Галоўная » Белорусско-российские отношения » Page 30

Валерий Карбалевич: Противоречия оказались настолько существенными, что не о чем договариваться

Будут ли вообще подписаны дорожные карты «углубленной интеграции»? Александр Лукашенко и Владимир Путин проведут следующую встречу 20 декабря … чытаць далей

Навошта намеснік галоўнага ідэолага Магілёўскай вобласці ездзіць на прарасейскія форумы?

Таццяна Меньшыкава была заўважаная ў Смаленску на мерапрыемстве сярод адыёзных «рускамірцаў» і шавіністаў, піша mspring.online.

У сярэдзіне лістапада ў Смаленску прайшоў ўсерасійскі гісторыка-адукацыйны форум студэнтаў «Парад эпох». Яго мэтай арганізатары назвалі «развіццё і ўмацаванне асноў патрыятычнага выхавання, стымуляванне ў моладзі цікавасці да вывучэння ваенна-гістарычнай спадчыны Расеі». Лепш за ўсё сутнасць падзеі дэманструюць фота, на якім падлеткі вывучаюць зброю.

Па нейкай прычыне вывучаць расейскую вайскова-гістарычную спадчыну паехала намеснік начальніка Галоўнага Упраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Таццяна Меньшыкава.

У магілёўскай прэсе абгрунтаванне яе візіту знайсці не ўдалося, але смаленскае аддзяленне Расійскага саюза моладзі (РСМ) постфактум раскрывае карты – менавіта яна там прадстаўляла Магілёў.

Нагадаем, скандальная гісторыя здарылася з Таццянай Меньшыкава паўтара месяца таму. Тады яна падпісалася пад правядзеннем у Магілёве форуму спартыўна-патрыятычных клубаў, а ў выніку ўдзельнікі мерапрыемства фатаграфаваліся з перавернутым дагары нагамі дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь.

У Смаленску кампанію намесніку галоўнага ідэолага Магілёўскай вобласці склалі адыёзныя прадстаўнікі «рускага свету» з аргкамітэта па стварэнні ў Беларусі прарасейскага руху «Грамадзянская згода» Арцём Агафонаў і каардынатар гэтага фарміравання па Магілёўскай вобласці Мікалай Рахманаў. Апошні родам з Асіповічаў і да яго ў будучыні трэба было б прыгледзецца бліжэй – Рахманаў скончыў чэшскую школу асабістай бяспекі, працаваў ахоўнікам, прафесійна выкладаў адзінаборствы. Устаноўчы з’езд гэтага руху быў праведзены толькі ў чэрвені гэтага года, што кажа аб верагоднай запозненай фінансавай падтрымцы гэтай ініцыятывы з боку Расеі.

Форум жа «Парад эпох» праводзіўся з 15 па 16 лістапада ў рамках федэральнай дзяржпраграмы «Патрыятычнае выхаванне грамадзян Расійскай Федэрацыі на 2016-2020 гады». Партнёрамі мерапрыемства выступілі Верхнядняпроўскі ваенна-спартыўны клуб «ПДВ» і КУОС “Вымпел-Смаленск”, якія прафесійна займаюцца ваеннай падрыхтоўкай і ідэалагічнай накачкай падлеткаў.

Вядома, што ад Беларусі ўдзел у форуме таксама прымалі функцыянеры БРСМ і Валерый Перавозчыкаў, старшыня Ваенна-патрыятычнага клуба «Патрыёт» (не блытаць з прабеларускімі спартыўнымі клубамі «Патрыёт» з Бабруйска і Мінска). Маладыя хлопцы тут знаёміліся з мінамі і выбухоўкай:

У першы дзень форуму прайшла канферэнцыя «Вялікія расійскія рэфарматары: гісторыя і сучаснасць», а ключавым складнікам стала сустрэча ўдзельнікаў з віцэ-прэзідэнтам Асацыяцыі ветэранаў групы «Вымпел», ветэранам Упраўлення “В” Цэнтра спецыяльнага прызначэння ФСБ Расіі, палкоўнікам запасу Уладзімірам Сіланц’евым. Ён вучыў, як трэба працаваць з моладдзю і якую стратэгію трэба абраць для працы са студэнтамі.

Да ведама: Група «Вымпел» была створана ў 1981 годзе ў складзе ўпраўлення «С» (нелегальная выведка) Першага галоўнага ўпраўлення і была прызначана для правядзення спецыяльных аперацый за межамі СССР. Сучасная назва групы «Вымпел» – Упраўленне «В» ЦСН ФСБ Расіі.

Першапачаткова задачай групы «Вымпел» былі дыверсіі, нелегальная выведка, стварэнне агентурных сетак, захоп і дастаўка асоб, якія валодаюць каштоўнай інфармацыяй, ажыццяўленне дзяржаўных пераваротаў за мяжой.

Па некаторых звестках, Упраўленне «В» ЦСН ФСБ Расіі прымала ўдзел у аперацыі па далучэнні Крыму да Расеі і ў ваеннай аперацыі Расіі ў Сірыі.

Таксама варта звярнуць увагу на інтэрв’ю кіраўніка смаленскага аддзялення РСМ Яўгена Захаранкова, дадзенае расійскім СМІ напярэдадні форуму. Ён анансаваў, што пасля форуму, ужо ў снежні будзе створаны Моладзевы савет прыгранічных рэгіёнаў Расіі і Беларусі («Савет шасці рэгіёнаў»). У наступным годзе ў Смаленску пройдзе першы Форум маладых лідэраў прыгранічных рэгіёнаў, а пазней будзе праведзена серыя адукацыйных школ і злётаў для маладых лідэраў прыгранічных тэрыторый Расіі і Беларусі.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Як атрымалася высветліць MSPRING.ONLINE, на 5-7 снежня ў Смаленску прызначаная «Школа маладых кіраўнікоў Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі». Яе рыхтуе смаленскае Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў, партнёрства якому Таццяна Меньшыкава абяцала на доўгія гады наперад.

Таццяна Меньшыкава

Мэтавая група – актывісты моладзевых парламентаў, студэнты і выпускнікі факультэтаў кіравання, эканамічных і юрыдычных спецыяльнасцяў. Рэгістрацыя толькі па папярэднім запісе. Спецыяльна для ўдзельнікаў з Расіі і Беларусі рыхтуюцца лекцыі пра ролю Саюзнай дзяржавы і перспектывы яго развіцця, майстар-класы і трэнінгі ў сферы міжнароднага супрацоўніцтва і расійска-беларускіх адносін. Сярод тэм – нэтворкінг, журналістыка, інфармацыйныя войны і праектная дзейнасць.

Фота з сайта mspring.online

Расійскія аналітыкі аб’ядналі часткі Беларусі і Расіі і падлічылі беспрацоўных Магілёва і Віцебска

Новае тэрытарыяльнае ўтварэнне называецца «Днепра-Дзвінскі рэгіён». Пакуль яно існуе толькі на паперы. Але пра яго складаюць ужо досыць сур’езныя дакументы, піша mspring.online.

Адразу дзве аналітычныя працы, прысвечаныя рынку працы і міграцыі ў так званым «Днепра-Дзвінскім рэгіёне» прадставілі за апошні месяц смаленскія даследчыкі, якія працуюць на расійскае Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў. Іх праца аплочваецца грантамі з фонду расейскага прэзыдэнта.

У працах дырэктара Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў Антона Кузаўкі і эксперта гэтага агенцтва, дацэнта Смаленскага дзяржуніверсітэта, Ігара Бараноўскага выкарыстоўваецца ўжо ўстойлівае паняцце «Днепра-Дзвінскі рэгіён», скарочана – «ДДР». Некаторыя айчынныя алармісты ўбачылі ў гэтым падабенства з «ДНР» і задаюцца пытаннем, ці не ідзе падрыхтоўка да прамацвання новай «народнай рэспублікі». На некаторых выданнях Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў можна нават убачыць карту «ДДР»:

У «ДДР», згодна з даследаваннямі расійскіх экспертаў, уваходзяць Смаленская, Віцебская і Магілёўская вобласці, а цэнтрам гэтай агламерацыі лічыцца расійскі Смаленск. Насельніцтва Днепра-Дзвінскага рэгіёна ацэнена ў 3,1 мільёна чалавек.

Цікава, што, даследуючы перадумовы працоўнай міграцыі ў прыграніччы, Антон Кузаўка адзначае, што ДДР адрозніваецца прысталічным становішчам: на ўсходзе ён мяжуе з Маскоўскай, а на захадзе з Мінскай вобласцю, пры гэтым адлегласць паміж Менскам і Масквой складае «усяго 710 км».

Такое ўнікальнае становішча, піша эксперт, стварае асаблівыя ўмовы і фармуе унікальнае бізнес-асяроддзе. І яго зусім не бянтэжыць той факт, што да любой іншай сталіцы ад Мінска адлегласць значна меншая: да самага далёкага – Кіева – 567 км, да Варшавы – 550 км, да Рыгі – 484 км, а да Вільні ўвогуле 189 км. Пра гэта аўтары сціпла замоўчваюць.

Антон Кузаўка і Ігар Бараноўскі злева, фота: smolensk.bezformata.com

Далей эксперты сканцэнтраваліся на лічбах, прадастаўленых статупраўленнем Беларусі і Расіі. І, верагодна, яны адрозніваюцца. Найбольшы аб’ём свабодных працоўных рэсурсаў даследчыкі выявілі ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях, а найбольш прывабным рынкам працы яны назвалі Смаленскую вобласць.

Узровень беспрацоўя ў іх даследаваннях (дадзеныя за 2017 г.) пазначаны наступны: Магілёўская вобласць – 8%, Віцебская – 6,4% Смаленская – 5,7%. Нагадаем, беларускія ўлады заяўляюць, што беспрацоўе ў краіне трымаецца на ўзроўні 0,5%.

Расійскія эксперты нават звялі рэальныя дадзеныя па колькасці працоўных рэсурсаў у спецыяльную табліцу па гадах:

Навошта гэта трэба смаленскім экспертам?

Ігар Бараноўскі адзначае, што ў цяперашні час для тэрыторыі Смаленскай вобласці характэрная неспрыяльная дэмаграфічная сітуацыя. За апошнія 10 гадоў колькасць яе насельніцтва нават з улікам прыросту міграцыі скарацілася на 3,3%. Гэта звязана з высокім узроўнем натуральнага змяншэння, характэрным для Смаленшчыны ў сілу нізкай нараджальнасці і высокай смяротнасці. Акрамя таго, для Смаленшчыны характэрная адмоўная ўнутраная (у межах Расіі) міграцыя. Штогод ад 3 да 4 тысяч чалавек з’язджаюць у Маскву, Санкт-Пецярбург і Краснадарскі край.

У сваю чаргу, Антон Кузаўка адкрыта піша, што маскоўскі рэгіён адцягвае высокакваліфікаваныя матываваныя на інтэнсіўную працу кадры высокім коштам аплаты працы. А ў Смаленску, адзначае ён, сярэдні заробак складае ўсяго 460 даляраў ЗША.

Часткова дэфіцыт інжынерных кадраў у Смаленскай вобласці ўжо зараз кампенсуецца за кошт прытоку працоўных рэсурсаў з памежных рэгіёнаў Беларусі. Незанятыя працаздольныя жыхары Віцебскай і Магілёўскай абласцей у большасці сваёй мігруюць у пошуках працы альбо ў Мінск ці Маскву, альбо ў Смаленскую вобласць.

Міграцыя здольная забяспечыць збалансаванае сацыяльна-эканамічнае развіццё расійскага рэгіёну, лічаць эксперты. За кошт прыезджых можна палепшыць структуру працоўных рэсурсаў, выраўнаваць палавую і ўзроставую структуру насельніцтва, павысіць нараджальнасць і шлюбнасць. За апошнія пяць гадоў найбольшы паток мігрантаў фармуецца з Беларусі, Украіны і Таджыкістана, і доля беларусаў складае больш за 55% ад колькасці прыезджых замежнікаў.

А цяпер няхітрыя высновы экспертаў. Для павышэння прывабнасці бізнес-клімату і рэалізацыі стратэгічных дакументаў развіцця прыгранічных рэгіёнаў (аказваецца такія дакументы даўно ўжо ёсць!) патрэбна агульная канцэпцыя развіцця адукацыйнага комплексу Смаленскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Прапануецца стварыць на базе аднаго з смаленскіх ВНУ расейска-беларускі факультэт кіравання і эканомікі.

На яго базе на бюджэтнай аснове можна было б рыхтаваць кадры для дзяржаўнай службы ў органах улады «ДДР». Дарэчы было б стварыць у «ДДР» і расійска-беларускі бізнэс-інкубатар пры садзейнічанні органаў улады Саюзнай дзяржавы.

Пра тое, з якіх крыніц фінансуецца праца даследчыкаў, іожна прачытаць тут: https://mspring.online/new-grant/