З ініцыятывы Ігара Марзалюка і былога віцэ-прэм’ера Анатоля Калініна Быхаўскі замак уключаны ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2018 г. Пра гэта было аб’яўлена яшчэ ўлетку 2017 г. Але неяк засталося незаўважаным для шырокай грамадскасьці, ці, прынамсі, для мяне», — звяртае ўвагу ў фэйсбуку гісторык Мікола Волкаў.
«Грошы на Быхаўскі замак закладзены ўжо ў гэтым годзе, таму ўжо зараз мусяць распачацца працы. Хочацца спадзявацца, як мага больш каштоўнай аўтэнтыкі ўдасца захаваць», — піша Мікола Волкаў.
Сапраўды, як адзначала раённае выданне «Маяк Прыдняпроўя», у ліпені 2017 года Анатоль Калінін, які на той час з’яўляўся намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі, і дэпутат Палаты прадстаўнікоў, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк наведалі Быхаў.
Адзначалася, што ў сувязі з падрыхтоўкай праекта дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі 2016—2020» дзяржпраграма «Замкі Беларусі» была адмененая. Тады былая рэзідэнцыя Хадкевічаў і Сапегаў засталася без фінансавання. Аднаўленне дзвюх вежаў, у якіх планавалі адкрыць музейныя экспазіцыі, па вялікім рахунку да канца не завяршылі.
Пустуючы замак закансервавалі, а вокны замуравалі. Патрэбны былі дадатковыя даследаванні і распрацоўка праекта для рэстаўрацыі. Цяпер помнік архітэктуры набудзе другое жыццё. У першую чаргу рэканструкцыя закране сцены, дах, падмуркі.
Ігар Марзалюк адзначыў тады, што ва Усходняй Беларусі Быхаўскі замак — гэта жамчужына XVII стагоддзя, выбітны помнік архітэктуры, створаны ў стылі галандскіх замкаў. У 2013 годзе тут праводзіліся археалагічныя раскопкі. Знойдзена 1700 індывідуальных знаходак і 7 тысяч масавых артэфактаў. Выявілі нават унікальную геральдычную плітку, якая належала Яну Сапегу.
Крыніца: “Наша ніва”