Галоўная » медики » Page 3

У Бабруйску звольнілі галоўнага лекара станцыі хуткай дапамогі, дзе пратэставалі медыкі

Як распавялі супрацоўнікі станцыі, учора раніцай Сяргей Чудаў, галоўны лекар, сабраў усіх, падзякаваў за працу і абвесціў, што сёння ў яго – апошні працоўны дзень.

У пятніцу стала вядома, што Сяргей Чудаў, галоўны лекар станцыі хуткай дапамогі ў Бабруйску звольнены. За два дні да таго бабруйскія медыкі пратэставалі з-за таго, што не атрымалі даплатаў за працу з каронавіруснымі хворымі.

blob:https://www.facebook.com/0bcaaff4-2ab3-41f3-9d00-0a8bdce0cc70

Звязацца з самім Сяргеем Чудавым не атрымалася – з раніцы ягоны працоўны нумар не адказвае. У той жа час, ягоная намесніца Наталля Вежнавец распавяла, што галоўны лекар на месцы, а яна нічога не ведае пра звальненне.

У прыёмнай галоўнага лекара Бабруйскай цэнтральнай больніцы Аксаны Крупеніч таксама ўвесь дзень ніхто не адказвае, нават сакратарка.

На сайце бабруйскай дзяржаўнай газеты «Бабруйскае жыццё» з’явілася афіцыйнае пацверджанне звальнення Сяргея Чудава.

«Ва ўстанове аховы здароўя «Бабруйская цэнтральная больніца» пацвердзілі, што Чудаў С. Г. напісаў заяву і сёння раніцай паведаміў сваім калегам і калектыву ўстановы аховы здароўя «Бабруйская станцыя хуткай і неадкладнай медычнай дапамогі» пра гэтае рашэнне. Сёння ў Чудава С. Г. апошні працоўны дзень на станцый хуткай дапамогі. Між тым, ён працягне працу ў сістэме аховы здароўя» – гаворыцца ў паведамленні на сайце газеты.

Меркаванні супрацоўнікаў хуткай дапамогі пра звальненне галоўнага лекара розныя. Нехта кажа, што проста знайшлі казла адпушчэння. Адзін з кіроўцаў распавёў Belsat.eu, што насамрэч да Чудава даўно былі пытанні, наколькі ён кампетэнтны, каб кіраваць станцыяй неадкладнай дапамогі.

«Ён раней узначальваў дзіцячы дом, а потым перайшоў сюды, – кажа кіроўца. – Раней тут у нас усе свае былі, а ў яго свае былі погляды на кіраўніцтва. Але тут жа крыху іншая праца: тая ж тэхніка, машыны. Пастаянна ўзнікалі нейкія пытанні з ім».

Медыкі станцыі хуткай дапамогі, Бабруйск

Напярэдадні кіроўцы паказвалі нам сапсаваныя машыны хуткай дапамогі ў двары станцыі – у тым ліку, рэанімабіль.

Медыкі і кіроўцы, з якімі ў нас атрымалася сёння паразмаўляць, кажуць, што, хутчэй за ўсё, звальненне звязанае з пратэстамі.

«Не проста ж так, раптам яго звольнілі», – кажуць медыкі.

У той жа час, яны зазначаюць, што на сабе пакуль нейкага прэсінгу не адчулі, і мяркуюць, што наўрад ці кіраўніцтва будзе ціснуць на звычайных фельчараў і кіроўцаў, бо цяпер пратэсты разгортваюцца па ўсёй краіне і ёсць значная падтрымка і салідарнасць паміж медыкамі.

Станцыя хуткай дапамогі, Бабруйск

Галоўны лекар змены Генадзь Кажамякін, які некалі ўзначальваў станцыю хуткай дапамогі, абвяргае сувязь звальнення з пратэстамі медыкаў.

«Там цалкам іншыя прычыны, – кажа спадар Кажамякін. – А ўвогуле, ёсць нарматыўна-прававыя акты, ёсць механізм даплат, і прэса тут ніяк не ўплывае на выплаты надбавак. Прыходзьце ў панядзелак – будзе прызначаны новы галоўны лекар, і яму задавайце пытанні. А цяпер пакіньце рэжымнае памяшканне».

Дзвесце працаўнікоў бабруйскай станцыі хуткай і неадкладнай медычнай дапамогі – медыкі і кіроўцы – напісалі калектыўны зварот у адміністрацыю прэзідэнта Беларусі. У лісце яны распавядалі, што не ўсё і не ў поўным аб’ёме атрымалі абяцаныя Указам 131 кіраўніка краіны даплаты за працу ва ўмовах каронавіруснай інфекцыі. Падпісанты прасілі растлумачыць механізм налічэння надбавак.

20 траўня на станцыю хуткай дапамогі прыехала здымаць сюжэт Беларускае тэлебачанне. Здымкі ператварыліся ў стыхійны мітынг. Працаўнікі станцыі адкрыта распавядалі пра несправядлівы механізм налічэння і што шмат хто ўвогуле застаўся без даплат.

Сяргей Чудаў працаваў галоўным лекарам бабруйскай станцыі хуткай дапамогі з 31 сакавіка 2015 года, дагэтуль ён быў кіраўніком Бабруйскага дому дзіцяці.

Фота: Belsat.eu

НА, Belsat.eu