Галоўная » история » Page 23

“Магілёўскае цунамі» – забытыя трагічныя падзеі горада на Дняпры

10 красавіка 1942 года каля дзвюх тысяч жыхароў Магілёва загінула ў вадзе выйшаўшай з берагоў Дубравенкі. Памяць аб той трагедыі сёння амаль знікла. Уваскрасіць яе могуць толькі задакументаваныя ўспаміны сведкаў, рэдкія фотаздымкі і праца гісторыкаў.

Жыццё Магілёва, які з лета 1941 года апынуўся пад нямецка-фашысцкай акупацыцяй, працягвалася. Праўда, не для ўсіх яго жыхароў. Так, каля 15 тысяч магілёўскіх яўрэяў былі сагнаныя ў гета і да восені таго года іх забілі новыя гаспадары заваяванай тэрыторыі.

Але ў хуткім часе смерць спасцігла і іншых магілёўцаў, якія ўвесну 1942 года жылі ці знаходзіліся на берагах невялікай рэчкі Дубравенкі. Яны загінулі ў яе водах, якія, змыўшы чыгуначны насып, як цунамі паглынулі больш за сотню дамоў, што трапіліся на іх шляху.

 

Намаганнямі гісторыкаў, краязнаўцаў і звычайных аматараў вывучэння мінуўшчыны родных мясцін удалося высвятліць тое, што замоўчвала савецкая гістарычная навука, якая перш за ўсё абслугоўвала камуністычную ідэалогію. Дакументы, фотаздымкі і ўспаміны, што выкарыстаны ў новай перадачы «Погляд у мінулае» з удзелам гісторыка Ігара Пушкіна на 6tv.by, дазваляюць скласці ўяўленне аб трагічных падзеях, што мелі месца ў акупаваным Магілёве.

 

 

Здымкі тых падзеі «Магілёўскаму рэгіёну» ласкава прадставіў Давід Алег Лісоўскі – магілёвец, якія зараз жыве ў Германіі.

Уладзімір Лапцэвіч

Археалагічныя работы на Ільінскай гары (Цвінтар) у Бялынічах падыходзяць да свайго завяршэння

Археалагічныя работы на Ільінскай гары (Цвінтар) падыходзяць да свайго завяршэння. Журналіст “Зары над Друццю” яшчэ раз сустрэўся з археолагамі, каб атрымаць новую інфармацыю і пазнаёміць з ёй чытачоў раёнкі.

Каля падножжа гары мяне сустракаюць ужо знаёмыя добраахвотныя памочнікі археолагаў, пенсіянеры Уладзімір СТРАЛЬЦОЎ і Аляксандр ЮШКЕВІЧ. З гутаркі адназначна вынікае, што яны даволі значна паглыбілі ўласны гістарычны досвед, упэўнена і да месца карыстаюцца і спецыфічнай вузкапрафесійнай тэрміналогіяй.

Уладзімір Арцёмавіч заўважае, што назва гары, Ільнская, – пазнейшая.

– Найчасцей карэнныя бялынічане называлі і называюць яе цяпер як Цвінтар, – кажа ён.

– А некаторыя вымаўляюць як Свінтар, – дадае Аляксандр Юшкевіч. – Паходзіць жа назва ад польскага слова “цментаж” – могілкі.

Навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алесь ВАШАНАЎ упаўне сур’ёзна заўважае, што Аляксандр Юшкевіч і Уладзімір Стральцоў ужо могуць самастойна праводзіць і археалагічныя раскопкі, і арганізоўваць экскурсіі па мінуўшчыне Бялынічаў.

– На сённяшні дзень намі даследавана большая частка пляцоўкі, на якой у далейшым плануецца пабудова праваслаўнай капліцы, – інфармуе Алесь Вашанаў. – З раскопу памерам 100 квадратных метраў паднята ўжо больш за семдзясят пахаванняў людзей, сярод якіх шмат дзіцячых.

Адносна часу ўзнікнення могілак пакуль сказаць што-небудзь канкрэтнае не з`яўляецца магчымым. Можам толькі ўпэўнена гаварыць, што яны дзейнічалі ўжо з сярэдзіны XVII ст. Для гэтага патрэбуюцца дадатковыя даследванні, у тым ліку і антрапалагічныя, што і будзе зроблена пасля завяршэння раскопак. Пакуль жа магу адзначыць, што пахаванні магчыма датаваць ХVІІ-ХІХ стагоддзямі.

Магілы выяўлены на розных узроўнях гары, яны характарызуюцца шмат’яруснасцю, сярод якой сустракаюцца і адна над адной, уключэнні, што характэрна для могілак, якім 200-300 і больш гадоў. Яны размешчаны на глыбіні ад 1,6 метра да 20 сантыметраў. Адно пахаванне, выяўленае на гэтым раскопе, па арыентацыі выразна адрозніваецца ад астатніх. Яно размешчана на паўднёвы захад, у той час як астатнія сарыентаваны на захад, паўночны захад. Выяўлены і магілы ўніятаў.

Археолаг Алесь Вашанаў таксама распавёў, што сярод знаходак ёсць цвікі з дамавін, надмагільныя камяні і крыж, фрагменты нацельнага крыжыка, керамікі, тканіны, некалькі манет, датаваныя ХVІІ-ХVІІІ стагоддзямі. Захаванасць парэшткаў розная, што можа тлумачыцца як храналогіяй пахаванняў, так і характарам глебы.

На раскопках Цвінтара задзейнічаны археолагі аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алесь Вашанаў, Марыя ТКАЧОВА, Ганна ЯСКОВІЧ, навуковы супрацоўнік аддзела антрапалогіі Інстытута Уладзіслаў КРУМПЛЕЎСКІ.

Уладзіслаў адзначыў унікальнасць пахаванняў на Цвінтары. Падобныя на тэрыторыі Беларусі сустракаюцца толькі ў Полацку.

– Многа выяўлена дзіцячых пахаванняў, што ўпаўне зразумела, бо ў ХVІІ-ХІХ стагоддзях дзіцячая смяротнасць была вельмі высокая, – распавядае антраполаг Уладзіслаў Крумплеўскі. – Дзеці паміралі ад самых розных хвароб. Знойдзены шэсць магіл, пахаваныя ў якіх былі забітыя халоднай зброяй. Складваецца ўражанне, што гэта былі вельмі стомленыя паланёныя людзі. Дапушчальна таксама, што ў іх былі звязаны рукі. Смерць ва ўсіх іх наступіла ад удару, мажліва, штыком у левую скроню. Магчыма, іх так дабівалі ў бездапаможным стане. Магілы іх размешчаны ў розных частках раскопу.

Адносна часу пахавання сказаць што-небудзь канкрэтнае пакуль няма магчымасці. Мажліва, смерць іх звязана з падзеямі вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гадоў або з Паўночнай вайны, калі ў ліпені 1708 года адбылася вядомая бітва рускага і шведскага войскаў пад Галоўчынам, ці з баявой дзейнасцю партызанскага атрада Дзяніса ДАВЫДАВА (14 лістапада 1812 года). Магчыма, гэта і адзін з трагічных вынікаў змагання ў 1760-я гады Міхаіла (“Рыбанька”) і Караля (“Пане Каханку”) РАДЗІВІЛАЎ з Ігнацыем АГІНСКІМ за валоданне Бялынічамі, якія ў той час, дзякуючы цудатворнаму абразу Маці Божай Бялыніцкай, займелі славу беларускай Чанстаховы.

Беларускія навукоўцы працягваюць даследваць Цвінтар, ці Ільінскую гару, адкрываючы патаемныя старонкі з мінулай гісторыі Бялынічаў. Магчыма, дзякуючы іх стараннай працы і час заснавання паселішча будзе дакладна ўстаноўлены, як і з’явіцца новая інфармацыя.

Міхась КАРПЕЧАНКА

Фота аўтара і Алеся Вашанава

Крыніца: “Зара над Друццю”

Феномен “любові” да малой радзімы ў Крычаве

На Магілёўшчыне знаходзяцца некалькі гарадоў, якія сваім узнікненнем уваходзяць у топ-20 самых старажытных гарадоў рэспублікі. У гэты спіс трапляе і горад Крычаў, які доўгі час быў адным з усходніх фарпостаў спачатку Вялікага княства Літоўскага, а пасля Рэчы Паспалітай ад маскавіцкай навалы. Горад з вельмі багатай гісторыяй, аднак зараз перажывае не самыя лепшыя часы, якія можна назваць нават драматычнымі. Менавіта такім прыметнікам варта апісаць тыя працэсы, што адбываюцца з аб’ектамі гісторыка-культурнага плану ў Крычаве. Падзеі апошніх гадоў даюць мала пазітыву, наводзячы больш на негатыўныя думкі, бо абыякавае стаўленне да гарадской гісторыі не проста здзіўляе, а абурае. Больш за тое, абыякавае стаўленне да мінуўшчыны не столькі прыводзіць да непаразумення, колькі радыкалізуе, падштурхоўвае да нейкіх рашучых дзеянняў, рэзкага рэагавання на тупасць і бяздарнасць.

Для мяне як гісторыка цяжка і нават балюча ўспрымаецца тое, што адбываецца ў родным горадзе. Адносна нядаўна ў старой частцы горада, каля Свята-Уваскрасенскай царквы, пачаліся будаўнічыя работы. Прылеглая тэрыторыя да царквы не так даўно была часткай невялікай паркавай зоны з парослымі дрэвамі і ў прынцыпе да культавай пабудовы ніяк не адносілася. У апошнія ж часы адна траціна парка была далучана да тэрыторыі царквы і адгарожана жалезным плотам. З гэтага часу пайшло паступовае ўладкаванне новай прыцаркоўнай тэрыторыі. Прыборка на тэрыторыі прывяла да таго, што былі спілены і выкарчаваны дрэвы. Аднак гэта з’яўляецца толькі невялічкай бядой. Далей – болей, як кажуць. Большай праблемай з’яўляецца тое, што на цяперашняй прыцаркоўнай тэрыторыі пачаліся будаўнічыя работы. Пытанні ўзнікаюць да будаўніцтва менавіта таму, што мясціна, на якой размешчана царква, з’яўляецца гістарычным цэнтрам горада з багатым культурным слоем. Пагэтаму перад тым, як пачаць работы, варта было б перадусім звярнуцца да гісторыкаў, а лепш археолагаў, каб сумесна абследваць тэрыторыю. Нічога падобнага айцом Сергіем, які з’яўляецца протаіерэем у царкве, зроблена не было. Калі з пэўным піетэтам падыходзіць да зямлі на якой жывеш, то падобныя сітуацыі не будуць уваходзіць у канфлікт з гістарычнай памяццю народа. Гэты ж выпадак якраз сведчыць зусім пра адваротнае.

Будаўнічыя работы на тэрыторыі Свята-Уваскрасенскай царквы

Яшчэ больш сумная сітуацыя адбываецца на Замкавай гары, якая з’яўляецца старажытным дзядзінцам і знаходзіцца зусім блізка ад цэнтра старой часткі горада. На гарадзішчы лакалізуецца Свята-Мікалаеўская царква, у якой пяць дзясяткаў год служыў айцец Міхаіл Макаўцоў. Ён быў па-сапраўднаму народным бацюшкам, мог распавесці пра старадаўні помнік цікавыя выпадкі і нават легенды, а за шмат гадоў служэння ў царкве ніякай шкоды ўнікальнаму аб’екту археалогіі не чыніў, да і сам быў зацікаўлены ў захаванні старадаўняга гарадзішча.

Што не сказаш пра новага айца Андрэя Ігнатушку, які стаў настаяцелям храма з 2011 года. Малады бацюшка, які з’яўляецца ўраджэнцам Крычава, не надта лічыцца з унікальным аб’ектам і паводзіць сябе з Замкавай гарой нібыта яе гаспадар. Практычна адразу пасля свайго прызначэння, у пачатку лета 2012 года, айцец Андрэй заняўся ўладкаваннем уваходнай часткі на Замкавую гару і царкву, зруйнаваўшы добрых некалькі метраў вала. Цяпер застаецца толькі канстатаваць, што частка вала гарадзішча была знішчана, а ўезд на Замкавую гару пашыраны пры дапамозе экскаватараў і бульдозераў.

Знесеная частка вала ў 2012 годзе. Фота Андрэя Кузьміна

І вось зусім нядаўна гэтая гісторыя займела свой сумны працяг. Пры ўваходзе на гару з правага боку знаходзіцца хрысцільня ці баптыстэрый, якая выглядае невялікай драўлянай пабудовай. Да хрысцільні ў ранейшыя часы быў таксама прыбудаваны невялічкі гаспадарчы склад. Бацюшка Андрэй, які адрозніваецца сваімі амбіцыйнымі планамі, вырашыў знесці гаспадарчую прыбудову, а замест яе размясціць цагляную царкоўную лаўку. Аднак месца для лаўкі аказалася мала і вырашана было зруйнаваць пару метраў вала. Будаўнічыя працы пачаліся адносна нядаўна, але ж цяпер яны ўжо на стадыі стварэння падмурка будучай царкоўнай лаўкі.

Знесеная частка вала ў 2012 годзе. Фота Андрэя Кузьміна

Такім чынам, за сем гадоў служэння айца Андрэя ў Свята-Мікалаеўскай царкве ўнікальнаму археалагічнаму помніку была нанесена дастатковая шкода. Зразумела, што ні ў першым, ні ў другім выпадку будаўнічыя работы не ўзгадняліся з прафесійнымі гісторыкамі ці археолагамі. Не прыцягваліся да абмеркавання і мясцовыя краязнаўцы, якія б маглі быць для бацюшкі Андрэя крыніцай ведаў і добрымі памочнікамі і дарадцамі. Закона “крэатыўны” бацюшка таксама не парушыў, бо Замкавая гара не ўзята пад ахову дзяржавы і не ўваходзіць у спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці Крычаўскага раёна. Пры гэтым драўляная Свята-Мікалаеўская царква якраз у гэты спіс уваходзіць. Адчуваецца нейкі дысананс і парадокс у гэтай сітуацыі, калі драўляная царква мае статус гістарычнай каштоўнасці, а вось гарадзішча “Замкавая гара” (на шмат больш старажытная па часе з’яўлення), на якой знаходзіцца культавы аб’ект, важным і ўнікальным не лічыцца.

Відавочна, што разумення аб шкоднасці сваіх дзеянняў у мясцовых царкоўных дзеячоў няма. Бацюшкі абодвух цэркваў у Крычаве, з прыведзеных матэрыялаў, даволі вольна ставяцца да ўнікальных аб’ектаў археалогіі і гарадской гісторыі, якія бяспрэчна з’яўляюцца гісторыка-культурнай спадчынай старадаўняга Крычава. Ці маюць яны права на такое абыходжанне з гарадской гісторыяй? Наогул адкуль узялася такая непавага да гістарычнай спадчыны? Не выключана канешне, што гэта банальная абыякавасць і неразуменне важнасці для наступных пакаленняў жывых гістарычных аб’ектаў, якія адлюстроўваюць мінулае старадаўняга горада. А як вядома, той хто не ведае мінулага, не мае і будучыні.

Пры гэтым адзначу, што на Замкавай гары, у паўночна-ўсходняй яе частцы, знаходзяцца вельмі цікавыя і ўнікальныя рэшткі цагляных умацаванняў. Пры гэтым па ўсіх інвентарных апісаннях вядома, што замак і замкавыя ўмацаванні былі драўлянымі. На сённяшні дзень стан іх кепскі, а з кожным годам яны ўсё больш і больш разбураюцца пад уздзеяннем часу і ападкаў. Ні прадстаўнікі мясцовай улады, ні служыцелі Свята-Мікалаеўскай царквы не праяўляюць ніякай ініцыятывы каб захаваць унікальны помнік гісторыі не толькі для горада, але і для ўсёй Беларусі.  Добра што ён проста існуе хоць у якім-небудзь стане, а не зруйнаваны, як іншы цікавы аб’ект для гарадской гісторыі.

Рэшткі ад былога будынка вінакурні

Такім аб’ектам з’яўлялася старая вінакурні, дзе ў савецкія часы знаходзіўся мясцовы піўзавод. Гэты помнік прамысловай гісторыі Крычаў страціў назаўжды. У каго з’явілася “геніяльная” ідэя зруйнаваць рэшткі вінакурні, сказаць цяжка. Аднак можна з дакладнасцю адказаць, што глуздоў у такога ініцыятара, як кот наплакаў. Трэба прызнаць, што ад былога піўзавода заставаліся рэшткі і знаходзіліся яны ў аварыйным стане. Але каму яны перашкаджалі і чаму менавіта цяпер спатрэбілася руйнаваць гэты прамысловы аб’ект з даўняй гісторыяй? Замест таго каб захаваць вінакурню, зрабіўшы гарадской адметнасцю, паспрабаваць хаця б часткова рэканструяваць, уключыўшы ў турыстычны маршрут па горадзе, яе руйнуюць. Цяпер на месцы былой вінакурні знаходзяцца некалькі пагоркаў з будаўнічым смеццем, кавалкі сценаў са старой чырвонай цэглы, а таксама частка не да канца зруйнаваных падмуркаў. Відовішча вельмі сумнае, што выклікае пачуцці гневу і шкадавання. Застаецца толькі спасылацца на адсталасць і убогасць арганізатараў і выканаўцаў знішчэння помніка. Толькі самі задумайцеся: стары прамысловы аб’ект не проста страчаны, а быў знішчана ў незалежнай рэспубліцы самімі яго жыхарамі…

Дзе тут логіка і ці прысутнічае яна наогул у падобных справах? Чаму мясцовая ўлада ніяк не рэагуе на відавочны факт злачынства? Больш за тое, гэта сумная падзея прайшла зусім неасвечанай у мясцовай газеце, якая пяе толькі аб поспехах і дасягненнях раённай улады з года ў год. А ў рэальнасці адбываюцца вось такія жудасныя рэчы… Відавочна, што ніякага пакарання злачынцам, якія руйнуюць гістарычную спадчыну горада не прадугледжана, бо вінакурня таксама не была аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны.  І ўсё гэта робіцца ў год малой радзімы! Вось такім чынам любяць сваю малую радзіму ў Крычаве…. Зруйнаваць у нас гэта на раз-два, а вось захоўваць, на вялікі жаль, розуму не хапае.

Рэшткі ўмацаванняў на Замкавай гары

Шкада, што мясцовыя актывісты далей за ўсталяванне чарговай самаходкі ці гарматы не бачаць багацейшую і надзвычай цікавую гісторыю Крычава. З сумам толькі магу канстатаваць, што часта ініцыятывы ў сферы гістарычнай памяці ў горадзе вылучаюцца адыёзнасцю і недарэчнымі прапановам. Прыкладам можа стаць ініцыятыва мясцовага гістарычнага музея па стварэнню пакояў Кацярыны II. Ідэя мякка кажучы дзіўная. Сапраўды Кацярына аднойчы была ў горадзе, бо нават адна са старых дарог, насыпы ад якой бачны да сённяшняга часу, называецца Кацярынінскім шляхам. Але ці варта адзін візіт манарха іншай дзяржавы да свайго палюбоўніка графа Пацёмкіна музеефікаваць? Сёння ўжо не выклікае здзіўлення што ў палацы Пацёмкіна-Галынскіх, дзе знаходзіцца музей і мясцовы ЗАГС, праводзяцца мерапрыемствы ў стылі Кацярыны ІІ і Пацёмкіна, што не толькі не актуалізуе беларускую гісторыю, а прапагандуе гістарычных персанажаў іншай краіны. Вельмі хочацца каб не забывалася гісторыя нашай краіны, аднак, як паказвае практыка, не ўсюды гатовы шанаваць уласную мінуўшчыну і захоўваць яе для нашчадкаў.

Алесь Крыжэвіч

 

Дзень Волі-2020 у Шклове

У апошнія гады стала у Шклове добрай традыцыяй адзначаць свята Дня Волі. І ў гэтым годзе ў грамадскім цэнтры “Мост” пад эгідай ГІ “Шклоўскі магістрат” сабраліся жыхары Шклова, навакольных вёсак, госці з Магілева і Мінска. Трэба сказаць, што ва ўмовах распаўсюду каронавіруса арганізатары свята прадугледзелі для жанчын рэспіратары. Ды і сядзелі прысутныя на адлегласці адзін ад аднога не меней чым на 1 метр.

Адкрыў свята старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які распавёў гісторыю стварэння 25  сакавіка 1918 года Беларускай народнай рэспублікі (БНР). Выказаў думку чаму яна не атрымала развіцця і што гэтаму перашкаджала.

Прысутныя з цікавасцю слухалі гісторыю 102 гадоваў даўніны аб реалізаванай магчымасці стварэння беларускай дзяржавы, якая потым была трансфарміравана ў БССР і Рэспубліку Беларусь.

Вельмі зацікавіў прысутных відэафільм Уладзіміра Арлова аб тых падзеях

І агульны фотаздымак аб свяце Дня Волі

Петр Мігурскі

Реставратор из Мстиславля возрождает фрески разрушенного Белыничского монастыря кармелитов

Фрески разрушенного Белыничского монастыря кармелитов возрождает художник-реставратор из Мстиславля Юрий Малиновский. Уникальное произведение «Восхождение на Голгофу» скоро увидят … чытаць далей

У Шклоўскім раёне працягваюцца мерапрыемствы да 75-годдзя Вялікай Перамогі

19 сакавіка 2020 года ў Шклоўскім дзяржаўным прафесійным ліцэі №12 прайшло мерапрыемства пад назвай “Слёзы на мраморе Хатыни”.

На выхаваўчую гадзіну ў вучэбнай аўдыторыі сабраліся навучэнцы, выкладчыкі, майстры вытворчага навучання, прадстаўнікі адміністрацыі навучальнай установы. Распачалося мерапрыемства ўступным словам выкладчыка Алены Аляксееўны Ільюшэнкі. Потым прысутным быў прадэманстраваны дакументальны фільм “Мемарыяльны комплек “Хатынь”.

Алена Ільюшэнка

З падрыхтаванымі відэапрэзентацыямі і падрабязнымі паведамленнямі пра асноўныя аб’екты мемарыяльнага комплекса “Хатынь” выступілі навучэнцы ліцэя: Галушкоў Мікіта, Хамзін Раман і Маціеўская Паліна. Выкладчык і краязнаўца Аляксандр Пятровіч Грудзіна зрабіў падрабязнае паведамленне пра мясцовую вёску Смятанічы Шклоўскага раёна, якая таксама пад час вайны, паўтарыла трагічны лёс Хатыні.

Мікіта Галушкоў
Раман Хамзін
Маціеўская Паліна

Потым удзельнікі мерапрыемства абмяняліся думкамі, меркаваннямі і прапановамі ў галіне вывучэння і захавання ўсенароднай памяці трагічнай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Аляксандр Грудзіна

Вынікі падвяла Алена Ільюшэнка: Мемарыяльны комплекс «Хатынь» – мемарыял у памяць сотняў беларускіх вёсак, знішчаных нацыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і велізарнага ўнёску беларускага народа, які прынёс незлічоныя ахвяры ў імя перамогі. Пра гэта нам ніколі нельга забываць.. На мерапрыестве ніхто не застаўся раўнадушным.

 

Гістарычная даведка: Чрезвычайная государственная комиссия по расследованию и установлению злодияний немецко-фашистских захватчиков на территории Шкловского района установила: 22 июня 1942 года в деревню Сметаничи Толкачёвского сельсовета прибыл немецкий карательный отряд, окружил деревню, народ согнали в один дом и сожгли. Тех, кто убегал, фашисты расстреливали. Многие дети были спрятаны в поле, гитлеровцы находили и живых бросали в огонь. На крыки и стоны горящих людей людей немцы смеялись и танцевали. Потом они подожгли всю деревню, тех, кто был убит вблизи горящего дома, бросали в огонь. Всего в деревне Сметаничи сожжено  74 человека. Акт составлен 18 декабря 1944 года в городе Шклове.

Алесь Грудзіна