Мэдык-беларус, грамадзянін Эстоніі, Мікола Ільін загінуў 13 ліпеня на Данбасе падчас абстрэлу прарасейкімі сэпаратыстамі. Ён у групе ўкраінскіх вайскоўцаў спрабаваў эвакуяваць з «шэрай зоны» цела байца, які падарваўся на міне.
22 ліпеня ў Кіеўскім касьцёле сьвятога Аляксандра прайшла імша памяці Міколы Ільіна, якога затым крэміравалі. Днём раней грамадзянская паніхіда па загінуламу адбылася ў Беларусі, у магілёўскім катэдральным касьцёле, паведамляеРадыё Свабода.
Паводле апошняга жаданьня Міколы Ільіна ягоны прах меўся быць разьвеяны ў трох краінах: Украіне, Беларусі і Эстоніі. 24 ліпеня волю Міколы блізкія выканалі на Дняпры ва Ўкраіне.
26 ліпеня над Дняпром у Магілёве, дзе Мікола Ільін нарадзіўся і жыў з маці да 2006 году, ягоны запавет таксама выканалі. Разьвітаньне адбылося ў коле родных і блізкіх паплечнікаў па апазыцыйнай дзейнасьці.
«Я так ганарылася, калі ў мяне нарадзіўся хлопчык і так малілася за ўсіх дзяцей, якіх чакаюць маці. А мой Мікола ад мяне сышоў. Я не магу паверыць, што яго больш няма ў мяне», — казала маці Ірына Міхайлаўна, пасьля малітвы.
Мікола Ільін удзельнічаў у апазыцыйных моладзевых арганізацыях «Малады фронт», «Зубар». Пасьля плошчы 2006 году зьехаў ва Ўкраіну са спадзевам атрымаць грамадзянства, але дамагчыся гэтага яму не ўдалося. З Украіны з дапамогай украінскіх валянтэраў перабраўся ў Эстонію. Там вывучыўся на мэдыка. Ва Ўкраіну вярнуўся, каб дапамагчы ўкраінцам у барацьбе за тэрытарыяльную цэласнасьць краіны.
Для ягонай ідэнтыфікацыі яшчэ патрэбна экспэртыза ДНК.
Штаб Апэрацыі аб’яднаных сілаў, якія вядуць баявыя дзеяньні з прарасейскімі баевікамі на Данбасе, чатыры дні вёў перамовы пры пасярэдніцтве Супольнага цэнтру кантролю і каардынацыі спыненьня агню і стабілізацыі лініі разьмежаваньня (СЦКК) і місіі АБСЭ пра магчымасьць забраць цела мэдыка-беларуса, які загінуў ад абстрэлу 13 ліпеня пад сялом Зайцавам у Данецкай вобласьці.
Удзень 17 ліпеня штаб зьвярнуўся да міжнароднай супольнасьці з заклікам паўплываць на вырашэньне гэтага пытаньня:
«Гэтыя факты цяжкага безадказнага злачынства расейскіх акупацыйных уладаў зьяўляюцца ня чым іншым, як нежаданьнем прызнаваць міжнародна прынятыя прававыя нормы і прынцыпы міжнароднага гуманітарнага права».
А 14.30 17 ліпеня стала вядома, што баевікі перадалі ўкраінскаму боку неідэнтыфікаванае цела на падкантрольную тэрыторыю Ўкраіны праз пункт «Мар’інка». Але пацьвярджэньня, што гэта цела Міколы Ільіна, няма. Цяпер цела перададуць для правядзеньня экспэртызы ДНК.
Маці Міколы Ільіна Ірына і ягоная грамадзянская жонка Аляксандра чакаюць дакладнай інфармацыі, каб пачаць падрыхтоўку да цырымоніі разьвітаньня.
Падрабязнасьці Аляксандра расказала Свабодзе.
«Скасаваў адпачынак, бо пачаліся абстрэлы»
Аляксандра пачала дапамагаць украінскаму войску ў 2014 годзе, калі пачалася вайна на Данбасе. Свабодзе яна прадставілася сваім пазыўным «Боршч», па якім яе добра ведаюць як вайскоўцы, так і калегі-валянтэры. Аляксандра кажа, што Мікола 10 ліпеня мусіў вярнуцца ў Белую Царкву, на адпачынак:
«Але ён яго скасаваў, каб дапамагчы хлопцам, бо іхныя пазыцыі абстрэльваліся — гэта крайнія пазыцыі, практычна пад Горлаўкай».
«Гэта было ягонае рашэньне. Мы год былі разам, і я ім ганаруся як асобай і як мужам. Ён абараняў маю Бацькаўшчыну. У нас былі супольныя каштоўнасьці і супольнае бачаньне. Ён загінуў, дапамагаючы параненаму. Я ведаю, што ён і там, зьверху, будзе аберагаць нас і ўсіх сваіх родных. У яго вельмі шмат сяброў па ўсім сьвеце. Ён шмат дзе жыў і падарожнічаў. І цаніў кожнага, хто быў побач».
«Харызматычны і творчы»
Аляксандра кажа, што зь Міколам яна пазнаёмілася празь сяброў.
«Мы вельмі доўга сябравалі. Ён быў вельмі творчай асобай, харызматычным і мужным. Захапляўся гісторыяй сваёй краіны і быў вельмі вольналюбным. Усё сваё жыцьцё ён займаўся дабрачыннасьцю. У яго была вельмі вялікая душа. Калі мы размаўлялі, ён казаў: «Сонейка, калі я звольнюся з войска, мы будзем жыць і працягваць займацца дабрачыннасьцю».
Мікола быў камунікабэльным, адказным і вельмі любіў падарожнічаць:
«Ён ведаў пяць моў і заўсёды казаў, што, калі ты вывучыш ангельскую, для цябе адкрыецца ўвесь сьвет. Мікола вельмі цаніў мэнтальна-сацыяльныя каштоўнасьці найвышэйшага ўзроўню. Гэта была такая асоба і такі мужчына, якога толькі можна сабе прыдумаць».
«Мікола быў такім эмацыйным, нягледзячы на ўсе выпрабаваньні ў жыцьці. Ён вельмі любіў людзей. Дапамагаў беспрытульным, дапамагаў жывёлам. Ва ўсіх сваіх ратацыях ён гадаваў жывёлаў. Апошнім ягоным клопатам былі маленькія кацяняты. Да апошніх дзён ён вучыў хлопцаў на пазыцыях, каб яны мелі элемэнтарныя навыкі эвакуацыі, каб маглі самі сабе першую дапамогу аказаць пры патрэбе».
«Яго падступна расстралялі»
Аляксандра кажа, што расейскія СМІ перакручваюць інфармацыю пра гібель яе мужа:
«Быў „зялёны“ калідор, СЦКК і АБСЭ дамаўляліся, каб забраць „двухсотых“ (загінулых). Яны былі ў распазнавальных знаках. І іх расстралялі. Падступна расстралялі. Цяпер па расейскіх тэлеканалах гэтую інфармацыю перакручваюць, узводзяць паклёпы на яго і стараюцца зьнішчыць ягоную рэпутацыю. Мы ж усе разумеем, што ідзе гібрыдная вайна. Яны будуць рабіць усё, каб паказваць усё на сваю карысьць».
Разьвітаньне будзе ў Кіеве
Паводле жонкі загінулага мэдыка, цырымонія разьвітаньня будзе арганізаваная ў Кіеве, на плошчы Незалежнасьці, з усімі ўшанаваньнямі.
«Цяжка сказаць, калі і як доўга, бо мы ня ведаем, у якім стане цела, бо ён не адзін дзень праляжаў там паранены і акупанты не давалі яго забраць. Яны не падпускалі, не аддавалі целаў.
Ягоная апошняя воля была — крэматорый і разьвеяць ягоны прах над трыма краінамі. Апошняя краіна — Беларусь. Гэта ягоная воля. І маці пагадзілася», — расказала Свабодзе грамадзянская жонка Міколы Ільіна Аляксандра.
Абстрэлы пад Горлаўкай — амаль штодзённыя
Штодня штаб Апэрацыі Аб’яднаных сілаў паведамляе аб тым, што незаконныя ўзброеныя фармаваньні ўсё часьцей выкарыстоўваюць забароненую для выкарыстаньня на Данбасе зброю, парушаючы менскія дамоўленасьці.
Пазыцыі, якія абараняла 35-я асобная брыгада марской пяхоты, дзе служыў Мікола Ільін, абстрэльваліся з пачатку ліпеня. У адным зь відэазапісаў, распаўсюджаных прэсавай службай брыгады 9 ліпеня, ён расказаў пра маштабы аднаго з такіх наступаў:
«Спачатку паранілі нашага аднаго байца. Я яму аказаў першую мэдычную дапамогу», — паведаміў Мікола Ільін, дэманструючы рэшткі, які ён дастаў з параненай рукі байца — ён быў своечасова эвакуаваны зь месца абстрэлу.
«Каліновец» і патрыёт
Калі Мікола вяртаўся з фронту ў мірнае жыцьцё, ён заўсёды падтрымліваў беларускія акцыі ў Кіеве і дапамагаў стварыць ва Ўкраіне рух салідарнасьці «Разам».
У 2018 годзе разам зь беларусамі і ўкраінцамі ўдзельнічаў у акцыі салідарнасьці з абаронцамі Курапатаў.
«Мікола быў шчыры і сумленны. Я ведаю яго асабіста з „Плошчы Каліноўскага“. Зьбітага ўшчэнт амапаўцамі 23 сакавіка 2006 году за дзесяць гадзін да брутальнай зачысткі нелюдзямі „Плошчы Каліноўскага“ і за колькі хвілінаў да майго захопу. У 2006-м было так шмат фатаздымкаў, дзе Мікола ў намётавым мястэчку. Памятаю, як ён ляжаў амаль нежывы. Адчуваю пякучы боль і сёньня, калі пішу гэтыя радкі», — напісаў адзін зь лідэраў руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык на сваёй старонцы ў Facebook.
Як грамадзянін Эстоніі мусіў атрымаць дазвол ураду
Міністэрства замежных спраў Эстоніі пацьвердзіла, што Мікола Ільін меў эстонскае грамадзянства. «Ён прыехаў у Эстонію ў 2006 годзе як стыпэндыят у межах адпаведнага праекту і меў статус уцекача, таму ён і адмовіўся ад беларускага грамадзянства», — сказаў міністар замежных спраў Эстоніі Ўрмас Рэйнсалу, паведаміла Эстонская грамадзкая тэлерадыёкампанія.
Паводле эстонскага міністра, Мікола Ільін мусіў атрымаць дазвол, каб служыць ва Ўкраіне, але такога дакумэнту не выдавалі:
«У Эстоніі дзейнічае прынцып, што грамадзяне Эстоніі могуць служыць у вайсковых частках іншых краін з дазволу ўраду».
Мікола Ільін загінуў 13 ліпеня.
Што вядома пра мэдыка-беларуса, які загінуў на Данбасе
Мікола Ільін нарадзіўся ў Магілёве і жыў з маці ў цэнтры гораду. Быў адзіным дзіцем у сям’і.
У 2004 годзе ён прыяжджаў ва Ўкраіну ў часе Аранжавай рэвалюцыі. Потым вярнуўся ў Беларусь, але ўжо праз 6 гадоў канчаткова зьехаў — бо яго ўсё часьцей перасьледавалі за выкарыстаньне бел-чырвона-белага сьцяга.
Зьвяртаўся ва ўкраінскія міграцыйныя органы па статус уцекача, але яму адмовілі. Украінскія актывісты дапамаглі яму зьехаць у Эстонію, дзе ён атрымаў грамадзянства. У 2016 годзе вярнуўся ва Ўкраіну і паступіў на службу ў 137-ы асобны батальён марской пяхоты.
«Зь Міколам я пазнаёміўся ў Тактычным мэдычным цэнтры, дзе мы чатыры месяцы вучыліся. Я спачатку думаў, што ён амэрыканец, бо ў яго было такое вымаўленьне, ён узважваў кожнае слова. І быў апрануты ў амэрыканскае спэцыяльнае абмундзіраваньне», — расказаў Свабодзе сябар мэдыка-беларуса Паўло Валянтовіч — вэтэран добраахвотніцкага батальёну «Данбас», вайсковец-кантрактнік.
Паўло кажа, што перабрацца ў Эстонію Міколу Ільіну дапамаглі ўкраінскія валянтэры, і менавіта ў падзяку за гэта ён вырашыў вярнуцца ва Ўкраіну, калі пачалася вайна на Данбасе, — каб дапамагчы ўкраінцам у барацьбе за тэрытарыяльную цэласнасьць краіны.
«У Эстоніі ён працаваў і таксістам, і экскурсаводам. Ён вельмі добра ведаў эстонскую, ангельскую і беларускую мовы. Я нават яго прасіў размаўляць са мной па-беларуску, бо мне было цікава, як яна гучыць. І ён прасіў да яго зьвяртацца менавіта „Мікола“, па-беларуску. Марыў мне паказаць краявіды і Беларусі, і Эстоніі, якія ён вельмі любіў».
Паўло Валянтовіч успамінае выдатныя камунікацыйныя здольнасьці Міколы і ўменьне патлумачыць і навучыць неабходным навыкам абароны.
«Пра сямʼю ён ніколі не расказваў. Але Беларусь вельмі любіў. Казаў, што ў яго ёсьць жаданьне, калі памрэ, каб ягоны прах разьвеялі ў Беларусі, Эстоніі і Ўкраіне».