Галоўная » Дзьячкоў

Дыктоўка да Міжнароднага дня роднай мовы прайшла ў Магілёве

Больш за 70 чалавек прынялі ўдзел у традыцыйнай дыктоўцы, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы, якая прайшла ў магілёўскім Палацы вобласці.

Дыктоўка праходзіць ужо ў трынаццаты раз, адзначыў напачатку мерапрыемства старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Алег Дзьячкоў. Кожна раз арганізатары выбіраюць ўрыўкі з твораў тых пісьменнікаў, якія звязаныя з Маглёўшчынай. Так, у 2019 годзе ўдзельнікі дыктоўкі пісалі на слых частку твора «Шчаслівае месца» Івана Чыгрынава, а сёлета – «Сівая легенда» Уладзіміра Караткевіча. Чытаў урывак настаўнік з 41-й школы Алесь Цітоў.

Пасля дыктоўкі ўсе жалаючыя маглі паглядзець спектакль на беларускай мове «Беларускі каляндар», наладжаны адміністрацыяй Палаца культуры.

«За гэтыя 13 гадоў змянілася ў значна лепшы бок стаўленне ўладаў магілёўскіх, чыноўнікаў да дыктоўкі. Прасцей стала арганізоўваць, яны самі прапануюць дапамогу. І тое, што яна праходзіць на прыстойным узроўні гэта, перадусім, дзякуючы нашым уладам, адміністрацыі і супрацоўнікам Палаца культуры вобласці», – заявіў «Магілёўскаму рэгіёну» Алег Дзьячкоў.

Паводле яго, раней многае рабілася выключна на энтузіязме актывістаў ТБМ і супрацоўнікаў палаца. «Зараз ёсць зацікаўленасць уладаў у тым, каб такія мерапрыемствы праходзілі», – упэўнены старшыня гарадской арганізацыі ТБМ.

Ён адзначае, што колькасць удзельнікаў дыктоўкі вагаецца ад 70 да 150 чалавек. Арганізатары не робяць шырокую рэкламную кампанію, арыентуючыся прыкладна на сотню ўдзельнікаў. Павялічыць іх колькасць ці ўвесці папярэднюю рэгістрацыю з пашырэннем рэкламы акцыі пакуль не плануецца. «Мы не ўводзім рэгістраыю, каб не было залішняй бюракратызацыі. Бо многіх гэта ўсё ж такі пужае, і многія з-за гэтага адмаўляюцца, напрыклад, людзі старэйшага ўзросту, якія не ўмеюць карыстацца інтэрнэтам і для якіх гэта праблема. А большая частка гэта ўсё ж такі людзі сталага ўзросту, якія не карыстаюцца інтэрнэтам. Але ёсць ядро – пару дзясяткаў чалавек, якія прыходзяць з года ў год. А многія паспрабавалі раз, два, а потым прыходзяць новыя людзі. Добрую палову людзей, якія сёння прыйшлі, я не ведаю», – кажа Дзьячкоў.

Паводле яго, дыктоўка спрыяе ўсведамленню, што «мы беларусы, што наша роўдная мова беларуская». Галоўны ж сэнс акцыі не ў граматычна бездакорным напісанні тэкста, а ва ўдзеле ў ёй.

Уладзімір Лапцэвіч

Фота Алесь Сабалеўскі

“Салодкі Дзень роднай мовы” ў Магілеве.

Ужо ў 7-ы раз у Магілёве на Плошчы зорак праходзіць “Салодкі Дзень роднай мовы”. Менавіта 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы (International Mother Language Day), з 2000 года штогод з мэтай садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю.

Дзесяткі валанцёраў і сяброў Таварыства беларускай мовы сумесна з кампаніяй CUKERKI.BY (Цукеркі.бай) раздаюць гараджанам і гасцям горада цукеркі за веданне  беларускай мовы.

Людзі рознага ўзросту самі падыходзілі і з задавальненнем удзельнічалі ў салодкай акцыі.

Гучалі не толькі словы падзякі, але і добрыя пажаданні ў падтрымку беларускай мовы. Усяго валанцёрамі было раздадзена 15 килаграмаў цукерак і сабраны сотні напісаных слоў.

Падрабязней ў нашым рэпартажы.

 

Яўген Глушкоў

Святкаванне Дня Волі ў Магілёве: музыка, вершы, салодкі стол і экскурсіі

Святкаванне 101 гадавіны стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў Магілёве зладзілі ў нядзелю 24 сакавіка. Святочную імпрэзу правялі ў зале паседжанняў гасцініцы «Губернская». Арганізатарамі выступілі палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі, прыйсці маглі ўсе ахвотныя.

«Калі б святкавалі толькі ў Менску, то гэта б выглядала так, нібыта патрэбна толькі сталіцы. Але 25 сакавіка – свята ўсёй дзяржавы, таму мы святкуем у Магілёве. Дзень волі трэба праводзіць у кожным населеным пункце, я ведаю, што сёння сябры нашага аргкамітэту святкавалі і ў Шклове», – кажа старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі ў Магілёве Уладзімір Шанцаў.

Для наведнікаў імпрэзы арганізатары падрыхтавалі віншавальныя паштоўкі і тэксты песень для сумесных спеваў. Усіх гасцей прасілі прынесці свае прысмакі на салодкі стол.

«Воля – самы галоўны дар Гасподні, нехта лічыць, што жыццё, але без волі і жыцця няма. Таму гэта сапраўды вялікае свята, дзень, які яднае беларусаў. Шкада, што сёння на дзяржаўным узроўні адзначаюцца савецкія святы, а Дзень волі – не адзначаецца. Я лічу, што сваё забываць нельга, таму мы сёння тут сабраліся», – кажа абласны каардынатар БХД Алег Аксёнаў.

Пісьменніца Таццяна Барысік зачытала некалькі ўласных зацемак Музыка Максім Іўкін (гурт “Балцкі субстрат”)

«Нават афіцыйныя гісторыкі прызнаюць: не было б БНР – не было б і БССР, не было б і незалежнай Рэспублікі Беларусь. Гэта адна з прыступак таго гістарычнага працэсу, паводле якога мы прыйшлі да незалежнасці Беларусі. Можна доўга спрачацца, істотная яна ці не істотная, але яна была», – кажа старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў.

25 сакавіка ў Магілёве працягнуць святкаваць. Усіх ахвочых запрашаюць на гістарычную экскурсію па мясцінах, звязаных з дзейнасцю БНР у Магілёве. Старт экскурсіі 16:30 на Замкавай гары (уваход у парк Горкага на плошчы Славы).

Вольга Васільева belsat.eu

Як прайшоў круглы стол па праблемах беларускамоўнага навучання (відэа)

Круглы стол па праблемах беларускамоўнага навучання ў Магілёве назвалі «Папулярызацыя беларускай мовы». На размову прыйшлі бацькі дзяцей, якія ўжо навучаюцца ў беларускамоўных класах і тыя, чые дзеці не патрапілі ў гэтыя класы праз некаторыя перашкоды.

Бацькі як змаглі данеслі праблематыку да кіраўніцтва гораду і раёнаў:

– адсутнасць кадраў (калі настаўнік захварэў, то няма каму яго замяніць),

– бесперспектыўнасць (няма вышэйшай беларускамоўнай адукацыі),

– да бацькоў не даносіцца інфармацыя пра існаванне беларускамоўных класаў,

– роўнасць моў толькі фармальна.

 

І гэта толькі малая частка тэм, на якія хацелі звярнуць увагу бацькі. Але палова часу на сустрэчы сышла на справаздачы запрошаных чыноўнікаў. Прысутным распавядалі пра беларускамоўныя шыльды, беларускамоўныя ўстановы, дні і гадзіны беларускай мовы ва ўстановах адукацыі. Калі дайшла чарга справаздачыцца да Таварыства беларускай мовы, то Алег Дзьячкоў рэзка адмовіўся гэта рабіць:

«Мы толькі губляем час. Нам трэба засяродзіцца на праблематыцы, а не лічыць мерапрыемствы», – прамовіў старшыня ТБМ Алег Дзьячкоў.

 

На сённяшні дзень у Магілёве адкрыты беларускамоўныя групы і класы.

У Ленінскім раёне – гэта два класы ў СШ№ 1, а ў Кастрычніцкім раёне – гэта група з дзіцячым садку №79 і два класы ў СШ № 34. Падчас круглага стала чыноўнікі паабяцалі, што ў новым навучальным годзе створаць беларускамоўную групу ў дзіцячым садку і ў Ленінскім раёне. Магчыма, гэта будзе садок № 37, бо ён побач з першай школай, дзе ўжо існуюць беларускамоўныя класы. Але разглядаецца таксама магчымасць адкрыць беларускамоўную групу ў дзіцячым садку ў мікрараёне Казіміраўка. Наконт адкрыцця новых беларускамоўных класаў інфармацыі няма.

«Мы гатовыя адкрываць беларускамоўныя класы і ў іншых школах, калі там назбіраецца хаця б 10 чалавек. Дзеля 2-3 дзяцей мы гэтага рабіць не будзем», – сказала намесніца кіраўніка гарадскога ўпраўлення адукацыі Раіса Аўсеенка.

Алена Васільева