Галоўная » дома

DOMA – як дома (Фотарэпартаж)

Стрыт-арт фестываль DOMA, які праходзіў у Магілёве з 15 па 27 чэрвеня, паспяхова завяршаецца. Нягледязячы на тое, што фэст прайшоў не дужа “гучна”, ён пакінуў пасля сябе шмат новых, заўважных і адметных арт-аб’ектаў. Але як раз у гэтым і была ідэя фэста – мастацкімі сродкамі стрыт-арту стварыць нешта прыгожае ў звычайных дворыках, каля вашага DOMA, а праца мастакоў заўважная толькі ў яе выніках.

У суботу, 26 чэрвеня, арганізатары фестывалю і мастакі, якія стваралі прыгажосць, прэзентавалі вынікі сваёй працы і зладзілі для магілёўцаў аглядную экскурсію па новых аб’ектах. Правёў экскурсантаў і распавёў пра ідэю і сутнасць фестывалю Юрый Стукалаў – кіраўнік Цэнтра гарадскіх ініцыятываў, які і быў асноўным арганізатарам фэсту. Не ўсе мастакі-урабністы змаглі прысутнічаць на імпрэзе, бо працавалі творцы і з іншых гарадоў, таму Юрыю давялося   тлумачыць «лакальныя сэнсы» некаторых створаных аб’ектаў за іх.

Юрый Стукалаў распавядае пра адзін з арт-аб’ектаў на пачатку экскурсіі

Цалкам можна сказаць, што ўсе мэты фестывалю былі дасягнутыя – у горадзе з’явіліся амаль 20 новых арт-аб’ектаў, вельмі самабытных і цікавых. Новыя працы ўпрыгожылі Магілёў і, разам з ужо існуючымі мураламі, дадалі разнастайнасці ў гарадскі пейзаж, дадалі творчага святла і цеплыні. Асноўная канцэпцыя фестывалю бачылася арганізатарамі ў раскрыцці «лакальных сэнсаў» асобных аб’ёктаў у гарадскіх дворыках, і, судзячы па ўсім, аўтарам твораў удалося пераўтварыць свае ідэі ў вельмі дакладнае матэрыяльнае ўвасабленне сваіх мараў.

Цырымонія закрыцця фестывалю пройдзе ў суботу, 27 чэрвеня ў двары па вул. Ленінская, 28а (двор у арцы за кафэ “Рэспубліка”) і завершыцца інтэрактыўнай фотавыставай c праекцыяй на сцяну, прысвечанай гораду.

Праграма:

19:50 – 20:00 ролікі пра стрыт-арт
20:00 – 20:20 Цырымонія закрыцця фестывалю.
20:20 – 20:30 beat-box перформанс (MIHALYCH)
20:30 – 20:35 танцавальны флэшмоб з гасцямі
20:35 – 21:00 DJ-сэт
21:00 – 22:00 інтэрактыўная фотавыстава “City-slide-show” пра Магілёў з праекцыяй на сцяну

Арганізатары фестывалю – Цэнтр гарадскіх ініцыятыў, ўпраўленне культуры Магілёўскага гарвыканкама.
Партнёры фестывалю: Caparol Center | Капарол цэнтр, крэатыўная лабараторыя MROI, кампанія “Aresa”, інфармацыйны праект Магілёў Live.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара

У Магілёве стартаваў фестываль вулічнай культуры

У Магілёве пачаўся стрыт-арт фестываль DOMA. Галоўная ідэя фэсту – даць магчымасць творчым людзям мовай сучаснага мастацтва выказаць сваё бачанне і стаўленне да свайго гораду, да свайго двара і дома. Канцэпцыя фестывалю базуецца на раскрыцці «лакальных сэнсаў» асобных аб’ёктаў у гарадскіх дворыках, пераўтварэнне іх у матэрыяльнае ўвасабленне думак і мараў асобных творцаў.

Пад час фэсту плануецца стварэнне двух вялікіх муралаў па вуліцы Ціміразеўскай і Першамайскай, а таксама ўпрыгожванне больш за 10 цеплапунктаў і іншых аб’ектаў у цэнтры гораду. Акрамя гэтага ў рамках фестывалю пройдуць розныя імпрэзы – гульня «Народны тапонім», варкшоп «Ментальныя мапы горада», кіно і выстава пад адкрытым небам, dj-сэты, майстар-класы па графіці і іншыя інтэрактыўныя мерапрыемствы.

Ініцыятар фестывалю – Цэнтр гарадскіх ініцыятыў у рамках праграмы развіцця моладзі «Далучайся!» сабраў заяўкі на ўдзел у фестывалю ад 29 творчых маладых людзей з Магілёва, Віцебска і Мінска. У мастакоў будзе амаль два тыдні, каб завяршыць працы да святкавання Дня горада.

Мастацкі «Графіці-сняданк» у старым магілёўскім дворыку

 

Апошнія парады да мастакоў ад “загадчыка гаспадаркай” ЦГІ Кірылы Дарашэнка

Фестываль вулічнай культуры DOMA стартаваў 15 чэрвеня з «Графіці-сняданка», які прайшоў у дворыку дома №6 па Ленінскаму бульвару. Тут сабраліся арганізатары і мастакі-удзельнікі, каб абмеркаваць розныя тэхнічныя моманты, падзяліцца досведам па стварэнні арт-аб’ектаў, замацаваць свае ідэі ў канчатковым выглядзе з улікам парадаў сябраў-калегаў.

Невялічкі каментар даў актывіст і “загадчык гаспадаркай” ЦГІ Кірыл Дарашэнка:
“Гэта будуць аўтарскія праекты, якія кожны з мастакоў будзе рэалізоўваць з дапамогай валанцёраў. Акрамя двух вялікіх муралаў будуць ператвораныя ў арт-аб’екты сцены ў дваравых пабудовах, невялікія кавалкі парканаў, вентыляцыйныя шахты бамбасховішчаў. Будуць не толькі графіці, але і інсталяцыі. Усе праекты – а іх каля дваццаці, цалкам узгодненыя, як лакацыі аб’ектаў, так і самі эскізы.”

А вось што пра свае ідэі распавялі некаторыя з аўтараў праектаў.

 

Жэня Цыганкова:
“Я хачу зрабіць «Куб праўды», калі чалавек, гледзячы на мой арт-аб’ект, можа паразважаць, што ён хоча чуць, а можа ён хоча зараз размаўляць, але не хоча слухаць. Мне яшчэ вельмі хочацца, каб людзі не толькі маглі паглядзець на малюнак, але і тактыльна дакрануцца да інсталяцыі – мая ідэя ў тым, каб стварыць гіпсавыя слепкі ў выглядзе твараў людзей, вушэй, вуснаў.” 

У такі арт-аб’ект запланавана пераўтварыць вентыляцыйныя шашты бомбасховішчаў  у дворыку дома №6 па Ленінскаму бульвару  – як раз там, дзе і адбыўся  «Графіці-сняданак».

Мастачка Жэня Цыганкова каля аднаго з патэнцыйных арт-аб’ектаў
Праекты і эскізы зараз лёгка змяшчаюцца і правяцца ў тэлефоне

 

Раткіна Юля:
“Ідэя майго твора – зрабіць выяву чалавека ў выглядзе пазлу, дзе рука быццам збірае самога чалавека па кавалачкам. Сутнасць ідэі ў тым, што ў пэўныя моманты, напрыклад, калі чалавек некуды з’язджае, унутраны свет чалавека быццам распадаецца, а калі вяртаешся дадому, усё вяртаецца на свае месцы.”
Мурал ад Юлі з’явіцца адной са на сценаў пабудовы ў тым жа дворыку.

Юля Раткіна на фоне аб’екта для творчасці
“Прывязка” эскіза да аб’екта
А так гэта будзе выглядаць

 

Аліса Дзегцярова:
“На сваім малюнку я змясціла сябе і сваіх сяброў, быццам мы ў краме гуляем у «твістэр». Мая ідэя ў тым, што ты адчуваеш сябе паўсюль дома, калі ў цябе ёсць сябры, ёсць падтрымка, і ты можаш паводзіць сябе так, як сам жадаеш, нават пагуляць у твістэр у краме. Дом там, дзе табе ўтульна і камфортна”.

Аб’ект з’явіцца ў двары па вуліцы Крыленка, непадалёку ад ГЦ Панарама.

Эскіз праекта Алісы Дзегцяровай

 

Кацярына Красавік:
“У выяве стылізаваныя два чалавекі, якія кажуць адно адному пра каханне. Малюнкі будуць змешчаныя пад вуглом на паркане – быццам выявы твараў людзей глядзяць адзін на другога”.

А гэты мурал будзе створаны ў адным з двароў па Пажарнаму завулку.

Праект Кацярыны Красавік
Эскіз вялікага муралу “Кніжка-дом”, які будзе рабіць мастак Антон Дземідзенка на адным з дамоў па Ціміразеўскай вуліцы
Мастак Антон Дземідзенка і яго “сцяна” для “Кніжкі-дому”
А так выглядаў праект ужо на наступны дзень

Рэалізаваць усе арт-аб’екты мяркуецца да 26 чэрвеня – на гэты дзень запланавана творчая сустрэча з мастакамі, а так сама экскурсія па аб’ектах. Старт экскурсіі адбудзецца а 20-й гадзіне ад дому №29 па вуліцы Ленінскай.

Яшчэ адна сустрэча з мастакамі, якая пройдзе ў фармаце майстар-класу з “графіці-сушкай”, пройдзе 19 чэрвеня. У двары дому №12 па вуліцы Першамайскай будзе змешчана творчая лакацыя з выставай эскізаў і фотаздымкаў ад урбан-мастакоў. Самі мастакі падзеляцца з удзельнікамі досведам, распавядуць, што такое графіці, муралы і падобнае. Кожны ўдзельнік майстар-класу зможа паспрабаваць свае сілы ў якасці гарадскога мастака.

Акрамя ўсяго, яшчэ кожны магілёвец можа і сам далучыцца да ўдзелу ў рэалізацыі арт-праектаў у якасці валанцёра, бо мастакам патрэбная дапамога. Для гэтага трэба толькі запоўніць анкету валанцёра, і з вамі звяжуцца.

Галоўны арганізатар стрыт-арт фестывалю DOMA – Цэнтр гарадскіх ініцыятыў, актыўна падтрымалі ідэю і дапамагаюць з арганізацыяй ўпраўленне культуры Магілёўскага гарвыканкама і “Магілёўскі гарадскі Цэнтр культуры і вольнага часу”.
Партнёры фестывалю: Caparol Center | Капарол цэнтр, крэатыўная лабараторыя MROI, кампанія “Aresa”, інфармацыйны праект Магілёў Live.
Праграма развіцця моладзі «Далучайся!» рэалізуецца Цэнтрам гарадскіх ініцыятыў у партнёрстве з Міжнароднай некамерцыйнай арганізацыяй Pact пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара