Галоўная » міхась зарэцкі

Памяці Міхася Зарэцкага (фота)

8 снежня 2019 года у грамадскім цэнтры “Мост” г.Шклова адбылося паседжанне аматарскага літаратурна-мастацкага салона імя Міхася Зарэцкага.

Міхась Зарэцкі (сапр. Касянкоў Міхаіл), выбітны беларускі пісьменнік, нарадзіўся 20 лістапада 1901 года ў сяле Высокі Гарадзец Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і дзяка. Але дзяцінства яго прайшло ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам (адсюлі і псеўданім). Першае апавяданне надрукаваў у 1922 годзе ў газеце “Савецкая Беларусь”. У 1924 годзе Міхась уступае ў літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”, з 1927 года – у аб’яднанне “Полымя”. З 1925 года яго літаратурная дзейнасць становіцца рэгулярная і сталай: ён друкуе два зборнікі апавяданняў “У віры жыцця” і “Пела вясна”. Услед за імі – “Пад сонцам” (1926), “42 дакументы і Двое Жвіроўскіх” (1926), “На чыгунцы” (1928), “Ракавыя жаронцы” (1930). Найбольш значныя творы – яго раманы “Сцежкі-дарожкі” (1928) і “Вязьмо” (1932). Уражваюць тыражы яго выданняў у тыя галодныя гады – ад 3000 да 15 000 экзэмпляраў. Міхась Зарэцкі пераклаў на беларускую мову раман “Цэмент” Федара Гладкова і “Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну” Яраслава Гашака.

На жаль, творчая дзейнасць Міхася Зарэцкага  працягвалася толькі да 1936 года – 3 кастрычніка ён неабгрунтавана быў арыштаваны (тады працаваў загадчыкам аддзела літаратуры і смастацтва АН БССР) і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання.

Кожны год у лістападзе-снежні дэмакратычная грамадскасць Шклова і іншых гарадоў (Магілёва, Мінска, Оршы) наведваюць мясціны, дзе пражываў у дзяцінстве Міхась Зарэцкі і адзначаюць яго дзень народзінаў як сталае свята. Таксама ў Шклове створаны аматарскі літаратурна-мастацкі салон імя Міхася Зарэцкага, на якім рэгулярна выступаюць са сваімі творамі мясцовыя таленты і запрошаныя госці. У апошнія гады дэмакратычная грамадскасць Шклоўскага раёна змагаецца за ўвекавечанне імя Міхася Зарэцкага: можна назваць яго імем вуліцу, прадпрыемства, школу або бібліятэку. Нарэшце ад ўладаў атрыманы натхняючы ліст аб тым, што да 120-годдзя  з дня нараджэння філіялу бібліятэкі №1, размешчанай па вуліцы Малае Зарэчча, у 2021 годзе будзе нададзена імя пісьменніка Міхася Зарэцкага.

8 снежня урачыстае паседжанне літаратурна-мастацкага салона адкрыў кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы “Шклоўскі магістрат” Рыгор Кастусёў, які адзначыў важкасць мерапрыемства, папулярнасць салона і выказаў надзею аб пашырэнні яго дзейнасці. Таксама ён распавёў аб перапахаванні ў Вільні парэшткаў Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў, на якім ён прысутнічаў. Па даручэнні старшыні рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы Рыгор Андрэевіч перадаў шклаўчанам памятны буклет БНР-100.

Пра біяграфію Міхася Зарэцкага, яго літаратурную дзейнасць распавеў кіраўнік салона Пётр Мігурскі

Даклад пра гісторыю зарэчнага Шклова зрабіў мясцовы краязнаца Алесь Грудзіна

Урывак з рамана “Вязьмо” прачытала філолаг з Мінска Людміла Драпеза

Са сваімі творамі выступілі:

Леанід Осіпаў. Асабліва спадабаліся яго вершы “Мой родны кут”, “Уладар”

Міхаіл Кучарэнка, на словы якога напісана мноства песен, адна з якіх “Ветка клена” была і прадэманстравана слухачам

Людміла Азарэвіч

Аляксандр Новікаў

Яўген Казакоў, якія распавёў мноства мясцовых выпадкаў з жыцця шклаўчан

Максім Алямоўскі падзяліўся думкамі аб сэнсе жыцця

Узялі слова і нашы госці з Оршы. Выступіў кіраўнік дэлегацыі суседзяў Юры Нагорны, які пад уражаннем ад салона прапанаваў пашырыць яго тэматыку. Але і прачытаў верш земляка славутага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, распавёў аб юбілейных датах дэмакратычнай аршаншчыны ў 2020 годзе і запрасіў шклоўскую дэлегацыю на святы

Са сваімі вершамі выступіла маладая аршанская паэтка і дэмакратка Дыяна Рабекіна

Таксама выступілі Вольга Быкоўская з Мінска, Генадзь Шэпелеў з Оршы,

Але кульмінацыяй свята стаў выступ Сяржука Доўгушава – аршанскага барда, спевака, папулярызатара беларускага фальклора. Ён праспяваў песні на вершы Уладзіміра Караткевіча “Дробненькі дождык”, “Дарогі”. Граў на дудцы, гітары, ліры. З асалодай слухалі ў яго выкананні песні з беларускіх абрадаў, асабліва вясельныя песні

Спадзяёмся, што свята на шклоўскай зямлі запомніцца надоўга “гаспадарам” і гасцям літаратурнага салона.

Пётр Мігурскі

 

 

У Шклове гарадская бібліятэка №1 будзе насіць назву імя Міхася Зарэцкага

«Магілёўскі Рэгіён» ужо паведамляў праблемную тэму аб тым, як, пачынаючы з 2001 года, Шклоўская раённая арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” спрабуе ўвекавечыць вабітнага пісьменніка Міхася Зарэцкага ў тапаніміцы горада Шклова (прысваенні імя М.Зарэцкага адной з вуліц горада Шклова, або наданне імя пісьменніка Шклоўскай бібліятэцы).

У свой час будучы беларускі пісьменнік Міхась Зарэцкі жыў у Зарэчным Шклове. Менавіта тут рос і мужнеў будучы пісьменнік і потым узяў сабе псеўданім, які паходзіць ад назвы шклоўскага паселішча  –  Зарэцкі, бо ад Зарэчнага Шклова ў яго памяці асталіся самыя добрыя дзіцячыя ўспаміны і ружовыя спадзяванні. Бацька яго, Яўхім Ануфрыевіч, быў псаломшчыкам мясцовай царквы Святой Тройцы і адыграў вялікую ролю ў фарміраванні эстэтычных густаў пісьменніка. Міхась, яшчэ хлапчуком, неаднойчы бываў у гэтым храме і прысутнічаў на набажэнствах.

Запрэцкі са сваякамі (другі справа)

І вось урэшце, напрыканцы лістапада 2019 года, Шклоўская раённая арганізацыя ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны атрымала ліст з аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шклоўскага райвыканкама, дзе выказваецца падзяка таварыству за імкненне ўвекавечыць ў тапаніміцы горада Шклова імя Міхася Зарэцкага.

Таксама ў пісьме паведамляецца, што з нагоды ў 2021 годзе юбілейнай даты – 120 год з дня нараджэння Міхася Зарэцкага, гарадской бібліятэцы №1, размешчанай па вуліцы Вялікае Зарэчча ў горадзе Шклове, будзе нададзена імя пісьменніка Міхася Зарэцкага. Запланаваны іншыя мерапрыемствы з гэтай нагоды.

Гістарычная даведка: Міхась Зарэцкі (сапраўднае прозвішча Касянкоў) нарадзіўся 20 лістапада 1901 года, беларускі празаік, драматург, перакладчык і крытык. Ён рэагаваў часопіс «Маладняк» (1926-1927), быў адным з ініцыятараў стварэньня літаратурнага аб’яднаньня «Полымя». Проза Зарэцкага вызначалася шчырым гуманізмам, яго называлі пісьменнікам арыгінальнага таленту. Лепшае, што створана аўтарам – раманы “Вязьмо”, “Сцежкі-дарожкі” і многія апавяданні. У 1929 годзе пісьменьнік быў выключаны з камуністычнай партыі за «праявы нацыянал-дэмакратызму». Яго абвінавацілі разам з Янкам Купалам і іншымі беларускімі пісьменнікамі нібыта за контрэвалюцыйную дзейнасць. Загінуў Міхась 13 ліпеня 1941 года ў “Архипелагу ГУЛАГ”.

Фота: Радыё Свабода

Спадзяёмся, што ўсе мерапрыемствы, запланаваныя Шклоўскім райвыканкамам на юбілейны для пісьменніка 2021 год адбудзяцца і імя Міхася Зарэцкага  будзе нададзена гарадской бібліятэцы №1.

Алесь Грудзіна

Сёння дзень нараджэння Міхася Зарэцкага

Міхась Зарэцкі

20 лістапада 1901 года нарадзіўся Міхась Зарэцкі, беларускі празаік, драматург, перакладчык і крытык. Ён рэагаваў часопіс «Маладняк» (1926-1927), быў адным з ініцыятараў стварэньня літаратурнага аб’яднаньня «Полымя». Проза Зарэцкага вызначалася шчырым гуманізмам, яго называлі пісьменнікам арыгінальнага таленту. Лепшае, што створана аўтарам – раманы “Вязьмо”, “Сцежкі-дарожкі” і многія апавяданні. У 1929 годзе пісьменьнік быў выключаны з камуністычнай партыі за «праявы нацыянал-дэмакратызму». Яго абвінавацілі разам з Янкам Купалам і іншымі беларускімі пісьменнікамі нібыта за контрэвалюцыйную дзейнасць. Загінуў Міхась 13 ліпеня 1941 года ў “Архіпелагу ГУЛАГ”.

 У свой час будучы беларускі пісьменнік Міхась Зарэцкі (сапраўднае прозвішча Касянкоў) жыў у Зарэчным Шклове. Менавіта тут рос і мужнеў будучы пісьменнік і потым узяў сабе псеўданім, які паходзіць ад назвы шклоўскага паселішча  –  Зарэцкі, бо ад Зарэчнага Шклова ў яго памяці асталіся самыя добрыя дзіцячыя ўспаміны і ружовыя спадзяванні. Бацька яго, Яўхім Ануфрыевіч, быў псаломшчыкам мясцовай царквы і адыграў вялікую ролю ў фарміраванні эстэтычных густаў пісьменніка. Міхась, пасля заканчэння Аршанскага духоўнага вучылішча, працягваў вучобу ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. Але не закончыў яе. Юнака захапілі рэвалюцыйныя падзеі і літаратурная дзейнасць.

Пачынаючы з 2001 года, калі набліжаўся 100-гадовы юбілей пісьменніка Міхася Зарэцкага, Шклоўская раённая і Магілёўская абласная арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” спрабуе ўвекавечыць вабітнага земляка ў тапаніміцы горада Шклова (прысваенні імя М.Зарэцкага адной з вуліц горада Шклова, або наданне імя пісьменніка Шклоўскай бібліятэцы). У Зарэчным Шклове актывісты таварыства беларускай мовы і прыхільнікі творчасці пісьменніка наведваюць месца, дзе некалі знаходзілася царква Святой Троіцы і ў якой, безумоўна, бываў яшчэ хлапчуком Міхась. Наведваюць гэта месца і турыстычныя экскурсіі з іншых гарадоў Беларусі.

Па выніках Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Куляшоўскія чытанні”, якая адбылася 18 –19 красавіка 2019 года ва ўстанове адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”, таксама прынята рэзалюцыя аб неабходнасці ўвекавечанні імя М.Зарэцкага ў Шклове. Памяць аб ім незгасла.

Праз два гады  будзе адзначацца ўжо 120-годдзе беларускага пісьменніка. Памяць пра класіка беларускай літаратуры павінна захавацца на Шклоўшчыне.

 

Сябры ТБМ на месцы, дзе знаходзілася Святой Троіцы

Алесь Грудзіна