Галоўная » грамадскі магістрат

Падзея і Асоба 2020 года ў Магілёве – урачыстасць узнагароджання лаўрэатаў (Відэа)

Штогод ініцыятыва “Грамадскі Магістрат” вызначае лаўрэатаў прэміі “Асоба года” і “Падзея года”. Яны выбіраюцца з падзей і людзей, якія ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё грамадзянскай супольнасці Магілёва.

чытаць далей

Ініцыятыва “Грамадскі Магістрат” вызначае “Асобу Года 2020”

Дзявяты год запар Грамадзянская ініцыятыва “Грамадскі Магістрат” вызначае лаўрэатаў Прэміі “Асоба Года” ды “Падзея года”. … чытаць далей

У Магілёве сенсацыя – мова і гісторыя, аказаваецца, хвалююць многіх беларусаў (Фота, Відэа)

Пераможцай у намінацыі «Асоба 2019 года” па версіі «Грамадскага магістрата» стаў энергетык Ігар Бадзькоў за … чытаць далей

Ініцыятыва “Грамадскі Магістрат” вызначыла намінантаў на Прэмію “Асоба года” і “Падзея года” 2019

15 студзеня адбылася паседжанне “Грамадскага Магістрату”, Мэтай якога было вызначэння шорт-ліста на Прэмію Прэмію “Асоба … чытаць далей

Магілёўцы і беларуская мова. Нататкі з круглага стала

Нягледзячы на ўсе высілкі, якія прыймаюць ў апошнія гады грамадскія актывісты, нават пры той-сёй дапамозе улад, стан беларускай мовы ў Магілёве мала ў чым палепшыўся. Такую выснову можна зрабіць пасля круглага стала «Мова як сацыяльна-культурный складнік жыцця магілёўцаў», які прайшоў у грамадскім цэнтры «Кола» 8 снежня.

Мерапрыемства было арганізавана грамадскай ініцыятывай «Грамадскі магістрат» і ўдзел у ім прынялі каля 15 чалавек. Вялі круглы стол старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Міхась Булавацкі і гісторык Аляксандр Агееў.

У прамове Булавацкага быў зроблены невялікі экскурс у гісторыю, а менавіта ў канец 80 – пачатак 90- гадоў мінулага стагоддзя, калі ў Магілёве з“явілася ТБМ і пачаўся невялікі па часе перыяд адраджэння беларускамоўнай адукацыі і распаўсюду беларускай мовы ў грамадскім жыцці.

Аднак пасля рэферэндуму 1995 года працэс папулярызацыі беларускай мовы ў горадзе, як і ва ўсёй краіне быў не толькі спынены – пачаўся перавод беларускіх класаў на рускую мову навучання. У выніку напачатку 2000-х гадоў у Магілёве беларускамоўнай адукацыі ў школах і дашкольных установах ужо не існавала. Разам з тым спробы адрадзіць яе прадпрымаліся. Так, напрыканцы дзесятых гадоў у садку на Дняпроўскім бульвары існавала невялічкая беларускамоўная група. А потым у СШ №1, з“явілася першая беларускамоўная вучаніца Ялінка Салаўёва. Намаганнямі ТБМ, і ў першую чаргу старшыні яе Магілёўскай гарадской арганізацыі Алега Дзячкова, ужо некалькі год у СШ №1 і СШ №34 ёсць беларускамоўныя класы, існуюць асобныя групы ў дзіцячых садках.

Са станоўчага боку выступоўцамі была адзначана дзейнасць яшчэ не так даўно працаваўшага ў Магілёве на розных пасадах цяперашняга намесніка главы адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кунцэвіча. Ён, паводле ўдзельнікаў круглага стала, спрыяў большаму распаўсюду беларускай мовы ў Магілёве, і не толькі ў галіне адукацыі.

Нажаль, карэнным чынам сітуацыя з беларускамоўем ў Магілёве не палепшылася. Паводле журналіста Алеся Асіпцова, беларускамоўная адукацыя ў горадзе знішчана, і праблемы, якія стаяць перад дзецьмі, якія вучацца па-беларуску, і іх бацкамі не вырашаюцца. Сярод іх – праблема з настаўнікамі-прадметнікамі, не навучанымі выкладаць свае прадметы на беларускай мове.

На круглым стале прагучала сцвярджэнне, што на вуліцы не сустрэш чалавека, які размаўляе па-беларуску. Праяваў агрэсіўнага стаўлення да беларускага слова стала менш, але яны па-ранейшым сустракаюцца ў грамадстве. Таксама існуе даволі моцнае супраціўленне беларускай мове з боку мясцовых чіноўнікаў.

Па выніках круглага стала яго ўдзельнікі прынялі адпаведную адозву, якая пасля некаторых удакладненняў будзе накаіравана ў Магілёўскі гарвыканкам.

Фота Алеся Сабалеўскага

Уладзімір Лапцэвіч 

Праблемы экалогіі і шляхі іх вырашэння абмеркавалі на Грамадскім Магістраце ў Магілёве

Магілёўскі Грамадскі Магістрат разам з абласным аддзелам ГА “Беларускае геаграфічнае таварыства” зладзілі круглы стол “Экалогія Магілёва : выклікі і рашэнні”. Сустрэча прайшла 18 красавіка ў памяшканні і пры актыўнай падтрымцы Магілёўскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэкі.

 Удзельнікі круглага стала абмеркавалі стан экалогіі ў горадзе і паспрабавалі вызначыць асноўныя праблемы і пошук магчымых шляхоў іх вырашэння, адшукаць механізмы узаемадзення і ўзаемадапамогі паміж экалагічнымі і іншымі арганізацыямі “трэцяга сектару”, грамадскасцю, органамі ўлады і СМІ.

За круглым сталом сабраліся прадстаўнікі Грамадскага Магістрату, Магілёўскага абласнога аддзела ГА “Беларускае геаграфічнае таварыства”, МАА “Экапартнерства”, “ЭНДО”, “Экапраект”, кіраўнікі экалагічных ініцыятыў ад ТБМ, клуба аматараў гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, ініцыятываў “За здаровы Магілёў”“Зялёная сетка”, “СПП”, Цэнтр грамадскіх ініцыятыў, “Падміколле” і “Пячэрск”, прадстаўнікі навучальных устаноў (МДАЛ №3, МДУ імя А. Куляшова, БРУ, МДУП, МДА ІРА), ГА БАЖ, а так сама прадстаўнікі АГП і БХД.

Сустрэча прайшла ў адным з памяшканняў магілёўскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэкі – філіяле РНТБ

 

Удзельнікам было прапанавана запоўніць анкеты з пытаннямі пра стан экалогіі ў горадзе, асноўныя праблемы і выклікі, і як і што можа зрабіць ініцыятыва, якую яны прадстаўляюць для паляпшэння сітуацыі.

Некаторыя ўдзельнікі сустрэчы распавялі пра свае арганізацыі і ініцыятывы, прэзентавалі праекты і справы. Так, самы юны з удзельнікаў, вучань 11-га класу ліцэя №3 Арцём Харкевіч  прэзентаваў грунтоўную працу “Стварэнне інтэрактыўнай карты дзіцячых пляцовак г. Магілёва”. Праз інтэрнэт сувязь да сустрэчы далучылася спецыяліст МАА “Экапартнерства” па энэргіі і клімату Наталля Андрэенка, якая падрабязна распавяла пра ўдзел Магілёва ў ініцыятыве «Пагадненне мэраў па клімату і энергіі». Актывіст-эколаг Леанід Платоненка ўзгадаў праблемы Падміколля і Пячэрска, а Андрэй Пахоменка з “ЭНДО” расказаў пра стан і маніторынг вады і паветра горада. Каардынатар кампаніі “За здаровы Магілёў” Андрэй  Бодзілеў агучыў праблемы па выкідах прадпрыемства “Омск-карбон”. Ён так сама звярнуў увагу на недапрацоўкі ў заканадаўстве па пытаннях экалагічнай бяспекі, пра нежаданне некаторых чыноўнікаў прызнаваць і заўважаць экалагічныя праблемы.  Віктар Кірэеў прадставіў грунтоўную прэзентацыю пра дзейнасць МГА “Экапраект” і іхныя шматлікія экалагічныя праекты. Віктар заўважыў, што ў Магілёве нехапае адмысловай інфаплатформы, дзе б грунтоўна ўздымаліся і асвятляліся праблемы і пытанні экалогіі, і на якой спецыялісты і эксперты маглі б рэгулярна агучваць і каментаваць усё самае актуальнае на гэту тэму. Акрамя таго, надзённай ёсць і праблема фінансавання  экалагічных праектаў і ініцыятыў на мясцовым узроўні.

Арцём Харкевіч прэзентуе “Стварэнне інтэрактыўнай карты дзіцячых пляцовак г. Магілёва”

 

Леанід Платоненка – актывіст, эколаг, краязнаўца. Андрэй Пахоменка, ГА “ЭНДО” Віктар Кірэеў, МГА “Экапраект”

 

Шмат розных заўваг і каментароў прагучала амаль ад ўсіх удзельнікаў, было агучана багата ідэяў і прапаноў па паляпшэнні сітуацыі з экалогія, па прыродаахоўным захадам. Удзельнікі дамовіліся разгледзіць прапановы аб стварэнні каардынацыйнага савета па экалагічных праблемах пры Грамадскім Магістраце, аб накіраванні прадстаўнікоў у рабочыя групы па распрацоўцы рэгіянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця. Адна з вялікіх праблемаў грамадства, у тым ліку і сярод экалагічных актывістаў і ініцыятыў – недахоп прававых ведаў, запозненая рэакцыя на ўзніклыя праблемы. Таму было вырашана падумаць пра стварэнне юрыдычна-прававой групы адмыслоўцаў, пра пашырэнне інфармацыйнай прасторы для шырокага абмеркавання праблем, азнакамлення  грамадскасці аб выніках працы каардынацыйнага савета, па правядзенню інтэрактыўнай (дыялогавай) дзейнасці.

Ну і галоўная думка і выснова сустрэчы – гэта неабходнасць аб’ядноўваца, пачынаць не толькі абмяркоўваць але і разам прымаць рашэнні, рэальна і актыўна працаваць. Вельмі важна і ўсімі сродкамі даводзіць да ўладаў разуменне таго, што не грошы і прыбытак самае галоўнае, у першую чаргу неабходна думаць пра будучыню, пра тое, якім мы захаваем горад і асяроддзе для нашых дзяцей, бо ніякія грошы не кампенсуюць страты здароўя і негатыўныя прыродныя змены. 

 

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара.

Упершыню жанчына стала Асобай года ў Магілёве паводле версіі грамадства

Ініцыятыва «Грамадскі магістрат» падвяла вынікі галасавання за Асобу і Падзею 2018 года ў Магілёве. Традыцыйна прэмія ладзіцца каля 28 студзеня – дня надання Магілёву Магдэбургскага права (права на самакіраванне). Гэтая прэмія – спроба вярнуць жыхарам гораду магчымасць самастойна вырашаць свае справы і народным галасаваннем уплываць на падзеі ў горадзе.

Вядоўца прэміі – гісторык і сябра Грамадскага магістрату Ігар Пушкін

Спачатку сацыёлагі вылучылі 8 асобаў і 8 падзеяў, якія летась выклікалі найбольшы рэзананс у медыях і ў грамадскім жыцці гораду. А пасля адбылося анлайн-галасаванне на сайце «Грамадскага магістрату» і афіцыйнае падвядзенне вынікаў прэміі.

Самы першы этап – гэта кантэнт-аналіз, які праводзяць дасведчаныя сацыёлагі

 

Прэмія Асоба і Падзея года ў Магілёве ўручаецца ўжо сёмы год запар

Падзея году – выстава

Падзеяй году, па версіі грамадства, стала выстава «Невядомы Магілёў 1918», праведзеная Музеем гісторыі гораду. Узнагароду атрымаў дырэктар музею Аляксей Бацюкоў.

Аляксей Бацюкоў, дырэктар музею гісторыі Магілёва

Але не толькі ён спрычыніўся да выставы, а таксама ўсе супрацоўнікі музею, сябры, якія рыхтавалі экскурсіі па выставе і, канешне ж, магілёвец Алег Давід Лісоўскі, які падзяліўся сваёй калекцыяй фотаздымкаў для правядзення гэтай выставы.

 

Алег Давід Лісоўскі цяпер жыве ў Баварыі і за асабістыя грошы набывае старыя фотаздымкі Магілёва на інтэрнэт-аўкцыёнах. Са сваймі суайчыннікамі калекцыянер дзеліцца здабыткамі праз выставы, а таксама праз свой інтэрнэт-архіў. У ягонай калекцыі – каля 800 здымкаў, па якіх можна вывучаць гісторыю і архітэктуру гораду.

Магілёў 1918, мост праз Днепр, фота з калекцыі Алега Давіда Лісоўскага

 

Магілёў 1918 г на старонках польскай газеты, з архіву Алега Давіда Лісоўскага,

Выстава «Невядомы Магілёў 1918» паказала, чым жыў і як выглядаў Магілёў сто гадоў таму. Аснову экспазіцыі склалі чорна-белыя фотаздымкі, зробленыя нямецкімі салдатамі ў акупаваным Магілёве ў 1918 годзе.

Алег Давід Лісоўскі на правах Асобы 2017 году праз скайп агучыў імя Асобы 2018 году.

 

Асоба году – жанчына, якая стварыла творчы цэнтр

Упершыню Асобай году ў Магілёве па версіі грамадства стала жанчына – Алеся Цумарава. За адкрыццё творчага цэнтру для людзей з асаблівасцямі «Тэрыторыя людзей». Праект спалучае функцыі крамы і адукацыйнага цэнтру. Тут прадаюцца творчыя вырабы ад людзей з асаблівасцямі і праходзяць майстар-класы, адкрытыя для ўсіх, але для людзей з асаблівасцямі яны бясплатныя. На занятках вучаць вырабляць сувеніры, ляпіць, шыць, а таксама самім прадаваць сваю прадукцыю.

Алеся Цумарава, калі пачула сваё імя, не змагла стрымаць эмоцый.

Алеся Цумарава сама жыве з цэрэбральным паралюшам. На яе думку, усім патрэбна магчымасць для самарэалізацыі.

 

«Ёсць людзі, якія вельмі актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці гораду і іх абавязкова трэба адзначыць. Актывізацыя грамадскай супольнасці – нашая мэта. Грамадскае самакіраванне, грамадскае абмеркаванне і грамадскі кантроль – нашыя прынцыпы. Мы хацелі, каб магілёўцы самі абмяркоўвалі свае праблемы. Вось узяць інтэрнэт-галасаванне. Вы б толькі паглядзелі, колькі там было абмеркаванняў паміж людзьмі», – кажа сябра «Грамадскага Магістрату» Алесь Агееў.

 

Адзін з намінантаў на Асобу года – Аляксей Каплан за кампанію па захаванні габрэйскіх могілак

Прэмія Асоба і Падзея году ў Магілёве праводзіцца ўжо 7-ы раз. Арганізатары адзначаюць, што з кожным годам актыўных людзей становіцца ўсё болей.

Вольга Васільева, фота аўтара/Belsat.eu

Магілёўцы разважалі пра лёс старога хлебазавода

Ініцыятыва “Грамадскі магістрат” Магілёва 20 верасня правяла грамадскія слуханні па захаванні тэрыторыі і будынка былога Хлебазавода №2.

Сустрэча адбылася ў офісе інфапартала 6tv.by

Удзельнікі Магістрату і зацікаўленыя магілёўцы абмеркавалі інвестпраект, які зараз рэалізуецца на прылеглай тэрыторыі (былой тэрыторыі прадпрыемства “Горсвятло”), і магчымыя вынікі яго рэалізацыі. Там зараз ідуць падрыхтоўчыя працы для стварэння “Асветніцкага цэнтру для моладзі”, праект якога рэалізуе кампанія “Сервалюкс” на замову і сродкі дабрачыннага асветніцкага фонду “Ор Авнер”. Па факце – гэта будзе габрэйскі рэлігійны аб’ект з адпаведнымі адукацыйнымі ўстановамі і памяшканнямі для малітваў. З аднаго боку, у гэтым варыянце забудовы і выкарыстання тэрыторыі гістарычнага цэнтру горада няма нічога кепскага, але ўзнікаюць пытанні, чаму менавіта тут вырашылі будаваць такі рэлігійны цэнтр, ці былі нейкія іншыя прапановы, ці не трэба было правесці грамадскія слуханні і абмеркаванні па будаўніцтву падобнага аб’екту. Ну і яшчэ адну акалічнасць, звязаную с забудовай у  ахоўнай гістарычнай зоне горада, узгадаў старшыня грамадскага аб’яднання “Ахова помнікаў гісторыі і культуры” Антон Астаповіч – такая забудова, згодна закону, мусіць у першую чаргу аднаўляць былую гістарычную забудову, а не быць цалкам дадуманым навадзелам. Прысутныя на паседжанні магілёўцы падтрымалі прапанову даслаць запыты на гэты конт у адпаведныя кантрольныя органы.

Пра планы забудовы тэрыторыі і акалічнасці праекту ад кампаніі “Сервалюкс” распавядае Ігар Пушкін – сябра Грамадскага магістрату, удзельник архітэктурна-горадабудаўнічага Савету Антон Астаповіч – старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры

Адной з найбольш прывабных, па меркаванні ўсіх прысутных, варыянтаў выкарыстання будынку Хлебазаводу №2  – стварэнне на гэтай пляцоўцы грамадска-культурнага аб’екту з адпаведнай рэканструкцыяй навакольнай тэрыторыі. Нават калі будзе рэалізаваны праект фонду “Ор Авнер”, і з улікам усіх існуючых пабудоў у гэтым раёне – а тут месцяцца і музеі, і дзіцячыя мастацкія школы, а сама тэрыторыя прылягае да пешаходнай зоны, падобны варыянт вельмі ўпішацца ў агульную канцэпцыю тэрыторыі. Ну а галоўнае – па магчымасці захаваць ужо існуючы будынак, бо ў любым выпадку, гэта  наша гісторыя, зруйнаваць якую лёгка, але вярнуць былое будзе ўжо немагчыма. Адзначым, што з Хлебазаводам звязаны і гераічныя старонкі гісторыі Магілёва – на прадпрыемстве пад час Другой сусветнай вайны дзейнічала падпольная арганізацыя. Па рашэнні ўдзельнікаў слуханняў, так сама будзе актывізаваны збор неабходных дакументаў па наданню будынку статусу “гістарычнай каштоўнасці”.

Знешні выгляд аднаго з апошніх варыянтаў запланаванага “Асветніцкага цэнтру для моладзі з дзіцячым садком і школай” (праектаванне будынка асветніцкага цэнтра знаходзіцца на пачатковай стадыі) Агульны план забудовы тэрыторыі былога прадпрыемства “Горсвятло” і “Хлебазавод №2”. Згодна гэтага, папярэняга плану, на месцы будынку хлебазавода будзе месціцца зялёная зона і невялікі будынак “грамадскага прызначэння”

Напрыканцы сустрэчы выкладчык сацыялогіі ўніверсытэту Юрый Бубнаў распавёў пра вынікі даследавання сярод студэнтаў па пытанях адносінаў да гістарычных будынкаў. Галоўны вынік даследаванняў – хоць моладзь і схіляецца ў асноўным да думкі, што захаваннем і аднаўленнем гістарычных будынкаў мусіць у большай ступені клапаціцца дзяржава, але вялікая частка апытаных гатовая дапамагаць, пры чым нават фінансава, у аднаўленні нашай гістарычнай спадчыны.

Доктар сацыялогіі Юрый Бубнаў распавядае пра даследванне сярод студэнтаў

Па выніках грамадскіх слуханняў “Грамадскі магістрат” Магілёва падрыхтуе і агучыць рэзалюцыю, будуць напраўленыя запыты ў кантрольныя і дзяржаўныя ўстановы наконт адпаведнасці рэалізуемага праекта “Асветніцкага цэнтру для моладзі” усім законным патрабаванням, і ў тым ліку прапанова правесці грамадскае абмеркаванне праекту сярод гараджанаў.

Нагадаем, што наш партал ужо  закранаў тэму і пра лёс старога хлебазавода, і пра грамадскія і культурныя прасторы ў Магілёве, Новая хваля актыўнасці ў гэтым накірунку сведчыць аб тым, што гэтая тэма ўсё яшчэ цікавіць магілёўцаў, якім неабыякава далейшае развіццё горада, а менавіта – пашырэнне агульнагарадскіх культурных прастораў і захаванне нашай гістарычнай спадчыны.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара