Галоўная » милиция » Page 66

У Магілёве ў кіроўцы блогера Сяргея Ціханоўскага забралі машыну і не далі ніякіх дакументаў

Андрэй Ільюк суправаджаў блогера каналу «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага падчас яго падарожжа ў Магілёў.

6 траўня Андрэй Ільюк на ўласнай машыне выехаў з Магілёва ў Менск, каб выканаць даручэнне блогера Сяргея Ціханоўскага і перавезці туды ягоныя рэчы, але на магілёўскай акружной дарозе машыну Андрэя спынілі супрацоўнікі ДАІ.

Супрацоўнік ДАІ, які спыніў кіроўцу Ціханоўскага

«Сяргей папрасіў мяне адвезці яго рэчы ў Менск. Сярод рэчаў быў сістэмны блок для камп’ютара і дарожная сумка. Я паклаў рэчы ў багажнік сваёй Аўдзі і паехаў. Сам Сяргей таксама ехаў на Менск, але з іншым кіроўцам на другой машыне. Яны ехалі за мной», – распісвае сітуацыю Андрэй.

Андрэй жыве ў горадзе Ельск Гомельскай вобласці. Ён прысутнічаў на сустрэчы «Краіны для жыцця» з падпісчыкамі ў Мазыры. Там і прапанаваў блогеру сваю дапамогу. Пасля гэтага паехаў разам з ім у Магілёў і збіраўся адвезці рэчы Ціханоўскага ў сталіцу, але не даехаў.

Андрэя папрасілі праехаць у Магілёўскі РАУС

Нумары гомельскага рэгіёну выклікаюць падазрэнне

«Я ўжо ведаў, што машыну Сяргея спынілі. Не прайшло і 5 хвілін, як і маю машыну таксама спынілі супрацоўнікі ДАІ, гэта здарылася амаль перад самым выездам на трасу М4 Магілёў – Менск. Праверылі дакументы – дакументы аказаліся ў парадку. Я спытаў прычыну спынення, мне адказалі, што ў мяне нумары Гомельскай вобласці, якія, нібыта, выклікаюць падазрэнне».

Пасля таго, як дакументы Андрэя аказаліся ў парадку, супрацоўнікі ДАІ вырашылі спраўдзіць, што ў яго ў багажніку. Спачатку Андрэй спрачаўся наконт правамернасці правярання багажніку, але хутка пагадзіўся на ўмовах, што ён адкрые багажнік, а супрацоўнікі візуальна агледзяць рэчы.

Машына Андрэя «Аўдзі» А8

«Я адкрыў багажнік і яны пабачылі там сістэмны блок. З боку праваахоўнікаў пачаліся пытанні, што гэта за сістэмны блок, чый. Я кажу ім, якая розніца. Я не буду адказваць на гэтыя пытанні. І яны мяне адпусцілі, сказалі: усё з дакументамі нармальна – едзь».

І Андрэй паехаў далей. Нават паспеў выехаць на М4, як той жа экіпаж ДАІ ўжо з уключанымі мігалкамі дагнаў яго на трасе і зноўку спыніў. На гэты раз супрацоўнікі ДАІ адразу прапанавалі праехаць у Магілёўскі РАУС на дагляд кампʼютара: маўляў, у іх у распрацоўцы нейкі сістэмны блок і трэба спраўдзіць нумар.

Андрэй Ільюк пад Магілёўскім РАУСам

Падазрэнне выклікаў нібыта VIN-нумар машыны

Ля РАУСу Андрэю сказалі заязджаць на тэрыторыю і пакінуць сваю машыну там, а самому зайсці ў будынак. На гэты момант на тэрыторыі ўжо знаходзілася машына, у якой ехаў Сяргей Ціханоўскі. Самога блогера ці кагосьці з яго экіпажу Андрэй не сустрэў. Усяго ў РАУСе Андрэй правеў каля 7 гадзінаў: з 12:00 да 19:00.

«Падставай для прыезду ў РАУС першапачаткова была праверка сістэмнага блоку. Але ўжо на месцы аказалася, што супрацоўнікі склалі пратакол, нібыта VIN-нумар маёй «Аўдзі» выклікаў у іх падазрэнне. Хаця яны нават не адкрывалі капот, нічога, каб паглядзець гэты нумар».

Ты нічога не падпісваеш, мы табе нічога не даём

Паводле Андрэя, ніякіх пытанняў пра рэчы ў багажніку ці пра Ціханоўскага міліцыянты яму не задавалі, пыталіся толькі пра VIN-нумар машыны. І ў выніку забралі машыну, ключы, тэхпашпарт, ўсе рэчы з багажніку.

«Я падыходзіў да намесніка начальніка РАУСу казаў яму: «Як гэта так, у мяне забралі машыну і ніякіх дакументаў не далі? Ні пратакола, ну хаця бы копіі. Яны сказалі мне: ты нічога не падпісваеш, мы табе нічога не даём. У другога кіроўцы таксама забралі машыну з прычыны «праверкі VIN-нумара». Хоць ён і падпісваў нейкія пратаколы, але яму таксама не далі ніякіх дакументаў на рукі», – сказаў Андрэй.

Андрэй ля пракуратуры

Ноч з 6 на 7 траўня Андрэй мусіў правесці ў гасцініцы ў Магілёве, бо без машыны з’язджаць дадому ў Ельск не хацелася. Званка ад праваахоўнікаў Андрэй не дачакаўся і звярнуўся да магілёўскіх праваабаронцаў:

«Поўная неразбярыха тут адбываецца. Я бы параіў Андрэю падаваць скаргу ў пракуратуру на тое, што яго затрымалі больш на 3 гадзіны без тлумачэння прычынаў і выпусцілі без аніякіх дакументаў», – сказаў праваабаронца Барыс Бухель.

Пры дапамозе праваабаронцаў Андрэй 7 траўня звярнуўся да намесніка начальніка Магілёўскага РАУСу Дзяніса Сапраненка. Пасля чаго яму вярнулі ўсе рэчы з машыны і выдалі копію акта агляду машыны. Сама машына пакуль што застаецца ў Магілёве ў чаканні экспертызы VIN-нумара. За паскарэнне гэтай экспертызы мужчына збіраецца сплочваць грошы. Андрэй упэўнены, што з машынай будзе ўсё ў парадку, бо яна ў яго 6 год, ён некалькі раз ездзіў на ёй праз мяжу, ды і алюмініевы нумар падрабіць не так так проста.

Даведка, якую Андрэю далі 7 траўня ў Магілёўскім РАУС

Фота: Belsat.eu

Вольга Васільева, Belsat.eu

Прокурор Чаусского района исправил ляп местной милиции и возбудил уголовное дело по факту ДТП

Прокуратура Чаусского района проверила соблюдение законодательства сотрудниками местного РОВД при учете, регистрации, рассмотрении и разрешении заявлений … чытаць далей

Каля 100 чалавек прыйшлі пад ізалятар у Магілёве ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага

З абеду і да 20:00 людзі падыходзілі да ізалятару часовага ўтрымання ў Магілёве, куды меркавана пасля затрымання быў дастаўлены блогер Сяргей Ціханоўскі, каб выказаць сваю падтрымку. Людзі сцягваліся не толькі з усяго Магілёва, але і з Менску, Жлобіна і другіх гарадоў. У пэўны момант людзей стала заўважна шмат – прыблізна 80–100 асобаў.

«Мы трымаем сувязь з прадстаўнікамі Ціханоўскага, якога затрымалі сёння днём. Але інфармацыя пра яго сапраўднае месцазнаходжанне паўсюль вельмі розная, шмат укідаў ад людзей, якія нічога не ведаюць. Прадстаўнікі ўлады ніякай інфармацыі нам таксама не даюць. Проста стаім і чакаем», – кажа Віталь, які прыехаў з Менску. Паводдле яго, людзі пад ізалятарам сабраліся па ўласнаму жаданню, іх ніхто не заклікаў.

Віталь прыехаў з Менску, каб падтрымаць Сяргея Ціханоўскага

Сам Віталь выказаў жаданне паехаць у РАУС і напісаць заяву на неправамерныя дзеянні супрацоўніка АМАПу, які прымаў удзел у затрыманні Сяргея Ціханоўскага:

«Я бачыў стрым з затрымання, на якім супрацоўнік АМАПу не прадставіўся, ён хацеў локцем разбіць шкло ў машыне. Я лічу, што такія людзі не павінны працаваць у міліцыі».

З 19:00 да 20:00 была максімальная колькасць людзей – каля 100 чалавек

Амаль усю другую палову дня ў Магілёве ішоў моцны дождж. Але гэта не спужала групу падтрымкі. Людзі дасталі парасоны, дажджавікі, часова хаваліся ў машынах, але працягвалі стаяць і такім чынам выказваць сваю салідарнасць з блогерам.

Магілёўскія праваахоўнікі таксама падцягнуліся да ІЧУ – каб адагнаць падпісантаў каналу «Краіна для жыцця» ад сцен ізалятара. На месцы, дзе сабраліся людзі, на ўсялякі выпадак прысутнічаў аўтазак, супрацоўнік ДАІ і сілавікі ў цывільным.

Людзям сталі рабіць заўвагі за тое, што яны знаходзяцца на газоне.

«Я спытаў у супрацоўніка ДАІ, чаму ён можа прайсціся па газону, а звычайны грамадзянін – не? На пытанне ён мне чамусьці не адказаў, але сказаў, што мы ўсе тут запісаныя і сфатаграфаваныя, – сказаў Юрый, які прыехаў з групай падтрымкі са Жлобіна. – Мы самі вядзём стрым на сваім канале, каб паказаць людзям, што тут адбываецца. Я рад аднаму, што людзі ў дождж усё ж такі аб’ядналіся і прыехалі сюды з розных гарадоў. Хоць нам і пагражаюць, хоць і пад’ехаў аўтазак, людзі стаяць і нікуды не сыходзяць».

Жыхарка Магілёва Кацярына таксама прыйшла, каб выказаць падтрымку блогеру Ціханоўскаму:

«Далей так не можа працягвацца, бо ва ўладзе банда, якая творыць бязмежжа ў нас на вачах. І як можна маўчаць, калі такое адбываецца».

Кацярына і Аляксандр

Кацярына разам з Аляксандрам даведалася пра затрыманне блогера з сацыяльных сетках. Пара прыйшла да ІЧУ ўжо пасля 7-ай вечара і засталася сярод апошніх:

«Мы заўсёды глядзім і стараемся прыняць актыўны ўдзел у жыцці «Краіны для жыцця». У нашай жа краіне да нас ставяцца не як да людзей, а як да ската. З намі не лічацца. Нашае меркаванне нікога не цікавіць. Баюся, каб мы не сталі другой Паўночнай Карэяй».

Супрацоўнік у цывільным

А 8-ай вечара ад блогера MozgOn стала вядома, што Ціханоўскага нібыта перавезлі ў Гомель. Ці праўда гэта, афіцыйныя крыніцы пакуль не кажуць.

Фота: Belsat.eu

Вольга Васільева, Belsat.eu

Блогера Сяргея Ціханоўскага затрымалі пад Магілёвам

Пасля двух дзён пераследу на дарогах Беларусі міліцыя затрымала youtube-блогера, аўтара канала “Страна для жизни” Сяргея Ціханоўскага. Гэта адбылося на кальцавой дарозе каля Магілёва, паведамляе ПЦ «Вясна». 

Машыну, дзе ехаў Сяргей Ціханоўскі, спыніла машына ДАІ. Акрамя супрацоўніка ДАІ да машыны падыйшоў супрацоўнік АМАПу, які адмаўляўся прад’яўляць Ціханоўскаму свае дакументы. Блогер у гэты час вёў стрым на свой канал, але потым спыніў яго. Ён паспеў папрасіць падпісчыкаў прыехаць на месца інцыдэнту і падтрымаць яго.

Блогер Уладзімір Няронскі паведаміў пра затрыманне Сяргея Ціханоўскага.

Блогер Міхась Аршынскі паведамляе, што ў Магілёве на вуліцы Крупскай каля мясцовага ізалятара часовага ўтрымання стаіць патруль ДАІ і правярае дакументы ў тых, хто пад’язджае сюды. Ёсць меркаванне, што Ціханоўскага прывезлі туды.

Нагадаем, што цягам апошніх двух дзён машыны праекту “Страна для жизни” шмат разоў спыняла міліцыя і ДАІ. Учора, пятага траўня, Сяргей Ціханоўскі прызначыў на вечар сустрэчу з падпісчыкамі ў Магілёве. Прыкладна за паўтары гадзіны да сустрэчы аўтадом блогера зноў спынілі, аднак самога Ціханоўскага ў нём не аказалася. На месца падзей прыехала шмат падпісчыкаў, міліцыя хацела затрымаць кіроўцу, але падпісчыкі літаральна адбілі яго. У выніку міліцэйскае кіраўніцтва дала загад міліцыянтам сысці.

 

Магілёўцы паказалі міліцыі на яе месца: адбілі чалавека ад затрымання і правялі дзве акцыі пратэсту ў адзін дзень (ВІДЭА)

І ўсё гэта на вачах міліцэйскага начальніка, пад кіраўніцтвам якога разганялі магілёўскі «Марш недармаедаў» тры гады таму, піша mspring.online.

У абед 5 траўня з’явілася інфармацыя, што ў Магілёў на сустрэчу з гараджанамі прыедзе вядомы апазіцыйны блогер Сяргей Ціханоўскі (на яго канал у Youtube падпісана 137 тысяч чалавек) са сваёй камандай. У сваіх роліках блогер распавядае пра сацыяльныя праблемы ў розных гарадах Беларусі, а таксама прама выступае супраць дзейнай улады і асабіста прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Шмат у чым дзякуючы дзейнасці Ціханоўскага ў Магілёве пачаліся пратэстныя акцыі «кармленне галубоў» – людзі каардынуюцца пры дапамозе чата ў Тэлеграм «Магілёў для жыцця». На апошнюю акцыю прыйшло некалькі дзесяткаў чалавек – нямала для абласнога цэнтра, у якім палітычная актыўнасць доўгія гады была на нулі.

Сустрэчу з магілёўцамі Сяргей Ціханоўскі і яго таварышы прызначылі на 19 гадзін каля гандлёвага цэнтра «Гіпа» на вуліцы Маўчанскага.

ТЭХАГЛЯД ЯК ЧЫННІК РЭПРЭСІЯЎ

У мясцовым чаце практычна адразу выказалі здагадку, што блогера з камандай будзе чакаць магілёўская міліцыя з мэтай затрымаць Ціханоўскі і сарваць сустрэчу.

Каля 17:30 два аўто, на якіх перасоўвалася каманда «Краіны для жыцця», былі спыненыя супрацоўнікамі ДАІ на Віцебскім праспекце побач са стадыёнам «Тарпеда». Намеснік камандзіра ўзвода батальёна ДПС ДАІ УУС, маёр Генадзь Баброў абвясціў блогеру Уладзіміру Няронскаму, які быў за рулём, што хоча «праверыць фізічны стан аўтамабіля».

Няронскі практычна адразу ўключыў стрым на сваім канале Youtube «Слуцк для жыцця» і далейшую гутарка вёў на камеру. На яго завялі адміністрацыйны працэс за адсутнасць налепкі на лабавым шкле аб праходжанні тэхагляду аўто. У гэты момант Няронскі заклікаў магілёўцаў прыехаць і падтрымаць блогераў.

Таксама супрацоўнікі ДАІ вырашылі надгледзець другое аўто «Краіны для жыцця», у якім, на іх думку, хаваўся Сяргей Ціханоўскі. Пасля таго, як дзверы міліцыянтам не адчынілі, невядомы пырснуў з газавага балончыка ў салон аўто. Міліцыянты адвялі яго на супрацьлеглы бок дарогі.

У гэты момант у навакольных дварах сталі запасіцца УАЗы і «Газэлі» з супрацоўнікамі АМАП (MSPRING.ONLINE налічыў усяго чатыры аўто з супрацоўнікамі міліцыі асаблівага прызначэння).

Як аказалася, Сяргей Ціханоўскі ў Магілёў не прыехаў. Пазней калега з яго каманды растлумачыў, што гэта была адмысловы выкрут, каб не дапусціць адвольнага затрымання папулярнага блогера. Да месца інцыдэнту сталі падцягвацца магілёўцы.

НА ЦІХАНОЎСКАГА КІНУЛІ СПЕЦЫЯЛЬНЫХ «АНТЫАПАЗІЦЫЙНЫХ» МІЛІЦЫЯНТАЎ

Супрацоўнікі ДАІ ў канфлікце адыгрывалі не вырашальную ролю. Для такіх, як Ціханоўскі, магілёўскае Упраўленьне ўнутраных спраў падрыхтавала асаблівых міліцыянтаў.

На затрыманне прыбылі супрацоўнікі УУС Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Пугачоў і Сяргей Волкаў.

Уладзімір Пугачоў вядомы тым, што яшчэ ў бытнасць супрацоўнікам Ленінскага РАУС кіраваў ператрусам у журналіста Deutsche Welle Аляксандра Буракова ў 2013 годзе. У 2016 міліцыянт дапамагаў адміністрацыйнаму пераследу актывіста Станіслава Паўлінковіча за ўдзел у акцыі пратэсту. У канцы 2019 года менавіта пасля яго рапарту была заведзеная адміністрацыйная справа за мем ў «Аднакласніках» у дачыненні да экс-кандыдата ў дэпутаты Андрэя Юркова (справа развалілася).

Сяргей Волкаў ж – намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС – вядомы тым, што кіраваў сілавымі затрыманнямі падчас магілёўскага «Марша недармаедаў» у сакавіку 2017 года.

Няма сумненняў, што менавіта Волкаву далі кіраваць аперацыяй па недапушчэнні мірнага сходу побач з «Гіпа». Супрацоўнікі ДАІ больш выконвалі ролю статыстаў, як чакаючыя загаду супрацоўнікі АМАП у мікрааўтобусах, прыпаркаваных у бліжэйшых дварах. Невядома, чым скончылася б гісторыя, калі б не магілёўцы, якія адбілі блогераў ў міліцыянтаў.

МАГІЛЕЎЦЫ ЎМЕЮЦЬ АДБІВАЦЬ

За паўтары гадзіны разбіральніцтваў на Віцебскі праспект з усіх канцоў горада з’ехалася пад сотню магілёўцаў. «Звычайная» праверка дакументаў ад ДАІ раптам ператварылася ў самую масавую з 2017 года акцыю пратэсту. Людзі патрабавалі ад міліцыі адпусціць блогераў і «не ганьбіць гонар мундзіра»:

– Вы што робіце, мус..ьё, зусім сумленне страцілі. За што іх затрымалі? Вы ж за усё адкажаце, калі ўлада змяніцца, – заявіў у твар супрацоўнікам міліцыі адзін з мужчын.

Натоўп некалькі разоў зараджаў крык «Позор» і «Ганьба», пакуль міліцыянты прыходзілі ў сябе. Відавочна, яны не чакалі такога масавага адпору.

У нейкі момант яны вырашылі скласці адміністрацыйны пратакол на аднаго з удзельнікаў каманды «Краіна для жыцця». У гэты момант людзі згрупаваліся вакол блогера так, што работнікі МУС нават не змаглі да яго наблізіцца.

Тады Генадзь Баброў паспрабаваў уручыць маладому чалавеку позву, але і гэта натоўп не даў зрабіць. Гісторыя вырашылася нечакана: пацярпелыя ад фіяска міліцыянты пасля каманды Волкава здаліся і пакінулі месца канфлікту.

Іх сыход магілёўцы сустрэлі аглушальным ровам і крыкам «Ганьба».

Мабыць, упершыню за доўгі час грамадзянская супольнасць Магілёва паказала зубы.

Разам з начальствам з двароў зняліся супрацоўнікі АМАП. Зрэшты, Волкаў, Пугачоў і Баброў назіралі за тым, што адбываецца, з машыны яшчэ некаторы час.

ЗАМЕСТ АДНОЙ СУСТРЭЧЫ З ПАДПІСЧЫКАМІ – АДРАЗУ ДВЕ АКЦЫІ ПРАТЭСТУ

Хоць сам Сяргей Ціханоўскі ў Магілёў не прыехаў, праграму «Краіна для жыцця» нават перавыканала. Каардынатарам выступіў Уладзімір Няронскі. Пасля нядоўгага маршу на тым жа Віцебскім праспекце ён правёў з магілёўцамі мірны сход, падчас якога жадаючыя маглі выказаць усё, што ў іх накіпела.

Увогуле, праблемы ва ўсіх былі розныя: хтосьці скардзіўся на зарплаты, хтосьці – на жорсткасць антынаркатычнага артыкула 328, хтосьці – на дзеянні ўладаў у разгар эпідэміі COVID-19.

Лозунг ў канцы, праўда, быў адзін на ўсіх – некалькі дзясяткаў чалавек пракрычалі «Стоп прусак!», патрабуючы адстаўкі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

З Віцебскага праспекта блогеры ўсё ж такі змаглі трапіць на стаянку каля ГЦ «Гіпа», дзе правялі яшчэ адну сустрэчу. Там за імі назіралі супрацоўнікі дэпартамента аховы МУС і ахоўнікі гандлёвага цэнтра.

Пакінулі Магілёў блогеры бліжэй да 9 гадзіны вечара. Магілёўцы суправаджалі іх на аўто. Міліцыя таксама нястомна сачыла за рухамі – на шляху руху калоны кожны кіламетр сустракаліся патрулі ДАІ, а за калонай ехалі тры службовых машыны. Праўда, у гэты раз усё скончылася адносна добра. Ва ўсякім выпадку, Магілёўскі раён «Краіна для жыцця» пакінула без праблем.

Але як жа адрэагуюць мясцовыя ўлады на падобнае «нахабства» у выглядзе аж двух масавых мірных сходаў?

Фота і відэа: mspring.online

Саша Райкан

Жителя Климовичей задержали в Костюковичском районе с 290 литрами дизтоплива

23 апреля на автодороге «Климовичи-Костюковичи-граница Российской Федерации» вблизи агрогородка Муравилье сотрудниками отделения ГАИ и группы … чытаць далей

В Мстиславле у жителя Бобруйска изъяли 520 литров спиртосодержащей жидкости

25 апреля на объездной автодороге г.Мстиславля сотрудниками милиции Мстиславского РОВД был задержан легковой автомобиль «Фольксваген … чытаць далей

В Костюковичском районе выписали три штрафа за нарушение режима самоизоляции

За несоблюдение режима самоизоляции в апреле к административной ответственности в Костюковичском районе привлечено три человека. … чытаць далей