стаўку рэфінансавання, а, значыць, для беларусаў, якія ўзялі крэдыты і прывязаныя да яе, агульная сума, якую яны мусяць вярнуць, будзе змяншацца. Улады збіраюцца павышаць і мінімальны заробак, таму беспасярэдняй небяспекі таго, што крэдытавая піраміда абваліцца цяпер – пакуль няма. Але апытаныя намі адмыслоўцы папярэджваюць: усё гэта можа рэзка змяніцца, напрыклад, праз год, калі ўпадзе кошт на нафту і, адпаведна, зменшыцца расейскі попыт на беларускія тавары. Прадпрыемствы тады рэзка скароцяць выплаты па сваіх крэдытах, а ўлады, каб уратаваць банкі, могуць быць вымушаныя надрукаваць рублёў, дэвальваваўшы іх да долара, і павысіць стаўку рэфінансавання – каб утаймаваць інфляцыю. У выніку беларус, які сёння ўзяў крэдыт на прывабных умовах, можа сутыкнуцца са значна большымі выплатамі па крэдыце пры значна меншым заробку.
Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu