На дзвярах крамаў і ўстановаў тут вісяць аб’явы «Абслугоўванне без масак забароненае». З кавярні выганяюць наведнікаў без ахоўных павязак, бо «аштрафуюць і прэміі пазбавяць». Карэспандэнты belsat.eu накіраваліся ў Кіраўск, каб паглядзець, як мясцовыя арганізавалі жыццё ў новых умовах.
Страхі прадпрымальнікаў
Абавязковы масачны рэжым быў уведзены ў Кіраўску ў канцы траўня. Колькі ў горадзе хворых – жыхары не ведаюць.
Кіраўск – гэта раённы цэнтр у Магілёўскай вобласці, дзе жывуць каля дзевяці тысяч чалавек. Гарадок стаў адной з першых кропак у вобласці, дзе ў красавіку зарэгістравалі выпадкі каронавіруснай інфекцыі – захварэў мужчына, які вярнуўся з працы ў Маскве. Пра гэта тады паведамляла галоўны санітарны лекар Магілёўскай вобласці Святлана Нячай.
Пастанова аб увядзенні на тэрыторыі раёну абавязковага масачнага рэжыму з’явілася 29 траўня на старонках мясцовага райвыканкаму і Цэнтру гігіены і эпідэміялогіі. Таксама жыхарам раяць «пазбягаць выезду за межы адміністратыўнай тэрыторыі, за выключэннем тэрміновай неабходнасці».
Раніцай каля мясцовай аўтастанцыі даволі шматлюдна, бо побач рынак, на якім серада – адзін з галоўных гандлёвых дзён. Два разы на тыдзень (яшчэ ў суботу) сюды з’язджаюцца гандляры з раёну і вобласці.
Амаль усе прадаўцы – у масках, хоць у большасці павязкі вісяць на падбародках. Жанчыны, якія гандлююць вопраткай у намётах, зазначаюць, што іх ніхто не абавязваў насіць маскі, бо яны працуюць на свежым паветры. Але носяць дзеля ўласнай бяспекі.
Прадпрымальніца Надзея распавяла, што з раніцы ім паведамілі пра забарону выязнога гандлю. Паводле жанчыны, гэта можа істотна паўплываць на ейную працу.
«Я тут гандлюю толькі ў сераду і суботу – людзі прызвычаіліся, што гэта асноўныя базарныя дні, і ў іншыя мала прыходзяць, – кажа нашая суразмоўца. – А цяпер аказваецца, што па раёне я ўжо не змагу выехаць. На які тэрмін – не кажуць. А пра тое, колькі тут хварэе людзей, я не цікаўлюся. Як кажуць, менш ведаеш – крапчэй спіш».
Забарона выязнога гандлю закране таксама прадпрымальніка Анатоля, які ў Кіраўск прыязджае з Бабруйску і прадае тут вопратку і розныя карысныя дробязі.
«Мы прыехалі сёння працаваць – па серадах заўсёды тут гандлюем. Прыйшоў кантралёр рынку і сказаў, што ўжо нельга будзе прыязджаць, пакуль сітуацыя не стабілізуецца», – распавядае мужчына.
Яшчэ адзін бабруйчанін гандлюе на рынку жывымі кветкамі. На працягу васьмі гадоў ён ездзіць сюды па серадах і суботах. Кажа, што сёння як прыехаў, быў ашаломлены забаронай на гандаль. Але стаў на сваё месца і пачаў працаваць. Кажа, што і працягне прыязджаць.
«Няхай пакажуць афіцыйны дакумент, што я не маю права тут гандляваць. Я плачу падаткі, чаму мяне выганяюць? – раз’юшана кажа прадпрымальнік. – Канешне, я згублю прыбытак, калі не буду сюды ездзіць. І куды я ўсе гэтыя кветкі падзену? А ўвогуле, позна яны гэтыя маскі ўводзяць. Раней трэба было, а не цяпер, калі паўсюль такая **па… У мяне ў Бабруйску ёсць знаёмыя лекары, і галоўны лекар адной лякарні кажа, што сітуацыя вельмі дрэнная з вірусам».
Эпіцэнтр каронавірусу – Кіраўскі райвыканкам
Каля рынку – невялікая прадуктовая крама. На дзвярах надпіс – без маскі ўваход забаронены. За прылаўкам – прадавачка пенсійнага ўзросту. Маладая жанчына зайшла набыць яблыкі.
«Як тут у вас справы з каронавірусам?» – пытаемся.
«Вы мяне не здымаеце, не запісваеце? Бо я не магу нічога казаць, я звязаная з уладамі, – адразу кажа пакупніца. – Тут захварэў амаль увесь выканкам – вось пасля гэтага і ўвялі масачны рэжым. На сённяшні дзень там добра калі чалавек 20 з 80 працуюць. Астатнія – хто ў лякарні, хто дома на ізаляцыі. З кіраўніцтва толькі адзін намеснік старшыні на працы. Агулам сітуацыя ў горадзе зусім ня добрая. Кажуць, што мы ў лідарах па вобласці па захварэлых».
Жанчына распавяла, што шмат захварэлых таксама на мясцовым сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Ніва-Барсукі» у суседнім аграгарадку Барсукі. Як раз туды прыкладна тыдзень таму выканкамаўцы ездзілі на нараду – так і пачалася ўспышка.
«Кіроўца з выканкаму вельмі цяжка хварэў, – распавяла прадавачка. – Малады мужчына, 41 год. Тэмпература была высачэнная, прытомнасць губляў, на КТ у Асіповічы вазілі, у нас тут няма тамографа. Слава Богу, ачуняў, вось учора казалі, што лепей ужо яму. Як жа нам перажыць гэта? Не было такога раней. Першы выпадак да нас прывёз з Расеі аднакласнік маёй старэйшай дачкі. Але потым усё ціха было – і тут раптам «Белдзяржстрах» закрылі, цяпер во выканкам».
Пра тое, што эпіцэнтрам захворванняў у Кіраўску стаў выканкам, распавяла таксама прадавачка з іншай маленькай крамы.
«Распараджэнне выдалі ў мінулую пятніцу, бо наш райвыканкам захварэў, і старшыня таксама ў лякарні ляжыць, – кажа жанчына. – Выканкамаўцы ездзілі па раёне, праводзілі розныя нарады, і так усё пачалося. У адной сям’і, у жонкі і мужа, што працуюць у выканкаме, пацвердзіўся тэст, а іхны сын – пяцікласнік – у школу хадзіў. Дык некалькіх настаўнікаў адправілі на ізаляцыю. Школьны лагер нават пакуль адклалі».
У той жа час настаўніца, якую мы сустрэлі каля школы, сказала, што ў іх усё добра, не хварэюць ні вучні, ні настаўнікі.
«Людзі баяцца казаць праўду, бо прэзідэнт сказаў – вірусу няма»
Паводле прадавачкі, хваля захворванняў пайшла з мясцовага «Белдзяржстраху», супрацоўніцу якога заразіла дачка, якая прыехала з Менску. А страхавыя агенты хадзілі па дамах заключалі дамовы, і так разнеслі вірус па горадзе.
Жанчына лічыць, што маскі позна ўжо ўводзіць, бо вірус моцна разышоўся. Таксама прадавачка скардзіцца на пакупнікоў – некаторыя не хочуць насіць маскі і злуюцца на пастанову і надпісы, што нельга заходзіць у краму без маскі.
«Былі такія, што апраналі маску на руку, і казалі – я ў масцы, разлічвайце мяне, скаргі пісалі, маўляў, што за самаўпраўства ў краме – распавяла прадавачка. – Так, мы цяпер не маем права разлічваць пакупнікоў без масак. Казалі, што будуць штрафаваць за парушэнне правіла. Самыя людзі баяцца казаць праўду пра каронавірус, бо забарона ідзе ад прэзідэнта. У лякарні, кажуць, дактары падпісвалі распіску аб нераспаўсюджанні інфармацыі. Нам таксама тэлефанавалі і казалі, каб мы нікому ніякай інфармацыі не давалі».
Не пускаюць без масак і ў кавярні.
«Мяне аштрафуюць і пазбавяць прэміі, тут жа паўсюль камеры ў нас, адразу ўбачаць, што я абслугоўваю чалавека без камеры», – патлумачыла супрацоўніца знакамітай мясцовай кавярні «Смажанка».
Выканкам: медыям нічога не кажам
Каб атрымаць афіцыйную інфармацыю аб эпідэміі ў Кіраўскім раёне, мы патэлефанавалі ў райвыканкам.
– У каго мы можам запытацца, колькі ў раёне захварэлых на COVID-19», – пытаемся ў сакратаркі выканкаму.
– Ні ў каго. Вам ніхто нічога не скажа, – прагучаў адказ. – А чаму вам павінны казаць нешта? Мы прэсе нічога не кажам.
– Чаму?
– Проста не кажам, – адказала сакратарка, якая адмовілася называць сваё імя.
Звязаць са старшынёй райвыканкаму дзяўчына нас не змагла, чаму адсутнічае і калі будзе на месцы – таксама не сказала. Інфармацыю пра тое, што старшыня ў лякарні з каронавірусам – абвергла.
Усе далейшыя пытанні сакратарка параіла задаваць першаму намесніку старшыні райвыканкаму Аляксандру Осіпаву.
«Я не ўпаўнаважаны каментаваць гэта», – адказаў той і паклаў слухаўку.
Не далі нам звестак і ў мясцовым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Галоўнага лекара не было на месцы, а сакратарка сказала, што ў любым выпадку пра колькасць хворых інфармацыю яны не распаўсюджваюць.
НА Belsat.eu