Галоўная » кино » Page 5

Кіно, якое патрэбна паказваць ва ўсіх школах краіны

У Магілёве прайшоў прэм’ерны прагляд і абмеркаванне яшчэ адной беларускай кінастужкі. Гэтым разам магілёўцы паглядзелі фільм рэжысёркі Улады Сяньковай «II» (Два). Гэта вельмі моцнае аўтарскае кіно пра самыя актуальныя праблемы грамадства, асабліва датычных ўзаемаадносінаў сярод падлеткаў, стасункаў у сем’ях і з настаўнікамі.

Гасцей прадставілі і вялі дыскусію Святлана Багуслаўская і Юлія Назаранка – сацыёлагі, арганізатары канферэнцыі TEDxMahilyow Кадр з фільма «II» (Два)

На прагляд завіталі госці з Мінску, хоць і не сама аўтарка ці акторы, але людзі, якія спрычыніліся да стварэння фільму. У грамадкі цэнтр «Кола», дзе 20 снежня адбыўся кінапаказ, прыйшло шмат моладзі, было вельмі жывое і плённае абмеркаванне, мінскія госці нават былі здзіўленыя як колькасцю людзей, так і іх вельмі грунтоўнымі разважаннямі пад час абмеркавання. Тэма, закранутая ў фільме, сапраўды надзвычай цяжкая і складаная, шмат хто нават выказваўся, што стужку ўвогуле варта паказваць у школах, каб яе глядзелі і юнакі з бацькамі, і настаўнікі. Магчыма, менавіта праз такое паглыбленне ў праблему, праз кінаэкран, грамадства паглядзіць на сябе звонку ды аб нечым задумаецца. Калі сказаць больш дакладна – то гэта фільм пра нецярпімасць у любой яе праяве, нянавісць да тых, хто чымсьці адрозніваецца, пра адсутнасць сексуальнай адукацыі і закарэласць самой школьнай сістэмы.

Злева на фота асістэнт па акцёрам Ян Кардаш, за ім – гукарэжысёр Максім Гаўрыленка Мікалай Лаўранюк – прадзюсар фільму «II» Пад час абмеркавання кінастужкі

Фільм «II» створаны Цэнтрам візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» у супрацы з інстытутам па інфармацыйных тэхналогіях у адукацыі ЮНЕСКА. У галоўных ролях: Аліна Юхневіч, Аляксей Вайніловіч, Іларыя Шашко. Фільм удзельнічаў у кінафестывалі «Лістапад», а на 35-м Варшаўскім міжнародным кінафестывалі атрымаў прыз журы. Ёсць папярэднія дамовы пра паказ стужкі на беларускім тэлебачанні, а з часам яго можна будзе паглядзець і на Ютубе.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара

Прэм’ера фільма «Возера радасці» з вялікім поспехам прайшла ў магілёўскім кінатэатры «Чырвоная зорка»

Прагляд кароткаметражнай стужкі рэжысёра Аляксея Палуяна, знятай па матывах аднайменнай кнігі беларускага пісьменніка Віктара Марціновіча, сабраў поўную кіназалу гледачоў. 

На прэм’еру стужкі завіталі Мікалай Лаўранюк – дырэктар кінакампаніі «Ілюзіён», якая займаецца пракатам стужкі, і галоўная гераіня ў асобе цудоўнай дзяўчынкі Анастасіі Пляц. Наста – выхаванка магілёўскай SOS-Дзіцячай вёскі, яна прыйшла разам са сваёй маці-выхавацельніцай Святланай Пятроўнай Аладзьевай. Падтрымаць сяброўку і  аднакласніцу прыйшло нямала вучняў з сярэдняй школы №12, дзе вучыцца Анастасія.

Мікалай Лаўранюк, Анастасія Пляц і Святлана Аладзьева перад кінапраглядам

Перад кінапаказам прадставілі гасцей гледачам і распавялі некаторыя падрабязнасці стварэння стужкі вядоўцы імпрэзы – старшыня моладзевага парламенту Магілёва Яраслаў Грыгор’еў і Крысціна Кузьмянкова. Некалькі словаў сказаў прадзюсар фільму Мікалай Лаўранюк. Але асноўная частка сустрэчы прайшла пасля прагляду, бо фільм вельмі філасофскі і закранае шмат жыццёвых праблемаў. Фільм створаны па матывах раману «Возера радасці», у трыццаць хвілін, што доўжыцца стужка, рэжысёр умясціў толькі невялічкі эпізод з усяго раману і крыху змяніў сямейныя абставіны, у якіх расла гераіня раману і фільму Яся. Стужка захавала найбольш важныя тэмы і пытанні – як і чаму дзеткі аказваюцца «сіротамі» пры жывых бацьках, ці нават адным з іх, якія жыццёвыя абставіны змушаюць людзей аддаваць сваіх дзетак у прытулкі. Рэжысёру Аляксею Палуяну ўдалося вельмі лаканічнымі, але пераканаўчымі мастацкімі сродкамі перадаць тую атмасферу скрухі і безвыходнасці, што звычайна ўтвараецца вакол такіх сем’яў, вакол жыцця «кінутых» дзяцей.

Пасля прагляду было шмат узрушаных каментароў, выказваліся і дзеткі і дарослыя, было бачна, што тэма па-сапраўднаму ўсхвалявала гледачоў, прайшла праз іх сэрцы. Былі розныя пытанні з залу, бо фільм застаўляе глыбока задумацца, Мікалай Лаўранюк патлумачыў некаторыя некаторыя моманты і акалічнасці. Напрыклад, аўтары фільму пастараліся зрабіць яго «па-за часам» – падзеі ў рамане разгортваюцца ў 90-я гады, але на фоне беларускай «глыбінкі» гэта знята так і з такім рэквізітам, што глядач можа ўявіць сабе і 70-80 гады, а некаму можа падасца, што гэта гісторыя ўвогуле нашых часоў. Мікалай, словамі рэжысёра фільма, адказаў і на пытанне, чаму засталася нязменная назва, хоць сюжэт быў вельмі зменены: «Калі чалавек вельмі шчаслівы, то ў яго ёсць «мора шчасця», а тут у галоўнай гераіні такога мора няма, але ёсць сваё «возера радасці», бо ёсць у гэтым яе цяжкім жыцці надзея на будучыню. Яся сама вырашае, што ёй рабіць, бярэ ў свае рукі свой лёс, і так становіцца дарослай».

Шмат добрых словаў пра Насту Пляц сказала яе класная кіраўніца Прагучала немала словаў ўдзячнсці аўтарам стужкі, разважанняў пра розныя жыццёвыя моманты, сугучныя падзеям у фільме, былі пытанні і адказы Дырэктар кінакампаніі “Ілюзіён” Мікалай Лаўранюк Вялі імпрэзу прадстаўнікі Моладзевага парламенту Магілёва Яраслаў Грыгор’еў і Крысціна Кузьмянкова

Нагадаем, што пасля сваёй прэм’еры летам гэтага году на галоўным сусветным кінафестывалі кароткаметражных фільмаў у Клермон-Ферране, стужка сабрала нямала ўзнагарод на розных конкурсах і фестывалях. А сама Анастасія Пляц атрымала прыз як лепшая актрыса на фестывалі FICBUEU ў Іспаніі. Фільм адразу здымаўся як беларускамоўны, у здымках удзельнічалі беларускія акторы Ігар Сігаў, Святлана Анікей, Алесь Малчанаў, Дзяніс Тарасенка, Алена Зуй-Вайцяхоўская і Таццяна Мархель. Сам праект рэалізавала кінакампанія «Ілюзіён» у супрацы з прафесіяналамі з Германіі, Грузіі, Украіны, Ірана, Шатландыі і Балгарыі. А яшчэ фільм «Возера радасці» намінаваны на Прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі (European Film Awards) 2020 году, гэта штогадовая галоўная кінематаграфічная прэмія Аб’яднанай Еўропы, якую часам называюць «Еўрапейскім Оскарам».

У сяброўскіх абдымках Анастасія Пляц

Фільм «Возера радасці» можна будзе паглядзець на працягу тыдня ў кінатэатры «Чырвоная зорка». Так сама, па дамове з кінакампаніяй «Ілюзіён», ён будзе цэлы год дэманстравацца ў кінатэатрах па ўсёй Магілёўскай вобласці.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара

У інтэрнэце з’явілася кароткаметражка “1blin” пра жыхароў Краснапольскага раёна

У інтэрнэце з’явіўся кароткаметражны фільм “1blin” пра жыхароў Краснапольскага раёна Беларусі. На YouTube яго выклаў рэжысёр Антось Сівых.

“Прыйшла радыяцыя і прынесла шмат перамен, — піша ён. — Апошнія жыхары вёсак жывуць быццам у паралельнай рэальнасці, але яна не настолькі змрочная, як можа падацца”.

Фільм — дакументальны. Здымкі праходзілі падчас этнаграфічнай экспедыцыі “Краснаполле-2019”. Як адзначае рэжысёр, гэты рэгіён пацярпеў не толькі ад Чарнобыля, але і ад эканамічнага заняпаду.

Карціна складаецца з шэрагу гісторый уперамешку з песнямі. Разам яны расказваюць пра жыццё вяскоўцаў у мінулым і цяпер. Многія жывуць наводшыбе, у забруджаных радыяцыяй месцах, але гэта не замінае ім смяяцца нават з самых сур’ёзных рэчаў, паведамляе Еўрарадыё.

В Могилеве состоятся кинопоказы ко Дню матери

Могилевское государственное предприятие «Киновидеопрокат» в кинотеатрах «Чырвоная Зорка», «Родина», «Космос», «Ветразь» организует киномероприятия и кинопоказы, … чытаць далей