Пяты юбілейны сезон завяршыўся ў школе гарадскіх ініцыятыў “Цяпліца”. Шэсць месяцаў слухачы школы вучыліся планаваць і рэалізоўваць крэатыўныя гарадскія праекты, а 28 траўня ў “Цяпліцы” прайшоў “выпускны”.
Сёлета арганізатары школы крыху змянілі фармат гэтай імпрэзы з улікам карантынных захадаў. Выпускны правялі не ў памяшканні, а на адкрытым паветры на этнахутары “Зялёны Гай”, у сустрэчы ўдзельнічалі толькі частка саміх выпускнікоў і літаральна некалькі арганізатараў і ментараў. Але, як звычайна, удзельнікі школы прэзентавалі свае праекты і атрымалі сертыфікаты выпускнікоў.
Рэалізацыя пректаў пачнецца ўжо бліжэйшым часам, а мы пакуль агучым усе іх ідэі.
Праект – серыя псіхалагічных трэнінгаў “Зазірні ў сябе”. Сутнасць у прыцягненні ўвагі да праблемы ментальнага здароўя людзей (асабліва падлеткаў). Праект складаецца з серыі адкрытых трэнінгаў і сустрэч маладых людзей з прафесійнымі псіхолагамі і псіхіятрамі, дзе яны даведаюцца аб асноўных метадах працы над сабой і захаванні свайго псіхічнага здароўя.
Сутнасць праекта “Дзякуй” – выказаць падзяку медыкам горада, якія змагаюцца з коронавирусом. У выніку праекта пад’езды некаторых жылых дамоў і інтэрнатаў, дзе пражываюць медыкі стануць арт-аб’ектамі і будуць ўпрыгожаны працамі магілёўскіх мастакоў.
Яшчэ адзін праект – фестываль “Soup”. Ідэя імпрэзы – пазнаёміць жыхароў горада з прадстаўнікамі розных культур і нацыянальнасцяў, якія жывуць у Магілёве. Бо кожная культура мае сваю самабытнасць і адметнасць, напрыклад танцы, спевы альбо кухня. Падчас мерапрыемства плануецца правядзенне лекцый, майстар-класаў, музычныя выступыі прадстаўнікоў розных культур.
Ініцыятары праекту “Наш Магілёў” плануюць зрабіць шэраг відэаэкскурсій па горадзе, пад час якіх прадстаўнікі розных пакаленняў магілёўцаў праводзяць нас па горадзе і паказваюць “свой” Магілёў. Гэта будуць расповеды пра тое, якім горад бачыўся канкрэтнымі людзьмі ў розныя часы іх жыцця, сведкамі якіх падзейя яны былі. А складацца сам праект “Наш Магілёў” будзе з такіх асобных міні-праектаў “Мой Магілёў”.
Мэта праекта “Кніжная шафа “Спадарожнікі”” заключаецца ў абмене кнігамі на вакзалах горада і раённых гарадоў вобласці. Кожны зможа ўзяць і пачытаць кнігу ў дарозе, а пасля пакінуць яе (ці сваю прачытаную) на іншым вакзале. На вакзалах плануецца ўстаноўка шафаў для буккросінгу.
Яшчэ адзін праект “Кінадвор” выпускнікі “Цяпліцы” хочуць рэалізаваць у Шклове. На адкрытай пляцоўцы яны будуць паказваць і абмяркоўваць цікавыя фільмы. Такім чынам у раённым цэнтры з’явіцца арт-пляцоўка, дзе акрамя прагляду фільмаў на адкрытым паветры, творчая і актыўная моладзь зможа ўзаемадзейнічаць і ствараць новыя ідэі.
Трэба дадаць, што ў Магілёве за гады існавання школы гарадскіх ініцыятыў “Цяпліца” было рэалізавана вельмі шмат цікавых ідэяў і “узгадавана” немала гарадскіх актывістаў. Можна, напрыклад, узгадаць нядаўні праект грамадскай кампаніі па папулярызацыі беларускай мовы, ці такі важны і сур’ёзны праект “Подых мінулага”, які ўзяў першае месца ў намінацыі “Падзея 2019 года”.
Цікаўнасць да падобнага фармату пашырэння грамадскай актыўнасці праявілі і іншыя рэгіёны – у гэтым сезоне “Цяпліца” пашырыла геаграфію і правяла выязныя семінары ў Бабруйску, Горках, Клімавічах, Чавусах і Оршы. Пажадаем усім ім поспехаў і плёну ў гэтых надзвычай карысных для развіцця грамадства справах.
Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара
Больш фота: