Галоўная » магілеў » Page 2

Праблемы экалогіі і шляхі іх вырашэння абмеркавалі на Грамадскім Магістраце ў Магілёве

Магілёўскі Грамадскі Магістрат разам з абласным аддзелам ГА “Беларускае геаграфічнае таварыства” зладзілі круглы стол “Экалогія Магілёва : выклікі і рашэнні”. Сустрэча прайшла 18 красавіка ў памяшканні і пры актыўнай падтрымцы Магілёўскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэкі.

 Удзельнікі круглага стала абмеркавалі стан экалогіі ў горадзе і паспрабавалі вызначыць асноўныя праблемы і пошук магчымых шляхоў іх вырашэння, адшукаць механізмы узаемадзення і ўзаемадапамогі паміж экалагічнымі і іншымі арганізацыямі “трэцяга сектару”, грамадскасцю, органамі ўлады і СМІ.

За круглым сталом сабраліся прадстаўнікі Грамадскага Магістрату, Магілёўскага абласнога аддзела ГА “Беларускае геаграфічнае таварыства”, МАА “Экапартнерства”, “ЭНДО”, “Экапраект”, кіраўнікі экалагічных ініцыятыў ад ТБМ, клуба аматараў гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, ініцыятываў “За здаровы Магілёў”“Зялёная сетка”, “СПП”, Цэнтр грамадскіх ініцыятыў, “Падміколле” і “Пячэрск”, прадстаўнікі навучальных устаноў (МДАЛ №3, МДУ імя А. Куляшова, БРУ, МДУП, МДА ІРА), ГА БАЖ, а так сама прадстаўнікі АГП і БХД.

Сустрэча прайшла ў адным з памяшканняў магілёўскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэкі – філіяле РНТБ

 

Удзельнікам было прапанавана запоўніць анкеты з пытаннямі пра стан экалогіі ў горадзе, асноўныя праблемы і выклікі, і як і што можа зрабіць ініцыятыва, якую яны прадстаўляюць для паляпшэння сітуацыі.

Некаторыя ўдзельнікі сустрэчы распавялі пра свае арганізацыі і ініцыятывы, прэзентавалі праекты і справы. Так, самы юны з удзельнікаў, вучань 11-га класу ліцэя №3 Арцём Харкевіч  прэзентаваў грунтоўную працу “Стварэнне інтэрактыўнай карты дзіцячых пляцовак г. Магілёва”. Праз інтэрнэт сувязь да сустрэчы далучылася спецыяліст МАА “Экапартнерства” па энэргіі і клімату Наталля Андрэенка, якая падрабязна распавяла пра ўдзел Магілёва ў ініцыятыве «Пагадненне мэраў па клімату і энергіі». Актывіст-эколаг Леанід Платоненка ўзгадаў праблемы Падміколля і Пячэрска, а Андрэй Пахоменка з “ЭНДО” расказаў пра стан і маніторынг вады і паветра горада. Каардынатар кампаніі “За здаровы Магілёў” Андрэй  Бодзілеў агучыў праблемы па выкідах прадпрыемства “Омск-карбон”. Ён так сама звярнуў увагу на недапрацоўкі ў заканадаўстве па пытаннях экалагічнай бяспекі, пра нежаданне некаторых чыноўнікаў прызнаваць і заўважаць экалагічныя праблемы.  Віктар Кірэеў прадставіў грунтоўную прэзентацыю пра дзейнасць МГА “Экапраект” і іхныя шматлікія экалагічныя праекты. Віктар заўважыў, што ў Магілёве нехапае адмысловай інфаплатформы, дзе б грунтоўна ўздымаліся і асвятляліся праблемы і пытанні экалогіі, і на якой спецыялісты і эксперты маглі б рэгулярна агучваць і каментаваць усё самае актуальнае на гэту тэму. Акрамя таго, надзённай ёсць і праблема фінансавання  экалагічных праектаў і ініцыятыў на мясцовым узроўні.

Арцём Харкевіч прэзентуе “Стварэнне інтэрактыўнай карты дзіцячых пляцовак г. Магілёва”

 

Леанід Платоненка – актывіст, эколаг, краязнаўца. Андрэй Пахоменка, ГА “ЭНДО” Віктар Кірэеў, МГА “Экапраект”

 

Шмат розных заўваг і каментароў прагучала амаль ад ўсіх удзельнікаў, было агучана багата ідэяў і прапаноў па паляпшэнні сітуацыі з экалогія, па прыродаахоўным захадам. Удзельнікі дамовіліся разгледзіць прапановы аб стварэнні каардынацыйнага савета па экалагічных праблемах пры Грамадскім Магістраце, аб накіраванні прадстаўнікоў у рабочыя групы па распрацоўцы рэгіянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця. Адна з вялікіх праблемаў грамадства, у тым ліку і сярод экалагічных актывістаў і ініцыятыў – недахоп прававых ведаў, запозненая рэакцыя на ўзніклыя праблемы. Таму было вырашана падумаць пра стварэнне юрыдычна-прававой групы адмыслоўцаў, пра пашырэнне інфармацыйнай прасторы для шырокага абмеркавання праблем, азнакамлення  грамадскасці аб выніках працы каардынацыйнага савета, па правядзенню інтэрактыўнай (дыялогавай) дзейнасці.

Ну і галоўная думка і выснова сустрэчы – гэта неабходнасць аб’ядноўваца, пачынаць не толькі абмяркоўваць але і разам прымаць рашэнні, рэальна і актыўна працаваць. Вельмі важна і ўсімі сродкамі даводзіць да ўладаў разуменне таго, што не грошы і прыбытак самае галоўнае, у першую чаргу неабходна думаць пра будучыню, пра тое, якім мы захаваем горад і асяроддзе для нашых дзяцей, бо ніякія грошы не кампенсуюць страты здароўя і негатыўныя прыродныя змены. 

 

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара.

У Магілёве на Дзень Волі правялі экскурсію (фота)

25 сакавіка ў Магілёве адбылася дабрачынная экскурсія па месцах, звязаных з Беларускай Народнай Рэспублікай. Яе правёў гісторык Алесь Агееў, адзін з аўтараў кнігі «Фармаванне і дзейнасць Магілёўскага Беларускага Камітэту (1917–1918 гг.)». Па сутнасці менавіта пра гэты камітэт і распавядалася, бо ён прасоўваў інтарэсы беларусаў на Магілёўшчыне і стаў першым органам, які афіцыйна падтрымаў абвяшчэнне БНР у Менску.

«БНР часта называлі то буржуазным, то нямецкім праектам, але абедзве версіі рассыпаліся. Мне відавочна, што і БНР і БССР – два варыянты адной ідэі. Магла прайсці і тая і тая. Тое, што БНР праіснавала мала часу, ніяк не змяншае яе значнасці для нас, нашчадкаў тых беларусаў, якія змагаліся за самавызначэнне», – кажа Алесь Агееў.

Менавіта тут, на плошчы Славы 100 год таму праводзілі беларускія нацыянальныя святы

Гісторык тлумачыць, што ў 1918 годзе натуральна, што Магілёў і Менск знаходзіліся на адной хвалі. Па ягоных словах, Гомель у тыя часы, як і Берасце, былі праўкраінскія, Горадня – схіляўся да палякаў, а Віцебск быў пад уплывам Саветаў. Жыхары Магілёву і Менску бачылі гэтае драбленне і менавіта таму падтрымалі ідэю ўтварэння сваёй Беларускай Народнай Рэспублікі.

Гараджане ахвяравалі грошы на дзейнасць беларускага камітэту ў Магілёве

«У Магілёве 100 год таму адбываліся файны рэчы. Палову гораду насялялі габрэі, але беларусы змаглі абʼяднацца і стварыць досыць моцную арганізацыю – Магілёўскі беларускі камітэт. Грошы на сваю дзейнасць яны збіралі падчас народных гулянняў. На плошчы, якая сёння завецца плошчай Славы, улетку 1917 года беларусы зладзілі Купалле – з расцяжкамі, харугвамі, забавамі ды скарбонкамі для збору грошай. Ідэя правядзення такіх забаваў прыйшлася гараджанам даспадобы і яны шчыра ахвяравалі. Камітэт з аднаго такога свята сабраў 2000 рублёў на падтрыманне сваёй дзейнасці», – кажа Алесь Агееў.

Месцы, па якіх прайшла экскурсія, апісаны ў кніжцы “Шляхамі БНР”

 

Экскурсіі па месцах дзейнасці Магілёўскага беларускага камітэту ладзяцца ў Магілёве штогод

Сабраныя грошы дапамаглі беларусам правесці паспяховую выбарчую кампанію ў гарадскую думу. Агітацыя звычайна праходзіла ў царкоўных прыходах адразу пасля службы. Там раздаваліся ўлёткі, надрукаваныя ў магілёўскай друкарні. Як кажа Агееў, гэтыя ўлёткі маглі б стаць добрым прыкладам агітацыйных кампаніяў нават сёння. Дзякуючы такой працы сябры Магілёўскага беларускага камітэту атрымалі на выбарах у гарадскую думу 6 месцаў з 64.

Чалавек у цывільным ад пачатку і да канца сачыў за экскурсіяй на адлегласці. З ім было яшчэ некалькі асобаў у цывільным

«Як ні дзіва, у гарадской думе беларусы ініцыявалі абмеркаванне двух пытанняў: хлеба і беларускай рэспублікі. Ім удалося перацягнуць на свой бок прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў: габрэяў, украінцаў, расейцаў, палякаў. І летам 1918 года на сходзе прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацыяй магілёўцы падтрымалі ідэю стварэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі», – кажа Алесь Агееў.

Шыльда яшчэ чакае свайго часу

Калі экскурсія дайшла да будынку сярэдняй школы № 1, дзе і адбыўся гэты гістарычны сход, пільныя слухачы заўважылі: «А дзе шыльда, якую планавалі павесіць на будынак яшчэ ў мінулым годзе?»

У цэнтры гораду, дзе прайшла экскурсія, пераважна жылі толькі заможныя людзі

Сапраўды, падчас экскурсіі шляхамі БНР у Магілёве ў 2018 годзе скульптар Андрэй Верабʼёў прэзентаваў эскіз памятнай шыльды. А ўдзельнікі экскурсіі падпісаліся пад зваротам за яе ўсталяванне. Планавалася, што шыльду павесяць на будынак СШ № 1, у сценах якога беларусы падтрымалі БНР. Алесь Агееў патлумачыў, як сітуацыя выглядае праз год:

«Справа зацягнулася, бо ў Менску аналагічная сітуацыя не была развязаная. Зразумела, што калі б у Менску далі дабро, то і ў нас не было б перашкод. Але менскія ўлады адмовіліся вешаць шыльду, вось і нашыя цяпер не могуць рашыцца. Ой, што нам адказалі ў гарвыканаме. Гэта ўзор бюракратычнай адпіскі. І не дазволілі, і не адмовілі. Хаця на тапанімічнай камісіі, якая разглядала прапанову павесіць памятную шыльду, большасць выказалася «ЗА».

Палітык Алесь Сілкоў усклаў кветкі на будынак, у якім стагоддзе таму беларусы з Магілёва падтрымалі абвяшчэнне незалежнасці БНР у Менску

Не абышлося без увагі з боку міліцыі. Удзельнікі экскурсіі заўважылі трох асобаў у цывільным, якія сачылі за экскурсіяй ад пачатку і да яе заканчэння, але блізка не падыходзілі. Адзін супрацоўнік намагаўся здымаць удзельнікаў экскурсіі на камеру. Калі яго рассакрэцілі, ён чамусьці схаваў спыніў здымкі і стаў проста назіраць. Трэба адзначыць, што міліцыянты пільнавалі святкаванне Дня волі ў Магілёве яшчэ 24 сакавіка. Дзве машыны стаялі ля гасцініцы «Губернская», дзе адбывалася святочнай імпрэза.

Вольга Васільева belsat.eu

Святкаванне Дня Волі ў Магілёве: музыка, вершы, салодкі стол і экскурсіі

Святкаванне 101 гадавіны стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў Магілёве зладзілі ў нядзелю 24 сакавіка. Святочную імпрэзу правялі ў зале паседжанняў гасцініцы «Губернская». Арганізатарамі выступілі палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі, прыйсці маглі ўсе ахвотныя.

«Калі б святкавалі толькі ў Менску, то гэта б выглядала так, нібыта патрэбна толькі сталіцы. Але 25 сакавіка – свята ўсёй дзяржавы, таму мы святкуем у Магілёве. Дзень волі трэба праводзіць у кожным населеным пункце, я ведаю, што сёння сябры нашага аргкамітэту святкавалі і ў Шклове», – кажа старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі ў Магілёве Уладзімір Шанцаў.

Для наведнікаў імпрэзы арганізатары падрыхтавалі віншавальныя паштоўкі і тэксты песень для сумесных спеваў. Усіх гасцей прасілі прынесці свае прысмакі на салодкі стол.

«Воля – самы галоўны дар Гасподні, нехта лічыць, што жыццё, але без волі і жыцця няма. Таму гэта сапраўды вялікае свята, дзень, які яднае беларусаў. Шкада, што сёння на дзяржаўным узроўні адзначаюцца савецкія святы, а Дзень волі – не адзначаецца. Я лічу, што сваё забываць нельга, таму мы сёння тут сабраліся», – кажа абласны каардынатар БХД Алег Аксёнаў.

Пісьменніца Таццяна Барысік зачытала некалькі ўласных зацемак Музыка Максім Іўкін (гурт “Балцкі субстрат”)

«Нават афіцыйныя гісторыкі прызнаюць: не было б БНР – не было б і БССР, не было б і незалежнай Рэспублікі Беларусь. Гэта адна з прыступак таго гістарычнага працэсу, паводле якога мы прыйшлі да незалежнасці Беларусі. Можна доўга спрачацца, істотная яна ці не істотная, але яна была», – кажа старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў.

25 сакавіка ў Магілёве працягнуць святкаваць. Усіх ахвочых запрашаюць на гістарычную экскурсію па мясцінах, звязаных з дзейнасцю БНР у Магілёве. Старт экскурсіі 16:30 на Замкавай гары (уваход у парк Горкага на плошчы Славы).

Вольга Васільева belsat.eu

Як прайшоў круглы стол па праблемах беларускамоўнага навучання (відэа)

Круглы стол па праблемах беларускамоўнага навучання ў Магілёве назвалі «Папулярызацыя беларускай мовы». На размову прыйшлі бацькі дзяцей, якія ўжо навучаюцца ў беларускамоўных класах і тыя, чые дзеці не патрапілі ў гэтыя класы праз некаторыя перашкоды.

Бацькі як змаглі данеслі праблематыку да кіраўніцтва гораду і раёнаў:

– адсутнасць кадраў (калі настаўнік захварэў, то няма каму яго замяніць),

– бесперспектыўнасць (няма вышэйшай беларускамоўнай адукацыі),

– да бацькоў не даносіцца інфармацыя пра існаванне беларускамоўных класаў,

– роўнасць моў толькі фармальна.

 

І гэта толькі малая частка тэм, на якія хацелі звярнуць увагу бацькі. Але палова часу на сустрэчы сышла на справаздачы запрошаных чыноўнікаў. Прысутным распавядалі пра беларускамоўныя шыльды, беларускамоўныя ўстановы, дні і гадзіны беларускай мовы ва ўстановах адукацыі. Калі дайшла чарга справаздачыцца да Таварыства беларускай мовы, то Алег Дзьячкоў рэзка адмовіўся гэта рабіць:

«Мы толькі губляем час. Нам трэба засяродзіцца на праблематыцы, а не лічыць мерапрыемствы», – прамовіў старшыня ТБМ Алег Дзьячкоў.

 

На сённяшні дзень у Магілёве адкрыты беларускамоўныя групы і класы.

У Ленінскім раёне – гэта два класы ў СШ№ 1, а ў Кастрычніцкім раёне – гэта група з дзіцячым садку №79 і два класы ў СШ № 34. Падчас круглага стала чыноўнікі паабяцалі, што ў новым навучальным годзе створаць беларускамоўную групу ў дзіцячым садку і ў Ленінскім раёне. Магчыма, гэта будзе садок № 37, бо ён побач з першай школай, дзе ўжо існуюць беларускамоўныя класы. Але разглядаецца таксама магчымасць адкрыць беларускамоўную групу ў дзіцячым садку ў мікрараёне Казіміраўка. Наконт адкрыцця новых беларускамоўных класаў інфармацыі няма.

«Мы гатовыя адкрываць беларускамоўныя класы і ў іншых школах, калі там назбіраецца хаця б 10 чалавек. Дзеля 2-3 дзяцей мы гэтага рабіць не будзем», – сказала намесніца кіраўніка гарадскога ўпраўлення адукацыі Раіса Аўсеенка.

Алена Васільева

Міжнародны дзень роднай мовы адзначылі ў Магілёўскай мытні

Сёння родная мова, як і любоў да роднай зямлі, застаецца невычэрпнай крыніцай сілы і мудрасці нашага народа. Яна – аснова самабытнай і багатай культуры беларусаў, шматграннай і разнажанравай беларускай літаратуры.

 

Напярэдадні міжнароднага дня роднай мовы, які быў заснаваны ЮНЕСКА для захавання моўнай і культурнай разнастайнасці, у Магілёўскай мытні прайшло мерапрыемства, прысвечанае беларускай мове. У выкананні мытнікаў гучалі выдатныя творы беларускіх пісьменнікаў, народныя прыказкі, прымаўкі, загадкі, а таксама творы ўласнага сачынення. Мерапрыемства, прысвечанае дню роднай мовы для Магілёўскай мытні стала ўжо традыцыйным і з’яўляецца чарговым яскравым прыкладам павагі да беларускай мовы і неабыякавасці да яе лёсу.

 

Сённяшні час – гэта час пераацэнкі каштоўнасцей. Да нас паступова і цвёрда вяртаецца тое, без чаго нельга ўявіць сабе сучаснага беларуса-грамадзяніна: усвядомленая любоў да роднай краіны, гонар за яе людзей і яе поспехі, пачуцце адказнасці за яе будучыню, павага і пачуцце шчымлівай пяшчоты да яе мілагучнай мовы, ад якой мы некалі незаслужана адмовіліся і якая вярнулася ў наша жыцце як сапраўднае багацце. Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага – гэта яшчэ адна нагада задумацца аб яе лёсе ўсім нам, яе носьбітам – беларусам.

Магілёўскія ідэолагі паставілі задачу журналістам актывізавацца ў інтэрнэце і сацсетках

Актывізаваць дзейнасць у інтэрнэце і сацыяльных сетках — такую задачу перад журналістамі дзяржаўных друкаваных СМІ … чытаць далей

Магілёўцы вывучалі гісторыю Расіі

10 лютага ў цэнтры «Кола» адбылася прэзентацыя кнігі «Гісторыя Расіі ад Сярэднявечча да сучаснасці». На сустрэчу з магілёўцамі завіталі гісторык Алег Трусаў – адзін з аўтараў кнігі, дэпутат Вярхоўнага Савету Алена Анісім, і гісторык Павел Церашковіч, які яшчэ і прадставіў сваю кнігу «Культурная геаграфія».

Акрамя расповедаў пра кніжныя навінкі, госці падрабязна расказалі пра акалічнасці стварэння нацыянальнага Беларускага універсітэту, адказалі на пытанні магілёўцаў. Пад час невялічкага перапынку паміж двума часткамі сустрэчы некалькі сваіх твораў выканаў Васіль Аўраменка.

Сустрэчу арганізавала суполка ТБМ імя Ф.Скарыны г. Магілёва.

Алесь Сабалеўскі, Фота аўтара

Упершыню жанчына стала Асобай года ў Магілёве паводле версіі грамадства

Ініцыятыва «Грамадскі магістрат» падвяла вынікі галасавання за Асобу і Падзею 2018 года ў Магілёве. Традыцыйна прэмія ладзіцца каля 28 студзеня – дня надання Магілёву Магдэбургскага права (права на самакіраванне). Гэтая прэмія – спроба вярнуць жыхарам гораду магчымасць самастойна вырашаць свае справы і народным галасаваннем уплываць на падзеі ў горадзе.

Вядоўца прэміі – гісторык і сябра Грамадскага магістрату Ігар Пушкін

Спачатку сацыёлагі вылучылі 8 асобаў і 8 падзеяў, якія летась выклікалі найбольшы рэзананс у медыях і ў грамадскім жыцці гораду. А пасля адбылося анлайн-галасаванне на сайце «Грамадскага магістрату» і афіцыйнае падвядзенне вынікаў прэміі.

Самы першы этап – гэта кантэнт-аналіз, які праводзяць дасведчаныя сацыёлагі

 

Прэмія Асоба і Падзея года ў Магілёве ўручаецца ўжо сёмы год запар

Падзея году – выстава

Падзеяй году, па версіі грамадства, стала выстава «Невядомы Магілёў 1918», праведзеная Музеем гісторыі гораду. Узнагароду атрымаў дырэктар музею Аляксей Бацюкоў.

Аляксей Бацюкоў, дырэктар музею гісторыі Магілёва

Але не толькі ён спрычыніўся да выставы, а таксама ўсе супрацоўнікі музею, сябры, якія рыхтавалі экскурсіі па выставе і, канешне ж, магілёвец Алег Давід Лісоўскі, які падзяліўся сваёй калекцыяй фотаздымкаў для правядзення гэтай выставы.

 

Алег Давід Лісоўскі цяпер жыве ў Баварыі і за асабістыя грошы набывае старыя фотаздымкі Магілёва на інтэрнэт-аўкцыёнах. Са сваймі суайчыннікамі калекцыянер дзеліцца здабыткамі праз выставы, а таксама праз свой інтэрнэт-архіў. У ягонай калекцыі – каля 800 здымкаў, па якіх можна вывучаць гісторыю і архітэктуру гораду.

Магілёў 1918, мост праз Днепр, фота з калекцыі Алега Давіда Лісоўскага

 

Магілёў 1918 г на старонках польскай газеты, з архіву Алега Давіда Лісоўскага,

Выстава «Невядомы Магілёў 1918» паказала, чым жыў і як выглядаў Магілёў сто гадоў таму. Аснову экспазіцыі склалі чорна-белыя фотаздымкі, зробленыя нямецкімі салдатамі ў акупаваным Магілёве ў 1918 годзе.

Алег Давід Лісоўскі на правах Асобы 2017 году праз скайп агучыў імя Асобы 2018 году.

 

Асоба году – жанчына, якая стварыла творчы цэнтр

Упершыню Асобай году ў Магілёве па версіі грамадства стала жанчына – Алеся Цумарава. За адкрыццё творчага цэнтру для людзей з асаблівасцямі «Тэрыторыя людзей». Праект спалучае функцыі крамы і адукацыйнага цэнтру. Тут прадаюцца творчыя вырабы ад людзей з асаблівасцямі і праходзяць майстар-класы, адкрытыя для ўсіх, але для людзей з асаблівасцямі яны бясплатныя. На занятках вучаць вырабляць сувеніры, ляпіць, шыць, а таксама самім прадаваць сваю прадукцыю.

Алеся Цумарава, калі пачула сваё імя, не змагла стрымаць эмоцый.

Алеся Цумарава сама жыве з цэрэбральным паралюшам. На яе думку, усім патрэбна магчымасць для самарэалізацыі.

 

«Ёсць людзі, якія вельмі актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці гораду і іх абавязкова трэба адзначыць. Актывізацыя грамадскай супольнасці – нашая мэта. Грамадскае самакіраванне, грамадскае абмеркаванне і грамадскі кантроль – нашыя прынцыпы. Мы хацелі, каб магілёўцы самі абмяркоўвалі свае праблемы. Вось узяць інтэрнэт-галасаванне. Вы б толькі паглядзелі, колькі там было абмеркаванняў паміж людзьмі», – кажа сябра «Грамадскага Магістрату» Алесь Агееў.

 

Адзін з намінантаў на Асобу года – Аляксей Каплан за кампанію па захаванні габрэйскіх могілак

Прэмія Асоба і Падзея году ў Магілёве праводзіцца ўжо 7-ы раз. Арганізатары адзначаюць, што з кожным годам актыўных людзей становіцца ўсё болей.

Вольга Васільева, фота аўтара/Belsat.eu

Першая ў Беларусі інклюзіўная кавярня можа з’явіцца ў Магілёве

А пакуль тры дні, 16–18 студзеня, у магілёўскай кавярні «Палерма» вам зробяць каву людзі на вазку, якія вучацца новай прафесіі і адначасова праходзяць практыку. Усе сабраныя грошы пойдуць на дабрачыннасць.

Магілёўская група «інклюзіўных барыста» у складзе чатырох чалавек з 13:00 да 18:00 запрашае кожнага прыйсці ў кавярню «Палерма» і пакаштаваць капучына, амерыкана, эспрэса і латэ.

Саша Аўдзевіч ладзіць школу “Інклюзіўны барыста” ужо ў шостым горадзе

Арганізатар праекту «Інклюзіўны барыста» Саша Аўдзевіч кажа, што галоўная мэта – каб людзі атрымалі папулярную прафесію і пачалі працаваць. Ён нават гатовы пакінуць магілёўцам неабходнае абсталяванне хаця б на месяц і арэндаваць для іх чатыры квадратныя метры ў гандлёвым цэнтры.

Школа “Інклюзіўны барыста” у Магілёве

– Варыць каву зараз модна і гэта запатрабавана ў грамадстве. Плюс гэта сацыяльная праца, бо кавярня – люднае месца. Я хачу, каб і людзі на вазку болей знаходзіліся сярод звычайных людзей, і звычайныя людзі таксама часцей бачылі і стасаваліся з вазочнікамі, – кажа Саша Аўдзевіч.

Ганна Іванова адзіная з удзельнікаў курсу, хто мае працу. Але і яна ад новых ведаў не адмаўляецца.

Магілёўскую групу для праекту «Інклюзіўны барыста» сабрала Ганна Іванова, спартсменка, прызёрка Чэмпіянату Еўропы па танцах на вазках. Яна кажа, што было вельмі цяжка сабраць людзей, бо яны прывыклі сядзець дома. Акрамя таго, ёсць скаданасці з перасоўваннямі, асабліва ў зімовы час. Ганна ездзіць на машыне, але і тут ёсць свае перашкоды – неачышчаны ад снегу двор, з якога вельмі цяжка выехаць. А калі няма машыны, то яшчэ цяжэй.

Дзіма лічыць, што не атрымліваецца толькі ў тых, у каго няма жадання

Удзельніцу праекту Анастасію прывезла ў кавярню маці на грамадскім транспарце. Жанчыны кажуць, што нават не хочуць пра гэта ўзгадваць, але вялікае жаданне далучыцца да групы дапамагло пераадолець усе цяжкасці.

Анастасія не змагла адмовіцца ад прапановы і вырашыла пайсці на курс, паглядзець, што з гэтага атрымаецца

– Узімку з-за вялікай колькасці снегу мне цяжка перасоўвацца па горадзе, таму я вельмі рэдка выходжу з дому. Дзякуй, што ёсць маці, якая дапамагае. Але гэты праект – унікальны шанец. Саша Аўдзевіч – вядомы чалавек, нават пазнаёміцца з ім было вельмі цікава. Я прыйшла паспрабаваць сабе і паглядзець, што з гэтага атрымаецца, – дзеліцца ўражаннямі Анастасія.

Наталля сумяшчае сваю новую працу барыста са старой працай ў цэнтры творчасці

Трое з чатырох магілёўскіх інклюзіўных барыста гатовыя пасля курсу працягнуць варыць каву ўжо ў сваёй кавярні. Дзеля гэтага яны збіраюцца арэндаваць чатыры квадратныя метры ў гандлёвым цэнтры.

– Мы ўжо падлічылі, што ў сваёй кропцы па продажы кавы зможам нармальна зарабляць. Гэта дакладна не тыя 30 рублёў, якія прапануе сацыяльны цэнтр. Сёння адбыўся першы дзень навучання, працэс мне зразумелы, я адчуваю, што магу быць барыста. Я б вельмі хацеў мець сваю справу, але на гэта не хапае грошай. Сашына дапамога цяпер вельмі дарэчы, я не хачу губляць гэты шанец, – кажа ўдзельнік ініцыятывы Зміцер.

Зміцер марыць адкрыць свай бізнэс – кавярню, ці рамонт вазкоў, ці рамонт абутку. Але не хапае грошай, каб пачаць Наталля маю вышэйшую адукацыю і працавала 2 гады ў цэнтры творчасці, але кава змяніла ўсё яе жыццё

Выпускніца самай першай групы навучання «Інклюзіўны барыста» Наталля ўжо атрымала прафесію і працу. Яна ўжо год працуе ў адной з лідскіх кавярняў. А цяпер таксама ездзіць па іншых гарадах, каб навучыць людзей.

– Калі я ішла на праект, то не думала, што гэта мяне так зацягне і што я звяжу сваё жыццё з кавай. Цяпер я планую развівацца, хачу паехаць на спаборніцтвы, варыць складаныя напоі з кавы, – кажа Наталля.

Андрэй спрабаваў працаваць праз інтэрнэт мадэратарам, але прагне да працы з людзьмі, а не з кампутарам

Удзельнікі школы «Інклюзіўны барыста» напрыканцы навучання атрымліваюць афіцыйны сертыфікат, з якім чалавек можа ўладкавацца на працу.

Школа “Інклюзіўны барыста” у Магілёве

– Мы можам працаваць на раўне з усімі астатнімі барыста. І хочам гэта рабіць. У нашых людзей яшчэ шмат стэрэатыпаў наконт людзей з інваліднасцю. Чым болей нас будзе ў публічнай прасторы, тым хутчэй грамадства пазбавіцца ад гэтых стэрэатыпаў, – упэўнена Наталля.

Экспрэса і амерыкана – першыя напоі, якія навучыліся рабіць інклюзіўныя барыста

Прыходзьце на каву і самі вызначайце яе кошт

Кавярня «Палерма», у якой працуюць інклюзіўныя барыста ў Магілёве, цалкам безбар’ерная. Але гэта не адзіная прычына, чаму выбар паў менавіта на яе. Саша Аўдзевіч кажа, што з кіраўніцтвам атрымалася вельмі хутка дамовіцца праз тэлефон, а для яго гэта быў рашаючы фактар, бо ехаць 400 км з Ліды і пасля яшчэ столькі ж назад толькі дзеля перамоў, яму было нязручна.

– Мы добра ставімся да ўсіх сваіх кліентаў, таму проста не маглі адмовіцца ад гэтай прапановы. Мы будзем спадзявацца, што гэты праект сапраўды дапаможа людзям, – кажуць у кавярні.

Студэнты школы “Інклюзіўны барыста” у Магілёве

Пачаставаць каву ад інклюзіўных барыста вы можаце на працягу трох дзён: з 16 да 18 студзеня з 13:00 да 18:00 па адрасе: вуліца Якубоўскага, 44, кавярня «Палерма», гандлёвы цэнтр «Авеню».

Кошт за каву кожны кліент вызначае сам. Усе сабраныя грошы пойдуць на набыццё лекаў і танометру для 2-гадовай жыхаркі Магілёва Міланы Раманавай, якая з дзяцінства пакутуе на дзіцячы цэрэбральны паралюш.

Школа “Інклюзіўны барыста” у Магілёве

Вольга Васільева/Belsat.eu