https://youtu.be/4IAVZHl32ko
Камітэт дзяржаўнага кантролю правёў маштабны маніторынг сельскай гаспадаркі, падчас якога выявіў цэлы шэраг карупцыйных схемаў. Куды сыходзяць дзяржаўныя сродкі, і чаму не працуюць антыкарупцыйныя захады ўладаў?
49 крымінальных справаў – такі вынік правярання дзяржкантролем сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Выходзіць, беларускі аграпрамысловы комплекс – прытулак для карупцыянераў?
Паводле прадстаўнікоў Камітэту дзяржаўнага кантролю, у адным раёне калгаснікі закапалі ў зямлю тры тысячы тонаў даламітавай мукі – ажно на 50 тысяч долараў. У другім знайшлі 60 тонаў зляжалых няўлічаных мінеральных угнаенняў. Багата жывем!
«Сістэма, пры якой выканаўца не ёсць гаспадаром ды не адказвае ўсур’ёз за атрыманы вынік і за плады сваёй працы. Калі ім кіруюць, калі яму дыктуюць, што рабіць, колькі сеяць, колькі надаіць. Зразумела, што чалавек пачынае дэградаваць у гэтай сістэме», – кажа галоўная рэдактарка AGROLIVE.BY Іна Гармель.
Эксперты зазначаюць, што менавіта наўпроставае дзяржаўнае кіраванне ёсць прычынаю высокага ўзроўню карупцыі ў сельскай гаспадарцы. Калі кіраўніцтва на месцах атрымлівае невыканальныя заданні, яно пачынае імітаваць адпаведную дзейнасць. У выніку страты нясе як гаспадарка, гэтак і дзяржаўны бюджэт.
«У нашай краіне не павінна быць месца карупцыі! Барацьба з ёй на ўсіх узроўнях была і будзе самаю рашучай ды празрыстаю!» – заяўляў Аляксандр Лукашэнка.
Але ці сапраўды гэтая барацьба настолькі рашучая? І ці бачаць яе вынікі звычайныя беларусы?
Жыхары Менску кажуць:
«Гэта як бізун і пернік для чыноўнікаў. З аднаго боку, ты даеш ім дзялянку: вось тут карміцеся. З другога – гэта кручок. Калі ты накасячыў, цябе за шкірку – і за краты».
«Усё, што перанятае ад Савецкага Саюзу, усё самае лепшае ў двукоссі, гэта ў нас расцвітае і расцвітаць будзе яшчэ вельмі доўга».
«Яна, па-мойму, паўсюль гэтая карупцыя. Гледзячы па ўсім, барацьба ўвогуле не вядзецца, а чыста на словах і не больш за тое».
«У нас усе, хто мае ўладу, стараецца цягнуць сабе грошы».
У той жа момант пытанне карупцыі ў аграпрамысловым комплексе часта звязваюць з кадраваю праблемаю – кіраваць калгасамі адпраўляюць чыноўнікаў, якія раней ужо праштрафіліся перад уладамі і такім чынам «адпрацоўваюць пакаранне».
«Гэта не пытанне кадравага падʼёму, кадравага ўмацавання вёскі. Не гэтыя людзі павінныя яе ўмацоўваць… Назіраецца такая карціна, што больш за 50 адсоткаў дыпламаваных аграрыяў проста сыходзяць з галіны, бо працаваць немагчыма па-ранейшаму», – кажа Іна Гармель.
У Камітэце дзяржаўнага кантролю мяркуюць, што рэзананс ад крымінальных справаў «павінен шмат каго навучыць». Але каго вучыць, калі ўзровень кадраў штогод толькі падае, а аб’ём дзяржаўных датацыяў расце?
Зміцер Міцкевіч
Крыніца: «Белсат»