Галоўная » Дзень пісьменства

Наступны падарунак да Дня пісьменства. Раз у сто гадоў

Не можа быць усё дрэнна! Не павінна так быць! Шукаем станоўчыя моманты ў надыходзячым Дні беларускага пісьменства.

Так бывае – знеслі бібліятэку напярэдадні свята і забыліся пабудаваць новую. Што зробіш – тут можна ўсё зваліць на прагрэс: навошта складзіраваць гэтыя тоны паперы? Усю бібліятэку можна зараз на і флэшках захоўваць.

Іншая справа Горгаз! Як без яго можна абыйсціся ў справе пісьменства? Напярэдадні Свята стары будынак быў знесены імгненна – і тут жа пабудаваны новы. Нездарма ўстанову ўзначальвае былы старшыня райвыканкама. Супрацоўнікі газавай службы з павагай распавядаюць пра свайго кіраўніка – сапраўдны пісьменнік!

Ці, напрыклад лесхоз! Блішчыць і ззяе пасля грунтоўнага рамонту! Тут усё таксама лагічна і зразумела – хто ж яшчэ нарыхтуе драўніны для вырабу паперы, на якой будуць напісаныя шэдэўры нашага часу! Хаця нестыкоўка ёсць – мы забыліся на тое, што ў сферы сучаснага пісьменства адмянілі бібліятэкі (гл. артыкул “Падарункі” да Дня пісьменства ў Бялынічах” , нагадаем – цяпер уся літаратура на флэшках).

Помнік галоўнаму літаратару краіны, якой не існуе ўжо тры дзясяткі гадоў. Літаратар цяпер апынуўся праз дарогу ад свайго былога месца, відаць спрабуючы супраціўляцца: “Не той дарогай, ідзёце, таварышы!”

Спіс аб’ектаў можна працягваць бясконца – тратуары, плошчы, помнік Леніну ды шмат якога іншага будаўніцтва. Але ж хтосьці спытаецца (не выключаецца, што нават госці з далёкіх краёў): “А што, уласна кажучы ў вас робіцца для ўшанавання пісменства?” І адказныя супрацоўнікі, нібыта толькі і чакаючы гэтага пытання, адразу ж выпаляць: “А вось, калі ласка – новы будынак музея Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі!”

Госці з далёкіх краёў тут жа кінуцца “гугліць” пачутае. І “Гугл” не прымусіць доўга чакаць: “Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі”.

Далей шаноўныя госці пачнуць шукаць інфармацыю ці то пра першадрукара, ці то пра пісьменніка альбо паэта – Бялыніцкага-Бірулю. І… нажаль, не знойдуць.

Шаноўны Вітольд Каэтанавіч самотна разважае на тэму “Як так атрымалася, што я раптам стаў літаратарам?”

Не трэба выстаўляць дарагіх гасцей за недасведчаных і неадукаваных – яны знойдуць шмат чаго іншага: і пра знакамітага бялынічаніна Ігара Шклярэўскага, які атрымаўшы ў Маскве Дзяржаўную прэмію СССР за сваю кнігу, у хуткім часе пасля Чарнобыльскай катастрофы высаджваў на гэтыя грошы лясы ў роднай Магілёўскай обласці; і пра Вячаслава Казакевіча, былога прафесара японскіх гуманітарных універсітэтаў, выдатнага паэта і глыбокага пісьменніка, у чыёй творчасці заўсёды прысутнічалі мастацкія вобразы, звязаныя з Бялынічамі.

Калі ласка, жывыя класікі рускай і беларускай літаратуры. Ды не надта заўважаныя мясцовымі “пісьменнымі” спецыялістамі. Можа быць, таму што жывуць тыя класікі далёка – адзін у Маскве, другі ў Токіа? А тут трэба было б пашукаць штосьці папрасцей за недасяжныя  пікі высокай літаратуры ды каго-небудзь з аўтараў бліжэй па адлегласці? Зразумела, тут жа падтрымаць новыя імёны!

І раптам – як па заказу! Калі ласачка! Рыхтуецца новая кніга для дзяцей! Ды непасрэдна бялыніцкага аўтара. Выдатны падарунак для выхавальнікаў дзіцячых садкоў, для настаўнікаў малодшых класаў, для бацькоў і дзетак – больш за 80 старонак загадак, лічылак, казак, баек, апавяданняў, вершаў! І папярэдняя прэзентацыя нават прайшла – яшчэ напачатку года, у залі кінатэатра, з удзелам вучняў СШ №1 і СШ №2.

Апошняя дзіцячая кніга бялыніцкага аўтара (Янка Шарахоўскі, «Сердалікавая бухта», 1955) выходзіла ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. А раней і ўвогуле няма звестак пра выданні для дзяцей. Такім чынам атрымліваецца – не толькі раз на сто гадоў, а дзве дзіцячыя кніжкі на ўсю тысячу гадоў пісьменства на Беларусі выдалі бялынічане.

Здаецца, іншыя “адказныя за пісьменства” кінуліся б у абдымкі – маўляў, давай – дапаможам! Падтрымаем! Аднак, нажаль, – не ў нашым выпадку.

Афіцыйны адказ на калектыўную просьбу падтрымаць выданне кнігі для дзяцей.

 

P. S. Трэба аддаць належнае – кніжка ўсё ж вышла, але дзякуючы зусім іншым людзям. І стала САПРАЎДНЫМ падарункам да СВЯТА ПІСЬМЕНСТВА ў Бялынічах.

Дзмітрый Мікалаеў